БАРАБА́Н у архітэктуры,

цыліндрычная або шматгранная (звычайна васьмерыковая) верхняя частка будынка, якая абапіраецца на сцены, слупы, падпружныя аркі, ветразі і завяршаецца купалам або шатром. Бываюць светлавыя (з аконнымі праёмамі, паляпшаюць асветленасць будынка) і глухія (без праёмаў). Барабан — важны элемент кампазіцыі культавых збудаванняў, надае ім дынамічнасць, маляўнічы сілуэт. Пашыраны ў хрысціянскім культавым дойлідстве, у архітэктуры Адраджэння, барока і класіцызму.

Барабаны Успенскай царквы ў вёсцы Чарацянка Гомельскага раёна.
Барабаны Петрапаўлаўскага са-бора ў Гомелі (злева), Міхайлаўскай царквы ў Слуцку.

т. 2, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДРЭ́Й (свецкае Крыт Аляксандр; ? — 21.5.1983),

бел. рэлігійны дзеяч. Да 2-й сусв. вайны жыў у Зах. Беларусі. Пасля вайны ў Германіі, Англіі: святар у прыходах, адміністратар Вікарыяльнай управы Беларускай аўтакефальнай правасл. царквы ў замежжы (БАПЦ). З 1961 у ЗША: настаяцель прыхода св. Жыровіцкай Маці Божай у Кліўлендзе (ініцыятар рэліг. навучання дзяцей-беларусаў, у т. л. па гісторыі царквы на Беларусі). У 1969 епіскап, з 1970 архіепіскап епархіі БАПЦ у Паўн. Амерыцы. З 1972 мітрапаліт БАПЦ.

Л.​У.​Языковіч.

т. 1, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ПА РЫ́МСКІ,

кіраўнік каталіцкай царквы і вярх. правіцель (абсалютны манарх) дзяржавы-горада Ватыкан. Выбіраецца канклавам (калегіяй кардыналаў) пажыццёва ​2/3 галасоў + 1 голас (з 1389 толькі з кардыналаў). Згодна з догматам каталіцкай царквы, прынятым I Ватыканскім саборам у 1870, лічыцца бязгрэшным у справах веры і маралі. У афіц. спісе рым. пап, які выдаецца Ватыканам, 262 папы. З 1523 папскі прастол займалі італьянцы. Традыцыя парушана ў 1978, калі папам абраны польскі кардынал Караль Вайтыла, які прыняў імя Іаан Павел II.

т. 12, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЯ ПРАВАСЛА́ЎНАЯ ЕПА́РХІЯ,

адм.-тэр. адзінка правасл. царквы з цэнтрам у Мінску. Утворана ў крас. 1793 у складзе Грэка-расійскай (Рускай) правасл. царквы. У 1-й трэці 19 ст. ўключала тэр. Мінскай, Віленскай і Гродзенскай губ. З 1840 тэр. епархіі ахоплівала толькі Мінскую губ. У 1921 зах. частка епархіі апынулася ў Польшчы і перайшла пад юрысдыкцыю Польскай аўтакефальнай правасл. царквы. У ліп. 1922 абвешчана Мінская мітраполія, якая падзялялася на Мінскую, Бабруйскую, Мазырскую, Слуцкую епархіі. Мітрапалітам стаў епіскап мінскі Мелхіседэк, які т.ч. узначаліў усю правасл. царкву на тэр. БССР. У выніку рэпрэсій супраць духавенства ў 1930-я г. епархія фактычна спыніла дзейнасць. Ва ўмовах ваен. акупацыі ў кастр. 1941 адноўлена ў рамках Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. У 1950-я г. ў сувязі з тым, што епіскапы на інш. бел. кафедры не прызначаліся, М.п.е. ў рангу мітраполіі заставалася адзінай у Беларусі (кананічна падпарадкоўвалася Маскоўскаму патрыярхату). У 1989 утвораны Бел. экзархат Маскоўскага патрыярхата (Беларуская праваслаўная царква), сталі адраджацца інш. епархіі. З лют. 1992 межы М.п.е. сталі супадаць з адм. граніцамі Мінскай вобл. На 2000 у епархіі 279 царк. прыходаў, 4 манастыры, дзейнічаюць Мінская вышэйшая духоўная семінарыя і Мінскае духоўнае вучылішча. З 1989 адноўлена выданне «Минских епархиальных ведомостей».

Літ.:

Шэйкін Г. Мінская епархія // Бел. правасл. каляндар, 1997. Мн., 1996.

Г.​М.​Шэйкін.

т. 10, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

набе́дранік, ‑а, м.

Частка адзення свяшчэнніка ў выглядзе парчовага прамавугольніка, якая носіцца на баку ніжэй пояса. [Алесь] ведаў, што фрэскі іхняй старажытнай царквы былі дзівам, аб якім казалі ўсе альбомы.., што іхні пратаіерэй-майстра і за гэта ўзнагароджаны камілаўкай, набедранікам і залатым.. крыжам. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

КОЎШ (Аляксандр) (1890, в. Рыдзялі Гродзенскага р-на — 1943),

бел. грамадска-паліт. і царк. дзеяч. Скончыў Свіслацкую настаўніцкую семінарыю і бухгалтарскія курсы. З 1921 у Гродне пасвячоны ў святары. З 1925 у Вільні, настаяцель прыхода, гал. бухгалтар Бел. каап. банка, выкладчык Закона Божага ў Віленскай бел. гімназіі. Выступаў у зах.-бел. друку з артыкуламі па пытаннях беларусізацыі правасл. царквы, аднаўлення бел. дзяржаўнасці. У 1928—29 рэдактар-выдавец царк.-грамадскага час. «Беларуская зарніца», кіраўнік секцыі Чырв. Крыжа пры Бел. цэнтры. За ўдзел у нац.-вызв. руху няраз арыштаваны, пазбаўлены польск. ўладамі месца настаяцеля Пятніцкай царквы ў Вільні і высланы святаром у в. Кастыкі Вілейскага пав. У 1939 вярнуўся ў Вільню, быў настаяцелем царквы св. Мікалая. У 1941 прызначаны ў выдавецкую камісію пры мінскім архірэі. У 1943 за садзеянне ў выратаванні яўр. насельніцтва арыштаваны гестапа ў г.п. Плешчаніцы і расстраляны.

А.​С.​Ліс.

т. 8, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАСНІ́К,

керамічная пасудзіна ў выглядзе збана, якую ўмуроўвалі ў сцены будынкаў горлам у інтэр’ер. У якасці галаснікоў выкарыстоўвалі і амфары. Галаснікі паляпшалі акустычныя магчымасці зальных памяшканняў, аблягчалі мураваную сцяну. Вядомыя з часоў Стараж. Рыма. На ўсходнеславянскай тэр. набылі пашырэнне ў 12 ст. (Ноўгарад, Полацк, Гродна). Найб. даследаваныя галаснікі Гродзенскай Барысаглебскай царквы і Гродзенскай ніжняй царквы. Гэта высокія (38—49,5 см) пасудзіны з круглым тулавам і доўгім вузкім горлам (дыяметр 7—8 см). Іх паверхня (у верхняй частцы) аздаблялася густым паралельна-лінейным арнаментам.

А.​А.​Трусаў.

Галаснік.

т. 4, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКІ́ФАР ГРЫГАРА́ (Nikēphoro Grēgoras; паміж 1290 і 1295—1359 ці 1360),

візантыйскі вучоны, гісторык, багаслоў. Прыбліжаны імператара Андроніка II. Склаў праект рэформы календара. Вёў палеміку з філосафам-гуманістам Варлаамам Калабрыйскім, выступаў супраць ісіхазму (містычная філас. плынь) Грыгорыя Паламы. Пасля прызнання ісіхазму афіц. дактрынай візант. царквы (1351) Н.Г. адлучаны ад царквы і зняволены ў манастыры. Яго асн. праца «Рымская гісторыя» апісвае царк.-багаслоўскую барацьбу ў Візантыі ў 1204—1359, змяшчае каштоўныя звесткі сац.-эканам. і паліт. характару, у т. л. пра выступленне зілотаў у г. Фесалонікі.

т. 11, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНГЛІКА́НСКАЯ ЦАРКВА́, англіканства,

адна з пратэстанцкіх цэркваў; дзярж. царква Вялікабрытаніі. Узнікла ў Англіі ў 16 ст. на хвалі рэфармацыйнага руху ў выніку разрыву мясц. каталіцкай царквы з Рымам. У 1534 англ. парламент абвясціў на чале царквы караля Генрыха VIII. Каталіцкія элементы ў дагматыцы і кульце былі дапоўнены пратэстанцкімі, і англіканская царква пайшла «сярэднім шляхам» паміж каталіцызмам і пратэстантызмам. Яна захоўвае такую ж, як і ў каталіцызме, царкоўную іерархію, культавую рэгламентацыю, спалучае каталіцкі прынцып аб выратавальнай моцы царквы з пратэстанцкім аб выратаванні асабістай верай. Дагматычна адрозніваецца ад каталіцкай наяўнасцю 39 артыкулаў сімвала веры замест 12; у сферы культу не прызнае свечак, ладану, сутаны, споведзі і г.д. Самастойныя англіканскія цэрквы існуюць таксама ў Шатландыі, Уэльсе, Ірландыі, ЗША, Канадзе, Аўстраліі і інш. краінах (усяго больш за 70 млн. вернікаў). Фармальна яны незалежныя, але з 1867 праз кожныя 10 гадоў англіканскія епіскапы збіраюцца ў Лондане (т.зв. Ламбецкія канферэнцыі), фактычна ўтвараючы такім чынам Англіканскі саюз цэркваў.

Літ.:

Гараджа В.И. Протестантизм. М., 1971.

А.​А.​Цітавец.

т. 1, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКАЯ УСПЕ́НСКАЯ ЦАРКВА́ І МАНАСТЫ́Р БАЗЫЛЬЯ́Н.

Царква існавала ў Віцебску ў 18 — 1-й пал. 20 ст. Мураваны храм пабудаваны на высокім беразе Зах. Дзвіны ў 1715—43 (арх. І.​Фантана III) у стылі сталага барока па фундацыі Мірона Галузы на месцы драўлянай (засн. ў 1682). З 1799 Успенскі сабор. Мела развітую аб’ёмнапрасторавую кампазіцыю: 5-нефавая крыжова-купальная базіліка з 2-вежавым гал. фасадам і паўкруглай апсідай. Гал. фасад адпаведна нефам меў 5-часткавае чляненне, падкрэсленае групоўкай пілястраў. Сяродкрыжжа ўвенчваў магутны светлавы 8-гранны барабан са сферычным купалам. У дэкоры фасадаў выкарыстаны ордэрная арх. пластыка, філянговыя рамы, разнастайныя абрамленні праёмаў і інш. Два мураваныя 2- і 3-павярховыя манастырскія корпусы пабудаваны ў 1775. Яны стаялі абапал царквы і разам утваралі ўнутраны двор. Будынак царквы разбураны ў Вял. Айч. вайну. У адным з манастырскіх карпусоў размешчаны філіял Віцебскага абл. краязн. музея.

Віцебская Успенская царква і манастыр базыльян. Галоўны фасад царквы (чарцёж).

т. 4, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)