ВО́НДЭЛ ((Vondel) Іост Ван дэн) (17.11.1587, г. Кёльн, Германія — 5.2.1679),
нідэрландскі паэт і драматург.Найб. яскрава яго талент раскрыўся ў драматургіі. У ранніх творах (1610—40-я г., т.зв.рымскі перыяд) адчуваецца ўплыў Сенекі, у больш позніх (1650—70-я г., т.зв. грэчаскі перыяд) — Эсхіла, Сафокла, Эўрыпіда. Першая трагікамедыя «Пасха» (паст. 1610) — водгук на вызваленне Галандыі ад ісп. прыгнёту. У трагедыі «Разбурэнне Іерусаліма» (1620) на матэрыяле стараж.-яўр. гісторыі паказаў небяспечнасць унутр. канфліктаў перад знешняй пагрозай. На біблейскія сюжэты напісаны трагедыі «Браты» (1639), «Іосіф у Егіпце» (1640), «Пётр і Павел» (1641), «Саламон» (1648), «Іефай» (1659), трылогія «Люцыфер» (1654), «Адам у выгнанні» (1664), «Ной» (1667), у якіх даў новае асэнсаванне спрадвечнай барацьбе Дабра і Зла. У творчасці Вондэла арганічна спалучаліся тэндэнцыі барока і класіцызму (пры відавочнай перавазе першых). Яго стыль адметны эпічнасцю, жывапіснасцю, амаль што рубенсаўскай магутнасцю, барочнай поліфанічнасцю і кантрастнасцю. Аўтар зб. «Розныя вершы» (1644-47).
Тв.:
Рус.пер. — Трагедии. М., 1988.
Літ.:
Балашов Н.И. Вондел в системе западноевропейской литературы XVII в // Вондел Й. ван ден: Пер. с нидерл. Трагедии. М., 1988;
Ошис В.В. «Трагик хороший»;
(Творчество Вондела и нидерландская литература XVII в.) // Там жа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЕ́Н (Клаўдзій) (Claudius Galenus; 129, г. Пергам, сучасны г. Бергама, Турцыя — каля 201),
рымскі ўрач і натураліст. Вывучаў філасофію Платона, Арыстоцеля і медыцыну ў Пергаме, удасканальваўся па анатоміі ў Александрыі, Палесціне, на Кіпры. З 164 працаваў у Рыме ўрачом Марка Аўрэлія. Аўтар больш як 400 навук. прац па медыцыне, філасофіі. Увёў у медыцыну вівісекцыйныя эксперыменты на жывёлах. Паказаў, што анатомія і фізіялогія — аснова навук. дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі хвароб. Упершыню зрабіў анатама-фізіял. апісанне цэласнага арганізма, у т. л. каля 300 мышцаў, чатырохбугорнага цела, блукальнага нерва, 7 пар чарапных нерваў, вылучыў 3 слаі сценак артэрый. Развіў гумаральнае вучэнне Гіпакрата, стварыў вучэнне пра тэмперамент, увёў размежаванне ўяўленняў псіхікі і свядомасці. Абагульніў уяўленні ант. медыкаў у адзінае вучэнне, якое паўплывала на развіццё прыродазнаўства да 15—16 ст.Ідэаліст. накіраванасць яго твораў спрыяла трансфармацыі вучэння ў т.зв. галенізм, які кананізаваўся царквой і панаваў у медыцыне некалькі стагоддзяў.
Тв.:
Рус.пер. — О назначении частей человеческого тела. М., 1971.
Літ.:
Лункевич В.В. От Гераклита до Дарвина: Очерки по истории биологии. Т. 1—2. 2 изд., М., 1960;
Бляхер Л.Я. Очерк истории морфологии животных. М., 1962;
История биологии с древнейших времен до начала XX в. М., 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ГЕР (ням. Lager паселішча, стаянка),
1) Л. ваенны — месца размяшчэння войск па-за населеным пунктам, абсталяванае для выканання баявых, навуч. і інш. задач.
У старажытнасці Л. ствараліся як умацаваныя баявыя пазіцыі, найб. пашырыліся ў Стараж. Рыме (гл.Лагер рымскі). На Русі ў 11—17 ст. уладкаванне Л. (станаў) дасягнула высокага ўзроўню. У Чэхіі ў 15 ст. і ва ўкр. казакоў у 16—17 ст. Л. (табар) акружаўся некалькімі шэрагамі павозак. Ваен. Л. былі паходныя і пастаянныя (агараджаліся ровам, валам, сцяной; некаторыя з умацаваных Л. пераўтвараліся ў крэпасці). З развіццём артылерыі і інш сродкаў масавага паражэння Л. як умацаваныя стаянкі страцілі сваё значэнне. З 2-й пал. 19 ст. захаваліся толькі Л. для навучання войск у палявых умовах (у Расіі такія Л. ствараліся з канца 17 ст.). У Сав. Арміі навуч. Л. існавалі да 1960-х г. (іх замянілі навуч. цэнтры).
2) Часовае пасяленне, стаянка пэўнай групы людзей (лесарубаў, будаўнікоў, даследчыкаў).
3) Летнія загоны для жывёлы паблізу пашы.
4) Месца ўтрымання ваеннапалонных, зняволеных, рэпрэсіраваных (гл.Канцэнтрацыйны лагер).
5) Грамадска-палітычная групоўка; калектыў людзей, аб’яднаных адзінствам поглядаў, перакананняў.
6) Выхаваўча-аздараўленчая ўстанова для дзяцей школьнага ўзросту (напр., «Артэк», «Зубраня»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКАВЕ́І, Хасманеі,
дынастыя першасвятароў іерусалімскага храма і цароў Іудзеі ў 2—1 ст. да н.э. Заснавальнік — свяшчэннаслужыцель з в. Модзін Матафія Хасманей (п. у 166 да н.э.). У 167 да н.э. ён узначаліў паўстанне супраць правіцеля дзяржавы Селеўкідаў — Антыёха IV, які намагаўся забараніць іудаізм. Матафія разбіў войскі Антыёха і вызваліў Іерусалім. Яго сыны: Іуда Макавей (адсюль назва дынастыі); Іанатан (з 153/152 першасвятар іерусалімскага храма, у 143 да н.э. паланёны і забіты сірыйцамі); Сімон (143—134 да н.э.), які дамогся поўнай незалежнасці Іудзеі. Сын апошняга Іаан Гіркан I (134—104 да н.э.) заваяваў Самарыю і прымусіў ідуміцян прыняць іудаізм, яго сын Арыстобул I быў абвешчаны царом Іудзеі [104—103 да н.э.]. Пры яго браце Александру Янаю [103—79 да н.э.] Іудзейскае царства дасягнула найб. росквіту і ўключала тэр. Палесціны і раёны за р. Іардан. У 63 рымскі палкаводзец Пампей умяшаўся ў дынастыйныя спрэчкі М., заняў Іерусалім і прымусіў іх прызнаць уладу Рыма. Б.ч. М. была ў 37 знішчана Ірадам I. М. прысвечаны «Кнігі Макавейскія» са Старога запавету, яны лічацца нац. героямі яўр. народа.
Літ.:
Иосиф Флавий. Иудейская война: Пер. с нем. Мн., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Рамо́нак ’расліна з кветкамі з белымі пялёсткамі і жоўтай сярэдзінай’, ’кветка гэтай расліны’ (ТСБМ, Бяльк., Сл. ПЗБ). Гл. рамо́н ’расліна Matricaria chamomilla L.’ і шматлікія трансфармацыі: рамо́нька, раму́ль, рымо́нак (Сл. ПЗБ), руме́нка (Стан.), ромо́н, ро́ма́н, ромо́нок, рамёнок (ТС), румя́нок, румне́нок (Сл. Брэс.). Параўн. укр.рома́н, роме́н, румʼя́нок ’рамонак’, рус.дыял.раме́н, роме́н, рома́нник ’тс’, польск.rumianek ’тс’ (але romanek ’малачай’), чэш.rmen ’рамонак’, славац.ruman, rumanček ’тс’, славен.rmȃn, roman ’тысячалістнік, Achillea millefolium L.’, серб.ра̏менак, ра̀ман ’рамонак’, харв.román, ráman, балг.рамо́н, макед.рамон. Прынятая этымалогія ад лац.Anthemis rōmāna, Chamaemēlum rōmānum з непасрэднай перадачай у кожнай з моў другой часткі лацінскай назвы без адэкватнай перадачы значэння ’рымская трава’, параўн. да гэтага ням.römische Kamille, што даслоўна ’рымскі рамонак’. Зыходнай назвай для семантычнай кандэнсацыі магла быць назва тыпу рус.романова трава ці няправільнае рамонова трава ’рамонак’, што фіксуецца ў рускіх аптэкарскіх даведніках (з 1782 г.). Іншыя змяненні ў карнявой марфеме могуць быць выкліканы падабенствам з румяны, што ў шэрагу славянскіх моў азначае ’жоўты’, напрыклад, славен.rumen ’жоўты’, альбо звужэннем о, як польск.rumianek. Гл. Фасмер, 3, 500 (мяркуе пра польскае пасярэдніцтва для ўсходнеславянскіх назваў), БЕР, 6, 178; Бязлай, 3, 187.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
А́ЎГУСТ ((Augustus) Гай Актавій) (з 44 да нашай эры Гай Юлій Цэзар Актавіян; Gaius Julius Caesar Octavianus; 23.9.63 да нашай эры, Рым — 19.8.14 нашай эры),
рымскі імператар [27 да нашай эры — 14 нашай эры]. Сваяк і прыёмны сын Юлія Цэзара. Пасля забойства Цэзара па яго завяшчанні стаў наследнікам і пачаў барацьбу за ўладу. У 43 да нашай эры заключыў саюз з Маркам Антоніем і Лепідам (2-і трыумвірат). У 42 да нашай эры трыумвіры разбілі войскі Брута і Касія, забойцаў Цэзара. Абвастрэнне супярэчнасцяў паміж Актавіянам і Антоніем (абодва імкнуліся да адзінаўладдзя) прывяло да грамадз. вайны. У 31 да нашай эры ў бітве каля мыса Акцый Аўгуст разбіў войскі Антонія і Клеапатры VII і стаў фактычна неабмежаваным правіцелем Рыма. У 27 да нашай эры атрымаў тытул «Аўгуст» (вялікі, свяшчэнны). У часы яго праўлення закладзены асновы прынцыпату. Аўгуст меў вышэйшую ваен. ўладу, пажыццёвую трыбунскую ўладу, быў вялікім пантыфікам (першым жрацом), 11 разоў выбіраўся консулам. У адносінах да народа праводзіў палітыку «хлеба і відовішчаў». Пры ім пашыраны межы дзяржавы. Праўленне Аўгуста супала з т.зв. «залатым векам» рым. л-ры і мастацтва. Месяц смерці Аўгуста быў назв. «аўгустам». Аўгуст і яго час услаўлялі Гарацый, Праперцый, Вергілій і інш.
Статуя імператара Аўгуста з Прыма-Порта. 1 ст. да н.э. — 1 ст.н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІ́ТВА НА ВО́РСКЛЕ 1399.
Адбылася паміж войскамі ВКЛ на чале з вял.кн. Вітаўтам і Залатой Арды на чале з ханам Цімурам-Кутлукам і цемнікам Едыгеем 12.8.1399 каля р. Ворскла (левы прыток Дняпра; верагодна, на тым самым полі, дзе адбылася Палтаўская бітва 1709). Саюзнікамі Вітаўта былі некалькі тысяч татар, прыведзеных ханам Тахтамышам. Вітаўт абяцаў Тахтамышу дапамогу ў захопе ханскага трона Залатой Арды, за што Тахтамыш павінен быў выдаць яму ярлык на Маскоўскае вял. княства, Ноўгарад, Пскоў. Вітаўта падтрымаў і папа рымскі, які абвясціў крыжовы паход на Залатую Арду. У войску ВКЛ былі атрады з Польшчы, Тэўтонскага ордэна, Валахіі. Аднак асн. сілу войска ў 15—20 тыс.чал. складалі харугвы прыкладна 50 князёў ВКЛ. Войска Залатой Арды (верагодна, большае за войска ВКЛ) сустрэла Вітаўта ў межах Залатой Арды каля пераправы цераз р. Ворскла. Спачатку татары зацягвалі час перагаворамі, а з падыходам асн. іх сіл войска Вітаўта было акружана і разбіта, тысячы воінаў загінулі ці трапілі ў палон. Вітаўт і Тахтамыш з рэшткамі войска ўцяклі. Перамога дала магчымасць Цімуру-Кутлуку ўчыніць спусташальны набег на землі Кіеўшчыны і Валыні. ВКЛ захавала кантроль над паўн. Прычарнамор’ем, хоць праваліліся планы Вітаўта дамагчыся панавання над усёй Руссю. Паражэнне садзейнічала заключэнню Віленска-Радамскай уніі 1401 ВКЛ з Польшчай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЙЦЫ́ ЦАРКВЫ́,
найбольш уплывовыя дзеячы хрысц. царквы 2—8 ст., якія стварылі яе дагматыку і арг-цыю. Айцы царквы наз. епіскапаў першых хрысц. абшчын, а з канца 4 ст. — аўтарытэтных царк. пісьменнікаў. Неабходныя ўмовы для прылічэння да Айцоў царквы — прававернасць вучэння, прыналежнасць да патрыстыкі, прызнаная святасць іх жыцця. Прынята абмежаванне патрыстычнай эры Іаанам Дамаскінам (п. каля 748). Айцы царквы, якія, паводле падання, перанялі вучэнне непасрэдна ад апосталаў, называюць Апостальскімі Айцамі (Клімент Рымскі, Ігнацій Антыяхійскі, Палікарп Смірнскі і Папій Іерапольскі). Падзяляюцца на зах. (лацінскіх) і ўсх. (грэчаскіх) у залежнасці ад мовы, на якой яны пісалі. Акрамя згаданых, сярод зах. Айцоў царквы найбольш шануюцца Юсцін-філосаф, Ірыней Ліёнскі (2—3 ст.), Кіпрыян, Лактанцый (3—4 ст.), Іларый Піктавійскі, Амвросій Медыяланскі (4 ст.), Аўгусцін, Іеранім (4—5 ст.), папа Леў I Вялікі (5 ст.), папа Грыгорый Вялікі (6 ст.), Ісідар Севільскі (7 ст.); сярод усх. — Клімент Александрыйскі (2 ст.), Афанасій Вялікі (Александрыйскі), Яфрэм Сірын, Кірыла Іерусалімскі, Васіль Вялікі, Грыгорый Багаслоў, Грыгорый Ніскі, Іаан Златавуст (4 ст.), Кірыла Александрыйскі (5 ст.), Іаан Лесвічнік, Максім Вызнаўца (6—7 ст.). Многія творы Айцоў царквы захаваліся цалкам ці фрагментарна, інш. Вядомыя з крыніц па цытатах, пераказах або назвах. Творчасць Айцоў царквы зрабіла вялікі ўплыў на фарміраванне хрысц. дагматыкі, літургічнага культу, традыцыяў, аскетызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1623,
выступленне правасл. гараджан Віцебска супраць грэка-католікаў (уніятаў) 12 ліст. У яго падрыхтоўцы ўдзельнічалі жыхары Магілёва, Оршы, Полацка і Вільні. Гал. прычынай паўстання сталі жорсткія метады насаджэння уніяцтва (гл.Брэсцкая унія 1596) з боку грэка-каталіцкага архіепіскапа І.Кунцэвіча. Па сігнале званоў ратушы і правасл. цэркваў некалькі тысяч паўстанцаў рушылі да рэзідэнцыі Кунцэвіча, уварваліся ў двор, падпалілі дом, забілі архіепіскапа, а цела кінулі ў Дзвіну. Святары і чэлядзь з акружэння Кунцэвіча былі збіты, а маёмасць архіепіскапа разрабавана, архіў знішчаны. Рымскі папа Урбан VIII заклікаў караля Рэчы Паспалітай Жыгімонта III бязлітасна расправіцца з паўстанцамі. У Віцебск прыбылі каралеўскія камісары з узбр. атрадамі. Усе гараджане, у т. л.чл. магістрата былі аб’яўлены саўдзельнікамі паўстання. Віцебск быў пазбаўлены магдэбургскага права; гараджане страцілі ўсе прывілеі, якімі карысталіся паводле віцебскага права. З горада спагнана 3079 злотых. Камісары загадалі зняць званы з ратушы і ўсіх правасл. цэркваў і адліць з іх вял. звон у памяць пра Кунцэвіча, ратуша была разбурана. Затрыманы і пакараны смерцю 19 чал., у т. л. 2 бурмістры. 78 чал., у т. л. зачыншчык забойства Кунцэвіча С.Пасіёра, уцяклі і былі прыгавораны да пакарання смерцю завочна.
В.І.Мялешка.
Да арт.Віцебскае паўстанне 1623. Забойства І.Кунцэвіча. Малюнак Зімлера. 1865.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТРУМЕНТАЗНА́ЎСТВА,
галіна музыказнаўства, якая даследуе народныя і прафесійныя муз. інструменты. Метады вывучэння: музыказнаўчы (інструмент разглядаецца як сродак увасаблення музыкі) і арганалагічны (канструкцыя інструмента і яго эвалюцыя). Найб. раннія апісанні муз. інструментаў і спробы іх класіфікацыі зроблены да н.э. ў краінах Стараж. Усходу. Першыя спец. працы па І. з’явіліся ў 16—17 ст. у Германіі. Развіццё сімф. музыкі і інстр. выканальніцтва, узбагачэнне інструментарыя паспрыялі стварэнню шматлікіх дапаможнікаў па І. (Г.Берліёз, Ф.А.Геварт, у 20 ст. — А.Рымскі-Корсакаў). Паяўленне ў 2-й пал. 19 ст. музеяў муз. інструментаў у Бруселі, Кёльне, Берліне, Парыжы, С.-Пецярбургу падштурхнула фарміраванне І. як самаст.навук. дысцыпліны, стварэнне навукова абгрунтаваных класіфікацый В.Маіёна (1888), Э.М. фон Хорнбастэля—К.Закса (1914), паводле якіх муз. інструменты падзелены па крыніцы гуку на 4 класы — ідыяфоны (самагучальныя), мембранафоны (перапончатыя), хардафоны (струнныя), аэрафоны (духавыя), а таксама электрамузычныя інструменты 20 ст. (электрафоны), а паводле спосабу гуказдабывання кожны клас — на асобныя падгрупы. На Беларусі станаўленне І. адбывалася ў 19 ст. ў межах мовазнаўства, фалькларыстыкі і этнаграфіі (працы М.Нікіфароўскага і Е.Раманава). Значны ўклад у развіццё бел. І. зрабілі М.Прывалаў, К.Квітка, К.Машынскі, І.Жыновіч, І.Назіна.
Літ.:
Назина И.Д. Становление и развитие белорусского этноинструментоведения как специальной научной дисциплины // Белорусская этномузыкология: Очерки истории (XIX—XX вв.). Мн., 1997.