ПЕРАЯ́СЛАЎСКАЯ РА́ДА 1654,

сход прадстаўнікоў укр. народа, скліканы гетманам Украіны Б.Хмяльніцкім 18.1.1654 у г. Пераяслаў (цяпер Пераяслаў-Хмяльніцкі Кіеўскай вобл.), на якім было прынята рашэнне аб далучэнні Украіны да Расійскай дзяржавы. Укр. старшына і шляхта спадзяваліся ў выніку далучэння да Расіі замацаваць свае саслоўныя прывілеі, пазбавіцца рэліг. ўціску, адхіліць ад улады польскую шляхту і магнатаў. Асн. прынцыпы аб’яднання агавораны напярэдадні рады паміж Б.​Хмяльніцкім і рас. паслом В.В.Бутурліным. Раніцай 18 студз. Хмяльніцкі склікаў старшынскую раду, якая выказалася за далучэнне да Расіі. Днём сабралася адкрытая рада, на якой прысутнічалі таксама пераяслаўскія гараджане і сяляне з навакольных вёсак. У сваёй прамове Хмяльніцкі адзначыў, што для захавання ўкр. вольнасцей неабходна прызнаць уладу Расіі. Удзельнікі П.р. прысягнулі на вернасць рас. цару, Бутурлін уручыў Хмяльніцкаму грамату царскага ўрада аб згодзе прыняць Украіну ў склад Расіі. У сак. — крас. 1654 укр. пасольства ў Маскве падпісала шэраг артыкулаў (т.зв. Сакавіцкія, або Пераяслаўскія, артыкулы), якія вызначалі ўмовы аўт. існавання Украіны ў складзе Рас. дзяржавы. Прыняцце Украіны ў рас. падданства папярэдне было адобрана 1(11).10.1653 на Земскім саборы ў Маскве, што аўтаматычна азначала абвяшчэнне вайны Рэчы Паспалітай (гл. Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67).

т. 12, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРГА́М (грэч. Pergamos),

старажытны горад у М. Азіі (цяпер г. Бергама, Турцыя). У 283—133 да н.э. сталіца Пергамскага царства. Пры цару Атале I стаў культ. цэнтрам М. Азіі, тут была буйнейшая (пасля Александрыйскай) б-ка (200 тыс. скруткаў). Каля 180 да н.э. ў П. ўпершыню пачалі выкарыстоўваць пергамент замест папірусу. Горад быў вядомы сваёй мед. школай. У 133 да н.э. падпарадкаваны Рыму. У 713 да н.э. разбураны арабамі. Адбудаваны візантыйцамі, але страціў былое значэнне. З 1330 пад уладай Турцыі.

Эліністычны горад быў абнесены магутнымі сценамі з т.зв. варотамі Эўмена. Размяшчаўся тэрасамі на гары, вяршыню якой займаў акропаль. Сярод помнікаў акропаля: свяцілішча Афіны Нікефоры (4—3 ст. да н.э.) з храмам і будынкам б-кі, руіны т-ра (2 ст. да н.э.), фундаменты Вял. алтара Зеўса (каля 181—159 да н.э.; рэканструкцыя і ант. скульптура ў Ант. зборы, Берлін), сцены якога былі аздоблены вялікім (сцэны барацьбы багоў з гігантамі) і малым (міф пра Тэлефа) мармуровымі рэльефнымі фрызамі.

Літ.:

Белов Г.Д. Алтарь Зевса в Пергаме. Л., 1957.

Я.​Ф.​Шунейка (архітэктура).

Пергам. Руіны тэатра. 2 ст. да н.э.
Пергам. Вялікі алтар Зеўса. Рэканструкцыя.

т. 12, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

П’Е́ТРА ДА КАРТО́НА [Pietro da Cortona; сапр. Берэціні (Berrettini) П’етра; 1.11.1596, г. Картона, Італія — 16.5.1669],

італьянскі жывапісец і архітэктар эпохі барока. Зазнаў уплывы Мікеланджэла, Рафаэля, Карэджа. Вучыўся ў Картоне (1609—12) і Рыме (з 1612) у А.​Камодзі. Працаваў пераважна ў Рыме, у 1637—47 у Фларэнцыі. У 1634—38 узначальваў акадэмію св. Лукі ў Рыме. У жывапісе шырока выкарыстоўваў ілюзіянізм перспектыўных пабудоў, святлопаветраную насычанасць каларыту. Сярод твораў фрэскі на віле Арыгоні ў Фраскаці (цяпер Муці; каля 1616), у царкве Сан-Бібіяна (1624—26), Палацца Матэі (да 1625), Палацца Барберыні (1636—39), Палацца Памфілі (1651—54, усе ў Рыме), у Палацца Піці ў Фларэнцыі (1637—47) і інш. Аўтар карцін «Трыумф Бахуса» (1624), «Св. Бернард» (1626), «Мадонна і чацвёра святых» (1628), «Выкраданне сабінянак» (1629) і інш. Пабудовы вызначаюцца тэатралізаваным дынамізмам, майстэрскім выкарыстаннем эфектаў натуральнага асвятлення: цэрквы Санты-Лука э Марціна (перабудова; 1635), Санта-Марыя ін Вія Лата (каля 1658), фасад царквы Санта-Марыя дэла Пачэ (1656—57) і 5-гранная плошча перад ёй у Рыме і інш.

П’етра да Картона. Фрэска «Залаты век» у Палацца Піці ў Фларэнцыі. 1637—47.

т. 12, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЦКАЯ ПРАВАСЛА́ЎНАЯ ЕПА́РХІЯ,

найстарэйшая хрысціянская епархія на Беларусі. Засн. як адм.-тэр. адзінка Кіеўскай мітраполіі (традыц. дата заснавання 992). Кафедральным храмам стаў Полацкі Сафійскі сабор. У 1511 епархія атрымала статус архіепіскапіі, што сведчыла пра яе высокі духоўны аўтарытэт. У выніку Брэсцкай уніі 1596 стала уніяцкай. У 17 ст. двойчы рабіліся спробы прызначыць на полацкую кафедру правасл. епіскапа. У 1833 епархія адноўлена, у 1839 архірэйскі дом пераведзены ў Віцебск. У 1920-я г. ў сувязі з антырэліг. палітыкай улад царк. жыццё заняпала, у канцы 1930-х г. дзеючых храмаў не было. У 1942 абвешчана аднаўленне епархіі ў складзе Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, аднак у ваен. умовах гэты акт меў фармальны характар. Пасля вайны епіскапы не прызначаліся. У 1989 П.п.е. адноўлена як епархія Беларускай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхата, ахоплівала тэр. Віцебскай вобл. У 1992 пасля стварэння Віцебскай епархіі межы П.п.е. звузіліся і ахопліваюць цяпер тэр. Полацкага, Браслаўскага, Верхнядзвінскага, Глыбоцкага, Докшыцкага, Лепельскага, Міёрскага, Пастаўскага, Расонскага, Ушацкага і Шаркаўшчынскага р-наў Віцебскай вобл. На канец 2000 у епархіі было 86 прыходаў, 56 святароў, 5 дыяканаў, Полацкі Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр (адноўлены ў 1990). З 1995 адноўлена выданне «Полоцких епархиальных ведомостей».

Літ.:

Шейкин Г.Н. Полоцкая епархия. Мн., 1997.

Г.​М.​Шэйкін.

т. 12, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУ́ШЧЫНЫ,

дзекабрысты, браты, н. ў Маскве. Іван Іванавіч П. (15.5.1798—15.4.1859). Вучыўся ў Царскасельскім ліцэі разам з А.С.Пушкіным. З 1817 афіцэр гвардз. коннай артылерыі. З 1823 у адстаўцы. Са снеж. 1823 суддзя Маскоўскага надворнага суда. Чл. «Свяшчэннай арцелі» (1816—17), «Саюза выратавання» (з 1817), «Саюза дабрабыту» (з 1818). У 1823 стварыў Пецярбургскую, у 1825 Маскоўскую ўправы Паўн. т-ва дзекабрыстаў. Прымаў удзел у падрыхтоўцы паўстання на Сенацкай плошчы. 16.12.1825 арыштаваны, асуджаны Вярх. судом да пакарання смерцю, замененай 20-гадовай катаргай. З 1839 на пасяленні. Пасля амністыі 1856 у Падмаскоўі. Аўтар «Запісак пра Пушкіна».

Міхаіл Іванавіч П. (1800—25.5.1869). У 1816 скончыў 1-ы кадэцкі корпус. У 1819—24 капітан, камандзір коннага эскадрона Сямёнаўскага корпуса. 15.12.1825 арыштаваны, прыгавораны Вярх. судом да пазбаўлення чына і дваранства, разжалаваны ў радавыя. З 1835 у адстаўцы, жыў у маёнтку Парычы Бабруйскага пав. (цяпер г.п. Парычы Светлагорскага р-на Гомельскай вобл.). У 1857 паводле рашэння рас. Сената П. вернуты ранейшы чын. У 1865 пажалаваны ў ген.-маёры і прызначаны камендантам Бабруйскай крэпасці. Аўтар успамінаў «Сустрэча з Пушкіным за Каўказам».

Літ.:

Букчин С.В. К мечам рванулись наши руки. 2 изд. Мн., 1985;

Ненадавец А.М. Крэпасць на Бярэзіне. Мн., 1993.

т. 13, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯТРО́ЎСКІ (Ян) (н. 20.1.1905, г. Слуцк Мінскай вобл.),

бел. рэліг. дзеяч, выдавец, літаратар, мовазнавец. Скончыў гімназію ў Вільні, служыў у польскім войску. Скончыў Тэалагічную школу метадыстаў у Клярысаве (1930). Быў пастарам у Варшаве, у Дзярэчыне (цяпер Зэльвенскі р-н). З 1936 пастар у Варшаве, адначасова сакратар Польскай гадавой канферэнцыі метадыстаў. З сак. 1941 пастар у Германіі, дзе быў арыштаваны гестапа. Прапаведнік метадысцкай царквы з 1945 у Аўстрыі, з 1953 у ЗША. У 1962—66 выдаваў рэліг. час. «Сьветач хрыстовае навукі». Выдаў у перакладзе на бел. мову 6 кніг дыялогаў стараж.-грэч. філосафа Платона (1966—81), кнігу ням. філосафа В.​Гумбальта «Унутраная форма мовы» (1989). Складальнік і выдавец «Класічнага грэцка-беларускага слоўніка» (кн. 1—2, 1983—85), а таксама англа-бел. і бел.-англ. слоўнікаў (1993), якія ўключаюць больш за 10 тыс. слоў. У 1977 стварыў у ЗША Бел. харытатыўна-адукац. фонд з мэтай спрыяння развіццю бел. мовы і культуры і пашырэння ў краінах Захаду ведаў пра Беларусь. Аўтар успамінаў (т. 1—3, 1988—97), якія з’яўляюцца важнай крыніцай па гісторыі Зах. Беларусі і бел. дыяспары.

Літ.:

Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст.: Жыццярысы. Мартыралогія. Успаміны. Мн.;

Мюнхен, 1999. С. 154.

Л.​У.​Языковіч.

т. 13, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Вы́жал ’ганчак, паляўнічы сабака’ (БРС, КТС, Нас., Касп., Гарэц., Сцяшк.). Рус. вы́жлец, вы́жлик, вы́жлок, укр. ви́жел, польск. wyżeł, чэш. vyžel, vyžle, славац. vyžla, серб.-харв. ви̏жао, ви̏жле, славен. vížel. Няяснае слова, якое не мае пераканаўчай этымалогіі. Фасмер (1, 367) думае, што яно запазычана з ням. *Wisel ’(сабака) павадыр’, с.-в.-ням. wîsel ’пчаліная матка’, ст.-в.-ням. wîso ’правадыр, важак’. Меліх (Зб. Мілецічу, 148 і наст.), Махэк₂ (705), Голуб–Лейер (514) лічаць слова запазычаннем з венг. vizsla ’сабака-сышчык’; ’жвавы, пільны’, але гэта гіпотэза не тлумачыць слав. ы і адсутнасць слова ў балг. і ст.-слав. мовах. Іншыя гіпотэзы, напрыклад Ільінскага (ИОРЯС, 23, 1, 130), аб сувязі гэтага слова з лац. vigil і Лёвенталя (WuS, 11, 54) з гоц. augō ’вока’ таксама непераканаўчыя. Найбольш верагодным цяпер з’яўляецца збліжэнне Брукнера (640), якога падтрымлівае Трубачоў (Происх., 24), з польск. wyga ’стары сабака’, якое ад vy‑ti. Наз. vyžьlъ уваходзіць у словаўтваральны рад з суф. ‑ьлъ і з’яўляецца назвай сабакі па брэху, выццю (Шанскі, 1, В, 223). Адносна суфіксацыі гл. таксама SP, 1, 113.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Свято́к ‘храмавое свята’ (Сл. ПЗБ, Сержп.), свето́к ‘свята’ (Сл. ПЗБ, ТС, Ян.), святкі́ ‘прамежак часу ад Каляд да Вадохрышча’ (Сл. ПЗБ), ст.-бел. свѧток ‘свята’ (Скарына, Альтбаўэр), сюды ж свя́точки ‘святыя дні; увасобленыя святы’: Перед Богомъ стояць уси́ святочки (Нас.), укр. святки́ ‘святочныя дні Каляд і Вялікадня’, рус. свя́тки ‘час ад Каляд да Вадохрышча’, ст.-рус. свѧток ‘свята’, серб. дыял. све̑так ‘тс’, славен. svétek ‘тс’. Прасл. *svętъkъ ‘свята’, вытворнае ад *svętъ (гл. святы), параўн. Тапароў, Этимология–1986–1987, 33; Фасмер, 3, 584. Зыходная форма для святкава́ць ‘адзначаць свята; не працаваць з нагоды свята’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Касп., Бяльк., Сл. ПЗБ), светкова́ць, сʼеткова́ць, сеткова́ць ‘тс’ (ТС), якім адпавядае серб. свѐтковати, дыял. светкова̏т: У на̑с се тај све̑так не светку̏је (Элезавіч, 2, 207), свято́чны ‘звязаны з святам’ (ТСБМ, Ласт., Стан., Некр. і Байк., Сл. ПЗБ), свето́чны ‘тс’ (ТС) і інш. Прывязанасць да пэўнага гадавога цыкла (пазней, відаць, перанесеная і на хрысціянскія святы) дазваляе выказаць меркаванне пра больш ранняе паходжанне назвы, чым форма свята (гл.), якая цяпер успрымаецца як зыходная. Параўн. Жураўлёў, Язык и миф, 97.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

адзява́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца і (радзей) адзяюся, адзяешся, адзяецца; адзяёмся, адзеяцеся; незак.

1. Незак. да адзецца.

2. (у спалучэнні з акалічнаснымі словамі). Насіць адзенне таго або іншага фасону, той або іншай якасці. Адзявацца з густам. Адзявацца па модзе. □ Марына пачала прыгожа адзявацца і выбрала сабе сталую прычоску, якая так была ёй да твару. Чорны. Цяпер найбольш, шыкоўна адзяваліся нэпманы, іх сынкі і дочкі. Паслядовіч.

3. Зал. да адзяваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адсе́яцца, ‑сеюся, ‑сеемся, ‑сеецца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Аддзяліцца шляхам прасейвання. Вотруб’е адсеялася ад мукі.

2. Кончыць сяўбу. Платон усміхаецца: «Во адсеемся, тады на цэлы тыдзень вазьму адгул». Асіпенка. // Перастаць сеяць па якой‑н. прычыне. [Корбут:] — Адсеяўся я, Васіль... Цяпер буду сядзець тут на беразе з вудаю... Савіцкі.

3. перан. Выбыць з ліку, складу чаго‑н. [Кавалеўскі:] — Я праглядаў вашы зводкі. У вас адсеялася тысяча семсот чалавек. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)