СУХАРЫ́,
вёска ў Магілёўскім р-не, на р. Раста, на аўтадарозе Магілёў—Мсціслаў. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 27 км на ПнУ ад Магілёва. 610 ж., 230 двароў (2002). Прадпрыемства па перапрацоўцы піламатэрыялаў. Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — Успенская царква (пач. 20 ст.).
Вядомы з 1560 як сяло ў Магілёўскай воласці ВКЛ, дзярж. ўласнасць. З 1569 належала баярыну І.Кіркораву. З 1772 у Рас. імперыі, з 1773 цэнтр староства ў Аршанскай правінцыі Магілёўскай губ., уладанне Пацея. З 1784 мястэчка С.; 93 ж., 19 двароў. царква, вадзяны млын, 1 кірмаш на тыдзень. У 1856 уладанне М.Лістоўскай. У 1880 у мястэчку і сяле 730 ж., 133 двары. У 1886 мястэчка ў Чавускім пав. Магілёўскай губ., 445 ж., 65 двароў, царк.-прыходская школа (1887), царква, сінагога, вадзяны млын, 2 карчмы, 2 крамы; у 1891 пабудавана мураваная Пакроўская царква. У 1909 у сяле 814 ж., 113 двароў, у мястэчку 500 ж., 64 двары, уладанне Лістоўскіх; нар. вучылішча, паштовае аддзяленне. З 20.8.1924 цэнтр сельсавета ў Лупалаўскім р-не Магілёўскай акр., з 2.3.1931 у Чавускім р-не, з 1938 у Магілёўскай вобл. У 1939 да вёскі далучаны пас. Альхавецкі і Саснавецкі. У Вял. Айч. вайну С. спалены, у пасляваен. перыяд адбудаваны.
В.В.Віталёва.
т. 15, с. 297
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)