О́ДА (ад грэч. ōdē песня),

жанр лірычнай паэзіі і музыкі. Верш у гонар якой-небудзь асобы ці гіст. падзеі, напісаны ў паэтычным, урачыстым стылі. Узнікла ў Стараж. Грэцыі, дзе О. называлі лірычныя песні, што выконваліся хорам у час танцаў. Выдатнымі одапісцамі былі паэты стараж.-грэч. Піндар, стараж.-рымскі Гарацый, у зах.-еўрап. паэзіі П.​Рансар, Ф.​Малерб, Ж.​Б.​Русо, Э.​Лебрэн. У рус. паэзіі пачынальнік О. — В.​Традзьякоўскі («Урачыстая ода пра здачу горада Гданьска», 1734), ён распрацаваў і тэорыю жанру («Развагі пра оду»), О. пісалі М.​Ламаносаў, Г.​Дзяржавін, А.​Радзішчаў, А.​Пушкін, К.​Рылееў і інш. У сярэдзіне і 2-й пал. 19 ст. О. не развівалася. На пачатку 20 ст. яна адрадзілася: «Хвала чалавеку» і «Шчаслівым» В.​Брусава, «Ода рэвалюцыі» У.​Маякоўскага. Эвалюцыя О. ішла ў кірунку набліжэння да грамадз. лірыкі, прасякнутай пафасам услаўлення. У гэты час О. ўвайшла і ў бел. паэзію; вершы «Украіна» Я.​Купалы, «Краіне Саветаў», «Да дня 20-й гадавіны Кастрычніка» Я.​Коласа. Нярэдка паэты выносяць слова «О.» ў назвы твораў: «Ода балгарскай кухні» Н.​Гілевіча, «Ода трактарнаму заводу» Х.​Жычкі, «Ода Еве» П.​Макаля, «Ода пешаходу» П.​Панчанкі, «Ода прозе» М.​Стральцова. У сучаснай паэзіі развіваецца сатыр. О. («Ода квітанцыі» А.​Вярцінскага, «Ода футбольнаму мячу» Гілевіча).

т. 11, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)