Засн. ў 1982, адкрыты ў 1985 у г. Вілейка. Пл. экспазіцыі 258 м², больш за 19 тыс. экспанатаў асн. фонду. Сярод экспанатаў матэрыялы археал. раскопак з паселішча Сосенка і гарадзішча Малышкі на тэр. раёна, манетны скарб 17 ст., царк. летапісы канна 19 ст., дакументы і фотаздымкі пра гісторыю горада і раёна, удзел ураджэнцаў Вілейшчыны ў грамадз. вайне, партыз. руху ў Вял.Айч.вайну і яго кіраўнікоў А.С.Азончыка, А.І.Валынца, матэрыялы пра ўраджэнцаў раёна мастака Н.Ю.Сілівановіча, паэтэсу Г.А.Новік, Герояў Сав. Саюза К.М.Зубовіча, У.С.Лаўрыновіча. Экспануюцца прылады працы і побыту бел. сялян 19 — пач. 20 ст., калекцыя самавараў, вырабы ткацтва, саломапляцення, разьбы па дрэве і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́КТЫ ЗАХО́ДНЯЙ РАСІ́І«Акты, относящиеся к истории Западной России, собранные и изданные Археографическою комиссиею» (АЗР), збор дакументаў па гісторыі Беларусі, Украіны і Літвы 14—17 ст., (т. 1—5. Спб., 1846—53). Складальнік і рэдактар І.І.Грыгаровіч (т. 1—4). Змешчана каля 2 тыс. дакументаў на бел. і ўкр. мовах, згрупаваных паводле храналагічна-тэматычнага прынцыпу, пераважаюць матэрыялы па паліт. і царк. гісторыі: судзебнік Казіміра IV 1468, велікакняжацкія прывілеі Полацкай і Віцебскай землям, прывілеі бел. гарадам на магдэбургскае права, даравальныя граматы (фундушы) царк. установам, «Устава на валокі» 1557, матэрыялы пра Лівонскую (Інфлянцкую) вайну 1558—83, Брэсцкую унію 1596, інтэрвенцыю Рэчы Паспалітай у Расію ў пач. 17 ст., казацкія войны ў 17 ст. і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЖАРО́ЎСКІ (Ożarowski, Ожаровский) Адам Пятровіч (1776, Варшава — 5.12.1855), расійскі ваенны і дзярж. дзеяч, граф. Ген. ад кавалерыі (1826). Сенатар (1826). Удзельнік вызв. паўстання 1794. З 1796 на рус.ваен. службе. Удзельнічаў у кампаніях 1805 і 1807 супраць Францыі. У вайну 1812 камандзір асобнага кав. атрада (6 палкоў) для партыз. дзеянняў на паўд. флангу праціўніка. Удзельнічаў у баях пад Красным (Смаленская вобл.), у заняцці Магілёва, Бярэзінскай аперацыі 1812, у праследаванні французаў у напрамку Валожын—Воранава—Ліда—Ражанка. У замежных паходах рус. арміі (1812—14) узначальваў асобны кав. атрад. З 1814 у бліжэйшым акружэнні імператара Аляксандра I. З 1833 член Дзярж. савета Царства Польскага, з 1841 прысутны ў Варшаўскіх дэпартаментах Сената.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСВЕ́ЙСКАЯ СЯДЗІ́БА,
помнік палацава-паркавай архітэктуры класіцызму. Пабудавана ў 1782 у г.п. Асвея (Верхнядзвінскі р-н Віцебскай вобл.) на паўд. беразе воз. Асвейскае ў б. маёнтку мінскага ваяводы Я.Гільзена (з 1786 належала Шадурскім). Ансамбль уключаў палац (зруйнаваны ў 1-ю сусв.вайну), капліцу, пейзажны парк (пл. 15 га) з аранжарэямі, ставамі, брамай. Цэнтр. частка кампазіцыі — 2-павярховы мураваны палац з паўкруглымі бакавымі крыламі, злучанымі з гал. аб’ёмам аркадамі, якія ўтваралі авальны партэр перад гал.зах. фасадам (вядомы па акварэлі Н.Орды). Аснову кампазіцыі парку складалі курціны на адкрытых палянах, якія пераходзілі ў натуральны лясны масіў з мясц. пародамі дрэў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТАМА́Н,
1) кіраўнік нерэгулярнага, незалежнага ад дзярж. улады вайск. атрада (часам шайкі разбойнікаў).
2) Вышэйшы начальнік казацкага войска — камандзір (вайсковы, наказны, паходны, кашавы атаман), начальнік казацкай адм.-тэр. адзінкі (аддзела, акружны, станічны, хутарскі атаман) або камандзір падраздзялення (куранны атаман). У Запарожскім казацкім войску існавалі кашавыя і куранныя атаманы, у Данскім — вайсковыя. На пач. 18 ст. атаман у Данскім войску назначаўся ўрадам, з 1723 ён наз. вайсковым наказным атаманам, з 1866 меў правы ген.-губернатара і камандуючага вайсковай акругай. Званне атамана адменена пасля Кастр.рэв. 1917. Адноўлена ў Расіі на пач. 1990-х г. у сувязі з адраджэннем казацкага руху.
3) У грамадз.вайну 1918—20 камандзір у часцях белай гвардыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЎСТРА-ІТАЛЬЯ́НСКАЯ ВАЙНА́ 1848—49,
вайна за вызваленне Італіі ад аўстрыйскага панавання. Пачалася ў час рэвалюцыі 1848—49 у Італіі. У выніку нар. паўстання з Ламбардыі і Венецыі былі выгнаны аўстр. войскі. Кароль Сардзініі Карл Альберт аб’явіў вайну Аўстрыі. У баях удзельнічалі добраахвотныя атрады Дж.Гарыбальдзі. Здрадніцкая палітыка кіруючых колаў Італіі прывяла да паражэння італьян. Арміі пры Кустоце. Аўстр. войскі захапілі Мілан. Пасля пагаднення Карла Альберта з аўстрыйцамі Ламбардыя зноў адышла да Аўстрыі. 20.3.1849 Карл Альберт аднавіў ваен. дзеянні, аднак пацярпеў паражэнне, адрокся ад трона і ўцёк з Італіі. Яго сын Віктар Эмануіл 26.3.1849 заключыў з аўстрыйцамі перамір’е. Паводле Міланскага міру (6.8.1849) Ламбардыя і Венецыя засталіся пад уладай Аўстрыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАСТО́ЦКІ ПАВЕ́Т,
адм.-тэр. адзінка ў Рас. імперыі і Польшчы ў 19—20 ст. Утвораны ў 1808 у складзе Беластоцкай вобласці, з 1842 у Гродзенскай губерні. Цэнтр — г.Беласток. Пл. 2904 км², нас. 210 132 чал. (1897). Падзяляўся на 12 валасцей. У 1-ю сусв.вайну ў 1915—18 акупіраваны герм. войскамі, з канца 1918 у складзе адноўленай Польшчы, з 2.8.1919 у Беластоцкім ваяводстве, падзяляўся на гміны (б. воласці). 231,5 тыс.ж. (1919). З 2.11.1939 у БССР, з 4.12.1939 увайшоў у Беластоцкую вобл., дзе 15.1.1940 паветы скасаваны і праведзена раянаванне, у т. л. створаны Беластоцкі р-н. Паводле дагавора «Аб савецка-польскай дзяржаўнай граніцы» ад 16.8.1945 тэр. былога Беластоцкага павета перайшла да Польшчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРЛІ́НСКІ КАНГРЭ́С 1878,
міжнародны кангрэс, скліканы для перагляду Сан-Стэфанскага міру 1878, які завяршыў руска-турэцкую вайну 1877—78. Умовы Сан-Стэфанскага міру прадугледжвалі значныя тэр. набыткі Расіі і ўзмацненне яе пазіцый на Балканах (утварэнне Балгарыі), што выклікала незадаволенасць Вялікабрытаніі і Аўстра-Венгрыі. Акрамя іх і Расіі ў Берлінскім кангрэсе ўдзельнічалі Германія, Францыя, Італія і Турцыя. Расія, якая апынулася ў дыпламат. ізаляцыі, падпісала 13 ліп. Берлінскі трактат, дзе пацвярджалася незалежнасць Чарнагорыі, Сербіі і Румыніі. Паўн. Балгарыя стала аўт. дзяржавай, Паўд. Балгарыя (Усх. Румелія) засталася пад уладай тур. султана і атрымала адм. аўтаномію. Да Расіі адышлі вусце Дуная, крэпасці Карс, Ардаган і Батум. Аўстра-Венгрыя акупіравала Боснію і Герцагавіну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІ́СМАРКА АРХІПЕЛА́Г (Bismark Archipelago),
Новая Брытанія, група астравоў на З Ціхага ак., у Меланезіі, тэр. Папуа—Новай Гвінеі. Нас. 347 тыс. (1987). Пл. каля 50,5 тыс.км². Складаецца з 2 вял. а-воў Новая Брытанія і Новая Ірландыя, а-воў Адміралцейства і шэрагу дробных каралавых. Буйныя астравы гарыстыя (выш. да 2300 м), штат вулканаў, ёсць дзеючыя (Улавун). Частыя землетрасенні. Вільготныя трапічныя лясы. Плантацыі какосавай пальмы, бананаў, цукр. трыснягу. Рыбалоўства. Гал. горад — Рабаул (на в-ве Новая Брытанія). Адкрыты ў 1616 галандцамі В.Схаўтэнам і Я.Лемерам. Анексіраваны Германіяй (1884), падмандатная тэр. Аўстраліі (1920), захоплены Японіяй у 2-ю сусв.вайну; частка тэр. Новай Гвінеі, падмандатнай ААН да 1975. Названы ў гонар О.Бісмарка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РАЦКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала з вер. 1941 да ліст. 1942 у г. Горкі і Горацкім р-не Магілёўскай вобл. Існавала 12 груп (78 чал.): гарадская (кіраўнік П.Х.Кажура), на льнозаводзе (П.Н.Савінаў), цагельным з-дзе (А.І.Трэмба), у Горацкай МТС (С.І.Вараб’ёў), у вёсках Альхоўка (В.В.Быкаў), Добрая (Д.Ф.Вайстрова), Палёнка (Ф.М.Дзям’янаў), Тудараўка (Б.А.Шыманоўскі, з сак. 1942 В.В.Агаджанян) і інш. Падпольшчыкі вялі паліт. работу сярод насельніцтва, займаліся зборам разведданых, зброі для партызан, праводзілі дыверсіі на хлебазаводзе, электрастанцыі і інш. Фашысты арыштавалі амаль усіх падпольшчыкаў, 54 з іх загубілі. У Горках на магіле падпольшчыкаў помнік, у в. Тудараўка — стэла.