Доўг ’доўг’ (БРС). Рус. долг, укр. дыял. довг, ст.-рус. дългъ, длъгъ, дълъгъ, долгъ, чэш. dluh, славац. dlh, польск. dług, балг. дълг, дыял. длъг, серб.-харв. ду̑г, ст.-слав. длъгъ. Прасл. *dъlgъ ’доўг’ (так у Трубачова, Эт. сл., 5, 179; у Фасмера, 1, 524, і іншых праформа *dьlgъ. Аргументацыя Трубачова: «Праформа слав. *dьlgъ, якую пры гэтым дапускалі, трэба сказаць, занадта блізка падводзіць нас да вядомага прыметніка ’доўгі’, каб гэту блізкасць ігнараваць»). Слова даволі цёмнае па этымалогіі. Лічылі роднасным з гоц. dulgs ’доўг’, ірл. dligid ’доўг’ (гл. Фасмер, 1, 524; Бернекер, 1, 224; Траўтман, 55 і наст.). Не вельмі абгрунтаванымі былі версіі аб запазычанні з герм. моў або кельцкіх. Лічыцца няпэўным і збліжэнне з прыметнікам ’доўгі’ (*dьlgъ), якое прапанавалі Праабражэнскі, 1, 188–189, і Брукнер, 90. Агляд версій гл. яшчэ ў Трубачова, 5, 180.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ПАРТЫЗА́НСКІЯ ПЕ́СНІ,

спецыфічная сфера песеннага фальклору, якая склалася ў партыз. фарміраваннях у перыяд Вял. Айч. вайны. Беларускія П.п. складаюць найб. багаты пласт сучаснага фальклору. Падзяляюцца на безыменныя нар. песні («Ой, на лузе, пры дубочку»), творы самадз. складальнікаў («Песня пра Лаўскі бой» П.​Ліпілы), фалькларызаваныя ўзоры сав. масавай песні («На кані вараным» У.​Захарава); вылучаюць таксама т.зв. песні-пераробкі, заснаваныя на абнаўленні паэт. зместу папулярных нар. і сав. масавых песень пры захаванні інтанац. асновы напеваў, рытмікі і паэт. сістэмы першапачатковага тэксту (цыклы песень на мелодыі «Па далінах і па ўзгор’ях», «Кацюша»), У адпаведнасці з пашыранасцю адрозніваюць П.п. асобных злучэнняў і агульнапрызнаныя, што трывала ўвайшлі ў сучасны народнапесенны фонд. П.п. выконваліся сола ці хорам, часта з акампанементам гармоніка, баяна, акардэона, гітары, радзей скрыпкі ці інстр. ансамбля. Аўтарская дзейнасць партыз. песеннікаў дакументальна зафіксавана неаднолькава; вядома больш за 60 аўтараў слоў (каля 200 песенных тэкстаў на бел. і рус. мовах) і больш за 20 аўтараў мелодый. Змест П.п. адлюстроўвае любоў да Радзімы, гатоўнасць аддаць жыццё за яе свабоду, глыбокае пачуццё чалавечай годнасці, гнеў і нянавісць да фаш. захопнікаў. Іх жанравая разнастайнасць абумоўлена спецыфічнай эстэт. функцыяй (гераічны заклік, сатыр. памфлет-пародыя, гумарыстычны партрэт, прыпеўка да танцаў) і множнасцю генетычных вытокаў (ад бел., рус. і ўкр. сялянскай песеннасці да сав. масавай і эстр. песні). Асн. жанры: гімн-марш (тыпу канта), песня-хроніка, гераічная балада, лірычная песня-раманс (маналог, зварот да сябра, ліст да каханай і інш.). Вылучаюцца цыкл развітальных песень, па муз. стылістыцы набліжаных да сял. «зацягучых», і частушка-памфлет. У змесце, паэт. вобразнасці, інтанац. складзе яскрава выяўляюцца рысы наватарства.

Меласу песень героіка-патрыят. зместу ўласцівы заклікальнасць, фанфарнасць, лозунгавая афарыстычнасць. Канкрэтныя праявы наватарскіх рыс стылістыкі залежаць ад жанру: маршавасць выяўляецца ў гімнах, дэкламацыйнасць — у баладах, мелодыка павольнага вальса — у песнях рамансавага складу і г.д. Для паэт. тэкстаў характэрна перавага 4-радковай страфы (у прыпеўках і 2-радковай). Верш П.п. найчасцей сілаба-танічны з чаргаваннем мужчынскай і жан. рыфмаў. Муз. рытміка вызначаецца акцэнтнасцю; часта сустракаюцца (а пры запазычанні напеву дадаткова ўносяцца) пункцірныя рытмічныя фігуры, раптоўныя паўзы, сінкопы. Дыяпазон напеваў найчасцей шырокі (актаўны 1 большы за актаву). У напевах без суправаджэння мінор выступае ў натуральным варыянце, у мелодыях з акампанементам гармоніка, баяна і інш. інструментаў з наборам гатовых акордаў ёсць фарбы гарманічнага мінору. Нярэдка выяўляецца натуральна-ладавая мажора-мінорная пераемнасць (тэрцавая, секундавая, тэрцава-секундавая). Харавы склад значнай часткі П.п. 2- ці 3-галосы з контрапунктычнай падводкай, якая высока лунае над асн. напевам ніжняга голасу. Шматграннасць жыццёвага зместу і спосабаў яго маст. пераўтварэння, масавасць партыз. творчасці, пастаяннае сутыкненне і ўзаемадзеянне розных яе адгалінаванняў прывялі да фарміравання ў П.п. «сем’яў» роднасных сюжэтаў і напеваў. Эстэт. вытокі гэтай з’явы ў песнях найстараж. пласта ў традыцыі групавога прымацавання аднажанравых паэт. тэкстаў да адпаведных поўнаму жанру напеваў-стрыжняў. Форма выяўлення гэтай традыцыі ў П.п. істотна змянілася, бо ў аснове фарміравання меладычна роднасных цыклаў ляжыць новая песня, сучасная паводле зместу і сродкаў маст. выразнасці.

Літ.:

Беларускі фальклор Вялікай Айчыннай вайны. Мн., 1961;

Мухаринская Л.​С.​Белорусская народная партизанская песня, 1941—1945. Мн., 1968;

Яе ж. Партизанские песни Белоруссии и их слагатели. Мн., 1964;

Песні савецкага часу. Мн., 1970;

Песні партызанскай славы. Мн., 1984.

Л.​С.​Мухарынская.

т. 12, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Га́ньба ’ганьба’ (БРС, Нас., Шат., Касп.), таксама ’прыродная вада’ (Шат., Касп.), укр. ганьба́, польск. gańba (старая форма), hańba (больш новая форма, пад уплывам чэш. мовы; гл. Слаўскі, 1, 401–402), чэш. hanba, н.-луж. gańba, в.-луж. hańba. Прасл. *ganьba (уласна дыял. прасл., толькі ў зах. і ўсх.-слав. мовах) — утварэнне ад дзеяслова *ganiti. Гл. падрабязна Слаўскі, там жа. Бернекер (1, 376) лічыў усх.-слав. словы паланізмамі, але, паводле Слаўскага (там жа), без дастатковай аргументацыі. Булыка (Запазыч., 78–79) лічыць ст.-бел. ганьба, ганба паланізмамі (як і вытворныя адсюль дзеясловы). Аб запазычанні, магчыма, сведчыць націск у бел. слове (га́ньба; параўн. укр. ганьба́). Сюды ганьбава́ць, га́ньбіць (БРС, Нас., Касп.), ст.-бел. ганбити (Булыка, Запазыч.), гане́бны (ст.-бел. ганебный; Булыка, Запазыч.). Укр. (ст.-укр.) ганба Цімчанка (1, 506) таксама лічыў запазычаннем з зах.-слав. моў (чэш. hanba, польск. hańba).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Казакі́н ’мужчынскае верхняе адзенне на апліках, са зборкамі ззаду’ (ТСБМ), ’верхняя вопратка доўгага памеру, сабраная ў таліі’ (Інстр. I). Статус слова няясны, гаворкі ведаюць іншую форму (казачына). Відавочнае запазычанне, аднак адкуль — цяжка вызначыць. Польская мова ведае kozakinka ’сукенка без рукавоў’; Ліндэ зафіксаваў толькі формы з ‑a‑: kazakinka, kazakina, kasakina, што фанетычна адпавядае мяркуемай крыніцы запазычання — франц. casaquin ’кафтан, апанча, плашч і інш.’ (< casaque ’тс’). Польск. слова — другаснае, таму тэарэтычна папярэдняя форма магла быць крыніцай запазычання для бел. казакін. Аднак шэраг прычын (семантыка, адсутнасць дыялектных фіксацый і інш.) прымушае прыняць версію аб запазычанні з рус. Наяўнасцьу рус. гаворках такога слова, як казакинка ’разнавіднасць жаночай і мужчынскай паддзёўкі’ (пакр., уладз. казакинт ’мужчынскае адзенне казакін’ (чэрап., наўг.), сведчыць аб тым, што суадносіны рус. і польск. слоў вельмі складаныя, калі мець на ўвазе шляхі пранікнення гэтага запазычання. Параўн. казак ’тс’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пасталы́, пасталэ́, постолэ́, постолы́, браг. пасту́лі; посто́лі, пустолы́ ’лыкавыя лапці’ (Маш., Булг., Янк. 3., Янк. БФ, Шпіл., Эр., Бес., Тарн., Сл. ПЗБ, Малч., Мат. Гом., Ян., Сл. Брэс.), ’скураныя лапці’ (ТСБМ, Касп., Мат. Гом., Сл. Брэс.; віц., Хрэст. дыял.), ’падстаўкі для ўмацавання ножак церніцы’ (Уладз.). Укр. пості́л, постоли́, рус. постолы́, польск. postoł, славен. póstol, серб.-харв. по̀сто̑, балг. постал, бостал ’чаравікі’, ’туфель’. Радлаў (4, 1291), Міклашыч (Türk. El. Nachtr., 2, 144), Гараеў (276), Вахрас (Наим. об., 151) выводзяць з тур. postal ’туфель’ (тур., крым.-тат. post ’скура’ < новаперс. < с.-перс. pōst ’тс’. Іншыя (Праабражэнскі, 2, 113; Младэнаў, 496) мяркуюць, што гэта слова мае і.-е. паходжанне (з *pod‑ і *tol‑), прыводзячы ў якасці роднаснага ст.-інд. padatalē ’падэшвы чаравікаў’, што малаімаверна. Улічваючы геаграфію пашырэння лексемы можна меркаваць аб асобным запазычанні цюркскага слова ва ўсх.-слав. і паўд.-слав. мовы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пузды́р ’вадзяны пухір на скуры’ (Цых.), пуздырь ’пузач, тоўсты чалавек’ (Бяльк.). Гл. пузыр, устаўное д, магчыма, у выніку збліжэння з пу́здра (гл.), параўн. пуздэрак ’малы, але пузаты чалавек’ (брэсц., Нар. лекс.) і пуздерик ’бутэлечка’ (Траст.), пуздё‑ рак ’схованка для віна’ (Шпіл.), або па фанетычных прычынах, як у зайздросць (гл.); параўн. таксама літ. pūzras/pūzdras ’гнілушка, спарахнелы кавалак дрэва’. Сюды ж і пу́здра, пуздря ’таўстун, таўстуха’ (Юрч.), якія Лаўчутэ (Балтизмы, 126) выводзіць з літ. pūzrą ’маленькі, пузаты чалавек, хлопчык; санлівец’, pūzdrą ’хто надуўся’, адносіны якіх да славянскіх слоў застаюцца няяснымі; паводле Банькоўскага (2, 968), магчыма, запазычанні, параўн. укр. пуздир ’вясковы хлопец’, паводле Горбача (Арго, 20) ад пуздро (гл.). Сумнеўным здаецца і аднясенне да названых балтызмаў экспрэсіўнага рус. маск. пуздырять ’прагна і хутка есці’ (Тапароў, Балтийские яз., 45), хутчэй за ўсё ’есці, пускаючы пузыры’, параўн. рус. пузырить ’шмат піць’ (ад пузырь, гл. Фасмер, 3, 403).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ры́нда1, рындося ’хто неахайны’ (в.-дзв., даўг., Сл. ПЗБ), рус. дыял. ры́нда ’худы высокі чалавек’, ’худы конь’. З літ. rindà ’непаваротлівы чалавек’ (Саўка, Запісы 23, 57).

Ры́нда2 ’воін царскай аховы на Русі’ (ТСБМ), рус. ры́нда ’аружаносец, целаахоўнік’, ст.-руск. рында. Цяжкое слова, верагодна іншамоўнага паходжання. Вывядзенне са ст.-ісл. rǫnd ’край шчыта, шчыт’ ставіцца пад сумненне з фанетычнага пункту гледжання. Зусім неверагоднае тлумачэнне з дац. rinde, rende ’бегчы’ і з ням. Ronde ’дазор’ (Фасмер, 3, 529). Магчыма, сюды ж рус. ры́ндель ’знамяносец’ з наступным з’яўленнем насавога (Фасмер, 3, 529).

Ры́нда3: рынду біць ’у парусным флоце — тройчы ўдарыць у звон у поўдзень’ (ТСБМ), рус. ры́нда ’звон карабельнага колакала’. Тлумачыцца як утварэнне з англ. to ring the bell ’званіць у колакал’ (Фасмер, 5, 529). Малаверагоднай падаецца версія аб запазычанні са швец. ringa ’званіць’ (Мацэнаўэр, LF 18, 245).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Танцава́ць ’выконваць танец; танчыць’, ’скакаць’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт., Бяльк., Федар. 4, Сержп. Прык., Сл. ПЗБ), танцова́ць ’тс’ (ТС), танцэ́ваць ’тс’ (брасл., Сл. ПЗБ), танцёва́ті ’тс’ (беласт., Сл. ПЗБ; Вруб.), ст.-бел. танцова́ти, танцева́ти ’танцаваць’ (1518 г., КГС); сюды ж танцо́р ’мужчына, які ўмее добра танцаваць’ (Ласт., Арх. Вяр., Сл. ПЗБ, Сцяшк.), та́нцар ’тс’ (Федар. 4), танцо́рка ’дзяўчына, жанчына, што добра танцуе’ (Некр. і Байк., Сл. ПЗБ), танцэ́рка ’тс’ (Федар. 4), танцёрка ’тс’ (Сл. ПЗБ), танцые́рка ’тс’ (Сцяшк. Сл.). Запазычанні з польскай мовы, гл. старое tańcować ’танцаваць’ (суч. tańczyć, гл. танчыць), tancerka, tancerz ’хто добра танцуе’, у апошнім адбылася замена суф. ‑erz на ‑or (‑ор), магчыма, яшчэ на частцы польскамоўнай тэрыторыі, параўн. польск. мазав. tancor ’тс’, адносна чаго Смулкова, Бел.-польск. ізал., 116. Падрабязней пра польскія формы гл. Борысь, 626; Длугаш-Курчабова, 495; запазычанне ў рускую — Фасмер, 4, 19; Віткоўскі, Słownik, 184.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вячы́сты (БРС, КТС, Нас., Яруш.), вячыстасць ’вечнасць, спадчыннае ўладанне’ (КТС, Нас.), вѣчисто ’на вякі, вечна; моцна’ (Нас.). Укр. вічистий (лем., Грынч., СУМ), ст.-рус. вѣчистый (зах.-укр. тэр.; з граматы Юрыя Холмскага, 1376 г.). Польск. wieczysty, wieczyście, wieczystość ’вечны, на вякі, вечнасць і г. д.’, памор. ečəstï, чэш. věčitost ’тс’. Думку адносна запазычання з польскай мовы (Булыка, Запазыч., 61; Гіст. лекс., 94) падтрымліваюць ст.-бел. форма вечисте і адсутнасць слова ва ўсх.-бел. гістарычных помніках. Што датычыцца зах.-укр. і ст.-рус. слоў, то, мяркуючы па храналогіі і геаграфіі, неабавязкова разглядаць іх як польскія запазычанні, гэта хутчэй агульная з’ява. Неабходна адзначыць, што як для ўсх.-слав. моў, так і для польскай суфіксацыя ‑іст‑ у дадзеным выпадку не з’яўляецца натуральнай; гл. Gr. hist., 226 і наст. З паралельнай суфіксацыяй ‑it‑ аналагічныя ўтварэнні ў іншых славянскіх мовах: чэш. večitý, славац. večitý, балг. вечи́т, макед. вечит, вечито, серб.-харв. вѐчит, вѐчито ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Дол1 ’ніз, зямля’. Прасл. *dolъ (агляд значэнняў гл. у Трубачова, Эт. сл., 5, 64–65): рус. дол, укр. діл, чэш. důl, польск. dół, балг. дол, ст.-слав. долъ. Лічыцца роднасным з гоц. dal ’даліна, нізіна’, ст.-ісл. dalr, ст.-в.-ням. tal ’даліна’ (параўн. таксама ў кельцкіх мовах dol ’даліна’). Гл. Фасмер, 1, 523; Бернекер, 1, 208–209, Трубачоў, Эт. сл., 5, 65 (апошні падкрэслівае, што вельмі характэрным з’яўляецца адсутнасць роднасных форм у балт. мовах, дзе паняцце ямы, нізіны выражаецца асновай *daub‑, *duob‑).

Дол2 ’магіла’ (Сцяшк.). Зыходзячы з спецыфічнага значэння слова (’магіла’), можна думаць, што гэта непасрэднае запазычанне з польск. dół (прасл. *dolъ), якое сярод іншых мае і семантыку ’магіла’. Агляд форм гл. у Трубачова (Эт. сл., 5, 64–65), які лічыць (неабгрунтавана) бел. дол ’магіла’ спрадвечнай лексемай. Іменна значэнне слова і яго геаграфія (зах. гаворкі бел. мовы) сведчаць аб запазычанні гэтай лексемы з усх.-польск. гаворак.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)