сістэ́ма

(гр. systema = цэлае, складзенае з частак, злучэнне)

1) сукупнасць заканамерна звязаных паміж сабой элементаў (прадметаў, з’яў, поглядаў, ведаў і г.д.), якія складаюць пэўнае цэласнае ўтварэнне, адзінства;

2) пэўны парадак у размяшчэнні і сувязі частак чаго-н. (напр. с. механізмаў);

3) форма арганізацыі чаго-н. (напр. выбарчая с.);

4) сукупнасць прынцыпаў, якія служаць асновай якога-н. вучэння (напр. філасофская с. Гегеля);

5) форма грамадскага ладу (напр. дзяржаўная с.);

6) сукупнасць устаноў, аб’яднаных у адно цэлае (напр. с. Акадэміі навук);

7) сукупнасць органаў, якія маюць агульную функцыю (напр. нервовая с.);

8) канструкцыя (напр. с. самалёта);

9) геал. сукупнасць пластоў горных парод, якія ўтварыліся на працягу геалагічнага перыяду;

10) звычайнае, рэгулярнае, прывычнае.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПАВЕТРАПЛА́ВАННЕ, аэранаўтыка,

лятанне на апаратах, якія лягчэй за паветра — аэрастатах (у адрозненне ад авіяцыі, дзе выкарыстоўваюцца апараты, цяжэйшыя за паветра, — самалёты, верталёты, планёры і інш.). Да пач. 1920-х г. пад П. разумелі перамяшчэнне па паветры наогул. Тэарэт. асновай П. з’яўляюцца аэрамеханіка і аэрастатыка.

Першыя спробы падняцца ў паветра на шары, напоўненым нагрэтым паветрам (дымам), рабіліся ў пач. 18 ст. ў Францыі, Расіі і інш. краінах. У 1783 Л.​Эйлер вывеў формулы для разліку падымальнай сілы аэрастата. Франц. вынаходнікі браты Ж. і Э.Мангальф’е пабудавалі паветраны шар, на якім 21.11.1783 у Парыжы Пілатр дэ Разье і д’Арланд ажыццявілі першы 25-мінутны палёт. Франц. вучоны Ж.​Шарль прапанаваў напаўняць паветр. шары вадародам. Палёт на такім шары здзейснілі Шарль і Н.​Л.​Рабер 1.12.1783 (2,5 гадз, дасягнута выш. 3400 м). У Расіі першыя палёты на паветр. шары адбыліся ў 1803 у Пецярбургу і Маскве. Праект кіравальнага аэрастата (з паветраным вінтом, які круціўся ўручную) прапанаваў у 1784 франц. інжынер Ж.​Мёнье. Першы палёт на кіроўным апараце (дырыжаблі) з паравым рухавіком ажыццявіў у 1852 франц. інжынер А.​Жыфар. У сярэдзіне 19 ст. побач са свабоднымі знайшлі выкарыстанне прывязныя аэрастаты (для вывучэння атмасферы, геагр. даследаванняў, ваен. мэт). Працягласць палётаў свабодных аэрастатаў складала некалькі гадзін, выш. да 4 тыс. м. Скорасць кіравальных аэрастатаў да канца 19 ст. дасягнула 15 км/гадз. У 1875 Дз.​І.​Мендзялееў прапанаваў ідэю стратастата для правядзення навук. даследаванняў у метэаралогіі, аэралогіі, астраноміі. У 1887 К.​Э.​Цыялкоўскі распрацаваў праект цэльнаметал. бескаркаснага дырыжабля, аб’ём якога мог мяняцца ў час палёту. У 1900 у Германіі ажыццёўлены першы палёт дырыжабля жорсткай сістэмы канструкцыі Ф.Цэпеліна, які стаў асновай для дырыжабляў, што будаваліся ў Германіі, Вялікабрытаніі, ЗША у ваен. мэтах. З пач. 20 ст. атрымалі пашырэнне больш дасканалыя змейкавыя аэрастаты (створаныя ў 1893 немцам А.​Парзевалем), выкарыстоўваліся для разведкі поля бою, карэкціроўкі артыл. стральбы, пазней і як загарода супраць самалётаў. У 1-ю сусв. вайну на ўзбраенні развітых краін былі розныя тыпы дырыжабляў для бамбардзіровак і далёкай разведкі (аб’ём ад 1500 да 68 тыс. м³, скорасць палёту 80—130 км/гадз, выш. да 5000 м). Пасля вайны ў ЗША, Францыі, Італіі, Германіі і інш. будаваліся дырыжаблі аб’ёмам да 184 тыс. м³ для перавозкі пасажыраў, грузаў і для ваен. мэт. У 1926 Р.Амундсен на дырыжаблі паўжорсткай сістэмы «Нарвегія» (канструкцыя італьян. інж. У.Нобіле) зрабіў беспасадачны пералёт з в-ва Зах. Шпіцберген праз Паўн. полюс на Аляску. У 1929 ням. дырыжабль «Граф Цэпелін» здзейсніў кругасветны пералёт за 21 сут з сярэдняй скорасцю 177 км/гадз. У 1931 бельгійцы А.​Пікар і М.​Кіпфер на стратастаце падняліся на выш. 15 780 м, сав. стратанаўты ў 1933 дасягнулі выш. 19 тыс. м, у 1934—22 тыс. м. У Вял. Айч. вайну шырока выкарыстоўваліся аэрастаты назірання і загараджэння. З 1950-х г. у многіх краінах створаны беспілотныя (аўтаматычныя) аэрастаты для вывучэння паветр. цячэнняў, геагр. і медыка-біял. даследаванняў, пад’ёму тэлескопаў і інш.

Літ.:

Жуковский Н.Е. Собр. соч. Т. 6. Теоретические основы воздухоплавания. М.; Л., 1950;

Анощенко НД. Воздухоплаватели. М., 1960;

Броуде Б.Г. Воздухоплавательные летательные аппараты. М., 1976.

У.​М.​Сацута.

Да арт. Паветраплаванне: 1 — дырыжабль А.​Жыфара; 2, 3 — свабодны і прывязны аэрастаты (ЗША, 1980-я г.).

т. 11, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДНАЕ ДО́ЙЛІДСТВА,

галіна архітэктуры, якая развіваецца пад пераважным уплывам нар. буд. традыцый. У ім увасоблены светапогляд народа, яго ўменне сродкамі архітэктуры арганізаваць жыццёвую прастору ў канкрэтных прыродна-кліматычных і сац.-эканам. умовах на ўзроўні размяшчэння населеных пунктаў і іх планіроўкі, фарміравання сядзібных комплексаў і інтэр’ера асобных памяшканняў. Уяўленні чалавека пра арганізацыю асяроддзя для існавання замацоўваліся таксама спосабамі буд. вытворчасці, рытуальнымі абрадамі, што іх суправаджалі, сімвалізмам арх.-канструктыўных элементаў будынкаў і прыёмамі дэкар. ўпрыгожвання. Гэта абумовіла з’яўленне адметных рыс архітэктуры кожнага народа. Прагрэс. прынцыпы і эстэт. ідэалы Н.д. рабілі ўплыў на прафес. архітэктуру. Творчасць многіх вядучых архітэктараў свету (К.Мельнікаў, Ле Карбюзье, К.Тангэ і інш.) характарызуе асэнсаванне працэсаў узаемадзеяння канстр. і фарматворчых асноў Н.д. Аб’екты нар. архітэктуры, размяшчэнне і формы якіх дакладна адпавядаюць прыродна-кліматычным умовам і асаблівасцям мясцовасці, звычайна з’яўляюцца важнымі кампанентамі ландшафту. Для сучаснай навукі і тэхнікі Н.д. — адна з крыніц вывучэння гісторыі народа і яго культуры, творчага пошуку сродкаў стварэння асяроддзя, спрыяльнага для жыцця, працы і адпачынку.

Бел. Н.д. мае шмат агульнага з рус., літ., укр., польскім. Яно адметнае высокім майстэрствам, дасканаласцю тэхн. і дэкар. прыёмаў, арыгінальнасцю канструкцый. З сярэднявечча гістарычна склаліся тыпы сельскіх паселішчаў: вёска, засценак, мястэчка, сяло, хутар. Са старажытнасці вядомы вёскі з бессістэмнай (хаатычнай) забудовай, лінейнай або радковай планіроўкай. З 16 ст. пашырылася сістэмная вулічная забудова. Кожнае паселішча мела пэўную колькасць сядзіб, якія ўключалі двор, агарод і гумнішча. У двары стаялі хата, клець, варыўня, павець, хлявы, адрына, пуня. Непадалёку ад двара ставілі лазню. Важнымі элементамі Н.д. былі малыя арх. формы (агароджы, брамы, азяроды, студні і інш.) і вытв. пабудовы (кузні, ветракі, вадзяныя млыны). Стараж. тыпы планіроўкі двароў — вянковы (усе пабудовы згрупаваны ў прамавугольны ў плане «вянок») і пагонны [хата ставілася тарцом або пад вуглом да вуліцы, а гасп. пабудовы — у адну лінію (пагон) за хатай]. З 2-й пал. 19 ст. пашырыліся новыя тыпы сядзібнай планіроўкі: П-падобнай, 2-раднай, Г-падобнай і з нязвязанымі пабудовамі.

Асн. буд. матэрыял у Н.д. — дрэва (гл. Драўлянае дойлідства). Да 3 ст. асн. канструкцыя была слупавая, яна дазваляла будаваць пры дапамозе простых прылад працы. Паступова яе замянілі зрубныя канструкцыі. Зруб рабілі з акоранага, з 12 ст. — з ачасанага бярвення, часцей на 4 грані; вуглы засякаліся з «астаткам» — «у просты замок» з адной або 2 чашкамі. Тэхніка рубкі вуглоў без «астатку» (без выступаў бярвён) — «у чысты вугал» здаўна вядома ў гар. жыллі, з пач. 20 ст. пашырана і ў сял. жыллі. Зруб-клець квадратнага ці прамавугольнага плана (суадносіны 1:1—1:1,3) была асн. аб’ёмна-прасторавай і канструктыўнай адзінкай, з якой складалася структура разнастайных будынкаў. Даўжыня бервяна (6—9 м) вызначала памеры зруба пры вышыні ў 9—13 вянкоў (2,2—2,4 м). Суадносіны вышынь зруба і страхі (2:1—1:1) залежалі ад Канструкцыі страхі. Найб. старадаўняя яе канструкцыя — на стаяках і закотам — паступова замянялася лёгкімі дахамі каркаснага тыпу (на дзядках, козлах, ключах, кроквах). Найб. пашыраны дахі 2-схільныя; выкарыстоўвалі таксама 3- і 4-схільныя (вальмавыя), шатровыя, а таксама пераходнага тыпу — з «залобкам» (верхняй ч. вальмы) або з «прычолкам» (ніжняй ч. вальмы). Матэрыял і тэхніка пакрыцця залежалі ад мясц. буд. матэрыялу і традыцый, найб. пашыраны салома, дрэва (дошкі, дранка), з сярэдзіны 19 ст. — гонта, бляха, дахоўка. Падлога часта была земляная або гліняная, з 19 ст. — дашчаная.

На пабудову хат ішла якасная хваёвая драўніна. Сцены імшыліся і пакідаліся адкрытымі ўнутры і звонку. Зруб ставілі на вуглавыя камяні ці драўляныя калоды (штандары), часам проста на зямлю. Для ўцяплення хаты ніжні вянок (падваліна) абносіўся прызбай. З сярэдзіны 19 ст. бытуюць каменныя фундаменты. Аконныя і дзвярныя праёмы прарэзвалі ў гатовым зрубе ці рабілі пры яго складанні. Валаковыя вокны рабілі ў выглядзе невял. адтулін у 2 сумежных вянках, якія зачыняліся драўлянай засаўкай. З часам памеры акон павялічваліся, у іх канструкцыі паявіліся рамы. Большымі сталі і дзвярныя праёмы, замест завес і клямак драўляных пачалі рабіць металічныя. Пашырыліся знадворныя ўпрыгожанні хаты з выкарыстаннем расл., геам. і зааморфных матываў. Асн. сродкі аздобы нар. жылля — скразная і краявая разьба (гл. Разьба архітэктурная), маст. раскладка шалёўкі і паліхромія. Найб. стараж. форма ўпрыгожання — разныя вільчыкі. У пач. 20 ст. з’явіліся ліштвы і вуглавыя накладкі. У інтэр’еры адзін з кутоў займала печ, найчасцей пры ўваходзе. Самая стараж. столь скляпеністая, потым плоская на «траме» — тоўстай бэльцы ўздоўж хаты, пазней — на папярочных бэльках і камбінаваная; насцілалася з дошак у адзін рад — «упрытык», часцей у 2 рады — «у разбежку», зверху ўцяплялася кастрыцай, сухім мохам, лісцем і пяском ці зямлёй. З 1950-х г. столь часта падшываюць фанерай або сухой тынкоўкай, абклейваюць шпалерамі. Стараж. 1 -камерная хата была асновай развіцця больш дасканалых тыпаў жылля. Да 15—16 ст. склаліся 2- і 3-камерныя жылыя пабудовы (хата + сенцы + хата), а таксама хаты-пяцісценкі з капітальнай папярочнай сцяной унутры. У мястэчках і гарадах сфарміраваўся своеасаблівы тып жылля з уваходам з вулічнага тарцовага фасада, дзе знаходзілася майстэрня рамесніка ці крама. Жылыя памяшканні са двара мелі дадатковы ўваход. Для гар. забудовы характэрны хаты на падклетах (да 16 ст.), 2-павярховыя драўляныя дамы ці на высокіх мураваных сутарэннях, дамы з мезанінам ці мансардай. На сядзібах гараджан гасп. будынкаў было менш. Забудова фальваркаў мела больш складаную кампазіцыю, акрамя палаца і сядзібнага двара, сярод будынкаў былі лямусы, сырніцы, бровары, лядоўні і інш. Наводдаль ставілі хлявы, стайні і інш. будынкі для свойскай жывёлы, гумны з асецямі ці еўнямі, сянніцы. Буд-ва ў гарадах і мястэчках вялося ў цесным супрацоўніцтве вясковых майстроў з прафес. будаўнікамі. Своеасаблівасці эканомікі і культуры гар. жыцця спрыялі развіццю тыпалогіі будынкаў (крамы, гандлёвыя рады, корчмы, ратушы і інш.), ускладненню і ўзбагачэнню арх. форм і дэкар. прыёмаў. Найб. выразна ўзаемадзеянне нар. традыцый з прафес, прыёмамі праяўлялася ў архітэктуры культавых будынкаў (цэрквы, касцёлы, капліцы, званіцы і інш.). У гар. жыллі 16—18 ст. склаўся арыгінальны тып дома рамесніка, дзе спалучаліся жылыя і вытв. часткі, гал. фасад афармлялі падчэні. Гіст., сац.-эканам., прыродныя ўмовы садзейнічалі і адначасова вызначалі для кожнага гісторыка-этнагр. рэгіёна Беларусі (Паазер’е, Падняпроўе, Панямонне, усх. і зах. Палессе, цэнтр. Беларусь) фарміраванне тыпалагічных рыс, арх., канстр.-тэхн. і маст. асаблівасцей. Н.д. кожнага рэгіёна ўзбагачаецца разнастайнасцю лакальных варыянтаў. Нар. архітэктура захавала свае рысы ў самадз. буд-ве жылых і гасп. пабудоў на вёсцы і ў перыферыйных раёнах гарадоў сучаснай Беларусі. Будуюць часцей на аснове праектнай дакументацыі, распрацаванай спецыялістамі з улікам пажаданняў заказчыка. Пашыраны новыя буд. матэрыялы (сілікатная цэгла, газа-сілікатныя блокі, шыфер, пластыкі і інш.), інж. абсталяванне (катлы, газавыя пліты, сантэхн. прылады). Рэгіянальныя аспекты Н.д. захоўваюцца ў прынцыпах арганізацыі двароў сядзіб. Маст. традыцыі арх. дэкору характарызуюць усх. раёны Беларусі (Гомель, Ветка, Рагачоў, Шклоў і інш.). Гл. таксама Сельская архітэктура.

Літ.:

Беларускае народнае жыллё. Мн., 1973;

Якімовіч Ю.А. Драўлянае дойлідства Беларускага Палесся XVII—XIX стст. Мн., 1978;

Трацевский В.В. История архитектуры народного жилища Белоруссии. Мн., 1989;

Локотко А.И. Белорусское народное зодчество: Середина XIX—XX в. Мн., 1991;

Яго ж. Нацыянальныя рысы беларускай архітэктуры. Мн., 1999;

Сергачев С.А. Белорусское народное зодчество. Мн., 1992.

С.​А.​Сергачоў.

Да арт. Народнае дойлідства: 1 — жылы дом у г. Ветка Гомельскай вобл.; 2 — жылы дом у вёсцы Стараселле Шклоўскага раёна Магілёўскай вобл.; 3 — фрагмент дэкору ўвахода жылога дома ў Віцебску; 4 — жылы дом у г. Чачэрск Гомельскай вобл.

т. 11, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

сакрэ́т 1, ‑у, М ‑рэце, м.

1. Тое, што падлягае захаванню ўпотай, аб чым не гавораць усім; тайна. Выдаць сакрэт. □ Дзед Лукаш даўно здагадваўся, што ў Міколы ёсць сакрэты, пра якія ён маўчыць. Якімовіч. Асцерагаліся партызаны да пары, да часу выдаць свой баявы сакрэт. Лынькоў. // чаго. Скрытая прычына. Сакрэт поспеху. Сакрэт высокіх паказчыкаў працы. □ І ці не ў гэтым сакрэт і сэнс жыцця — сеяць прыгожае і з радасцю схіляць перад ім галаву... Навуменка. // Прыём, спосаб (вырабу, атрымання чаго‑н.), які невядомы іншым. Сакрэт вырабу сінтэтычнага валакна. □ Некалі сярод нашага брата — масцеравога хадзіла вера ў нейкі спадчынны вытворчы сакрэт. Кулакоўскі. // Пэўная інтэлектуальная рыса, якасць. [Удома] навучыўся сакрэту цярпення і ўменню хаваць ад другіх свае думкі і пачуцці. «Маладосць». Хаджу ў тэатр не толькі дзеля свайго задавальнення, але галоўным чынам вучыцца, пазнаваць сакрэты акцёрскага майстэрства. Сяргейчык.

2. Мудрагелістая канструкцыя механізмаў, прадметаў хатняга ўжытку, мэблі і пад. Замок з сакрэтам.

3. Дадатковы патайны пост, які размяшчаецца вартаўнічай аховай на найбольш небяспечных подступах праціўніка. Былі выстаўлены пасты, сакрэты, узмоцнена ахова — як на самай пярэдняй лініі. Асіпенка. Трэба было спяшацца, каб засветла выбраць, дзе паставіць сакрэт. Быкаў. // Месца патайнога паста. У Сцёпы было добрае сховішча, ім ён некалі карыстаўся, калі сядзеў у сакрэце. Зуб.

•••

Адкрыць сакрэт гл. адкрыць (у 7 знач.).

Не рабіць сакрэту з чаго гл. рабіць.

Сакрэт палішынеля — уяўная тайна; сакрэт, які стаў вядомы ўсім.

Сказаць (расказаць) па сакрэту (пад сакрэтам) гл. сказаць.

Трымаць у сакрэце гл. трымаць.

[Фр. secret.]

сакрэ́т 2, ‑у, М ‑рэце, м.

Прадукт дзейнасці залоз, неабходны для жыццёвых функцый арганізма.

[Ад лац. secretus — выдзелены.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ЗМЕСТ І ФО́РМА,

суадносныя філас. катэгорыі. Змест — вызначальны бок цэлага, сукупнасць усіх частак (элементаў) прадмета, адзінства яго ўласцівасцей, унутр. працэсаў, сувязей, супярэчнасцей, узаемадзеянняў з іншымі прадметамі. Форма — унутр. арганізацыя, тып і структура зместу. З. і ф. знаходзяцца ў адзінстве, могуць нават пераходзіць адно ў адно, але гэтае адзінства адноснае. Змест уяўляе сабой дынамічны бок адзінага цэлага, форма, наадварот, — больш кансерватыўная. У выніку ў пэўны час узнікае супярэчнасць паміж новым зместам і старой формай, якая вырашаецца шляхам «скідвання» старой формы і заменай яе новай, адпаведнай новаму зместу. Катэгорыі З. і ф. ўпершыню распрацаваны ў стараж.-грэч. філасофіі. Першапачатковым разуменнем катэгорыі зместу было меркаванне аб існаванні нейкага пастаяннага субстрату (першаасновы ў выглядзе апейрона, матэрыі і г.д.) у адрозненне ад узнікаючага і знікаючага свету навакольных рэчаў. Форму ж разумелі як прасторава-арганізаваную структуру цела (атамісты), як нейкую цэласнасць, сутнасць быцця кожнай рэчы (Платон), як пэўнасць саміх матэрыяльных рэчаў (Арыстоцель). Арыстоцель дапускаў таксама існаванне і неаформленай матэрыі і нематэрыяльнай формы, узыходнай да «формы формаў», г.зн. да бога. У філасофіі новага часу (Дж.​Бруна, Ф.​Бэкан, Р.​Дэкарт, Т.​Гобс і інш.) быў абгрунтаваны тэзіс аб прымаце матэрыі над формай, аб адзінстве З. і ф. І.​Кант засяродзіў увагу на праяўленні З. і ф. ў мысленні. Ён атаясамліваў матэрыю з пачуццёва-дадзеным зместам мыслення, з яго разнастайнасцю, а форму — з тым, што сістэматызуе гэтую разнастайнасць. Г.Гегель адхіліў метафізічны падыход да З. і ф. як самаізаляваных і ўпершыню ўсебакова раскрыў дыялектную ўзаемасувязь. К.​Маркс, Ф.​Энгельс, У.​І.​Ленін разглядалі З. і ф. з дыялектыка-матэрыяліст. пазіцый, аналізавалі гэтыя катэгорыі і ў тэарэт. і ў канкрэтнай сац.-практ. плоскасці. Катэгорыі З. і ф. маюць прынцыповае значэнне і для разумення гіст. працэсаў у цэлым, і для свядомага ўздзеяння на сац.-эканам., паліт., духоўна-маральныя адносіны ў грамадстве.

З. і ф. ў літаратуры і мастацтве характарызуюць дыялектычную структуру маст. вобраза і выступаюць у якасці крытэрыю яго эстэт. вартасці. Змест адлюстроўвае агульныя, сутнасныя тыповыя рысы прадмета, форма — яго асаблівыя, наяўныя, індывід. рысы. Звязаныя з прадметам як аб’ектам успрымання, яны адпаведна звязаны і з суб’ектам: змест суадносіцца з рацыянальным, форма — з эмацыянальным пачаткам. У эстэт. аспекце спецыфіка З. і ф. заключаецца ў іх непарыўным адзінстве і ўзаемадзеянні, могуць выступаць і як сукупнасць пэўных узроўняў маст. твора. У структуры літ.-маст. твора могуць быць вылучаны наступныя ўзроўні: моўныя гукі, марфемы, словы, тропы, сінтакс. адзінкі, моўная тканіна, кампазіцыя, сюжэт, фабула, тыпаж, характар, тэма, ідэя; у структуры жывапіснага вобраза — колеры, лініі, контуры, кампазіцыя, перспектыва, прадметы, сюжэт, тыпаж, характар, тэма, ідэя; у структуры арх. твора — колер, фактура, матэрыял, сілуэт, канструкцыя, функцыя. Пераход ад аднаго ўзроўню да другога адметны паступовасцю, запоўненасцю паміж полюсамі З. і ф., іх цэласнасцю і рухомасцю адзінства. Прамежкавыя ўзроўні суадносяцца паміж сабою як З. і ф. ў залежнасці ад іх месца ў агульнай структуры твора. Маст. твор і адпаведны яму маст. вобраз як дыялектычна супярэчлівае адзінства З. і ф. маюць зменлівы, рухомы характар. Адзінства З. і ф. можа знаходзіцца ў розных станах — гарманічнай цэласнасці, антаганістычным проціпастаўленні, перавагі зместу над формай ці наадварот. У агульнаэстэт. аспекце такія станы суадносяцца з асн. эстэт. катэгорыямі (прыгожага, агіднага і інш.). У мастацтвазнаўчым плане яны звязаны з тыпалогіяй стыляў, што змяняюцца ў пэўнай паслядоўнасці, выступаюць як адзін з асн. законаў гісторыі, мастацтва і цесна звязаны з законамі развіцця грамадства ўвогуле.

Літ.:

Аристотель. Метафизика // Соч. М., 1976. Т. 1;

Гегель Г.В.Ф. Энциклопедия философских наук. Т. 1. М., 1974;

Энгельс Ф. Анты-Дзюрынг. Мн., 1952;

Современные зарубежные концепции диалектики: Критич. очерки. М., 1987.

Т.​І.​Адула, С.​У.​Пешын.

т. 7, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПЕ́РА (ад грэч. papyros выраб з расліны папірус),

тонкі ліставы шматкампанентны матэрыял, які складаецца са спецыяльна апрацаваных здробненых раслінных валокнаў, цесна пераплеценых паміж сабой і злучаных сіламі счаплення рознага тыпу. Вядома больш за 600 відаў П.: для друку, пісьма, апаратаў (тэлеграфная, для прынтэраў і інш.), чарцёжна-рысавальная (напр., калька), святлоадчувальная (напр., папера фатаграфічная), папяросная, сан.-гігіенічная, прамыслова-тэхн. (напр., патронная, электратэхн., наждачная) і інш. Характарызуецца масай 1 м² (4—250 г), таўшчынёй (4—400 мкм), фіз.-мех. ўласцівасцямі, колерам, беласцю, гладкасцю, усмоктвальнай здольнасцю. П. ўдзельнай масай больш за 250 г/м²кардон. Вырабляецца П. на папераробных машынах (у рулонах, бабінах, лістах).

Для вытв-сці П. выкарыстоўваюць цэлюлозу дрэвавых парод і аднагадовых раслін, драўняную масу. Паводле кампазіцыйнага саставу адрозніваюць П. №1 (мае 80—100% цэлюлозы, выкарыстоўваецца для выданняў з тэрмінам службы больш за 10 гадоў) і №2 (80—25% цэлюлозы, для выданняў з тэрмінам службы 2—8 гадоў). Папяровыя кампазіцыі маюць таксама мінер. напаўняльнікі (робяць П. непразрыстай, павышаюць яе беласць і гладкасць), праклейваючыя матэрыялы (напр., каніфоль; павышаюць трываласць і шчыльнасць П.), фарбавальнікі, палімерныя сувязныя і інш. кампаненты. З хім. валокнаў, палімерных плёнак атрымліваюць П. сінтэтычную, якую выкарыстоўваюць для вырабу геагр. карт, грашовых купюр, дакументаў і інш.

П. вынайдзена ў Кітаі (упамінаецца ў кітайскіх крыніцах 1 ст. н.э., з 76 пачала выкарыстоўвацца для кніг). Атрымлівалі П. асаджэннем на сетку раслінных валокнаў з воднай суспензіі. У 105 кітаец Цай Лунь удасканаліў спосаб атрымання П., што дазволіла вырабляць яе з драўнянага лубу, пянькі і ануч. Спосаб вырабу П. кітайцы трымалі ў сакрэце. У 7—8 ст. ён вывезены ў Карэю і Японію. З 751 стаў вядомы ў Арабскім халіфаце (ф-ка ў Самаркандзе), потым у Багдадзе, Дамаску і інш. У Еўропе вытв-сць П. вядома з 12 ст. (з 1150 у Іспаніі, з 1276 у Італіі і інш.; з 1716 у Расіі). Яна прыйшла на змену папірусу і пергаменту. Адной з асн. аперацый пры вырабе П. было здрабненне папяровай масы. Спачатку яно рабілася ўручную, з 13—15 ст.мех. таўчыльнямі, з канца 17 ст. — нажамі, насаджанымі на метал. валы (роламі). Здробненая маса падагравалася ў чанах з вадой, адцэджвалася, выкладвалася на лісты сукна ці лямцу, прапускалася праз прэс, сушылася, апрацоўвалася молатамі, лушчылася. У 1799 у Францыі вынайдзены механізаваны спосаб адліву папяровай масы, што стала пачаткам машыннай вытв-сці П. Да сярэдзіны 19 ст. П. выраблялі пераважна з рыззя. Паступова да папераробнага абсталявання далучаліся секцыі прасавання, сушкі, каландравання, намоткі П. ў рулоны. Павялічвалася (да 9 м) шырыня папяровага палатна, ролы былі заменены размолачнымі апаратамі. Найб. пашыраным стаў «мокры» спосаб вытв-сці П. з выкарыстаннем плоска- або двухсеткавых папераробных машын (з сеткавай, прэсавай, сушыльнай часткамі, каландрам і накатам для змотвання ў рулон).

На Беларусі П. з рыззя пачалі вырабляць у пач. 17 ст., з драўніны — з сярэдзіны 19 ст. У 1728 заснавана папяровая майстэрня ў Паставах, у 1850 было 10 мануфактур, у 1870 пушчана Добрушская папяровая фабрыка. З сучасных найбольшы ў рэспубліцы Светлагорскі цэлюлозна-папяровы завод. Гл. таксама Цэлюлозна-папяровая прамысловасць.

Літ.:

Шитов Ф.А., Шитов И.Ф. Технология бумаги и картона. 3 изд. М., 1983;

Примаков С.Ф. Производство бумаги. М., 1987;

Фляте Д.М. Технология бумаги. М., 1988;

Сквернюков П.Ф. В миреговорящих листков. М., 1990.

У.​М.​Сацута.

Да арт. Папера. А — старажытныя прыстасаванні для вырабу паперы (1 — чан з пульпай з раслінных валокнаў; 2 — канструкцыя для трымання сеткі; 3 — бамбуковая сетка для зачэрпвання пульпы); Б — «Поўны працэс вытворчасці паперы» (гравюра 17 ст.).
Схема вытворчасці паперы: 1 — балансавая драўніна; 2 — караабдзіральны барабан; 3 — жорны (стружкарэз); 4 — прамыўная калонка; 5 — аўтаклаў; 6 — адбельвальнік; 7 — прамыўшчык пульпы; 8 — сіта; 9 — корабы адсмоктвання вады; 10 — адціскныя вальцы; 11 — сушыльныя вальцы; 12 — каландр; 13 — рулон паперы.

т. 12, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

свабо́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не ведае прыгнёту, эксплуатацыі, заняволення, які карыстаецца свабодай (у 2 знач.). Пачуцці і мыслі народаў свабодных Лунаюць на Ўсходзе Далёкім. Колас. // Уласцівы краіне, народу, якія не ведаюць прыгнёту, эксплуатацыі, заняволення. У свабоднай працы, у адпачынку, у весялосці, у чаканні новых радасцей дні і тыдні ляцелі незаўважна. Шамякін.

2. Які валодае дзяржаўнай незалежнасцю, суверэнны. Саюз непарушны рэспублік свабодных З’яднала навекі Вялікая Русь. Гімн СССР.

3. Які не з’яўляецца рабом, прыгонным. Свабодны селянін. □ Зярняты свабодны сявец З сяўні сее ў пульхны загон. Махае касою касец, Пазбыўшы галодны прыгон. Купала.

4. Які мае права, магчымасць распараджацца сабою па ўласнаму жаданню; незалежны, не звязаны ні з кім якім‑н. абавязкамі, адносінамі. Свабодны мастак. // Які адбываецца па сваёй волі, жаданню, без прымусу. За кожнай саюзнай рэспублікай захоўваецца права свабоднага выхаду з СССР.

5. Які не ведае перашкод, абмежаванняў. [Лукавіцып].. быў патайным прыхільнікам «свабоднай любві». Крапіва. Толькі ж ім [ворагам] свабодны рух Не стрымаць ніколі! Колас. // Не абмежаваны пэўнымі нормамі, правіламі, формамі. Канструкцыя свабоднай формы.

6. Бесперашкодны, неабмежаваны законам. Свабодныя выбары. Свабодны гандаль. Свабодны абмен думкамі. □ Свабоднае слова, ты, роднае слова! Зайграй ты смялей, весялей! Купала.

7. Які адбываецца, працякае лёгка, без перашкод, цяжкасцей. Свабоднае дыханне. Свабоднае валоданне французскай мовай. // Не напружаны (пра позу, рухі і пад.). Свабодная пасадка ў сядле.

8. Нікім, нічым не заняты; пусты, вольны. У аўтобусе былі свабодныя заднія месцы, і селі ўсе трое. Пташнікаў. Калі сенцы ад лучыны асвятліліся, ён [салдат] агледзеў свабодную лаву і прысеў. Лобан. // Нічым не заняты (пра рукі і інш.). Першы коннік, маёр, ловіць свабоднай рукой галлё, пад якое нельга нагнуцца. Брыль. // Нікім не замешчаны, вакантны. Свабодная адзінка.

9. Разм. Які не знаходзіцца ў дадзены момант у карыстанні. Свабодныя грошы. Тэлефон свабодны.

10. Больш чым дастатковы па велічыні; раскошны. Свабодны касцюм. Паліто свабоднага крою.

11. Які ні да чаго не прымацаваны, ні з чым не злучаны. Свабодны канец вяроўкі.

12. Які не перадае руху іншым часткам механізма, вызвалены ад счаплення, ад нагрузкі. Свабоднае кола. Свабодная шасцярня.

13. Які не знаходзіцца ў хімічным злучэнні з чым‑н. Свабодны кісларод.

•••

Свабоднае падзенне цела — падзенне цела пад уплывам сілы цяжару.

Свабодны ўдар гл. удар.

Свабодныя электроны гл. электрон.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

РАКЕ́ТА (ням. Rakete ад італьян. rocchetta шпуля, верацяно),

лятальны апарат, які рухаецца ад дзеяння рэактыўнай цягі. Можа рухацца і ў беспаветранай прасторы, што дае магчымасць выкарыстоўваць Р. для палётаў у космас. Бываюць адна- і шматступеньчатыя ракеты, кіравальныя (маюць сістэму кіравання, якая забяспечвае палёт па зададзенай траекторыі, напр., балістычныя ракеты) і некіравальныя (звычайна баявыя тактычныя Р. з далёкасцю палёту да дзесяткаў кіламетраў). Выкарыстоўваюцца ў ваен. справе (ракетная зброя), для навук. (напр., «Космас»), геафіз. (напр., «Вертыкаль») і метэаралаг. даследаванняў, а таксама для запуску касмічных апаратаў (гл. Ракета-носьбіт).

Асн. часткі Р.: корпус з адсекамі (злучае ўсе часткі Р. ў адзіную канструкцыю), адзін або некалькі ракетных рухавікоў, ёмістасці з ракетным палівам (запас рабочага цела), карысны груз (баявая частка, касм. апарат, метэапрылады), сістэма кіравання (на кіравальных Р.). Канструкцыя Р. залежыць ад яе прызначэння і тыпу выкарыстаных рухавікоў. Асн. тып рухавіка для Р.-носьбіта — вадкасны ракетны рухавік, для большасці баявых, метэаралаг. і геафіз. Р. — цвердапаліўны ракетны рухавік. На многіх Р. устанаўліваюць спец. разгонныя або стартавыя рухавікі (звычайна цвердапаліўныя). Органы кіравання — аэрадынамічныя (напр., паветраныя рулі, інтэрцэптары, элероны), газадынамічныя (газаструменныя рулі, паваротныя камеры і соплы, дэфлектары) і камбінаваныя; забяспечваюць дынамічную стабілізацыю Р., кіраванне ёю на ўсёй траекторыі ці на яе асобных участках. Некіравальныя Р. стабілізуюцца ў палёце хваставым апярэннем або вярчэннем вакол падоўжнай восі. Запускаюцца з пускавых установак, у т. л. шахтавага тыпу, караблёў, падводных лодак, самалётаў, верталётаў, касм. — са стартавага комплексу касмадрома. Састаўныя (шматступеньчатыя) Р. складаюцца з 2—4 ракетных ступеняў, размешчаных паслядоўна ці па т.зв. пакетнай схеме. На 1-м этапе актыўнага ўчастка дзейнічае І-я ступень, разгон працягвае 2-я і г.д. Асн. характарыстыкі Р.: сіла цягі рухавіка (да 10 МН) і скорасць выцякання рэактыўнага струменя (3000—4500 м/с). Стартавая маса ад некалькіх кілаграм да некалькіх тысяч тон. Баявыя Р. бываюць: стратэгічныя, аператыўна-тактычныя, тактычныя; блізкага дзеяння, сярэдняй і вял. далёкасці (міжкантынентальныя); класаў «зямля—зямля», «зямля—паветра», «паветра—паветра», «паветра—зямля», «паветра—карабель», «карабель—зямля» і інш. Уваходзяць у наземныя, авіяц. і карабельныя ракетныя комплексы. Р. класа «зямля—паветра» — асн. зброя войск ППА (гл. Зенітны ракетны комплекс). Высокадакладным дальнабойным сродкам паветранага нападзення з’яўляецца крылатая ракета (ляціць больш за 2,6 тыс. км на выш. каля 30—100 м).

Вынайдзена ў Кітаі пасля адкрыцця пораху (каля 10 ст.); першае ўпамінанне пра Р. (трубкі з порахам) адносяцца да 1232. У Еўропе звесткі пра парахавыя Р. з’явіліся ў 13 ст., у канцы 14 — пач. 16 ст. існавала некалькі тыпаў Р. (рухаліся вертыкальна, па паверхні вады, па канаце). З канца 14 ст. сталі выкарыстоўвацца для феерверкаў (уяўлялі сабой кардонную гільзу з карысным грузам — зорачкамі ў верхняй частцы і порахам у ніжняй). Найб. раннія звесткі пра выкарыстанне Р. на Украіне адносяцца да 1516. У сярэдзіне 17 ст. лепшым ракетчыкам Еўропы лічыўся бел. інжынер і вучоны К.Семяновіч, які апісаў (1650) розныя канструкцыі ракет, абгрунтаваў ідэю шматступеньчатай Р. і ракетных батарэй. Звесткі пра Р. ў Расіі адносяцца да 1675, у 1680-я г. створана маск. Ракетнае прадпрыемства. Даследаванні па розных тыпах Р. у канцы 18 ст. правялі франц. інжынеры. У пач. 19 ст. англ. канструктар У.​Конгрыў абагульніў вопыт ракетабудавання, правёў шэраг навук. даследаванняў у галіне ракетнай тэхнікі, распрацаваў новыя тыпы парахавых Р. (выратавальныя, гарпунныя, са стартавай масай да 450 кг і далёкасцю палёту больш за 3 км). Р. як зброя пашырылася ў многіх краінах Еўропы. З канца 1920-х г. распрацоўку вадкасных Р. і ракетных рухавікоў у СССР пачалі ў Газадынамічнай лабараторыі, Рэактыўным НДІ і Групе па вывучэнні рэактыўнага руху. У пач. 1940-х г. у Германіі створана Р. Фау-2 (з 1944 выкарыстоўвалася для абстрэлу Вялікабрытаніі). У 1948 у ЗША адбыўся запуск 2-ступеньчатай вадкаснай Р. «Бампер» (1-й яе ступенню была дапрацаваная Р. Фау-2). У 2-й пал. 1950-х г. адбыўся пераход ад адна- да шматступеньчатых Р. (у СССР Р-7), з дапамогай якіх пачаліся даследаванні касм. прасторы (гл. Касманаўтыка). У Расіі і СССР развіццё Р. звязана з імёнамі А.​Дз.​Засядка, К.​А.​Шыльдэра, К.​І.​Канстанцінава, М.І.Кібальчыча, К.Э.Цыялкоўскага, Ф.А.Цандэра, А.І.Шаргея (Ю.​В.​Кандрацюк), С.А.Косберга, С.П.Каралёва, В.П.Глушко і інш. Значны ўклад у развіццё ракетабудавання зрабілі інжынеры і вучоныя Г.​Гансвінт (Германія), Р.​Эно-Пельтры (Францыя), Р.Годард (ЗША), Г.Оберт і І.​Вінклер (Германія), В. фон Браўн (Германія, ЗША).

Літ.:

Ляпунов Б.В. Ракета. 2 изд. М., 1960;

Золин Б.И., Савин Н.В. Основы теории и конструкции ракет. М., 1971;

Киселев С.П. Физические основы аэродинамики ракет. М., 1976;

Князьков В.С., Рожков В.В. Боевые ракеты. М., 1977;

Колесников К.С. Динамика ракет. М., 1980;

Феодосьев В.И. Основы техники ракетного полета. 2 изд. М., 1981;

Бельск і А.М., Ткачоў М.А. Вялікае мастацтва артылерыі: Казімір Семяновіч. Мн., 1992.

У.​С.​Ларыёнаў, У.​М.​Сацута.

Схемы ракет: а, б — аднаступеньчатых на цвёрдым і вадкім паліве (1 — баявая частка, 2 — сістэма кіравання, 3 і 5 — бакі акісляльніку і паліва, 4 — цвёрдае паліва, 6 — турбіна, 7 — камера згарання, 8 — стабілізатар); в — двухступеньчатай з папярочным дзяленнем (1 — карысны груз, 2 — пераходная ферма, РА — рухальны адсек, ПА — паліўны адсек); г — шматступеньчатай з пакетным размяшчэннем ступеняў (1 — баявая частка, 2 — сістэма кіравання, 3 — паліўныя бакі, 4 — ракетныя рухавікі); д — стратэгічнай сярэдняй далёкасці (1 — галоўка саманавядзення, 2 — баявая частка, 3 — электроннае абсталяванне, 4 — маршавы рухавік, 5 — крыло, 6 — аэрадынамічныя рулі).

т. 13, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Назола ’дакука, прыкрасць, журба’, ’надакучлівая асоба’ (Нас., Яруш., Бяльк., ТС, Сл. ПЗБ), назол, назольнік ’надакучлівая асоба’ (Юрч. СНС), рус. назола ’нуда, журба, смутак’, ’шкода’, ’надакучлівы чалавек’, укр. назола ’хто робіць многа турбот’. Сюды ж назаля́ць ’надаядаць, дакучаць’ (Нас., Яруш., Шн., Сл. ПЗБ, ТС), назале́лы ’надакучлівы’ (Сцяшк. Сл.), назольный ’тс’ (Яруш.), назо́йны ’надакучлівы’ (Бяльк.), а таксама выразы: у назо́лу ’на зло’ (Булг.), даваць назолу ’назаляць’ (Шн.), назоля́ць на се́рцэ (на душу) ’трывожыць у непадыходзячы час’ (ТС). Прыведзены матэрыял, асабліва апошні фразеалагічны выраз, у аснове якога ляжыць нейкае канкрэтнае значэнне, аб чым сведчыць прыназоўнікавая канструкцыя з на, дае падставы для пошукаў архаічных адпаведнікаў у іншых славянскіх мовах, параўн. макед. назољам ’пасаліць, пасыпаць нечым’ у народнай песні, запісанай Міладзінавым: «Му донесе билки чемерики / И назоли нему бело сӑрце», дзе бело сӑрце ’страўнік’ (Тошев, Струшкиот говор. Скопје, 1979, 38, 103). Параўн. іншыя дыялектныя формы: макед. zolit ’пырскаць; пасыпаць; накрапваць’ (Hendriks, The Radožda-Vevčani dialect of Macedonian. Lisse, 1976, 301), зоља, зола ’пасыпаць соллю, цукрам, парашком’ (Белић, Галички дијалекат. Београд, 1935, 213), золте (< зол те, літаральна ’золь цябе’, ужываецца як дакор, Поповски, Македонски јазик, 1959, 10, 133), балг. назоля́вам і назолвам ’пасыпаць’ (Гераў), назоля́ва ’адкладвае яйкі на прадуктах, у якіх заводзяцца чарвякі (пра муху)’ (БЕР, 1, 652), серб.-харв. наѕоје ’пра нападзенне мух’: наѕоје̏ле му̏е месо (Елезовић, Речник косовско-метохиског дијлекта, 1. Београд, 1932, 435), зоља, ѕоља ’камары’ (Павловић, Говор Јањева. Нови Сад, 1970, 179). Такім чынам, першапачатковае значэнне дзеяслова рэканструюецца як ’пасыпаць ці пакрапіць нечым з мэтай лячэння’ і фармальна звязана з прасл. *zola ’попел’ (гл. зала́), параўн.: да ми гьи позолите ръцето со пепелта, кье ми оздравеат (Младенов: Сб. Солун. София, 1934, 62); развіццё значэння да ’надаядаць, дакучаць, дапякаць’ на падставе ’раздражняць рану, уздзейнічаючы на яе пры дапамозе лекаў, зёлак’, параўн. народны выраз надаеў, як горкае зелле, што дае падставы для рэканструкцыі прасл. *zoliti ’пасыпаць (попелам, парашком і інш.)’. Агляд іншых версій: Гаўлава (Etymologica Brunencia. Praha, 1978, 34–35) рэканструюе прасл. *zoliti ’шкодзіць, мучыць’ на падставе ўсходнеславянскіх слоў і і.-е. паралеляў. Скок (3, 664): зоља ’мушка’ < zujati (гукапераймальнае). Фасмер (3, 39) аддзяляе рус. назойливый ’надаедлівы’ ад назола, выводзячы яго з зой ’шум’, падрабязны разбор гэтай версіі і спробу фармальнай і семантычнай рэканструкцыі развіцця слова гл. Шалепіна: Русские говоры Сибири. Томск, 1981, 67–69; Шустар-Шэўц указвае на паралель в.-луж. zelić (⩽ zolić) ’голасна клясці, праклінаць’ і славен. zoliti ’крычаць, шумець’, што можа сведчыць аб старажытнасці такой семантыкі (ВЯ, 1983, 46), параўн. яшчэ бел. зяліць ’тлуміць’: Зеліш ты сваімі песьнімі усю хату (Яўс.). Не выключана, што ў развіцці асобных славянскіх моў назіралася змяшэнне розных дзеясловаў, блізкіх па форме, у прыватнасці са значэннем ’пасыпаць (попелам і інш.)’ і ’крычаць, шумець’. Дарэчы, прыгатаванне лекаў у выглядзе парашкоў ці раствораў, атрыманых шляхам спальвання зёлак і іншых матэрыялаў, а таксама разбаўлення атрыманага попелу ў вадзе, з’яўляецца старажытнай практыкай народнай медыцыны (у прыватнасці, знахарства). Тым самым магчыма звязаць значэнне ’пасыпаць (попелам і інш.)’ і значэнне ’заліць лугам (бялізну і інш.)’. Што датычыць зяліць ’тлуміць’, звычайна азяліць галаву, то не выключана, што тут асноўнае значэнне не ’шумець’, а ’выклікаць стан ачмурэння, выпіўшы настоенага зелля’, пра што сведчыць і другое значэнне азяліцца ’напіцца гарэлкі’ (параўн. чортава зелле = гарэлка), азелены ’затлумлены, п’яны’ (Яўс.). Гл. зала́, зелле, заліць1, зяліць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ДРАЎЛЯ́НАЕ ДО́ЙЛІДСТВА,

від архітэктуры, якому ўласцівы адзінства буд. матэрыялу (дрэва) і спецыфічных канструкцый; мастацтва ствараць будынкі з дрэва, арганічна спалучаючы вырашэнне функцыянальных, канструкцыйных і маст. задач.

Дрэва — канструкцыйны і аддзелачны матэрыял. Шырока ўжываецца ў буд-ве з-за лёгкасці апрацоўкі, дастатковай мех. трываласці, малой аб’ёмнай вагі, магчымасці ствараць эстэт. выразнасць яго структурнасці, фактуры, колеру. Выкарыстоўваюць розныя драўляныя элементы: бярвенне, брусы, дылі, гонту і інш. Маст. выразнасць у Д.д. дасягаецца спалучэннем і адначасова супрацьпастаўленнем простых геам. форм (у аснове якіх адзіны модуль, роўны даўжыні бервяна ці адзінцы вымярэння), а таксама разьбой. Д.д. — адметная з’ява ў матэр. і маст. культуры многіх народаў. Адзіныя буд. прыёмы вызначаюць архітэктуру практычна ўсіх тыпаў будынкаў (жылых, гаспадарчых, абарончых, грамадскіх, прамысловых і інш.) пры багацці і разнастайнасці агульных вырашэнняў, якія ўлічваюць сац.-эканам., прыродна-кліматычныя ўмовы. З-за параўнальнай недаўгавечнасці драўніны і пажараў не захавалася драўляных збудаванняў стараж. часоў, хоць археал. даследаванні даюць звесткі аб палевых пабудовах эпохі палеаліту, неаліту, бронзавага веку. Найбольш стараж. помнікі Д.д., якія захаваліся, — каркасныя канструкцыі, што складаюцца са стоек, бэлек, раскосаў і агараджальных элементаў храмы ў Кітаі і Японіі (9 ст.), Нарвегіі (12 ст.). Каркасныя канструкцыі, у параўнанні са зрубнымі (гл. Вянковая канструкцыя), даюць магчымасць ствараць больш вольныя кампазіцыі, што фарміруюцца рытмічнымі радамі калон, бэлек, рыгеляў. Каркасная сістэма шырока выкарыстоўваецца ў Акіяніі, Паўд. Амерыцы, Афрыцы, Паўд.-Усх. Азіі. Зрубныя канструкцыі атрымалі пашырэнне ў Еўропе і Канадзе.

На Беларусі драўляныя пабудовы вядомы з эпохі палеаліту. Укапаныя ў зямлю слупы і сохі стваралі аснову сцен і падтрымлівалі дах. З часам з гэтых канструкцый развіліся каркасныя. Як іх варыянт у 16—18 ст. выкарыстоўвалі фахферк («прускі мур»). Прыкладна з 3 ст. атрымліваюць развіццё зрубныя канструкцыі з бярвён (звычайна ў сялянскім буд-ве) ці брусоў (у гар. і манум.). Больш дасканалыя і зручныя, яны сталі найб. пашыранымі. Змены ў сял. буд-ве ішлі павольна, а на манум. Д.д. (пачынаючы з 17 ст.) значна ўплывалі маст. стылі мураванай архітэктуры. Вызначыліся 2 асн. тэндэнцыі развіцця: кансерватыўная, звязаная з мясц. традыцыямі (гл. Народнае дойлідства) і наватарская, арыентаваная на ўкараненне эстэт. канцэпцый стыляў барока, класіцызму з выкарыстаннем форм і прыёмаў, уласцівых мураванай архітэктуры (аркі, скляпенні, карнізы, пілястры, руст, шалёўка і інш.). Асн. тыпы жылых дамоў — 1-, 2-, 3-камерныя і больш складанай планіроўкі, якія будавалі асобна ці разам з інш. пабудовамі ў складзе сядзіб-комплексаў (Паазер’е), сядзіб вянковага (Падняпроўе, Паазер’е, Усх. Палессе) ці пагоннага (Зах. Палессе, Панямонне, цэнтр. Беларусь) тыпаў. У гарадах і мястэчках будавалі дамы з галерэямі на гал. фасадзе (падчэнню) і 2-павярховыя жылыя дамы. Асаблівасці гасп. пабудоў (свіран, лямус, адрына, гумно, хлеў, склеп і інш.) залежалі ад іх прызначэння і заможнасці гаспадаркі. Вытворчыя збудаванні (вятрак, вадзяны млын) характарызуюцца аб’яднаннем у адно цэлае механізма з драўлянымі канструкцыямі будынка. У сярэдневякоўі былі пашыраны драўляныя абарончыя збудаванні гарадоў (Віцебск, Полацк і інш.) і феад. замкаў (Радашковічы, Кобрын, Нясвіж і інш.). З дрэва будавалі ўсе тыпы грамадскіх будынкаў: ратушы (Шарашова, Віцебск, Драгічын), манежы (Клецк), свірны-«магазыны» (Тураў, Любча), тэатры (Слуцк, Нясвіж), гандлёвыя рады (Давыд-Гарадок, Карэлічы), крамы, корчмы, шпіталі, школы і інш. Драўлянымі былі будынкі першых мануфактур (Налібакі, Урэчча, Слуцк).

Драўляныя цэрквы 17—19 ст. падзяляліся на храмы восевай кампазіцыі, у якіх 1, 2, 3 ці больш зрубаў размешчаны па адной падоўжнай восі (Здзітаўская Мікітаўская царква ў Жабінкаўскім р-не, Слуцкая Міхайлаўская царква, Давыд-Гарадоцкая Георгіеўская царква ў Столінскім р-не), і крыжовай, у якіх 4 або 5 зрубаў пастаўлены па 2 узаемна перпендыкулярных восях (Ельская Троіцкая царква, Кажан-Гарадоцкая Мікалаеўская царква ў Лунінецкім р-не, Порплішчанская Спаса-Праабражэнская царква ў Докшыцкім р-не). Зрубы завяршаліся вальмавымі ці 2-схільнымі дахамі, шатрамі, шмат’яруснымі вярхамі, купаламі. Сярод касцёлаў 17—19 ст. вылучаюцца 1- і 3-нефавыя (Дудаўскі касцёл Марыі ў Іўеўскім р-не, Гудагайскі касцёл Маці Божай у Астравецкім р-не, Адэльскі касцёл Ушэсця ў Гродзенскім р-не), з якіх найб. пашыраны былі 3-нефавыя базілікі з 2-вежавым гал. фасадам. Такая аб’ёмна-планіровачная структура ў розных варыянтах спалучалася з традыц. вырашэннямі ў архітэктуры драўляных уніяцкіх цэркваў (Сцяпанкаўская Міхайлаўская царква ў Жабінкаўскім р-не). Вядомы храмы цэнтрычнай кампазіцыі з 4-, 6- або 8-гранным планам, завершаныя шатром ці купалам. Званіцы ў выглядзе шмат’ярусных вежаў звычайна ставілі ў куце храмавага пляца або над галоўнай брамай у агароджы (г.п. Шарашова Пружанскага р-на, в. Чэрск Брэсцкага р-на, в. Лявонпаль Міёрскага р-на). Сінагогі 17—18 ст. рабілі цэнтрычнай кампазіцыі з квадратнай малітоўнай залай, завершанай складаным, часам шмат’ярусным скляпеннем (Гродна, Нароўля, в. Воўпа Ваўкавыскага р-на). У архітэктуры сінагог, як і ў драўляных мячэцях (в. Даўбучкі Смаргонскага р-на, г.п. Іўе), выкарыстоўваліся элементы мясц. грамадскай і жылой архітэктуры: алькежы, галерэі, маст. разьба.

Паляпшэнне якасці драўніны (прасаванне, антысепціраванне, выкарыстанне клею) дазваляе ствараць канструкцыйныя элементы практычна любых памераў і форм. Таму для грамадскіх і прамысл. будынкаў, асабліва з вял. (да 90 м і болей) пралётамі, з дрэва робяць аркі, рамы, абалонкі: крытыя стадыён у Фларыдзе (ЗША), каток у Грэноблі (Францыя), палац спорту ў Архангельску (Расія). На Беларусі клееныя рамы ствараюць аснову канструкцыі склада ў Салігорску, спарт. залаў у Мінску, Гомелі і інш. Дэкаратыўныя якасці драўляных элементаў істотна ўплываюць на стварэнне эфектнага вонкавага выгляду будынкаў і іх інтэр’ераў.

Помнікі бел. Д.д. прадстаўлены ў Археалагічным музеі Бярэсце і Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту.

С.​А.​Сергачоў.

Да арт. Драўлянае дойлідства. Царква Святога Варфаламея. Сяло Кочы каля г. Хрудзім. Чэхія. 1307.
Да арт. Драўлянае дойлідства. Дамы ў вёсцы Рашкопаў. Паўночна-Заходняя Чэхія. Сярэдзіна 19 ст.
Да арт. Драўлянае дойлідства. Ільінская царква ў г. Белазерск Валагодскай вобл. (Расія). 1690.
Да арт. Драўлянае дойлідства. Кіжы. 18 ст.
Да арт. Драўлянае дойлідства. Касцёл у вёсцы Дуды Іўеўскага раёна Гродзенскай вобл.
Да арт. Драўлянае дойлідства. Троіцкая царква ў г. Ельск Гомельскай вобл.
Да арт. Драўлянае дойлідства. Касцёл у вёсцы Мяжаны Браслаўскага раёна Віцебскай вобл.
Драўлянае дойлідства рускай Поўначы.
Да арт. Драўлянае дойлідства. Дом-музей П.​Бажова ў г. Сысерць (Расія).
Драўлянае дойлідства рускай Поўначы.
Да арт. Драўлянае дойлідства. Міхайлаўская царква. Закарпацкая Украіна. 2-я пал. 18 ст.
Да арт. Драўлянае дойлідства. Вятрак з вёскі Моталь Іванаўскага раёна Брэсцкай вобл.
Да арт. Драўлянае дойлідства. Сінагога. Горад Заблудаў. Польшча. Пач. 17 ст.
Да арт. Драўлянае дойлідства. Жылы дом у г. Клімавічы Магілёўскай вобл.

т. 6, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)