Страла́1 ‘тонкі прут для стральбы з лука’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Бяльк., Янк. 2), ‘журавель, доўгае бервяно ў калодзежы’ (Некр., Жд. 2, Янк. 2), ‘саха ў студні з жураўлём’ (ДАБМ, камент., 808), ‘пярун, маланка’ (ТС), ‘крэмневы завостраны цыліндрык’ (ТС, Маш.), ‘белемніт’, ‘выкапнёвая каменная сякерка’ (Машынскі, Atlas): перуно́вая стрэла́ ‘тс’ (Пятк. 2), ‘стрэлка ў гадзінніку’ (Сцяшк.), ‘бязлістае тонкае сцябло расліны з суквеццем наверсе’ (ТСБМ), памянш. стрэ́лка (гл.). Параўн. укр. стріла́, рус. стрела́, стараж.-рус. стрѣла, польск. strzała, в.-луж. třěła ‘снарад’, н.-луж. stśěła ‘прамень’, чэш. střela ‘страла, маланка’, славац. strela ‘снарад’, серб.-харв. стријѐла, славен. stréla, балг. стрела́ ‘страла, маланка’, макед. стрела ‘страла’, ст.-слав. стрѣла ‘страла’, дыял. (салун.) strʼälá ‘гром’. Прасл. *strěla, дэрыват ад незасведчанага і.-е. дзеяслова (Шустар-Шэўц, 1368). Борысь (583) следам за Покарным (1028) мяркуе, што слова з’яўляецца вытворным ад і.-е. кораня *ster‑, які ў распасцерці (гл.). Роднасныя лат. stręlā ‘страла, кідальны снарад, паласа, струмень’, літ. strėlà ‘страла’, ст.-в.-ням. strâl(a) ‘страла, маланка’, ням. Strahl ‘прамень’, на падставе якіх Борысь (там жа) узнаўляе слав.-балта-герм. праформу *strē‑lā. Махэк₂ (586) лічыць усе гэтыя словы запазычаннем з “праеўрапейскага субстрата”. Гл. таксама Глухак, 589; Бязлай, 3, 326.

Страла́2 ‘страказа’ (лудз., Сл. ПЗБ), стрэ́лка ‘тс’ (Некр. і Байк., Касп.; в.-дзв., смарг., паст., рас., даўг., Сл. ПЗБ). Да страла1, стрэлка2 (гл.). Назва па доўгім, выцягнутым брушку. Параўн. рус. дыял. стре́лка ‘тс’.

Страла́3 ‘карагод’ (Нар. Гом.). Ад назвы абрада “ваджэнне і пахаванне стралы”, відаць, да страла1 (гл.). Аб семантыцы абрада гл. Барташэвіч, Бел. фальк., 2, 563–565.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ПАЖА́РНАЯ ТЭ́ХНІКА,

тэхнічныя сродкі для папярэджання, абмежавання або тушэння пажару, ратавання людзей, матэрыяльных каштоўнасцей і прыродных аб’ектаў. Асн. П.т. — пажарныя машыны: пажарныя аўтамабілі, паязды, судны, самалёты, верталёты, танкі, мотапомпы і інш. Да П.т. адносяцца таксама пажарныя драбіны, пажарная аўтаматыка (у т. л. сістэмы пажарнай сігналізацыі), сродкі проціпажарнага водазабеспячэння, процідымнай аховы і экстраннага абвяшчэння, першасныя сродкі пажаратушэння, пажарна-тэхн. і аварыйна-выратавальнае абсталяванне.

Пажарныя паязды прызначаны тушыць пажары паблізу чыг. палатна і на рухомым саставе чыг. транспарту. Складаюцца з вагонаў, у якіх размешчаны помпавая станцыя, спец. і пажарна-тэхн. абсталяванне, бокс для пажарных аўтамабіляў, ёмістасці для пенаўтваральніка, чыг. цыстэрны з вадой. Пажарныя судны (цеплаходы, катэры і інш.) тушаць пажары на плаўсродках і ў прыбярэжнай зоне. Яны абсталяваны помпамі, якія нагнятаюць ваду (да 1000 м³/гадз) у рукаўныя лініі ці лафетныя ствалы (брандспойты); маюць запас пенаўтваральніка для тушэння суднаў і нафтапрадуктаў. Пажарныя самалёты (Ан-2, Ан-12, Ан-24, Іл-76, Як-12) і верталёты (Мі-4, Мі-6, Мі-8, Ка-26) прызначаны для авіяпатрулявання, дастаўкі да месца пажару ў аддаленых і цяжкадаступных раёнах людзей, тэхнікі і вогнетушыльных рэчываў. Маюць сістэмы забору вады ў палёце (да 10 т), могуць перавозіць бульдозеры. аўтацыстэрны і інш., распыляць аэразольныя рэагенты, якія ствараюць штучны заліўны дождж. Пажарныя танкі выкарыстоўваюць для тушэння пажараў і ліквідацыі аварый на пажаравыбухованебяспечных аб’ектах, базах і складах боепрыпасаў і выбуховых рэчываў. На іх устанаўліваюць ёмістасці для вогнетушыльных рэчываў, пажарна-тэхн. абсталяванне, сістэмы жыццезабеспячэння для работы ў непрыдатным для дыхання асяроддзі. Мотапомпы (пераносныя і прычапныя) служаць для тушэння лясных пажараў, падачы вады на верхнія паверхі вышынных будынкаў, запаўнення пажарных ёмістасцей; уваходзяць у камплект пажарных паяздоў і аўтамабіляў хуткага рэагавання. Складаюцца з цэнтрабежнай помпы і рухавіка ўнутр. згарання.

Стварэнне П.т. распачата ў глыбокай старажытнасці. Грэч. механік з Александрыі Ктэсібій (каля 2—1 ст. да н.э.) вынайшаў пажарную помпу (поршневую 2-цыліндравую), якая «выкідвала ваду наверх». Падобную ручную помпу пабудаваў у 16 ст. А.​Платнер (Германія), яна давала струмень да 8 м. У 1672 у Амстэрдаме Я. ван дэр Гейдэ вынайшаў выкідны рукаў, што зрабіла помпу гал. сродкам тушэння пажару. Арыгінальную канструкцыю пажарнай помпы прапанаваў у 1739 рус. вынаходнік А.​К.​Нартаў. У 1829 у Лондане з’явілася паравая пажарная машына, з 1862 паравыя пажарныя помпы пачалі выкарыстоўваць у Расіі. У канцы 19 — пач. 20 ст. у Германіі, потым у інш. краінах пачалі выкарыстоўвацца аўтамабілі, абсталяваныя мех. помпамі, пажарныя драбіны. З 1920-х г. пачалося развіццё П.т. ў СССР: першыя пажарныя машыны выпушчаны ў 1925 у С.-Пецярбургу, пазней наладжаны выпуск пенаўтваральнікаў, тэхнікі тушэння газавых і нафтавых фантанаў і інш.

На Беларусі выкарыстанне простай П.т. вядома з 13 ст. Прафесійная пажарная каманда створана ў 1853 у Мінску; яна мела ручныя помпы, скураныя і пяньковыя рукавы, брандспойты і інш. У наш час аснову тэхн. сродкаў пажарнай аховы складаюць пажарныя аўтамабілі і мотапомпы.

Літ.:

Машины и аппараты пожаротушения. М., 1972;

Шувалов М.Г. Основы пожарного дела. 3 изд. М., 1983;

Пожарная техника. Т. 1—2. М., 1988;

Эксплуатация пожарной техники: Справ М., 1991.

А.​У.​Кузняцоў, С.​А.​Лосік, М.​С.​Місюкевіч.

Пажарная тэхніка: 1 — пажарны верталёт; 2 — пажарны танк; 3 — пажарнае рачное судна; 4 — прычапная мотапомпа.
Пажарныя аўтамабілі: 1 — аўтацыстэрна (ВА «Белкамунмаш»); 2 — пеннага пажаратушэння; 3 — парашковага тушэння; 4 — камбінаванага тушэння; 5 — газавадзянога тушэння; 6 — аэрадромны (на шасі МЗКЦ); 7 — пад’ёмнік каленчаты; 8 — тэхнічнай службы, сувязі і асвятлення; 9 — хуткага рэагавання.
Пажарная тэхніка Аўтамабільная лінейка (пачатак 20 ст.).

т. 11, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

flow

[floʊ]

1.

v.i.

1) цячы́, струме́ніцца; лі́цца; плы́сьці (пра раку́)

to flow through — праплыва́ць

to flow into — уплыва́ць, уцяка́ць, уліва́цца (пра раку́)

2) лёгка спада́ць, сплыва́ць (пра валасы́, во́пратку)

3) быць бага́тым або́ по́ўным празь верх

4) прыбыва́ць; падыма́цца (пра прыплы́ў)

2.

v.t.

ліць; заліва́ць, затапля́ць

3.

n.

1) плынь f. (ракі́), цячэ́ньне n.

flow of blood — крывацёк -у m.

2) пато́к -у m. (і сьлёзаў, сло́ваў); струме́ньm., руча́й-я́ m.

3) прыплы́ў, прылі́ў -ву m.о́ра)

4) паво́дка f., разьлі́ў -ву m.

the flows of the Nile — разьлі́вы Ні́лу

Ангельска-беларускі слоўнік (В. Пашкевіч, 2006, класічны правапіс) 

руча́й

1. Невялікая рэчка, паток; рачулка (БРС). Тое ж ручэй (Ветк., Крыч., Леп., Лёзн., Маз., Маладз., Паст., Слаўг., Смал. Дабр., Стол.), руччэй, руччэвіна, руччэйка (Слаўг.).

2. Месца, дзе ў зямлі праходзіць ваданосны пласт; крынічная жыла (Стаўбц.).

3. Струмень дажджавой або снегавой вады; пракапаная канаўка кругом хаты (Слаўг.). Тое ж ручэй (Лёзн., Слаўг.), руччэй (Слаўг.).

р. Руча́й (Пачайна) у басейне Дняпра (Макс., 86), Дубе́нскі руча́й каля в. Дубня Слаўг., в. Глыбокі Ручэй Мядз., б. х. Халодны Ручэй (1926) каля в. Старынка Слаўг.

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

шыпе́ць, ‑плю, ‑піш, ‑піць; незак.

1. Утвараць глухія гукі, якія нагадваюць доўгі гук «ш-ш». Сярод падворка гусак грозна шыпеў на курэй. Карпюк. Вожык скруціўся ў клубок, а гадзюка, якую ён схапіў за хвост, шыпіць і стараецца ўкусіць яго. Ляўданскі. Толькі шыпеў кнот у лямпе. Асіпенка. / Пра яду, якая смажыцца і пад. На патэльні шыпела смажаная рыба. Шашкоў. / Пра дрэва, якое гарыць, распалены прадмет, палітыя вадой і пад. Шыпяць кулямётаў ствалы, Аж пара над імі віецца. Бялевіч. / Пра пару, газ, паветра і пад., якія выходзяць адкуль‑н. пад ціскам. Ззаду ярасна шыпеў, аднастайна гуў гарачы газавы струмень. Гамолка. Чутно было, як надрыўна шыпела пара, нешта трашчала, скрыпела, ламалася. Лынькоў. / Пра пену, хвалі і пад. Хвалі адна за адною набягаюць на бераг, шуршаць і шыпяць у рознакаляровых каменьчыках галькі. Паслядовіч. / Пра работу якіх‑н. механізмаў. Круціліся барабаны, шыпелі кампрэсары. Шыцік. На сцяне вялікі старынны гадзіннік шыпеў і адбіваў час. Грахоўскі.

2. Вымаўляць доўгі гук «ш-ш», патрабуючы цішыні, супакойваючы каго‑н.

3. Шапялявіць, гаварыць словамі, у якіх свісцячыя вымаўляюцца як шыпячыя гукі. — Бешкарышна, Гурновіч, шама рашай, шама... — у яго [Садоўнікава], наадварот, усе свісцячыя гукі шыпяць. Васілевіч.

4. Разм. Гаварыць здушаным, сіплым голасам, у якім адчуваюцца злосць, раздражненне і пад.; злоснічаць. — А ты не ведаеш? Забылася? — шыпела старая, калоцячыся, нібы ў ліхаманцы. Паўлаў. — Даўно я цябе не вучыў! — шыпеў Дракула, набіраючыся злосці. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Лата́к1, латок, латачок, лотак, лоток ’жалабок (на страсе) для сцёку вады’ (КЭС, лаг., Некр., Варл., Бяльк., Нас., Сл. паўн.-зах., ТСБМ), ’жолаб, драўляная трубка, па якой цячэ бярозавы ці кляновы сок’ (слуц., Нар. словатв.; в.-дзв., Шатал.; Шат.), ’драўлянае карыта ў хаце’ (Маш., Сержп. Грам., Грыг.), ’прыстасаванне, якое ў жорнах рэгулюе падачу зерня на камень’ (ельск., ЛАПП) ’адтуліна (у жорнах) для выграбання мукі’ (светлаг., Мат. Гом., Мат. Маг., Шатал.), ’жолаб, якім падводзіцца вада да кола млына’ (калінк., рэч., лоеў., ЛАПП), ’посуд накшталт начовак, у якім секлі націну’ (Мат. ЛАБНГ), ’коўш’ (Ян.), петрык., добр. латакі ’пот’ (Мат. Гом.), ’рагі, што цякуць з вакон’ (петрык., акц., КЛАБНГ), латаком ’у выглядзе жалабка’, ’струменем’ (паст., ашм., Сл. паўн.-зах.), ст.-бел. латока ’конаўка, жолаб’ (Скарына). Укр. лотик, лотоки ’канал, па якому цячэ вада ў вадзяным млыне’, чарніг. лоточок ’жолаб у жорнах для мукі’, рус. лоток ’жолаб для сцёку вады’, ’латок’, ’чарпак’, польск. łotok ’жолаб для сцёку вады на кола ў млыне’ — запазычана з бел. (Слаўскі, 5, 219). Прасл. усх.-слав. lotokъ ’карыта, прымітыўная рына, рэчышча ракі’, якому адпавядае літ. latãkas ’жолаб, ручэй’ (Бернекер, 1, 735), letẽkas ’ручай, струмень, карына’, lekẽtas, lèkets ’трубка, па якой цячэ сок з дрэва’ (Буга, Rinkt., 1, 455–458). Аднак Бернекер (1, 735), Фрэнкель (342–343), Мюленбах-Эндзелін (2, 424) без дастатковых падстаў мяркуюць, што балт. лексемы запазычаны з бел. мовы. Агляд недакладных этымалогій гл. Фасмер (2, 523), Слаўскі (5, 319–220). Буга (Rinkt., 1, 455) у якасці крыніцы запазычання ў балт. мовах прапануе фін. lotakko, lätäkkö ’лужа, лужына’. Параўн. таксама эст. latakas ’шырокі, плоскі’. Гл. таксама латока, латочына.

Лата́к2 ’жэрдка для прыціскання саломы на страсе’ (ельск., Нар., сл.), рус. тамб. латак ’жэрдка для латання страхі’. Утворана пры дапамозе суф. ‑ак (Сцяцко, Афікс. наз., 202) ад лата2 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

вы́рвацца, ‑рвуся, ‑рвешся, ‑рвецца; зак.

1. Вызваліцца ад таго, што ўтрымлівае. — Во дзівак! — Віцька ўхапіўся за маю руку, трымаў моцна, мабыць, баяўся, што я вырвуся і ўцяку. Асіпенка. // (1 і 2 ас. не ўжыв.). Аказацца непрымацаваным. У Валі зноў гузік у сукенцы вырваўся. Васілевіч.

2. Вызваліцца, пазбавіцца ад якога‑н. уціску, прыгнёту, абмежавання, уплыву. Не было на чым вельмі разгарнуцца, але рада была Аўдоля, што хоць з гэтага пекла вырвалася: «Сама сабе гаспадыня, што захачу, зраблю». Крапіва. Андрэй з начальнікам штаба і камандзірамі атрадаў павольна ішоў між стромкіх, светлабокіх соснаў і аглядваў тых, каму ўдалося вырвацца з блакады. Кулакоўскі. // Пакінуць што‑н., выйсці адкуль‑н. Вырвацца з дому. □ Памерці, вядома, .. [Цярэміна] не хацеў, заўжды прагнуў жыць, тройчы спрабаваў вырвацца на волю. Быкаў.

3. Апынуцца, аказацца далёка наперадзе. Калі не зловяць нас [салдат] сёння, то за ноч мы вырвемся далёка. С. Александровіч. // Апярэдзіць каго‑н. у спаборніцтве. Валілі лес, тралявалі на конях. Не лепш і не горш за іншых. Ілля ж адразу вырваўся наперад. Мяжэвіч.

4. Імгненна з’явіцца, выйсці на паверхню, з сілай прарвацца. Выбух. У цемру вырваўся сноп яркага святла. Шамякін. З брандспойта вырваўся моцны струмень вады. Васілёнак. // Паказацца нечакана адкуль‑н. З-за крайняй хаты раптам вырвалася парка коней. Асіпенка. // Міжвольна вылецець (пра словы, гукі і пад.). Сцёпку самому падабаліся гэтыя словы, і самае важнае тут тое, што вырваліся яны самі сабою, не надумана. Колас. — Ты [Малашкін] не поп, каб я табе спавядаўся, — вырвалася ўрэшце ў Чухноўскага. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

біць, б’ю, б’еш, б’е; б’ём, б’яце́, б’юць; бі; бі́ты; незак.

1. каго (што). Наносіць удары, збіваць каго-н.

Б. гарэзу дубцом.

2. каго-што. Наносіць паражэнне.

Б. ворага.

3. каго (што). Забіваць каго-н. (жывёлу, птушак і пад.).

Б. цюленяў.

4. што. Разбіваць, раздрабняць.

Б. посуд.

Б. каменне.

5. Удараць, стукаць.

Б. кувалдай.

Святло б’е ў вочы (перан.).

6. у што. Ударамі ўтвараць гукі.

Б. у бубен.

7. што і без дап. Ударамі адзначаць што-н., гучаць, вызвоньваць, званіць.

Гадзіннік б’е.

8. што. Ударамі, гукамі абазначаць што-н.

Б. трывогу.

Б. адбой.

9. Страляць, абстрэльваць.

Б’юць гарматы па акопах.

Стрэльба добра б’е.

10. У спартыўных гульнях: накіроўваць у цэль.

Б. па варотах.

11. У шашках, шахматах, картачных гульнях: браць фігуру або пакрываць карту праціўніка, пазбаўляць удзелу ў гульні.

Б. ферзя.

Б. валета.

12. перан. Едка высмейваць, крытыкаваць.

Словы паэта б’юць па бюракратызме.

13. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.), каго (што). Трэсці (пра хваробу, страх і пад.; разм.).

Кашаль б’е.

14. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Імкліва выцякаць адкуль-н.

Струмень б’е.

Жыццё б’е (перан.).

15. што. Вырабляць пэўным спосабам.

Б. масла.

Б. валёнкі.

Бібікі біць (разм., неадабр.) — гультаяваць, бяздзейнічаць.

Біць крыніцай — бурна развівацца.

Біць на што (разм.) — імкнуцца да чаго-н.

Біць па кішэні (разм.) — уводзіць у страту.

Біць (сябе) у грудзі (разм.) — клясціся, запэўніваць у чым-н.

Біць паклоны (разм.) — пачціва прасіць каго-н.

Біць у адну кропку — дамагацца аднаго чаго-н.

Біць у нос (разм., неадабр.) — патыхаць якім-н. вострым пахам.

Ногі біць (разм.) — натруджваць ногі працяглай і дарэмнай хадзьбою.

Як у бубен біць (разм.) — гаварыць пра што-н. гучна, адкрыта.

|| зак. пабі́ць, -б’ю́, -б’е́ш, -б’е́; -б’ём, -б’яце́, -б’ю́ць; пабі́; -бі́ты (да 1—4 і 11 знач.), прабі́ць, -б’ю́, -б’еш, -б’е́; -б’ём, -б’яце́, -б’ю́ць; прабі́; -бі́ты (да 7, 8 і 13 знач.) і разбі́ць, разаб’ю́, разаб’е́ш, разаб’е́; разаб’ём, разаб’яце́, разаб’ю́ць; разбі́; разбі́ты (да 2 і 4 знач.).

|| наз. біццё, -я́, н. (да 1, 4—6 і 14 знач.) і бой, бо́ю, М баі́, м. (да 7 і 9 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Стры́жань ‘асяродак, сарцавіна расліны’, ‘згустак гною ў нарыве’, ‘вось або апора чаго-небудзь’, ‘сярэдзіна ракі, быстрыня’ (ТСБМ, Варл.), ‘асяродак нарыва’, ‘сарцавіна смалістага дрэва або смалісты сук’ (Нас., Байк. і Некр.), ‘сарцавіна’, ‘шчыльная драўніна’, ‘палена’, ‘асяродак (у морквы)’, ‘адросткі пяра пасля лінькі птушак’, ‘згустак малака’ (Сл. ПЗБ), ‘стрыжань дрэва’, ‘асяродак скулы’, ‘быстрыня; незамерзлае месца ў рацэ’ (Бяльк., Сцяшк.), ‘асяродак у хвоі’, ‘бруд, гной у нарыве’ (Янк. 1, Сл. Брэс.), ‘самае глыбокае месца ў возеры, рацэ’, ‘згустак гною ў нарыве’ (Растарг.), ‘стрыжань скулы’ (кіраў., нараўл., Шатал.; Юрч. Вытв.), ‘стрыжань дрэва, нарыва’ (ТС, Шымк. Собр., Касп.), стры́жэнь ‘моцны струмень у цячэнні ракі’ (ТС), ‘агрэх’ (ПСл), стрыжэ́нь ‘галоўны корань дрэва’ (Сцяшк.), стрыжі́нь ‘смалістае дрэва’ (кам., Ск. нар. мовы), стрыжо́нак ‘стрыжань (дрэва, нарыва)’ (Мат. Гом.), стрыжэ́ністый ‘з тонкім слоем абалоні (пра дровы)’ (Сл. Брэс.; лун., Шатал.). Параўн. укр. стри́жень ‘стрыжань (дрэва, скулы, ракі)’, рус. сте́ржень ‘тс’, ‘стрыжань у механізмах’, стре́жень ‘быстрыня ў рацэ’, рус.-ц.-слав. стрьжень ‘сарцавіна’, ц.-слав. стържьнь ‘тс’, польск. rdzeń, zdrżeń, чэш. stržeň ‘стрыжань нарыва’, славац. stržeň ‘сарцавіна дрэва; мядовы сот’, серб.-харв. стр̏ж ‘сарцавіна’, харв. старое stržen ‘тс’, славен. stržên ‘стрыжань дрэва, нарыва, ракі’, макед. срж ‘касцявы мозг; сарцавіна’. Прасл. *strьženь або *strьžьnь (рэканструкцыя Фасмера, 3, 757–758), роднаснае ст.-прус. strigeno ‘мозг’, далей, швед. streke ‘стрыжань цячэння’ (*strikan‑); гл. Траўтман, 290; Мее, Études, 432. Фасмер (там жа) першасным значэннем слова лічыць ‘сарцавіна’. Бязлай (Eseji, 138) фармальныя адрозненні тыпу рус. стержень ‘асяродак’ і стрежень ‘быстрыня’ лічыць неістотнымі, паколькі яны ўзаемазамяняльныя і адлюстроўваюць старыя (мажліва, яшчэ даславянскія) адрозненні ў даўжыні. Сной (у Бязлай, 3, 336–337) рэканструюе прасл. *strьžę, Р. скл. *strьžene, В. скл. *strьženь ‘сярэдзіна рачнога патока’, якое, на яго думку, узыходзіць да прасл. *strigti ‘стрыгчы’, з семантычным развіццём ‘нешта адрэзанае’ > ‘стужка, паласа’ > ‘рачны паток’. Значэнні ‘стрыжань дрэва, нарыва’ ён тлумачыць як метанімічны перанос ‘сярэдзіна рачнога патока’ > ‘сярэдзіна ствала дрэва, нарыва і да т. п.’. Гл. яшчэ Сной₁, 617; ЕСУМ, 5, 441 (разглядаюцца як амонімы стрижень1, 2 ‘асяродак’, ‘быстрыня ў рацэ’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

шу́мны 1, ‑ая, ‑ае.

1. Які стварае, робіць шум ​1 (у 1 знач.). Вада ў калонцы была сцюдзёная, і Піхамір з ахвотаю стаў пад шумны струмень. Чыгрынаў. Патрэскваюць галіны бярозы ў шумным ветры. Пестрак.

2. Які робіць шмат шуму, гучна гаворыць; крыклівы і пад. (пра чалавека). Штодзень збіраліся на полі Мы, хлапчукі, у шумны гурт. Смагаровіч. Гэткай жа шумнай кампаніяй адправіліся на вакзал. Шыцік. Паводзіны.. [Соні] нічым не адрозніваліся ад ранейшых, яна была ўсё такой жа, вясёлай і шумнай, поўная бесклапотнага смеху. Ракітны.

3. Які суправаджаецца шумам, адбываецца з шумам (у 1, 2 знач.). Шумныя спрэчкі. □ З прычыны добрай пагоды і святочнага дня сход асабліва мнагалюдны і шумны. Крапіва. Шашы ўспаміналіся падзеі вясельнага дня: вяселле было багатае і шумнае. Шамякін. [Зіну] цягнула на шумныя вечары, танцы, дзе было ёй цікава і дзе не трэба было непакоіцца, як падумаюць аб табе іншыя. Шыцік. // Які праяўляецца, выражаецца бурна, з шумам. «Віват! Жаданы госць!» — і ў захапленні шумным Гасціннасць расчыніла дзверы насцеж. Панчанка. // Гучны. Шумная гамонка.. адарвала Святлану ад роздуму. Шахавец.

4. Поўны кіпучай дзейнасці, напоўнены шумам, ажыўлены. Шумная вуліца. Шумны двор. □ Прывезлі ёлку прадаваць На гарадскі на шумны рынак. Танк. Белы дом стаіць пры шумным скверы Паміж ліп і клёнаў маладых. Непачаловіч. // перан. Поўны здарэнняў, трывог; неспакойны. Па следу шумнага, напружанага дня, Нарэшце, завітала цішыня. Корбан.

5. перан. Які выклікае шум (у 4 знач.), прыцягвае да сябе ўвагу, цікавасць. Музычны фільм «Карнавальная ноч» меў шумны поспех. «Маладосць».

шу́мны 2, ‑ая, ‑ае.

Які ўтварае на сваёй паверхні пену (пра напітак); пеністы. Шумнае віно. Шумнае піва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)