частка дна рачной даліны, якая заліваецца вадой у разводдзе або ў час паводкі. Фарміруецца ў выніку адкладання наносаў пры бакавых зрухах рэчышча.
У аснове П. залягае рэчышчавы алювій або карэнныя пароды, перакрытыя поймавым наілкам, які штогод намнажаецца ў разводдзе. Выш. П. над рэчышчам у межань — ад некалькіх дзесяткаў сантыметраў да некалькіх метраў, шырыня на вял. раўнінных рэках ад некалькіх да дзесяткаў кіламетраў. У далінах горных рэк П. трапляюцца толькі на асобных участках. П. падзяляюцца на прырэчышчавыя — найб. высокія, складзеныя з буйназярністага пяску; цэнтральныя — складзеныя з больш дробнага матэрыялу; прытэрасныя — паніжаныя, забалочаныя, высланыя ілістым матэрыялам. Адрозніваюць П. двухбаковыя і аднабаковыя. Паверхня П. часта падзелена невысокім уступам на нізкую, якая заліваецца вадой штогод, і высокую, якая затапляецца 1 раз у некалькі гадоў (у час высокіх паводак). Рэльеф П. ўскладняецца прырэчышчавымі валамі, поймавымі грывамі, старыцамі, старычнымі азёрамі, дзюнамі, астанцамі першай надпоймавай тэрасы. На П. фарміруюцца ўрадлівыя поймавыя глебы. Расліннасць пераважна лугавая, цэнтр. і прытэрасная П. звычайна ўкрыты хмызнякамі або поймавымі лясамі. Жывёльны свет П. багаты вадаплаўнымі і балотнымі птушкамі. Вясной на П. нерастуе рыба. Скарыстоўваюцца пад сенажаць і пашу, асушаныя ўчасткі — зрэдку пад ворыва.
На тэр. Беларусі, у вобласці распаўсюджвання ледавіковых адкладаў апошняга зледзянення (Бел. Паазер’е), дзе рачныя даліны вызначаюцца адноснай маладосцю, П. не распрацаваныя, вузкія (шыр. да 300—500 м, месцамі 2,5—3 км) або адсутнічаюць. У больш стараж. распрацаваных далінах (цэнтр. і паўд. раёны) шыр. П. ад 2—8 да 15 км, месцамі 20—30 км (р. Прыпяць пры ўпадзенні Піны і Ясельды). Выш. П. над межанным узроўнем у рачных далінах Палесся 0,5—3 м, у цэнтр. і паўн.ч. — ад 1,5—4 да 6 м. У разводдзе П. затапляецца на глыб. 0,3—0,8 м, найб. 1,5—2 м. Перыяд затаплення на сярэдніх і вял. рэках 1—3 месяцы, на малых — ад некалькіх сутак да месяца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫФЕ́Й (ад лац. Riphaei montes Рыфейскія горы — антычная назва Уральскіх гор),
рыфейскі комплекс, рыфейская эонатэма (эон), надрэгіянальнае падраздзяленне Агульнай стратыграфічнай шкалы дакембрыю краін СНД і адпаведны яму інтэрвал геал. часу ад 1650 ± 50 млн.г. да 650 ± 20 млн.г. таму назад. Вылучаны М.С.Шацкім у 1945. Падзяляюць Р. на ніжні (бурзяній), сярэдні (юрмаціній) і верхні (каратавій). Да пачатку рыфейскага эону ў выніку завяршальных тэктанічных рухаў і магматычных працэсаў карэльскай эпохі складкавасці ў канцы ранняга пратэразою закончыўся геасінклінальны этап развіцця тэр. Беларусі. У раннім Р. (1650—1350 млн.г.) яна, як і ўся Усх.-Еўрап. платформа, уяўляла сабой узнятую сушу, дзе пераважалі працэсы выветрывання і дэнудацыі. Толькі на адносна апушчаных участках намнажаліся вулканагенна-асадкавыя (бабруйская серыя) і асадкавыя (шаровіцкая серыя) тоўшчы. У сярэднім Р. (1350—1000 млн.г. назад) пачаў развівацца Валына-Аршанскі прагін паўн.-ўсх. распасцірання. Тут утварыўся мелкаводны марскі басейн, дзе намнажаліся пераважна чырванаколерныя пясчаныя і пясчана-алеўрытавыя адклады (пінская і аршанская світы беларускай серыі). На завяршальным этапе Р. на тэр. Беларусі часова існавалі невял. ізаляваныя або паўзамкнёныя басейны (лагуны) з пераменнай салёнасцю вады, дзе намнажаліся абломкавыя і абломкава-карбанатныя адклады лапіцкай світы. У цэлым адклады Р. займаюць больш як палову тэр. Беларусі і цягнуцца ў паўн.-ўсх. напрамку амаль суцэльнай паласой шыр. 200—300 км. Магутнасць іх павялічваецца з ПдЗ на ПнУ ад 480 м да 850 м, месцамі больш за 1400 м. Залягаюць на крышт. фундаменце, перакрываюцца вендскімі або больш маладымі (да антрапагенавых уключна) адкладамі. Паверхня іх на глыб. ад дзесяткаў метраў (Мікашэвіцка-Жыткавіцкі выступ) да 500—800 м (Аршанская ўпадзіна). З адкладамі Р. звязаны значныя запасы расолаў і мінер. вод, якія выкарыстоўваюцца ў бальнеалагічных мэтах (санаторыі ў Ждановічах, Рагачове, Лётцах); на Палескай седлавіне вял. запасы прэсных вод, прыдатных для гасп. водазабеспячэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САФРО́НАЎ Анатоль Уладзіміравіч (19.1.1911, Мінск — 10.10.1990),
рускі пісьменнік. Герой Сац. Працы (1981). Скончыў Растоўскі пед.ін-т (1937). У 1948—53 сакратар Саюза пісьменнікаў СССР. У 1953—86 гал. рэдактар час. «Огонек». Друкаваўся з 1929. У паэт. зб-ках «Сонечныя дні» (1934), «Марш пераможцаў» (1947), «Нішто не забываецца...» (1971), «Лірыка» (1982), паэмах «Вяселле» (1935), «Залаты бераг» (1945), «Паэма часу» (1970), «Бессмяротнасць» (1973) і інш. любоў да роднай зямлі, апяванне яе прыроды, тэма кахання. У п’есах «У адным горадзе» (паст. 1947, Дзярж. прэмія СССР 1947), «Маскоўскі характар» (1948, Дзярж. прэмія СССР 1949), «Мільён за ўсмешку» (1959), «Беражыце жывых сыноў» (1963), «Паўліна» (1965), «Зямное прыцягненне» (1978), «Катаракта» (1982) маральна-этычная праблематыка. Аўтар рамана ў вершах «У глыб часоў» (ч. 1—6, 1978—83), п’ес-памфлетаў «Гібель багоў» (1961), «Лабірынт» (1968), кн. нарысаў «Замежныя сустрэчы» (1952), «Дарогі» (1972), «На землях Азіі і Афрыкі» (1973), нарысаў і ўспамінаў «Час развітанняў і сустрэч» (1977), тэкстаў песень («Шумеў сурова бранскі лес», «Ад Волгі да Дона» і інш.), апавяданняў, публіцыст. артыкулаў, перакладаў і інш. П’есы С. ставіліся ў т-рах Беларусі: у Бел. т-ры імя Я.Купалы — «Маскоўскі характар» (1948), «Мільён за ўсмешку» (1960); у Дзярж.рус.драм. т-ры — «У адным горадзе» (1949), «Беражыце жывых сыноў» (1963); у Гродзенскім абл.драм. т-ры — «Маскоўскі характар» (1948), «Сэрца не даруе» (1955); у Брэсцкім абл.драм. т-ры — «Маскоўскі характар» (1949), «Інакш жыць нельга» (1952). Асобныя яго вершы на бел. мову пераклалі А.Звонак, П.Панчанка, У.Шахавец.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—5. М., 1971—72;
Океания: Избр. М., 1980;
Пока живешь и сердце бьется...: Стихи и поэмы. Мн., 1981;
На трех континентах: Путешествия. Встречи. Воспоминания. М., 1986.
Літ.:
Толченова Н.П. Веление времени: Очерк творчества А.Софронова. М., 1972;
Зубков Ю.А. На сквозном ветру: Драматургия А.Софронова. М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Плы́сці, плысць, плусць, плусці́, плаўсці́, плыць ’перамяшчацца па паверхні вады’, ’плыць на караблі, лодцы’, ’цячы’, ’плаўна рухацца, ісці’, ’высыпацца (аб жыце)’ (ТСБМ; Нас.; Гарэц.; Яруш.; Шат.; Сл. ПЗБ; ТС; Растарг.; маг., арш., Шн.), плысць ’ісці, тонучы (у снезе, гразі)’ (Юрч. СНЛ); у выразе гаршчок плыве́ць ’ён кіпіць, і з яго выцякае тое, што варыцца’ (Нас.; Нік., Оч.). Укр.плисти́, рус.плыть, плысть, плысти́ ’плыць’, ст.-польск.pluć, польск.płynąć ’цячы’, ’плысці’, pływać, чэш.plouti, ст.-чэш.plúti, славац.pluť, славен.plúti, серб.-харв.плу̏ти, пли̏ти, ст.-слав.плоути і плыти. Прасл.*pluti, роднаснае літ.pláuti ’паласкаць, мыць’, лат.plevinât ’узмахваць’, ст.-інд.plávatē ’плыве’, právate ’скача’, ’спяшаецца’, авест.fra‑fravaⁱte ’хістаецца, спатыкаецца’, ст.-грэч.πλέω ’плыву на судне’, πλΰνω ’мыю’, лац.pluit ’ідзе дождж’ (Міклашыч, 252; Траўтман, 224; Фасмер, 3, 288–289; Бязлай, 3, 63; Банькоўскі, 2, 632–633). Формы плаўсці́ ’плысці’ (глыб., Сл. ПЗБ) і плыўсці́ ’выплываць (пра жыта)’ (паст., LKK, 30) адлюстроўваюць балтыйскую фанетыку і, магчыма, семантыку (Грынавяцкене, тамсама), а ўстойлівае словазлучэнне жы́та плыве́ць калькуе, паводле Грынавяцкене і інш. (SOr, 39, 317), літ. (rugiaĩ) pláukia.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Пусты́ня ’бязлюдная і бязлесная прастора’ (ТСБМ, Варл.), ’пусташ, няўдобіца, неўрадлівае поле’ (ЛА, 2; ПСл; бялын., Мат. Маг.; Ян., Жд. 1), ’некранутая мясціна’ (ТС), ’няўгноенае поле; пустыр’ (Сл. ПЗБ), ’хата, у якой не жывуць’ (ПСл); ’пусты, несур’ёзны, распушчаны чалавек’ (пін., Нар. лекс.; Жд. 1), ’негаспадарлівы чалавек, пустадомак’ (ПСл, Нас., ТС), ’лгун, балбатун, жартаўнік’ (Варл.; паст., глыб., Сл. ПЗБ), ’воўк, звер’ (Бяльк.), ’пушча’: Царскія палацы оставил еси / Густую пустыню возлюбил еси (рэч., Груз.), пусты́нь ’неўрадлівая глеба’ (бярэз., Сл. ПЗБ); параўн. укр.пусти́ня ’бязлюдная мясціна; глупства’, рус.пусты́ня ’бязлюдная мясціна’, польск.pustynia ’бязлюдная мясціна, пустка’, чэш.pustina ’пусташ’, в.-луж., н.-луж.pusćina ’бязлюдная мясціна’, славен.pustínja ’пустое, бязлюднае месца’, серб.-харв.пу́стиња ’тс’, балг.пусти́ня ’вялікая прастора з беднай расліннасцю; пракляцце’, макед.пустина, пустиња ’тс’, ст.-слав.поустыни ’бязлюддзе’. Прасл.*pustynji ад прыметніка *pustъ, гл. пусты ’дзікі, бязлюдны’; паводле Жуйковай (Беларусіка, 19, 103), архаічным было і ацэначнае значэнне ’паганы’, адлюстраванае, напрыклад, у пусты́ня ’воўк’ і балг.дыял.пусти́ня ў адносінах да жывёлы: “Зашто биеш кравата?”. А она ре́кла: “Зашто да е не бием таӑ пустин’а” (Сб.НУ, 38, 56).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Пірог1, піру͡ох, пырі́г ’булка з начынкай’ (ТСБМ, Нас., Сцяшк. Сл., Гарэц., Бес., Чуд., Яруш., Федар. 6, ТС; мазыр., Шн. 3; полац., Нар. сл.), ’паска’ (Маш.), ’тоўсты блін, праснак’ (полац., Нар. сл.; пруж., Сл. Брэс.; віц., ЛА, 4), ’пшанічны белы хлеб, бохан хлеба, булка, куліч’ (Шат.; Варл.; полац., Нар. сл.; гродз., глыб., докш., вільн., шальч., драг., Сл. ПЗБ; віц., ЛА, 4), пірагом ’згарнуць зерне ў кучу’ (рагач., Сл. ПЗБ). Сюды ж, відаць, пірагі́ ’вялікія запоіны — другі этап вяселля, у час якога дамаўляюцца пра пасаг, тэрмін вяселля, колькасць сватоў’ (віл., З нар. сл.), піро́гі ’частаванне праз тыдзень пасля вяселля’ (беласт., Сл. ПЗБ, Скарбы). Укр.пиріг, рус.пирог, польск.pirog, pierog, чэш., славац.piroh. Найбольш імаверным можна дапусціць паходжанне слова з прасл.*pirъ ’бяседа, банкет’ і суф. ‑ogъ (як у тварог, *batogъ, *brьlogъ) (Вондрак, Vergl. Gr., 1, 629; гл. яшчэ Фасмер, 3, 265). Сюды ж пірожнік ’маршалак у вясельнай дружыне’ (Варл.).
Пірог2 ’скручаная ці сплеценая пасма апрацаванага ільновалакна’ (вільн., гродз., Сл. ПЗБ). Названа паводле падабенства формы. Да пірог1 (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Страка́ ‘пятля (вушка) у лапцях’ (глыб., паст., Сл. ПЗБ, Мат. Гом.), стро́кі ‘вушкі ў лапцях’ (Жд. 3, Мат. Маг.; барыс., Шатал.), “доўгія вяроўчатыя валокі, якія працягваюцца праз сярэднія вушкі і ўтвараюць па абодвух бакох пяткі пастолу вялікія петлі — строкі” (Серб. Вічын), сюды ж стро́чанікі ‘лапці (лепшага вырабу)’ (Мат. Гом.), стро́чка ‘стужка’ (Ян.). Параўн. укр.строка́ ‘рант у пасталах’, строчаки́ ‘шнуркі для прывязвання лапцей’, стрічка ‘стужка, тасёмка’, дыял.стри́чка ‘пятля для лоўлі птушак’, рус.строка́ ‘радок лыка пры пляценні лапцей’, польск.дыял.stroka, strzoka ‘паласа’, ст.-польск.stroka ‘пояс, паласа, кропка’, в.-луж.tšoka ‘шрам, след ад апёка’. Бязлай (3, 332) адносіць сюды ж славен.stróka ‘слой, нізка’ і серб.-харв.стро̏ка ‘кароста ў авечак’, štroka ‘нейкая хвароба ў свіней’. Літ.strakà ‘слой, нізка’ запазычана з славянскай. Слова роднаснае строк ‘авадзень’ (гл.), яго першаснае значэнне меркавалася як ‘укол; кропка’ (Міклашыч, 325; Траўтман, 284; Фасмер, 3, 780; Шустар-Шэўц, 1548), параўн. строк3 (гл.). Паводле ЕСУМ (5, 444, 447–448), частка ўкраінскіх слоў лічыцца запазычанай з польскай і далей з ням.Strick ‘вяроўка, завязка’, што не выключае кантамінацыі.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
АКІЯ́Н, Сусветны акіян (ад грэч. Ōkeanos вялікая рака, якая абцякае Зямлю),
неперарыўная водная абалонка Зямлі, якая акружае мацерыкі і астравы, мае агульны салявы састаў. Пл. 361,06 млн.км². Акіян займае каля 70,8% зямной паверхні (60,7% Паўн., 80,9% Паўд. паўшар’яў). Сярэдняя глыб. 3795 м, макс. 11 022 м (Марыянскі жолаб у Ціхім ак.). Складае 94% гідрасферы. Змяшчае 1370 млн.км³ вады (гл.табл.), што складае 0,1% ад аб’ёму зямнога шара. Паводле фізіка-геагр. уласцівасцяў акваторыя акіяна падзяляецца на Ціхі акіян, Атлантычны акіян, Індыйскі акіян, Паўночны Ледавіты акіян. Умоўна вылучаецца Паўднёвы акіян вакол Антарктыды. Вывучае акіян акіяналогія.
Рэльеф і геалагічная будова дна. У рэльефе дна вылучаюцца 4 планетарныя морфаструктуры. Падводная ўскраіна мацерыкоў — затопленая частка мацерыковых платформаў з адносна спакойным тэктанічным рэжымам. Характарызуецца кантынентальным тыпам зямной кары магутнасцю да 35 км. Займае глыбіні да 1400—3200 м. Падзяляецца на шэльф, мацерыковы схіл і мацерыковае падножжа. На большай частцы перыферыі Ціхага ак., на ПнУ Індыйскага, а таксама ў морах Карыбскім, Міжземным і Скоша (Скотыя) паміж мацерыковым падножжам і ложам акіяна выяўлена пераходная зона з геасінклінальным тыпам зямной кары (гл.Геасінкліналь), дзе адбываюцца сцісканне зямной кары, інтэнсіўныя вертыкальныя рухі, сейсмічнасць і вулканізм, якія па-рознаму праяўляюцца ў межах зоны. Да яе прымеркаваны глыбакаводныя жалабы. Адзін з гал. элементаў рэльефу і тэктанічных структур дна — ложа акіяна. Займае самыя глыбокія, акрамя глыбакаводных жалабоў, часткі (4000—7000 м). Яму ўласцівы тонкая (да 8 км) акіянская кара, асаблівы тып вулканізму і разломнай тэктонікі, слабая сейсмічнасць, запаволеныя адмоўныя рухі. Рэльеф дна ўтвораны чаргаваннем вял. катлавін і падняццяў. Над ложам акіяна на выш. 4—5 км, зрэдку да 10 км узнімаюцца сярэдзінна-акіянскія хрыбты. Яны распасціраюцца праз усе акіяны, маюць рыфтагенальны тып зямной кары, характарызуюцца лінейнымі магнітнымі анамаліямі, высокай сейсмічнасцю і вулканізмам. У рэльефе спалучаюцца рыфтавыя даліны і хрыбты, папярочныя разломы, вулканічныя масівы, плато, гаёты.
Паходжанне акіяна. Мяркуюць, што воды акіяна маглі ўтварыцца пры дэферэнцыяцыі мантыі Зямлі. Паводле тэорыі тэктонікі пліт, акіяны ўзніклі пры распадзе стараж. мацерыкоў, калі часткі мацерыкоў рассоўваліся ў процілеглыя бакі. Лічыцца, што Атлантычны ак. утварыўся каля 160—180 млн. гадоў назад (юрскі перыяд), Ціхі і Індыйскі ак. ўзніклі раней.
Донныя адклады. Магутнасць акіянскіх адкладаў вагаецца ад 2000—3000 м у прымацерыковых зонах да дзесяткаў метраў на сярэдзіннаакіянскіх хрыбтах. Адзначаны 3 зоны макс. магутнасці адкладаў: каля экватара, на Пн ад 40°паўн. ш. і на Пд ад 40°паўд. ш. Узрост асадкавай тоўшчы мяняецца ад восевай часткі сярэдзіннаакіянскіх хрыбтоў (пліяцэн-плейстацэн) да краявых частак акіяна, дзе яны больш старажытныя. Сярод донных адкладаў вылучаюць тэрыгенныя, якія ўтвараюцца ў выніку размывання сушы, біягенныя (карбанатныя і крамяністыя), вулканагенныя, палігенныя (змешанага паходжання) і аўтыгенныя (аалітавыя і жалеза-марганцавыя канкрэцыі). Найб. плошчы дна акіяна займаюць карбанатныя глеі (каля 150 млн.км²) і глыбакаводная чырвоная гліна (больш за 110 млн.км², гл.Марскія адклады).
Хімізм і салёнасць вады. У акіянскай вадзе растворана каля 80 хім. элементаў, сярэдняя канцэнтрацыя іх каля 35 г/л. Усяго ў акіяне растворана 5∙1022г соляў. Салёнасць вады выражаецца ў праміле, абазначаецца ‰ (1‰ адпавядае 1 г/1 кг). Сярэдняя салёнасць вады на паверхні 34,7‰, У адкрытым акіяне — ад 31,4‰ у Паўн. Ледавітым ак. да 37,25‰ у трапічных водах Атлантычнага ак., каля берагоў Антарктыды 33,93‰, на экватары 32—34‰. У Паўн. паўшар’і салёнасць акіяна ніжэйшая, чым у Паўднёвым. Пераважаюць солі хларыдаў, натрыю і магнію (88,7‰) і сульфатаў магнію, кальцыю і калію (10,9‰; гл. таксама Марская вада). У вадзе раствораны таксама кісларод (паступае з атмасферы і ўтвараецца зялёнымі водарасцямі), вуглякіслы газ і інш., ад якіх залежыць жыццё арганізмаў у акіяне. У халоднай вадзе растворанага кіслароду больш (у палярных шыротах у прыпаверхневых водах да 10 мл/л, у цёплых трапічных шыротах 4 мл/л). На глыб. 1000 м і глыбей растворанага ў вадзе кіслароду 2—3 мл/л. У маларухомых частках акіяна на глыбіні намнажаецца серавадарод ад перагнівання арган. рэшткаў.
Тэмпературны рэжым. Гал. крыніцай цяпла, што вызначае т-ру вады акіяна, з’яўляецца сонечная радыяцыя, 3—45% якой у залежнасці ад вышыні Сонца над гарызонтам і ад хвалявання адбіваецца ў сусветную прастору (гл.Альбеда). Больш за 99% сонечнай радыяцыі, якая ўвайшла ў ваду акіяна, паглынаецца ў яе верхніх слаях. Акіян з’яўляецца акумулятарам цяпла і моцна ўплывае на клімат Зямлі. Сярэднегадавая т-ра вады на паверхні акіяна 17,5 °C (у Паўн. паўшар’і яна вышэй, чым у Паўд.). Самы цёплы Акіян — Ціхі (19,4 °C), самы халодны — Паўн. Ледавіты (-0,8 °C). Тэрмічны экватар у акіяне ссунуты на Пн ад геаграфічнага (сярэдняя т-ра вады складае 26—28 °C), у палярных шыротах яна блізкая да нуля або адмоўная (-1,5, -1,9 °C). З глыбінёй т-ра зніжаецца, на глыб. 1000 м яна ніжэй за 5 °C, у прыдоннай зоне складае 1,4—1,8 °C, у палярных абласцях ніжэй за 0 °C (-0,5, -1,5 °C).
Цыркуляцыя вады. У акіяне існуе адзіная сістэма ўстойлівых цячэнняў (гл.Марскія цячэнні), якая забяспечвае перанос і ўзаемадзеянне водаў. Асн. паверхневыя цячэнні ўзнікаюць пад уплывам пастаянных вятроў. Цячэнні захопліваюць масы вады да глыб. 150—200 м і ўтвараюць антыцыкланальныя кругавароты ў трапічных і субтрапічных шыротах (пасатныя цячэнні) і цыкланальныя ва ўмераных і палярных шыротах. Паверхневыя цячэнні, накіраваныя ад экватара да полюсаў, цёплыя, у адваротным напрамку — халодныя. Прынос да берагоў мацерыкоў цёплай вады цячэннямі і награванне паветр. масаў над імі моцна ўплываюць на клімат прыбярэжных і далёкіх ад акіяна краін (зімовыя адлігі на Беларусі тлумачацца прытокам цёплага паветра з Атлантычнага ак.). Каля ўзбярэжжаў мацерыкоў назіраецца выхад на паверхню глыбінных водаў акіяна (гл.Апвелінг), якія багатыя пажыўнымі рэчывамі і спрыяюць развіццю разнастайных арганізмаў. Падняцце водаў на паверхню ў адкрытым акіяне адбываецца ў месцах разыходжання цячэнняў (у зонах дывергенцыі) і ў цыкланальных кругаваротах. Апусканне водаў звязана з канвергентнымі зонамі, дзе сутыкаюцца цячэнні, і з антыцыкланальнымі кругаваротамі. Глыбінныя цячэнні ўзнікаюць ад рознай шчыльнасці вады. У прыдоннай зоне існуюць арктычныя і асабліва развітыя антарктычныя цячэнні, якія дасягаюць 30—40°паўн. ш.
Хвалі ў акіяне выклікаюцца вятрамі, хуткай зменай атм. ціску (гл.Сейшы), моратрасеннямі (гл.Цунамі). Прылівы (і адлівы) абумоўлены прыцяжэннем Месяца і Сонца (прыцяжэнне Месяца ўдвая большае за сонечнае). У адкрытым акіяне вышыня прыліваў каля 1—2 м, у залівах да 18 м (Фанды на Атлантычным узбярэжжы Канады).
Арганічны свет. Жывыя арганізмы насяляюць акіян ад паверхні да найбольшых глыбіняў. Паводле месцаў існавання адрозніваюць планктон (пасіўнаплаўныя), нектон (актыўнаплаўныя) і бентас (донныя арганізмы). Па экалагічных умовах вылучаюцца супольніцтвы літаралі і пелагіялі. У акіяне існуе каля 160 тыс. відаў жывёл: 80 тыс. малюскаў, больш за 20 тыс. ракападобных, 16 тыс. рыб, каля 15 тыс. прасцейшых і інш. З млекакормячых ёсць ластаногія і кітападобныя (самая буйная жывёла на Зямлі — сіні кіт). У акіяне і на яго ўзбярэжжах жывуць шматлікія віды птушак. З 15 тыс. відаў раслін найбольш аднаклетачных водарасцяў (да 80% фітамасы акіяна).
Прыродныя рэсурсы. Рэсурсы акіяна падзяляюцца на біялагічныя (харчовыя), сыравінныя (мінеральныя, хімічныя, водныя), энергетычныя і рэкрэацыйныя. Штогод у акіяне здабываюць каля 75—80 млн.т морапрадуктаў (84,5% складае рыба, 11,4% беспазваночныя, 4,1% водная расліннасць). Здабываюць (% ад сусветнай здабычы) нафты каля 30, газу 20, брому 90, ільменіту 80, магнію 60, цыркону і рутылу 50, касітэрытаў 40, шмат жал. руды, золата, плаціны, алмазаў і інш. Мае значную колькасць энергіі розных відаў: прыліваў (ацэньваецца ў 1 млрд.кВт), цячэнняў, хваляў, розніцы т-ры і салёнасці і інш., агульная магутнасць якой прыкладна 200 млрд.т умоўнага паліва, што ў 20 разоў перавышае гадавую патрэбу ў свеце. Пабудаваны прыліўныя (у Францыі, Расіі, Кітаі і інш.) і гідратэрмальная (у Кот-д’Івуары) электрастанцыі. Вял.гасп. значэнне мае марскі транспарт.
Ахова прыроднага асяроддзя. Рэгламентацыя дзейнасці чалавека ў акіяне прадугледжана шэрагам міжнар. пагадненняў і заканадаўствам асобных дзяржаў. Міжнар. права ўсталёўвае рэжым работы па некалькіх кірунках: рэжым акваторый; гандлёвае суднаходства; ваеннае мараплаванне; навук. даследаванні; дно і нетры; ахова асяроддзя (захаванне марскога асяроддзя і экалагічнай раўнавагі пры выкарыстанні рэсурсаў акіяна, прадухіленне забруджвання, асабліва радыенукліднага, падтрыманне біял., хім. і фіз. суадносін, недапушчальнасць прычынення шкоды фауне, флоры, дну, атмасферы і касм. прасторы над акіянам).
Літ.:
Леонтьев О.К. Физическая география Мирового океана. М., 1982;
1. Перамясціцца бягом з аднаго месца ў другое, куды‑н. Перабегчы ў кусты. □ Мы перачакалі ў канаве, перабеглі далей, да лесу, і там трохі аддыхаліся.Лось.Ад гумна да хлява мігнуўся, перабег, прыгнуўшыся, нехта чужы.Брыль.//перан.Разм. Перавесціся, паступіць на другое месца працы, вучобы і пад. — Можа, на другі завод перабег? — разважна спытаў Піліп. — Наўрад, — усумніўся Васіль. — Хутчэй за ўсё махнуў дадому.Кулакоўскі.
2.што і праз(цераз)што. Прабегчы цераз што‑н., на процілеглы бок чаго‑н. Салдат перабег дарогу, скочыў праз канаву і, спатыкаючыся, накульгваючы, бег уздоўж руч[ая] ў глыб лесу.Лынькоў.[Сабака і Ліпка] перабеглі шашу, апынуліся на вузкай, абсаджанай дрэўцамі дарозе.Брыль.А калі пачало змяркацца, [Кірык] крадучыся абышоў па канаве сад, перабег цераз агарод і вярнуўся дадому.Ляўданскі.
3.перан. Перайсці на бок праціўніка; перайсці ў стан іншага лагера, групоўкі і пад. Баннік вырашыў так, што паліцыя — не так ужо і страшна: ён возьме зброю ў рукі і адразу перабяжыць да партызан.Федасеенка.
4.што і без дап. Забегчы далей, чым патрэбна. Перабегчы лішняе.
5.перан. Пралегчы, працягнуцца (пра дарогу, выцягнутую паласой прастору). Дарога па ўскрайку сяла Праз Плёсы мае перабегла І ў сэрцы тваім пралягла.Аўрамчык.
•••
Перабегчы дарогукаму — тое, што і перайсці дарогу каму (гл. перайсці).
(Чорная) кошка перабеглапаміжкімгл. кошка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ЦІ́ХІ АКІЯ́Н, Вялікі акіян,
найбуйнейшы басейн Сусв. акіяна. Абмежаваны мацерыкамі Еўразія і Аўстралія на 3, Паўн. і Паўд. Амерыка на У, Антарктыда на Пд. Пл. з морамі 178,62 млн.км², аб’ём вады 710,36 млн.км³ (53% аб’ёму вады Сусв. акіяна). Сярэдняя глыб. 3980 м, найб. — 10 920 (Марыянскі жолаб).
Берагавая лінія складаная, пераважаюць фіёрдавы і абразійны тыпы берагоў. У трапічных шыротах на З берагі ў асн. каралавыя, месцамі з бар’ернымі рыфамі. Берагі Антарктыды ўтвораны пераважна шэльфавымі ледавікамі. Да бас. Ц.а. належаць моры: паўзамкнёныя — Берынгава, Ахоцкае, Японскае і Унутр. Японскае, Усх.-Кітайскае, Жоўтае і Паўд.-Кітайскае, а таксама міжастраўныя, аб’яднаныя назвай Аўстрала-Азіяцкае міжземнае мора; ускраінныя — Каралавае і Тасманава, каля берагоў Антарктыцы — Амундсена, Белінсгаўзена і Роса; буйныя зал. Аляска, Каліфарнійскі, Панамскі (гл. адпаведныя артыкулы).
Астравы. Паводле колькасці астравоў (каля 10 тыс., пл. каля 3,6 млн.км²) Ц.а. займае 1-е месца сярод акіянаў. Мацерыковыя астравы размешчаны пераважна на зах. ускраіне Ц.а. — Сахалін, Японскія, Тайвань, усе буйныя а-вы Малайскага архіпелага, а-вы Новай Зеландыі і інш.; на ўсх. — большасць астравоў каля Паўн. і Паўд. Амерыкі. Вулканічныя астравы трапляюцца на ўсёй акваторыі акіяна — б.ч. Алеуцкіх, Курыльскіх, Рукю, Гавайскіх, Самоа, Маркізскіх, Тубуаі, Галапагас, Хуан-Фернандэс, Чатэм і інш. Біягенныя (каралавыя) астравы размешчаны пераважна ў экватарыяльна-трапічных шыротах — Маршалавы, Гілберта, Тувалу, Такелау, Кука, Лайн, Фенікс, Туамоту і інш.; узнятыя рыфы — Мінаміторы (Маркус), Уэйк, Науру, Хаўленд і інш.; атолы — Тонграва, Джонстан, Капінгамарангі і інш.
Будова дна. Вылучаюцца: падводныя ўскраіны мацерыкоў (10,2%; пашыраны ва ўскраінных морах Заходняга сектара, вобласці Малайскага архіпелага, каля паўн. і ўсх. ўзбярэжжаў Аўстраліі), мацерыковы схіл (3%), вобласці пераходных зон (13,3%), ложа акіяна (65,5%), сярэдзінныя акіянічныя хрыбты (11% ад пл. акіяна). Рэльеф дна Ц.а. характарызуецца найб. (параўнальна з інш. акіянамі) расчлянёнасцю і слабым развіццём шэльфа (1,7% ад пл. акіяна). На ПнЗ, З і ПнУ шэльф уяўляе сабой абразійна-акумулятыўную раўніну, ускладненую рачнымі далінамі і рэліктавымі формамі ледавіковага рэльефу. На Зшыр. шэльфа да 800 км, глыб. вонкавага краю 150—500 м. Мацерыковы схіл вузкі і стромы (10—30°). Каля берагоў Аўстраліі мноства каралавых пабудоў, на вонкавым краі акаймаваны Вялікім бар’ерным рыфам. На У шэльф вузкі (некалькі дзесяткаў кіламетраў), абмежаваны ўступам на глыб. 1000—1500 м (Каліфарнійскі бардэрленд). Мацерыковы схіл круты, парэзаны шматлікімі каньёнамі, конусы вынасу якіх утвараюць нахіленую раўніну мацерыковага падножжа. Вылучаецца глыба кары кантынент. тыпу палеазойскага ўзросту — Кэмпбел (Новазеландскае плато). Мацерыковая ўскраіна Антарктыды вызначаецца пашырэннем ледавіковых і айсбергавых адкладаў. Мацерыковы схіл (глыб. 500 м) шырокі, парэзаны каньёнамі. Па паўн. і зах. перыферыі Ц.а. ў пераходнай зоне ад п-ва Аляска да а-воў Новая Зеландыя цягнецца сістэма катлавін ускраінных мораў (глыб. 3000—7000 м), астраўных дуг і спалучаных з імі акіянічных жалабоў (якім адпавядаюць макс. глыбіні Ц.а.) — Алеуцкі (7855 м), Курыла-Камчацкі (9783 м), Ідзу-Огасавара (Ідзу-Банінскі; 9810 м), Марыянскі (10 920 м), Філіпінскі (10 265 м) і інш. (гл. адпаведныя артыкулы).
Сістэма сярэдзінна-акіянічных хрыбтоў — адзіная структура, даўж. больш за 7000 км. Падзяляецца на Паўднёва-Ціхаакіянскае падняцце (хрыбет), шыр. 750 км і Усходне-Ціхаакіянскае падняцце, шыр. да 2000 км. Характарызуецца скляпеннепадобнай будовай, значнай шырынёй, вял. колькасцю трансформных разломаў, зямной карой рыфтагеннага тыпу. Сярэдзінна-акіянічныя хрыбты тэктанічна актыўныя. Скорасць рассоўвання хрыбтоў у асн. перавышае 5 см за год, зрэдку 16—18 см. На адлегласці каля 2 км ад гал. хрыбта дно разбіта сістэмай скідаў і грабенаў. На аддаленні 10—12 км тэктанічная актыўнасць амаль адсутнічае.
Ложа акіяна сістэмай падняццяў падзелена на шэраг катлавін: Паўн.-Заходнюю (6965 м), Паўн.-Усходнюю (6850 м), Філіпінскую (7759 м), Зах.-Марыянскую (7534 м), Усх.-Марыянскую (6150 м), Зах.-Каралінскую (5798 м), Усх.-Каралінскую (7208 м), Белінсгаўзена (5120 м), Паўднёвую (6600 м), Чылійскую (5021 м) і інш. Падняцці полігенетычныя: акіянічныя валы, глыбавыя горы, вулканічныя хрыбты, ускраінныя валы і хрыбты, асобныя горы (гаіёты) і інш. Для асобных катлавін характэрны шыротныя разломы (даўж. 4000—5000 м). Ц.а. — найб.стараж. з акіянаў, развіваецца з пратэразою, у мезазоі быў суперакіянам, пасля чаго ў выніку дрэйфу літасферных пліт пастаянна скарачаецца. Катлавінам і падняццем ложа Ц.а. адпавядае кара акіянічнага тыпу, дзе «базальтавы» слой сярэдняй магутнасцю да 7000 м; асадкавы слой складзены з ніжняга, больш шчыльнага асадкавага або вулканагеннага слоя (магутнасць ад соцень да тысяч метраў, у некат. раёнах адсутнічае) і верхняга, больш рыхлага (1000—2000 м).
Донныя адклады тэрыгеннага паходжання (абломкавыя і гліністыя) займаюць 10% плошчы Ц.а., пераважна на падводнай ускраіне мацерыкоў; тэрыгенна-айсбергавыя ўтвараюць паласу шыр. да 1000 м каля берагоў Антарктыды. У пелагіялі акіяна на Пд ад экватара да 60°паўд. ш. пашыраны карбанатныя фарамініферавыя адклады (каля 38% пл. акіяна). Птэраподавыя адклады ў Каралавым м. У экватарыяльна-трапічным поясе на шэльфе і мацерыковым схіле — каралавыя ўтварэнні (1% плошчы). Вылучаюцца 3 паясы біягенных (крамяністых) асадкаў (10% плошчы): паўн. і паўд. (субантарктычны) дыятомавых ілоў і экватарыяльны радыялярыевых ілоў. Ракушачныя намнажэнні пашыраны на ўсіх шэльфах, акрамя антарктычнага. У раёнах сучаснага і антрапагенавага вулканізму сярод асадкавых адкладаў значная прымесь вулканагенных. На глыбінях больш за 4500—5000 м у малапрадукцыйных зонах вял.пл. дна (35%) укрыты чырв. глыбакаводнымі глінамі. Асадкі сярэдзінна-акіянічных хрыбтоў і іх схілаў абагачаны аксідамі і гідраксідамі жалеза і марганцу, што выносяцца ў прыдонныя воды высокатэмпературнымі руданоснымі растворамі.
Карысныя выкапні: нафта і газ на шэльфе (ЗША, Перу, Расія, Кітай, Эквадор, Інданезія); вял. палі жалеза-марганцавых канкрэцый (пл. 16 млн.км²) у адкрытым акіяне, на схілах вулканічных астравоў і падводных гарах; россыпныя радовішчы касітэрыту (Інданезія), рутылу, торыю, цыркону (Аўстралія, Інданезія), золата і плаціны (узбярэжжа Аляскі, Каліфорніі, Чылі), тытана-магнетытавай руды (Японія, Інданезія, Расія, ЗША); радовішчы фасфарытаў (на шэльфах Каліфорніі і а-воў Новая Зеландыя); каменны вугаль на шэльфе Японіі, Аўстраліі, Новай Зеландыі і Паўд. Амерыкі. У межах сярэдзінна-акіянічных рыфтаў буйныя радовішчы сульфідных руд (цынк, медзь, свінец, рэдкія металы). На многіх мелкаводных участках шэльфа эксплуатуюцца радовішчы неметал. карысных выкапняў.
Клімат. Большая частка Ц.а. размешчана ў субэкватарыяльным, трапічным, субтрапічным і ўмераным кліматычных паясах, меншая ў экватарыяльным і субарктычным. У паўн.-зах. частцы акіяна мусонная цыркуляцыя атмасферы. Ва ўмераных шыротах зах. вятры, у трапічных і субтрапічных на Пн і Пд адпаведна паўн.-ўсх. і паўд.-ўсх. пасаты. На З трапічнай зоны з чэрв. па ліст. тайфуны (27—50 за год). Цыркуляцыя атмасферы над Ц.а. вызначаецца 4 асн. абласцямі атм. ціску: Алеуцкім мінімумам, Паўн.-Ціхаакіянскім, Паўд.-Ціхаакіянскім і Антарктычным максімумамі.
Гідралагічны рэжым. Паверхневыя цячэнні абумоўлены атм. цыркуляцыяй. На Пн ад 40°паўн. ш. субпалярны цыкланічны кругаварот, што складаецца з Аляскінскага, Алеуцкага, Камчацкага, Курыльскага і Паўн.-Ціхаакіянскага цячэнняў. На Пд ад гэтай сістэмы — субтрапічны антыцыкланальны кругаварот, утвораны Паўн. Пасатным, Курасіо, Паўн.Ціхаакіянскім і Каліфарнійскім цячэннямі. У нізкіх шыротах Паўн. Пасатнае, Міжпасатнае (Экватарыяльнае) супрацьцячэнне і Паўд. Пасатнае ўтвараюць 2 вузкія трапічныя цыкланальныя кругавароты. У Паўд. паўшар’і таксама назіраецца субтрапічны антыцыкланальны кругаварот, што складаецца з Паўд. Пасатнага, Усх.-Аўстралійскага, Зах. Вятроў і Перуанскага цячэння. Цячэнне Зах. Вятроў сумесна з Антарктычным цячэннем усх. кірунку ўтварае паўд. субпалярны цыкланічны кругаварот. У паверхневых водах з 3 на У супрацьцячэнне Кромвела звязана з буйнамаштабным глыбінным пераносам вады. У паўд.-зах. частцы акіяна існуе цёплае цячэнне Эль-Ніньё, якое перыядычна мяняе свой напрамак і т-ру; назва мяняецца на Ла-Нінья. У Ц.а. самыя высокія (да 34 м) ветравыя хвалі. Сярэднегадавая т-ра вады на паверхні 19,1 °C. Найб. салёнасць 35,5‰ і 36,5‰ адзначана адпаведна ў паўн. і паўд. субтрапічных шыротах. Каля экватара памяншаецца да 34,5%. і менш, у паўн. умераных шыротах зніжаецца да 30—31%., у паўд. высокіх шыротах — да 33,5‰. Шчыльн. вады на паверхні раўнамерна павялічваецца ад экватара (1021 кг/м³) да высокіх шырот (1027 кг/м³).
Прылівы ў адкрытай ч. акіяна на Пн і ПдУ няправільныя паўсутачныя (да 12 м у зал. Кука; 2,6 м каля берагоў Чылі). У паўд.ч. акіяна — правільныя паўсутачныя (7,2 м каля берагоў Аўстраліі), у экватарыяльнай вобласці — сутачныя і няправільныя сутачныя (2,5 м каля Новай Гвінеі, 1 м каля Саламонавых а-воў). Макс. прыліў 13,2 м (Пенжынская губа Ахоцкага м.). Лёдаўтварэнне адбываецца ў паўн.-зах. морах (Берынгава, Ахоцкае, Японскае, Жоўтае), на Пн зал. Аляска і каля берагоў Антарктыды. Зімой і вясной лёд выносіцца Курыльскім цячэннем у паўн.-зах. частку Ц.а. Ад берагоў Антарктыды льды і айсбергі выносяцца ў лют. да 61—64°паўд. ш., у жн. да 70°паўд. ш., у канцы лета да 40—48°паўд. ш. У выніку землетрасенняў або падводных вывяржэнняў вулканаў узнікаюць цунамі (ПнУ акіяна).
Флора і фауна багатая і разнастайная. Фауна Ц.а. ўключае каля 100 тыс. відаў, фітапланктон каля 380 відаў. У зоне шэльфа прадстаўлены бурыя, фукусавыя, ламінарыевыя водарасці, малюскі, чэрві, ракападобныя, ігласкурыя і інш. арганізмы. У мелкаводнай трапічнай зоне шмат каралаў (400 відаў), утвараюць каралавыя рыфы. Фауна рыб уключае не менш як 2000 відаў у трапічных шыротах і да 800 відаў ва ўмераных. У паўн. умераных і паўд. высокіх шыротах шматлікія млекакормячыя: кашалот, некалькі відаў кітоў-паласацікаў, марскія коцікі, лахтак, морж і сівуч (на Пн), а таксама крабы, крэветкі, вустрыцы, галаваногія малюскі і інш. Шмат экдэмікаў.
Гаспадарчае выкарыстанне. На Ц.а. прыпадае 50% сусв. здабычы рыбы (мінтай, селядзец, ціхаакіянскія ласосі, трасковыя, марскія акуні, тунцы, скумбрыя, сайра і інш.) і інш. морапрадуктаў. У паўн.-зах. частцы Ц.а. сканцэнтраваны гал. запасы ласосевых ласасёвых* рыб. Сярод нярыбных аб’ектаў пераважаюць кальмары, крэветкі, мідыі, марскія грабеньчыкі і інш. Ц.а. дае каля 90% сусв. здабычы водарасцей. Прадукцыя марыкультуры Ц.а. дасягае 74 яе сусв. велічыні.
У многіх рэгіёнах Ц.а. вядзецца здабыча карысных выкапняў (пераважна ў межах шэльфа). Эксплуатуецца 70% разведаных (больш за 120) радовішчаў нафты і газу. Гал. раёны нафтагазаздабычы: паўд.ч. Каліфарнійскага шэльфа, зал. Кука (Аляска), зал. Гуаякіль (Эквадор), шэльф Японіі, зал. Бохайвань (КНР), прал. Баса, Малайскі архіпелаг, Паўн.в-аў Новай Зеландыі, Бруней, Тайланд, Малайзія, Інданезія, Перу. Здабыча каменнага вугалю вядзецца каля берагоў Японіі.
Ц.а. займае 2-е месца ў свеце па аб’ёме марскіх перавозак. Найб. важныя трансп. шляхі звязваюць парты ЗША і Канады з партамі Японіі, ЗША і Аўстраліі. Вял. значэнне мае Панамскі канал. Пераважаюць экспартна-імпартныя перавозкі: сыравінныя грузы (нафта і нафтапрадукты, каменны вугаль, руды чорных і каляровых металаў, драўніна), збожжа, рыба, прамысл. тавары. Асн. маршруты авіяліній праз Гавайскія а-вы ў Японію, Філіпіны, Сідней, Лос-Анджэлес. Па дне акіяна пракладзены тэлеграфныя кабелі. На берагах размяшчаюцца спецыялізаваныя і універсальныя парты, найб. буйныя з іх (па аб’ёме грузаабароту): Уладзівасток, Находка, Петрапаўлаўск-Камчацкі (Расія); Вансан (КНДР); Пусан (Паўд. Карэя); Цяньцзінь, Шанхай, Гуанчжоў, Сянган (КНР); Іакагама, Кавасакі, Тыба, Кобе, Осака, Токіо (Японія); Хайфон, Хашымін (СРВ); Сінгапур (Сінгапур); Сідней, Мельбурн (Аўстралія); Уэлінгтан (Новая Зеландыя); Ванкувер (Канада); Лос-Анджэлес, Сан-Францыска, Окленд, Сіэтл, Портленд (ЗША); Кальяо (Перу); Уаска (Чылі); Сурабая, Палембанг (Інданезія) і інш.
Літ.:
Богданов Д.В. Океаны и моря накануне XXI в. М., 1991;
Тихий океан. М., 1982;
Залогин Б.С., Кузьминский К.С. Мировой океан. М., 2001.