ІНСТРУМЕНТАЗНА́ЎСТВА,
галіна музыказнаўства, якая даследуе народныя і прафесійныя муз. інструменты. Метады вывучэння: музыказнаўчы (інструмент разглядаецца як сродак увасаблення музыкі) і арганалагічны (канструкцыя інструмента і яго эвалюцыя). Найб. раннія апісанні муз. інструментаў і спробы іх класіфікацыі зроблены да н.э. ў краінах Стараж. Усходу. Першыя спец. працы па І. з’явіліся ў 16—17 ст. у Германіі. Развіццё сімф. музыкі і інстр. выканальніцтва, узбагачэнне інструментарыя паспрыялі стварэнню шматлікіх дапаможнікаў па І. (Г.Берліёз, Ф.А.Геварт, у 20 ст. — А.Рымскі-Корсакаў). Паяўленне ў 2-й пал. 19 ст. музеяў муз. інструментаў у Бруселі, Кёльне, Берліне, Парыжы, С.-Пецярбургу падштурхнула фарміраванне І. як самаст. навук. дысцыпліны, стварэнне навукова абгрунтаваных класіфікацый В.Маіёна (1888), Э.М. фон Хорнбастэля—К.Закса (1914), паводле якіх муз. інструменты падзелены па крыніцы гуку на 4 класы — ідыяфоны (самагучальныя), мембранафоны (перапончатыя), хардафоны (струнныя), аэрафоны (духавыя), а таксама электрамузычныя інструменты 20 ст. (электрафоны), а паводле спосабу гуказдабывання кожны клас — на асобныя падгрупы. На Беларусі станаўленне І. адбывалася ў 19 ст. ў межах мовазнаўства, фалькларыстыкі і этнаграфіі (працы М.Нікіфароўскага і Е.Раманава). Значны ўклад у развіццё бел. І. зрабілі М.Прывалаў, К.Квітка, К.Машынскі, І.Жыновіч, І.Назіна.
Літ.:
Назина И.Д. Становление и развитие белорусского этноинструментоведения как специальной научной дисциплины // Белорусская этномузыкология: Очерки истории (XIX—XX вв.). Мн., 1997.
І.Дз.Назіна.
т. 7, с. 264
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)