КОЎШ (Аляксандр) (1890, в. Рыдзялі Гродзенскага р-на — 1943),
бел. грамадска-паліт. і царк. дзеяч. Скончыў Свіслацкую настаўніцкую семінарыю і бухгалтарскія курсы. З 1921 у Гродне пасвячоны ў святары. З 1925 у Вільні, настаяцель прыхода, гал. бухгалтар Бел. каап. банка, выкладчык Закона Божага ў Віленскай бел. гімназіі. Выступаў у зах.-бел. друку з артыкуламі па пытаннях беларусізацыі правасл. царквы, аднаўлення бел. дзяржаўнасці. У 1928—29 рэдактар-выдавец царк.-грамадскага час. «Беларуская зарніца», кіраўнік секцыі Чырв. Крыжа пры Бел. цэнтры. За ўдзел у нац.-вызв. руху няраз арыштаваны, пазбаўлены польск. ўладамі месца настаяцеля Пятніцкай царквы ў Вільні і высланы святаром у в. Кастыкі Вілейскага пав. У 1939 вярнуўся ў Вільню, быў настаяцелем царквы св. Мікалая. У 1941 прызначаны ў выдавецкую камісію пры мінскім архірэі. У 1943 за садзеянне ў выратаванні яўр. насельніцтва арыштаваны гестапа ў г.п. Плешчаніцы і расстраляны.
А.С.Ліс.
т. 8, с. 438
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)