1. Метка, знак, пастаўлены з мэтай абазначыць што‑н., паказаць на што‑н. Адзнака на дрэве. Адзнака на карце.// Запіс, штамп і пад., якія сведчаць што‑н. — Адзінае, што я магу зрабіць, — сказаў .. [дзяжурны па станцыі], разглядаючы паперкі, — гэта адзнаку аб прычынах затрымання грузу.Самуйлёнак.[Паліцай:] — Бачыце, бачыце, пан афіцэр, тут [у кнізе запісу хворых] ёсць свежыя адзнакі аб выпісцы.Лынькоў.// Прадмет, які служыць умоўным абазначэннем чаго‑н. Тры стужкі — адзнакі аб раненнях, ордэны і медалі на гімнасцёрцы самі сабой сведчылі аб яго шляху ў гады вайны.Хадкевіч.// Знак, які астаўся пасля чаго‑н. на якой‑н. паверхні; след. Абапал дарог усюды віднеліся адзнакі нядаўніх баёў — чорныя варонкі, скарэжаныя машыны.Мележ.Дзе была запляснелая сінь, Там няма і адзнакі балота.Глебка.
2. Знак, прыкмета, акалічнасць, паводле якіх можна пазнаць, вызначыць што‑н. Адзнакі хваробы. □ І вось яно выхадзілася, выстаялася гэтае новае жыццё, набыло такія адзнакі, па якіх відаць было, што стаяць яму назаўсёды.Лынькоў.Прывычка гаварыць сам з сабой у некаторых ёсць адзнака блізкай ці сапраўднай старасці.Чорны.// Прыкмета, акалічнасць, якая прадвяшчае, прадказвае што‑н. Гадавалі вока дружныя ўсходы яравых; па ўсіх адзнаках, ураджай павінен быць добры.Гурскі.
3. Асаблівасць, рыса, якімі асоба, прадмет і пад. адрозніваюцца ад іншых асоб, прадметаў і пад. — Пад языком у.. [сакаляняці] знаходзіцца зубец — характэрная адзнака ўсіх сокалаў, — гаворыць Лёня.В. Вольскі.Разам з тым.. [Крапіва] дбайна збярог і традыцыйныя ўласцівасці, традыцыйныя адзнакі баечнага жанру.Казека.
4. Агульнапрынятае абазначэнне ступені ведаў і паводзін навучэнцаў. Жарынку не зацікавіў па-сапраўднаму ні адзін прадмет, ёй было ўсё роўна, што вучыць, абы атрымаць добрую адзнаку.Шыцік.Гартаючы сшыткі, Святлана прыкмеціла, што ў іх было многа добрых і выдатных адзнак.Шахавец.
5. Ганаровы знак, ордэн, медаль і пад. Маці беражна з хусцінкі Зорку з гонарам вымала. — Бацька твой — баец славуты, Гэта бацькава адзнака.Броўка.
•••
Дыплом з адзнакайгл. дыплом.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ЛЕСО́ТА (Lesotho),
Каралеўства Лесота (сесута ’Muso oa Lesotho, англ. Kingdom of Lesotho), краіна на Пд Афрыкі, анклаў на тэр.Паўд.-Афр. Рэспублікі (ПАР). Пл. 30,35 тыс.км². Нас. 2007,8 тыс.чал. (1997). Дзярж. мова — сесута і англійская. Сталіца — г.Масеру. Краіна падзяляецца на 10 акруг. Нац. свята — Дзень незалежнасці (4 кастрычніка).
Дзяржаўны лад. Л. — канстытуцыйная манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1993. Кіраўнік дзяржавы — кароль. Вышэйшы заканад. орган — парламент, які складаецца з Сената (верхняя палата) і Нац. Асамблеі (ніжняя палата). Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. Большую частку краіны займае базальтавае нагор’е Басута, выш. 2000—3000 м, парэзанае глыбокімі далінамі рэк. На У і Пд яго абмяжоўваюць Драконавы горы (г. Тхабана-Нтленьяна, 3482 м), на Пн — горы Малуты (г. Шампейн-Касл, 3276 м). Карысныя выкапні: алмазы, буд. матэрыялы. Клімат рэзка кантынентальны субтрапічны. Сярэдняя т-ра на нагор’і студз. 25 °C, ліп. 15 °C. Зімой бываюць замаразкі, у гарах выпадае снег. Ападкаў за год у гарах на У каля 1000 мм, на астатняй тэрыторыі каля 700—500 мм. Гал. рака Аранжавая з прытокам Каледан. Пераважае сухая стэпавая расліннасць, у гарах — сухалюбныя хмызнякі, альпійскія лугі. Нац. парк Сехлабатэбе.
Насельніцтва. 99,7% складае народ басута. Ёсць еўрапейцы (каля 1,6 тыс.) і выхадцы з краін Азіі (каля 0,8 тыс.). Сярод вернікаў пераважаюць хрысціяне (80%, католікі і пратэстанты), астатнія вызнаюць традыцыйныя мясц. вераванні. Сярэднегадавы прырост насельніцтва 2,4%. Сярэдняя шчыльн. 66,1 чал. на 1 км². Большая шчыльнасць на З і ў цэнтры краіны. У гарадах жыве 23% насельніцтва. У г. Масеру 400,2 тыс.ж. (1995). У сельскай гаспадарцы занята 86,2% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці — 7%. Сезонна (ад 6 да 9 месяцаў за год) 60% мужчын працуе на шахтах і фермах ПАР.
Гісторыя. Старажытнымі насельнікамі Л. былі бушмены і кой-коіны (гатэнтоты), якіх у 17 ст. выцеснілі плямёны басута з групы банту. У пач. 19 ст. адзін з правадыроў басута Машэш I аб’яднаў разрозненыя плямёны ў адзіную дзяржаву. Пад пагрозай заваявання бурамі ён заключыў у 1868 з Вялікабрытаніяй дагавор аб пратэктараце. У 1871—84 Л. ў складзе брыт. Капскай калоніі, з 1884 пратэктарат Басуталенд. У 1952 створаны Афр. кангрэс Басуталенда (з 1959 партыя кангрэса Басута, ПКБ), цесна звязаны з Афрыканскім нацыянальным кангрэсам, у 1959 — Нац. партыя Басута (НПБ), якая адлюстроўвала інтарэсы племянных вярхоў. Паводле канстытуцыі 1965 Л. атрымала ўнутр. самакіраванне. На першых усеагульных парламенцкіх выбарах у 1965 перамагла НПБ, яе лідэр Л.Джонатан стаў прэм’ер-міністрам урада.
4.10.1966 абвешчана незалежнасць Басуталенда, які атрымаў назву каралеўства Л. (кароль Машэш II). Пасля перамогі ПКБ на парламенцкіх выбарах у студз. 1970 Джонатан ануляваў іх вынікі і ўвёў надзвычайнае становішча (адменена ў 1973). У выніку перавароту ў студз. 1986 улада перайшла да Ваен. савета, які забараніў усе паліт. партыі, а ў 1990 скінуў караля Машэша II і абвясціў каралём яго сына Летсі III. Пасля перавароту ў крас. 1991 дзейнасць паліт. партый адноўлена. На парламенцкіх выбарах у сак. 1993 перамагла ПКБ, а яе кіраўнік Н.Махеле стаў прэм’ер-міністрам. Л. — чл. Садружнасці, ААН (з 1966), Арг-цыі афр. адзінства. Дзейнічаюць Партыя кангрэса Басута, Нац. партыя Басута, Партыя свабоды Марэматлу.
Гаспадарка. Л. — агр. краіна, у ліку 25 найменш эканамічна развітых краін свету. Знаходзіцца ў поўнай эканам. залежнасці да ПАР. Валавы нац. прадукт на душу насельніцтва складае каля 580 дол. за год. Сельская гаспадарка дае каля 80% даходу краіны, прам-сць — каля 10%. Пад с.-г. ўгоддзямі 2,3 млн.га (76% тэрыторыі), пераважаюць натуральныя лугі і паша (каля 2 млн.га). Апрацоўваецца каля 300 тыс.га зямлі. Пераважаюць дробныя натуральныя і паўнатуральныя сялянскія гаспадаркі на абшчынных землях. На рынак паступае толькі частка прадукцыі — воўна і высакаякасны махер. Найб. развіта жывёлагадоўля. Пагалоўе (тыс. галоў): буйн. раг. жывёлы — 640, авечак — 1500, коз — 1000; ёсць коні, мулы, аслы. Вырошчваюць кукурузу (займае палавіну пасяўной плошчы), сорга, пшаніцу, ячмень, агародніну. Значныя пасевы гароху і фасолі. З тэхн. культур вырошчваюць джут. У перадгор’ях цэнтр.ч. краіны развіта земляробства, у гарах — адгонна-пашавая жывёлагадоўля. У горных раёнах пашырана тэраснае земляробства. У нязначнай ступені развіты горназдабыўная і апрацоўчая прам-сць; здабыча алмазаў (каля 50 тыс. каратаў у год, значна вагаецца ў асобныя гады, кантралюецца канцэрнам «Дэ Бірс», ПАР), буд. матэрыялаў. Уся электраэнергія паступае з ПАР. Вядзецца апрацоўка воўны і скур, вытв-сць махеру, тканін, дываноў, адзення і абутку. Шмат дробных паўсаматужных прадпрыемстваў харч. прам-сці. Транспарт пераважна аўтамабільны. Аўтадарог 5,2 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 2,1 тыс.км. Адзінаечыг. адгалінаванне (1,6 км) звязвае г. Масеру з чыгункамі ПАР.
У г. Масеру міжнар. аэрапорт. Гандл. баланс адмоўны. У 1992 экспарт склаў 109 млн.дол., імпарт — 964 млн. долараў. Краіна экспартуе воўну, махер, буйн. раг. жывёлу, скуры, імпартуе харч. і прамысл. тавары, паліва і інш. Асноўны гандл. партнёр — ПАР (42% экспарту і 94% імпарту). Дадатковыя крыніцы даходаў насельніцтва — сезонная работа ў ПАР (каля 40% даходу краіны) і замежны турызм (штогод краіну наведвае каля 200 тыс. турыстаў пераважна з ПАР). Л. атрымлівае дапамогу і субсідыі ад міжнар. арг-цый і асобных краін. Грашовая адзінка — лоці.
І.В.Загарэц (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
апо́шні, ‑яя, ‑яе.
1. Які знаходзіцца на самым канцы чаргі, шэрагу падобных прадметаў, з’яў. На апошняй платформе, хутаючыся ў каўнер кажуха, стаяў вартавы.Мележ.Зораў у апошні раз паспрабаваў адгаварыць Каленіка ад задуманага ім плана.Паслядовіч.Апошняму госцю лыжка ў качарэжніку.Прыказка.// Перадсмяротны. [Зарэччы:] Сябры, таварышы мае, Мой час апошні настае.Бачыла.
2. Адзіны, астатні. І мы не раз з табою ў бітвах Сухар апошні раздзяляла.Прыходзька.// Які падыходзіць к канцу, канчаецца. Сабраўшы апошнія сілы, плюнуў Васіль проста ў вочы палкоўніку.Лынькоў.//узнач.наз.апо́шняе, ‑яга, н. Тое адзінае, што засталося. [Туляга:] [Гарлахвацкі] шчыры, душэўны. Гатоў з чалавекам апошнім падзяліцца.Крапіва.
3. Які адбыўся непасрэдна перад чым‑н. Але гэта былі не апошнія словы развітання.Янкоўскі.// Які толькі што з’явіўся, самы новы. Апошнія паведамленне Апошняе дасягненне тэхнікі. Апошняя мода. □ Праходзяць суседзі і ціха пытаюцца Пра Дон і Растоў, пра навіны апошнія.Панчанка.Асабліва.. [Зоя] любіла кінаартыстаў, запісвала новыя песні з апошніх фільмаў і адчувала сябе шчасліваю.Грахоўскі.// Які толькі што мінуў (пра тэрмін, час). Гэта вада фактычна і была.. адзінай ежай [Мірона і Віктара] за апошнія суткі.Маўр.
4. Канчатковы, рашаючы, заключны. Апошняя цана. Апошняе слова. □ Ведаю — страт яшчэ будзе нямала І ў пераможным апошнім баі.Танк.
5. Вышэйшы, крайні. Апошні сродак. □ Міхалка заўважыў, што бацька гатоў быў пайсці на самую апошнюю сваю прыніжанасць, абы накарміць сваіх дзяцей.Чорны.
6. Самы нязначны з усіх падобных; дрэнны. [Байсак:] — Калі я п’ю, я не чалавек тады, я апошняя жывёліна, без волі, без розуму.Лынькоў.// Непрыстойны (пра брыдкія словы). Узлавалася Юля на яблыньку, пачала яе лаяць апошнімі словамі.Якімовіч.
7. Гэты, толькі што названы. Стала відаць, хто што думае і хто чаго хоча, і хто сам не ведае, што яму думаць і чаго хацець. А гэткія, апошнія, таксама былі.Чорны.
•••
Апошні акордгл. акорд.
(Апошні) крык модыгл. крык.
Апошні з магікан — апошні прадстаўнік чаго‑н.
Апошняе слова (навукі і тэхнікі)гл. слова.
Апошняя гадзінагл. гадзіна.
Апошняя дарогагл. дарога.
Да апошняга — поўнасцю, да канца, без астачы.
Да апошняга калівагл. каліва.
Да апошняй капейкігл. капейка.
Да апошняй кроплі (каплі) крывігл. кропля.
Да (апошняй) ніткігл. нітка.
З апошніх сілгл. сіла.
Не ты (я, ён, яна) першы, не ты (я, ён, яна) апошнігл. першы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
склад1, ‑а, М ‑дзе, м.
1. Спецыяльнае месца, памяшканне для захоўвання тавараў, матэрыялаў і пад. Для машын таксама быў зроблены спецыяльны будынак. Гэта быў і гараж для трактароў і склад для розных сельскагаспадарчых машын.Колас.Вечарам мы пайшлі пазнаёміцца бліжэй з портам Касабланкі. Гэта вялікі і добра абсталяваны порт з магутнымі кранамі і шматлікімі радамі складаў.В. Вольскі.
2. Вялікая колькасць якіх‑н. прадметаў, складзеных у адным месцы; запас чаго‑н. Склады бярвення на двары, на вуліцы перад селішчам раслі ўвачавідкі.Мележ.Пра свае склады зброі хлопцы маўчалі.Якімовіч.
склад2, ‑у, М ‑дзе, м.
1. Сукупнасць частак, якія ўтвараюць адзінае цэлае; састаў. Лексічны склад мовы. □ Важнай крыніцай папаўнення фразеалагічнага складу сучаснай беларускай мовы Ўяўляецца мастацкая літаратура.Гіст. лекс. бел. мовы.[Полацкая зямля] ўваходзіла ў склад старажытнарускай дзяржавы — Кіеўскай Русі.Хадкевіч.Полк уваходзіў у склад арміі, якая абараняла Севастопаль з 1 верасня 1854 г.«Помнікі».
2.чаго або які. Сукупнасць людзей, якія ўтвараюць які‑н. калектыў, арганізацыю (з колькаснага або якаснага боку). Склад прэзідыума. □ Выбралі праўленне. Першай у склад яго назвалі Шашу.Шамякін.[Суддзя:] — Падсудны.. вы не пярэчыце супроць складу суда?Дадзіёмаў.
3.(зазначэннем). Асобы, якія складаюць якую‑н. катэгорыю (па роду службы, прафесіі і пад.). Акцёрскі склад тэатра. □ Пад разложыстым дубам прытуліўся камандны склад батальёна: Шалёхін, тры ротных камандзіры і начальнік кулямётнай каманды.Колас.
4. Постаць, фізічны выгляд, будова (чалавека, жывёліны). Высокі, атлетычнага складу, у гэтым незвычайным адзенні .. [Кашын] выглядаў молада і нават малайцавата.Карпаў.Гэта быў высокі мужчына, чарнавусы, моцнага складу.Самуйлёнак.
5. Асаблівасці розуму, думак, характару і пад.; маральнае аблічча чалавека, яго звычкі і пад. Саханюк быў чалавек практычнага складу.Колас.Дырэктарам гімназіі быў сын вілейскага папа, нехта Мірановіч — чалавек старарэжымнага складу і манархічных поглядаў.С. Александровіч.Ёсць людзі, да якіх бруд не ліпне, бо склад іхняй душы, намеры, імкненні высокія.Карпаў.Вучоба маладога Казіміра ў Маскве .. вызначыла склад яго мышлення на ўсё яго жыццё.Пестрак.
6. Манера, спосаб выказваць думкі, гаварыць, пісаць; стыль. Колас — мастак эпічнага складу. □ Казка вызначаецца жывасцю народнага складу, яркімі дэталямі.Саламевіч.// Спосаб пабудовы чаго‑н. (песні, верша і пад.). Песенны склад паэмы. □ 1918 год прынёс публікацыю цыкла вершаў [Багдановіча] беларускага складу.Лойка.
7. Зладжанасць, складнасць; парадак, сэнс. І пайшоў стары Несцер гаварыць у склад, у лад.Пестрак.Я — ратай, і мо’ няўдала З сваёй думкай выйшаў першай. Можа, складу ў песнях мала, Мала досціпу ў вершы?Васілёк.І не хочаш, а думаеш усё і думаеш, — без ніякага складу...Пташнікаў.
8. Пласты зямлі, складзеныя адзін да аднаго. Ворыва ў склад. □ Мы прайшлі дзве баразны — зрабілі склад пасярэдзіне.Якімовіч.
•••
Асабовы склад (састаў) — рабочыя, служачыя якой‑н. установы, прадпрыемства, вайсковай часці і пад.
Ні складу, ні ладу — ніякага толку, парадку, ніякай сувязі.
У складзе — у колькасці. Мясцовы камітэт у складзе 7 чалавек.
склад3, ‑а, М ‑дзе; мн. склады, ‑оў; м.
Гук або спалучэнне гукаў у слове, якія вымаўляюцца адным штуршком паветра. Андрэйка пачаў чытаць па складах: «За ду-бо-вым сталом пі-шу за-ла-тым пя-ром».Бядуля.Словы .. [пастух] расцягваў, робячы націск на кожным складзе.Асіпенка.
•••
Адкрыты склад — склад у слове, які заканчваецца на галосны гук.
Закрыты склад — склад у слове, які заканчваецца па зычны гук.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
1. Дапамагчы каму‑н. або прымусіць каго‑н. сысці ўніз. Звесці каня з гары. Звесці старога з лесвіцы.
2. Перавесці, адвесці на другое месца. Мужык выпраг каня, звёў убок, а воз пакінуў на дарозе.Якімовіч.//перан. Перавесці (размову, думкі) з адной тэмы на другую. Звесці сур’ёзную размову на жарт. □ [Наталля] старалася звесці.. думкі на другое.Чорны.
3. Дапамагчы каму‑н. сустрэцца, убачыцца, пазнаёміцца з кім‑н. — Трэба звесці яго з Якавам, няхай пазнаёміцца.Чарнышэвіч.Гэты паход у лес мы прыдумалі не толькі для таго, каб нарваць лапак і ўпрыгожыць сваю школу, мы хацелі як-небудзь звесці Славу з Веранікай.Навуменка.
4. Наблізіць адно да другога; ссунуць. Паненка строга звяла бровы, і я адразу адчуў, што неўзабаве атрымаю пад бок.Бажко.[Няміра:] У пана — во [зямлі]! (развёў як мог шырока рукі з выстаўленымі далонямі), а ў мужыка — во! (звёў цесна далоні і апусціў галаву).Чорны.
6. Сабраць у адно месца. Звесці дзяцей у зал. □ Як звалі гэтых гнедак ды сівак у адну канюшню — стала многа аднолькавых.Брыль.
7. Саставіць адзінае цэлае з асобных частак, адзінак і пад. Звесці палкі ў дывізію.
8. Нацкаваць адзін на другога, прымусіць пабіцца, пакусацца (пра жывёл, птушак). Звесці сабак. Звесці пеўняў.//перан. Падбухторыць да сваркі, спрэчкі, бойкі. Наперадзе стаяла некалькі чалавек, якія борзда ўмелі звесці Сымона з Міколам.Колас.
9. Прывесці да якога‑н. агульнага выніку; абагуліць. Большасць слоў нашай мовы мнагазначна. Але колькі б значэнняў слова ні мела, заўсёды іх можна звесці да аднаго агульнага значэння, якое звязвае ў адно семантычнае цэлае ўсе астатнія.Юргелевіч.
10. Знішчыць, перавесці. — Дык .. раней, пры тваім старшынстве, мы ледзь і канюшыну не звялі.Пянкрат.— Каб нам не звесці агню, — трывожыўся Мірон. — Можа, па чарзе пільнаваць.Маўр.// Зрасходаваць, страціць (звычайна без карысці). А дзе ж той банк? — карціць пытанне, Так правандруеш да змяркання, А сам туды не пападзеш І толькі дзень дарма звядзеш.Колас.У злаваўся наш тата. — Ну іх, — кажа, — з шаптухамі! Толькі ўсё сала ды крупы звёў.Брыль.// Забіць. [Чыжык] нейкі момант пільна разглядаў сваю ахвяру, думаючы, між іншым, што добра было б і зусім звесці гэтага вартавога, калі толькі ён вораг.Лупсякоў.
11. Збіць з правільнага жыццёвага шляху; схіліць да дрэнных учынкаў. Нялюдская кампанія і добрага звядзе.З нар.// Не выканаць абяцанага; падвесці, падмануць. Некаторыя старэйшыя нават упікалі Грамабоя, што ён звёў [Жагулу], казалі, што сорам так рабіць.Крапіва.
12. Абмежаваць, скараціць; давесці да чаго‑н. нязначнага, малога і пад. Звесці да мінімуму. Звесці шахматную партыю ўнічыю.
•••
Вачэй не звесці — а) не адвесці позірку ад чаго‑н. Мікола наш ідзе за сеялкай. Хлопец вачэй не звядзе — пазірае, як роўненька, як дружна сыплюцца зярняты.Брыль; б) зусім не заснуць. За ўсю ноч і вачэй не звёў.
Звесці вочы — заснуць, задрамаць.
Звесці з п’едэстала — пазбавіць каго‑н. улады.
Звесці канцы з канцамі — а) з цяжкасцю задаволіць жыццёвыя патрэбы, ледзь укласціся ў суму заработку, даходу і пад.; б) справіцца з цяжкасцямі ў рабоце, узгадняючы розныя часткі, злучаючы іх у адно.
Звесці на нішто (да нуля) — пазбавіць усякага сэнсу, значэння.
Звесці ў магілу (у труну, у дамавіну, на той свет, у зямлю) — тое, што і загнаць у магілу (гл. загнаць).
Звесці ў рожкі — пасварыць каго‑н. з кім‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ЗЯМЛЯ́ (ад агульнаслав. зем — падлога, ніз),
трэцяя ад Сонца планета Сонечнай сістэмы. Астранамічны знак ♁ або . Абарачаецца вакол Сонца па эліптычнай арбіце, блізкай да кругавой (з эксцэнтрысітэтам 0,017) з сярэдняй скорасцю каля 30 км/с. Сярэдняя адлегласць ад Сонца 149,6 млн.км (1 астр. адзінка), перыяд абарачэння 365,24 сярэдніх сонечных cутак (трапічны год). На сярэдняй адлегласці 384,4 тыс.км ад З. вакол яе абарачаецца прыродны спадарожнік Месяц, а з канца 1950-х г. запушчана шмат штучных спадарожнікаў. З. абарачаецца вакол сваёй восі, якая мае нахіл да плоскасці экліптыкі, роўны 66°33′22″, за 23 гадз 56 мін (зорныя суткі). Перыяд абарачэння адносна Сонца (сонечныя суткі) 24 гадз. З абарачэннем вакол Сонца і нахілам зямной восі звязана змена на З. пораў года, а з вярчэннем яе вакол восі — змена дня і ночы. Мае форму, блізкую да трохвосевага эліпсоіднага сфероіда (геоіда), сярэдні радыус якога 6371 км, экватарыяльны — 6378,2 км, палярны — 6356,8 км; даўж. акружнасці экватара 40 075,7 км. Пл. паверхні З. 510,2 млн.км² (у т. л. суша 149,1 млн.км², або 29,2%, мораў і акіянаў 361,1 млн.км², або 70,8%), аб’ём 1083∙1012км³, маса 5976∙1021кг, сярэдняя шчыльн. 5518 кг/м³. Беларусь займае 0,139% тэр. сушы (207,6 тыс.км²). Мае гравітацыйнае, магн. і эл. палі. У саставе З. пераважаюць жалеза (34,6%), кісларод (29,5%), крэмній (15,2%) і магній (12,7%). Паводле сучасных касмаганічных уяўленняў, З. ўтварылася каля 4,7 млрд. гадоў назад з рассеянага ў пратасонечнай сістэме газа-пылавога рэчыва. Геал. яе гісторыя падзяляецца на 2 няроўныя этапы: дакембрый (каля 3 млрд. гадоў) і фанеразой (каля 570 млн. гадоў). У выніку дыферэнцыяцыі рэчыва З. пад уздзеяннем яе гравітацыйнага поля, ва ўмовах разагравання нетраў узніклі і развіліся розныя паводле хім. саставу, агрэгатнага стану і фіз. асаблівасцей абалонкі — геасферы З. У цэнтры яе знаходзіцца ядро Зямлі з радыусам 3,5 тыс.км. Т-ра яго прыкладна 5000—6000 °C, ціск дасягае 3,6∙1011 Па, шчыльн. каля 12500 кг/м³ Большую ч. аб’ёму (83%) і масы (67%) «цвёрдай» З. складае мантыя Зямлі. Над мантыяй знаходзіцца зямная кара. Паводле складу і інш. асаблівасцей адрозніваюць мацерыковую кару (магутнасцю ад 35—45 км пад раўнінамі да 75 км у горных абласцях) і акіянічную (магутнасцю 5—10 км). У зямной кары вылучаюць рухомыя вобласці — геасінкліналі і адносна спакойныя — платформы. Верхняя ч. мантыі і зямная кара ўтвараюць літасферу — цвёрдую верхнюю абалонку З. таўшчынёй ад 50 да 200 км. Асабліва важную ролю ва ўтварэнні асадкавага покрыва З. адыгрывае кара выветрывання — слой таўшчынёй звычайна да некалькіх дзесяткаў метраў, размешчаны ў зоне кантакту літасферы з паверхняй З., дзе актыўна працякаюць працэсы фіз., хім. і біял. выветрывання. Большую ч. паверхні З. пакрываюць воды акіянаў і мораў. У акіянах і морах больш за 96% вады гідрасферы, астатняя яе частка размеркавана паміж паверхневымі і падземнымі водамі сушы, ільдамі (пераважна ў высокіх шыротах) і снягамі; нязначная колькасць вільгаці знаходзіцца ў паветры і жывых арганізмах. Агульная колькасць вады на З. ацэньваецца ў 1,4—1,5 млрд.км³. Сусв. акіян падзяляецца на Ціхі, Атлантычны, Індыйскі і Паўночны Ледавіты акіяны; у Паўд. паўшар’і зрэдку вылучаюць Паўд. акіян. Сярэдняя глыб. акіянаў 3711 м, найбольшая — 11 022 м (у Марыянскім глыбакаводным жолабе Ціхага ак.). У Паўн. паўшар’і вада пакрывае 61%, у Паўд. — 81% паверхні. Працэсы перамешвання і марскія цячэнні звязваюць воды акіянаў у адзінае цэлае, таму іх салёнасць мяняецца мала — сярэдняя 35 г/л. Вял. роля акіянаў у кругавароце рэчываў на З. і ў фарміраванні клімату яе асобных раёнаў.
Над акіянамі ўзвышаюцца асобныя масівы сушы, якія ўздымаюцца ў сярэднім на выш. 875 м над узр. м. і ўтвараюць 6 мацерыкоў (Еўразія, Афрыка, Паўночная Амерыка, Паўднёвая Амерыка, Антарктыда і Аўстралія), а таксама шматлікія астравы. Большая ч. сушы знаходзіцца ў Паўн. паўшар’і, а пры падзеле на Зах. і Усх. паўшар’і — ва Усходнім. У рэльефе пераважаюць раўніны і нізкагор’і выш. да 1000 м, якія складаюць каля 2/3 паверхні. Сярэднія і высокія горы займаюць каля 1/3 паверхні сушы (самая высокая адзнака — 8848 м, г. Джамалунгма ў Гімалаях). Асобныя невял. ўнутр. раёны сушы ляжаць ніжэй узр. м. (самая нізкая яе адзнака -400 м у Зах. Азіі, на ўзбярэжжы Мёртвага м.). Рэльеф сушы і марскога дна ў асобных рэгіёнах надзвычай разнастайны, што абумоўлена складанымі ўзаемасувязямі эндагенных (пераважна тэктанічных) і экзагенных (эразійных, эолавых, карставых і інш.) рэльефаўтваральных працэсаў. З. акружае паветр.атмасфера, якая складаецца ў асноўным з сумесі азоту (78,08%) і кіслароду (20,95%); у нязначнай колькасці ёсць інертныя газы, вадзяная пара і інш. Агульная маса паветра 5,151015т, з вышынёй яго ціск і шчыльнасць памяншаюцца. Атмасфера мае слаістую будову (вылучаюць трапасферу, стратасферу, мезасферу, іонасферу, тэрмасферу, экзасферу, якія паслядоўна зменьваюцца ад паверхні З. і адрозніваюцца адна ад адной тэмпературай, шэрагам фіз. і хім. уласцівасцей). Атмасфера затрымлівае значную частку сонечнай энергіі і амаль непразрыстая для цеплавога выпрамянення З.; у выніку наяўнасці ў ёй вуглякіслага газу і вадзяной пары стварае парніковы эфект. Яна таксама ахоўвае паверхню З. ад разбуральнага ўздзеяння большасці метэарытаў. На выш. 20—25 км знаходзіцца азонавы слой (азонасфера), які затрымлівае б.ч. вельмі шкоднага для жывых істот караткахвалевага касм. выпрамянення. Паміж атмасферай і зямной паверхняй адбываецца абмен цяплом і вільгаццю, што выклікае пастаянны кругаварот вады з утварэннем воблакаў (пакрываюць пастаянна не менш 1/2 паверхні З.) і выпадзеннем ападкаў. Паветра знаходзіцца ў бесперапынным руху; яго цыркуляцыя, абумоўленая пераважна нераўнамерным награваннем паверхні З. ў розных шыротах, моцна ўплывае на надвор’е і клімат розных абласцей. Рэзкая верхняя мяжа атмасферы адсутнічае, шчыльнасць яе газаў на адлегласці некалькіх тысяч кіламетраў ад паверхні паступова набліжаецца да шчыльнасці міжпланетнай прасторы. Самая вонкавая і працяглая абалонка — магнітасфера Зямлі, фіз. ўласцівасці якой вызначаюцца магнітным полем З.; у ёй на выш. 3—4 тыс.км і 22 тыс.км над экватарам знаходзяцца ўнутр. і вонкавы радыяцыйныя паясы З. Асн. крыніцай энергіі, што паступае на паверхню З., з’яўляецца электрамагн. выпрамяненне Сонца, якое праходзіць праз атмасферу. Агульная колькасць сонечнай энергіі і цяпла ў выніку рознага нахілу зямной паверхні да сонечных промняў заканамерна памяншаецца ад тропікаў да полюсаў, што з’яўляецца гал. прычынай кліматычнай і геагр. занальнасці. На зямным шары вылучаюць экватарыяльны, па 2 (у Паўн. і Паўд. паўшар’ях) субэкватарыяльныя, трапічныя, субтрапічныя, умераныя паясы, а таксама субарктычны і арктычны (у высокіх шыротах Паўн. паўшар’я), субантарктычны і антарктычны (у высокіх шыротах Паўд. паўшар’я), якія адрозніваюцца паміж сабой тэмпературнымі ўмовамі і інш. асаблівасцямі клімату і ландшафтаў. Сярэдняя т-ра прыземнага слоя паветра на планеце 14 °C, у пустынях Паўн. Афрыкі і Каліфорніі адзначаліся максімальныя т-ры 57—58 °C, самыя нізкія т-ры на паверхні З. назіраліся над ледавікамі цэнтр. раёнаў Антарктыды (каля -90 °C). Сярэднегадавая колькасць ападкаў на зямным шары каля 1000 мм, найб. іх выпадае ў гарах Усх. Індыі і Гавайскіх а-воў (да 12 000 мм за год), найменш — у некат. субтрапічных і трапічных пустынях (некалькі міліметраў, месцамі — не кожны год), а таксама ў ледзяных пустынях высокіх шырот Арктыкі і Антарктыкі (амаль выключна ў цвёрдым выглядзе). Колькасць ападкаў і іх сезонная зменлівасць у розных рэгіёнах З. вызначаюцца ў асноўным умовамі цыркуляцыі атмасферы і мясц. араграфічнымі асаблівасцямі. Клімат З. значна мяняўся ў розныя геал. эпохі. Найважнейшая асаблівасць З., што адрознівае яе ад інш. планет Сонечнай сістэмы, — існаванне жыцця, якое ўзнікла каля 3—3,5 млрд. гадоў назад (ёй садзейнічала наяўнасць на З. фіз. і хім. умоў, неабходных для сінтэзу складаных арган. малекул).
Вобласць актыўнага жыцця ўтварае асобную абалонку З. — біясферу, склад, будова і энергет. працэсы ў якой ў значных рысах абумоўлены дзейнасцю жывых арганізмаў, што ўтвараюць у сукупнасці жывое рэчыва; у біясферы адбываецца біял. кругаварот рэчыва на З. Працяглая гісторыя развіцця біясферы і значныя прасторавыя адрозненні прыродных умоў садзейнічалі вял. разнастайнасці жыццёвых форм. На З. існуе каля 2 млн. відаў жывёл і раслін (па колькасці відаў пераважаюць жывёлы, па аб’ёме біямасы — расліны). Найб. колькасць жывёл і раслін жыве ў цёплых і вільготных раёнах сушы — у вільготных тропіках, найменшая — у сухіх і гарачых трапічных пустынях і ў ледзяных пустынях Арктыкі і Антарктыкі. Біямаса сушы (6,5∙1012т) у сотні разоў перавышае біямасу акіянаў. Найб. дыферэнцыраваныя склад і будову ў межах З. мае геаграфічная абалонка, што аб’ядноўвае цесна ўзаемадзейныя ніжнія слаі атмасферы, верхнія тоўшчы літасферы, амаль усю гідрасферу і ўсю біясферу, паміж якімі адбываецца бесперапынны абмен рэчывам і энергіяй. Яе магутнасць не перавышае некалькіх дзесяткаў кіламетраў, але ў яе межах назіраецца вял. дыферэнцыяцыя прыродных ландшафтаў, што асабліва ўзмацняецца ў гарах, дзе на фоне шыротнай занальнасці адзначаюцца праяўленні вышыннай пояснасці. Каля 30% паверхні сушы ўкрываюць лясы, каля 20% — саванны і рэдкалессі, каля 20% — пустыні і паўпустыні, больш як 10% — ледавікі, каля 10% — астатнія матуральныя ландшафты, больш за 10% пад ворнымі землямі і урбанізаванымі тэрыторыямі. Са з’яўленнем чалавека (не менш як 3 млн. гадоў назад) жыццё на З. дасягнула разумнай формы. У ходзе грамадскага развіцця геагр. абалонка дае чалавеку прыродныя рэсурсы і ўмовы існавання, зазнае ўсё большае антрапагеннае ўздзеянне на ўсе кампаненты і на ландшафты ў цэлым; гэтым яна адрозніваецца ад інш. абалонак З. Працэсы ўзаемадзеяння чалавека і навакольнага асяроддзя, іх экалагічныя, сац., эканам., паліт. вынікі набываюць планетарны характар. Ад вырашэння праблем, якія ўзніклі ў ходзе гэтага ўзаемадзеяння, залежыць будучае З. і чалавецтва. З. вывучаюць геадэзія (даследуе фігуру і памеры З.), астраномія (рух З. як нябеснага цела), геафізіка (стан рэчыва З. і фіз. працэсы ва ўсіх геасферах), геахімія (размеркаванне хім. элементаў З. і працэсы іх міграцыі), геалогія (гісторыю развіцця З., склад, будову зямной кары і больш глыбокіх сфер), фізічная геаграфія і біялогія (прыродныя працэсы і з’явы, што адбываюцца ў геагр. абалонцы і біясферы). З. з’яўляецца канчатковым аб’ектам даследавання ўсіх навук, якія вывучаюць законы ўзаемадзеяння прыроды і грамадства. На З. знаходзіцца 191 дзяржава і шэраг несамастойных тэрыторый (1997).
Літ.:
Мильков Ф.Н. Общее землеведение. М., 1990.
В.П.Якушка.
Да арт.Зямля. Выгляд Зямлі з космасу. Бачны Афрыка, частка Антарктыды, Аравійскі паўвостраў.Да арт.Зямля. Касмічны здымак паўднёва-заходняй часткі Гімалаяў.Да арт.Зямля. Частка рэльефнай карты дна Ціхага акіяна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКУЛЬПТУ́РА (лац. sculptura ад sculpo выразаю, высякаю),
від выяўленчага мастацтва, творы якога маюць фізічна-матэрыяльны, прадметны аб’ём і трохвымерную форму, размешчаную ў рэальнай прасторы. Вырабляецца з дрэва, каменю, гіпсу, косці, гліны, металу, пластмасы і інш. матэрыялаў. Найб. пашыраны аб’ект выявы — чалавек, радзей жывёлы (анімалістычны жанр), прырода (пейзаж), нацюрморт. У 20 ст. ўзнікла і распаўсюдзілася абстрактная С., для стварэння якой часта выкарыстоўваюць нетрадыц. матэрыялы (дрот, надзіманыя фігуры і інш.; гл. таксама Кінетычнае мастацтва). Гал. выразныя сродкі С. — пастаноўка фігуры ў прасторы, перадача яе руху, позы, жэста, святлоценявая мадэліроўка, якая ўзмацняе рэльефнасць формы, фактура лепкі або апрацоўка матэрыялу, архітэктанічная арганізацыя аб’ёму, зрокавы эфект яго масы, вагавых суадносін, выбар прапорцый. Аб’ёмная С. будуецца ў рэальнай прасторы па законах гармоніі, рытму, раўнавагі, узаемадзеяння з навакольным арх. ці прыродным асяроддзем і на аснове анатамічных або структурных асаблівасцей мадэлі. Асн. разнавіднасці С.: круглая С., што свабодна размяшчаецца ў прасторы (статуя, група, торс, бюст, статуэтка і інш.) і рэльефная, у якой аб’ёмныя выявы размяшчаюцца на плоскасці (барэльеф, гарэльеф, контррэльеф, паглыблены рэльеф). У залежнасці ад прызначэння С. падзяляецца на станковую (гл.Станковае мастацтва), манументальную скульптуру, манументальна-дэкаратыўную скульптуру, скульптуру малых форм, надмагільную пластыку (гл.Надмагілле), медальернае мастацтва, гліптыку і інш. Тэхналогія яе стварэння ўключае лепку, разьбу, апрацоўку цвёрдых матэрыялаў, фармоўку, адліўку, чаканку, зварку і інш.
Раннія формы і віды С. існавалі ў многіх народаў свету з часоў першабытнага мастацтва. У неаліце С. (круглая, звычайна выявы невял. памераў) рэзалі з мяккіх парод каменю, косці, дрэва; схематычныя рэльефы выконвалі на каменных пласцінах і сценах пячор. Часта скульптурнымі выявамі ўпрыгожвалі прадметы побыту, прылады працы і палявання; іх выкарыстоўвалі і ў якасці амулетаў. У рабаўладальніцкі перыяд С. выкрышталізавалася ў асобны від дзейнасці са спецыфічнымі задачамі (гл. ў арт.Егіпет Старажытны, Шумер, Акад, Вавілонія, Асірыя, Скіфы). Развітыя віды С. (гіганцкія выявы людзей і жывёл, рэльеф, партрэт) вядомы ў народаў Стараж. Усходу і Амерыкі. Адзін з найвыш. этапаў гісторыі С. — антычнае мастацтва (Лісіп, Міран, Фідый, Паліклет, Праксіцель, Скопас) з характэрнымі для яго ідэалам гарманічна развітога чалавека-грамадзяніна, з дасканалым уключэннем С. ў арх. ансамблі. Культавая С. сярэдневякоўя ў Еўропе і Азіі аб’ядноўвалася з архітэктурай у складаныя прасторавыя комплексы. У 2-й пал. 13 — пач 14 ст. пачалі складвацца рысы Адраджэння (Н.Пізана і інш.). Увасабленне ідэалаў гуманізму Адраджэння ўласціва творчасці Данатэла, Якопа дэла Кверча, А.Верок’ё, Мікеланджэла (Італія), К.Слютэра (Бургундыя), Ж.Гужона, Ж.Пілона (Францыя), М.Пахера (Аўстрыя), А.Крафта, Ф.Штоса, Т.Рыменшнайдэра (Германія). Цікавасць да вырашэння дэкар. задач вылучае С. маньерызму (Б.Чэліні, Італія, і інш). С. барока вызначаецца дынамічнымі формамі, імкненнем да ўрачыстасці і пышнасці: Л.Берніні (Італія), А Шлютэр (Германія), П.Пюжэ (Францыя).
Рысы барока і класіцызму развівалі Ф.Жырардон, А.Куазевокс (Францыя) і інш. У перыяд класіцызму побач з гіст., міфалагічнай і алегарычнымі тэмамі (А.Канова ў Італіі, Б.Торвальдсен у Даніі) вял. значэнне набыў партрэт (Ж.Б.Пігаль, Э.М.Фальканэ, Ж.А.Гудон у Францыі). Пошукі новых выразных сродкаў, эмац. напружанасць уласцівы С. эпохі рамантызму (П.Ж.Давід д’Анжэ, А.Л.Бары, Ф.Руд у Францыі). У С. Расіі ў 18 ст. адбыўся пераход ад сярэдневяковых рэліг. форм да свецкага мастацтва (Б.К.Растрэлі і інш). Пазней рас. С. развівалася ў рэчышчы агульнаеўрап. стыляў. Сярод прадстаўнікоў рус.акад. школы С. Ф.Шубін, М.Казлоўскі, Ф.Шчадрын, І.Мартас, В.Дэмут-Маліноўскі, С.Піменаў і інш. У 2-й пал. 19 ст. ў рас. і зах.-еўрап. С. класіцызму пераходзіць у салоннае мастацтва, якому проціпастаўляецца рэаліст. кірунак (гл. Рэалізм, Ж.Далу ў Францыі, К.Менье ў Бельгіі і інш.). У канцы 19—пач. 20 ст. ў перыяд стылю мадэрн С. ствараецца як адзінае цэлае з інтэр’ерам, фасадам; складваюцца імпрэсіянізм (А.Радэн, Францыя), сімвалізм. Сярод найбуйнейшых скульптараў пач. 20 ст. А.Бурдэль, А.Маёль, Ш.Дэсп’ё (Францыя), Э.Барлах (Германія), І.Мештравіч (Харватыя), К.Брынкушы (Румынія). Розныя кірункі рас. С. ўвасоблены ў творах П.Трубяцкога, С.Канёнкава, А.Мацвеева, М.Андрэева і інш. Пластычная выразнасць форм набывае асн значэнне ў С. М.Роса (Італія), А.Джакамеці (Швейцарыя), Г.Кольбе (Германія). Мадэрнісцкі эксперыменталізм 20 ст. прывёў да выкарыстання ў С. нетрадыц матэрыялаў. У рэчышчы мадэрнізму працавалі Г.Арп, А.Архіпенка, Н.Габа, А.Колдэр, А.Пеўзнер, П.Пікасо. Сярод найбуйнейшых скульптараў 20 ст. Г.Мур (Вялікабрытанія), І.Ногучы (ЗША), К.Дунікоўскі (Польшча), Ф.Крэмер, О.Шлемер (Германія), Дж.Манцу (Італія), В.В.Аалтанен (Фінляндыя), С.Лебедзева, В.Мухіна, І.Шадр, Л.Шэрвуд, Я.Вучэціч, М.Анікушкін, А.Кібальнікаў, Э.Неізвесны, О.Цадкін (Расія), Ю.Мікенас, Г.Якубоніс (Літва).
На тэр. Беларусі найб. раннія помнікі С. адносяцца да эпохі неаліту (гл.Асавецкія творы першабытнага мастацтва, Багушэвіцкая статуэтка, Шклоўскі ідал). У помніках С. часоў Кіеўскай Русі адметны ўплыў візант. мастацтва: каменныя разныя абразкі «Канстанцін і Алена» з Полацка, «Хрыстос Эмануіл» з Пінска (абодва 12 ст.), «Мікола і Стафан» і двухбаковы абраз «Пётр. Маці Божая» з Мінска (13 ст.), касцяны двухрадны абраз з Турава (15—16 ст.), абразок «Маці Божая Жыровіцкая» з яшмы (1470) і інш. У канцы 14—15 ст. у С. ўзмацніўся ўплыў зах.-еўрап. мастацтва. Цесная ўзаемасувязь з архітэктурай і яе маст. стылямі характэрна для культавай каменнай і драўлянай С. (гл.Скульптура драўляная). Традыцыі Адраджэння паўплывалі на мемарыяльную пластыку 16—17 ст.: надмагіллі М.К.Радзівіла ў Нясвіжскім касцёле езуітаў (17 ст.), сям’і П.Сапегі (пасля 1599 — пасля 1635). Своеасаблівасцю, высокім маст. узроўнем вызначаецца С. бел. барока: «Св. Себасцьян», «Св. Рох» з Навагрудка (пач. 17 ст.), С. алтароў Гродзенскага касцёла езуітаў (1736), Пінскага касцёла францысканцаў (18 ст.). У 2-й пал. 17 ст. шмат бел. майстроў працавала ў Рус. дзяржаве, дзе яны аздаблялі палацы і храмы (гл. Беларуская рэзь); вядомы паліхромныя маёлікавыя рэльефныя выявы апосталаў, выкананыя С.Палубесам. У 17—18 ст. узнікла свецкая С. (бюсты магнатаў, гіст. дзеячаў). З 2-й пал. 18 ст. С. набыла рысы ракако. Вобразы, створаныя ў гэты перыяд, захоўваюць манументальнасць, глыбіню і ўнутр. значнасць. Побач з дрэвам пашыраны С. са стука: канфесіянал і алтар са С. у касцёле бернардзінак у Слоніме (1751—64, лепшчык Я.Хедэль) і інш. У С. канца 18 ст. прыкметны ўплыў класіцызму; яны вылучаюцца ўрачыстасцю поз, спакойным рытмам аб’ёмаў: «Маці Божая» з в. Ганута Вілейскага р-на, стукавы дэкор у Свяцкім палацы (Гродзенскі р-н; мастакі Т.Манькоўскі, А.Смуглевіч), Верхнім замку ў Гродне, касцёле Ганны ў в. Мосар Глыбоцкага р-на і інш. Рысы позняга класіцызму ўласцівы творам К.Ельскага, А.Скірмунт, А.Ромера. У творчасці мастакоў канца 19 — пач. 20 ст. прыкметны рысы мадэрнізму: Я.Тышынскі, Я.Багушэўскі, К.Змігродскі, А.Краснапольскі, В.Бубноўскі. Рэалістычнасцю вызначаюцца партрэты сучаснікаў, выкананыя В.Смакоўскім, Р.Слізнем, керамічныя работы анімалістычнага жанру М.Міхалапа, творы К.Каганца, Я.Драздовіча. У 19 ст. пашыраны таксама палацава-паркавая, прыдарожная культавая і мемарыяльная С. (надмагіллі К.Радзівіл у Нясвіжскім касцёле езуітаў, 1825; А.Тызенгаўза ў Гродзенскім касцёле езуітаў, скульптар Т.Дыкас, 1887, і інш.). Пасля 1917 скульптары стваралі помнікі дзеячам рэв. руху. У 1920-х г. развіваўся пераважна станковы партрэт (творы А.Бразера, А.Грубэ). Пэўную ролю ў падрыхтоўцы кадраў адыграла скульптурнае аддзяленне Віцебскага маст. тэхнікума, выпускнікі якога ў пач. 1930-х г. удзельнічалі ў афармленні інтэр’ераў Дома ўрада Рэспублікі Беларусь. У 1953 адкрыўся маст.ф-т у Бел.тэатр.-маст. ін-це (цяпер Бел.АМ). У станковай С. ствараліся партрэты дзярж. дзеячаў, дзеячаў мастацтва і культуры, у 1940—50-я г. — Герояў Сав. Саюза (З.Азгур, А.Бембель, Грубэ). У манум. С. вылучаюцца шматфігурныя рэльефы для Манумента Перамогі ў Мінску (Азгур, Бембель, А.Глебаў, С.Селіханаў). У 1960—70-я г. ставіліся помнікі партызанам, падпольшчыкам і воінам Сав. Арміі: патрыётам Асінторфа (Г.Мурамцаў), воінам і партызанам у калгасе «Бальшавік» Чэрвеньскага р-на (А.Анікейчык, Б.Івонцьеў); рэльефы на Кургане Славы Савецкай Арміі — вызваліцельніцы Беларусі, у комплексах Брэсцкая крэпасць-герой (Бембель, А.Кібальнікаў), Хатынь (Селіханаў), Манумент у гонар маці-патрыёткі ў г. Жодзіна (А.Заспіцкі, І.Міско, М.Рыжанкоў). У 1970—2000 ствараліся помнікі і мемарыяльныя дошкі, мемарыяльныя знакі, партрэты вядучым дзеячам бел. культуры, навукі і мастацтва (Азгур, Анікейчык, Э.Астаф’еў, С.Вакар, С.Гарбунова, Глебаў, І.Голубеў, Л.Гумілеўскі, М.Інькоў, Міско, М.Якавенка, В.Янушкевіч і інш). Развіваецца садова-паркавая скульптура (С.Гумілеўскі, Л.Давідзенка, У.Жбанаў, М.Канцавой, У.Слабодчыкаў). Пошукамі сучасных форм выяўлення, канцэптуальным падыходам да вырашэння ідэі, метафарычнасцю маст. мовы вылучаюцца творы І.Засімовіча, Т.Сакаловай, К.Селіханава, Слабодчыкава, А.Фінскага; выразнасцю і пластычнай завершанасцю — творы А.Арцімовіча, М.Байрачнага, А.Бачкарова, Г.Буралкіна, А.Дранца, Канцавога, П.Лука, В.Мурашова, А.Шатэрніка і інш. С. часта з’яўляецца састаўной часткай інсталяцый, маст. праектаў (С.Войчанка, У.Цэслер і інш.).
Літ.:
Кацар М.С. Скульптура Савецкай Беларусі. Мн., 1957;
Орлова М.А. Искусство Советской Белоруссии. М., 1960;
Валериус С.С. Прогрессивная скульптура XX в.: Пробл. и тенденции. М., 1973;
Bazin G. The history of world sculpture. London, 1970.
А.К.Лявонава, Э.А.Петэрсон.
Да арт.Скульптура. Фараон Мікерын з жонкай. Егіпет. Каля 2,5 тыс.г. да н.э.Да арт.Скульптура. Мікеланджэла. Хлопчык, які скурчыўся. Паміж 1520—34.Да арт.Скульптура. Г.Мур. Фігура ляжыць. 1935.Да арт.Скульптура. Венера Таўрычаская. Рымская копія. 3 ст. да н.э.Да арт.Скульптура. Венера Вілендорфская. Аўстрыя. 30—25 тыс.г. да н.э.Да арт.Скульптура. А.Глебаў. Ф.Скарына. 1954.Да арт.Скульптура. А.Анікейчык. Г.Ахматава. 1982.Да арт.Скульптура. А.Шатэрнік. Мікола Гусоўскі. 1984.Да арт.Скульптура. А.Бачкароў. Феафан Грэк. 1988.Да арт.Скульптура. А.Фінскі. Адчуванне палёту. 1997.Да арт.Скульптура. А.Бембель. Барэльеф у Доме ўрада ў Мінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
сістэ́ма, ‑ы, ж.
1. Сукупнасць заканамерна звязаных паміж сабой элементаў (прадметаў, з’яў, поглядаў, ведаў і пад.), якія складаюць пэўнае цэласнае ўтварэнне, адзінства. Сістэма галактык.// Сукупнасць прынцыпаў, якія з’яўляюцца асновай якога‑н. вучэння. Філасофская сістэма класікаў марксізма-ленінізма. Педагагічная сістэма Макаранкі.// Сукупнасць метадаў, правіл ажыццяўлення чаго‑н. Сістэма кантролю. Сістэма планавання.// Сукупнасць якіх‑н. элементаў, адзінак, якія аб’ядноўваюцца па агульнай прыкмеце, прызначэння). Сістэма гукаў беларускай мовы. □ Нанава наладзіць падпольную сувязь пры дапамозе сістэмы троек было нялёгка.Машара.
2. Парадак, абумоўлены правільным размяшчэннем і ўзаемнай сувяззю частак чаго‑н. Даводзілася ўсе свае веды прыводзяць у сістэму, многа чаго чытаць.Шахавец.// Прадуманы план. Падрыхтоўка да паступлення ў ваенныя вучылішчы ішла адпаведна намі ж распрацаванай сістэме.Навуменка.// Звычайны, устаноўлены распарадак чаго‑н. [Дыспетчарскія] даклады.. увайшлі ў сістэму, праводзяцца штодзённа.Шынклер.// Прынятае ўстанаўленне, парадак; закон. Сістэма атэстацыі працаўнікоў. Сістэма падаткаў. Сістэма водпускаў. □ [Шыковіч:] — Міна Азаравіч, скажыце, калі ласка, якая ў вас сістэма падбору дакументаў?Шамякін.
3. Форма арганізацыі, будова чаго‑н. (дзяржаўных, палітычных, гаспадарчых адзінак, устаноў і пад.). Дзяржаўная сістэма. Выбарчая сістэма.// Форма грамадскага ладу; фармацыя. Сацыялістычная сістэма. Капіталістычная сістэма. □ Там крызіс лютуе, Там крык безрабоцця — Сістэма старая згніла.Колас.
4. Сукупнасць гаспадарчых адзінак, блізкіх па сваіх задачах і арганізацыйна аб’яднаных у адзінае цэлае. Сістэма аховы здароўя. Сістэма органаў народнай асветы. Працаваць у сістэме ўстаноў Акадэміі навук БССР. □ К гэтаму часу атрад пачаў дзейнічаць ужо ў сістэме часцей Чырвонай Арміі.Чорны.
5. Структура, якая складае адзінства ўзаемна звязаных частак. Сардэчна-сасудзістая сістэма. Каранёвая сістэма расліны. □ Цукар падтрымлівае нервовую сістэму і асабліва карысны пры разумовай працы.Маўр.// Тэхнічнае адзінства, сукупнасць узаемна звязаных збудаванняў, механізмаў і пад., якія дзейнічаюць узгоднена. Вартавыя сістэмы касмічнага карабля. □ Над капустай шэрым алавяным бляскам адсвечвалі трубы арашальнай сістэмы.Ракітны.// Марка, канструкцыя якіх‑н. машын, іх частак. Вінтоўка сістэмы Бердана. □ У калгасе лепш ураблялася зямля, у калгасе былі трактары, плугі навейшай сістэмы.Колас.// Сукупнасць якіх‑н. прадметаў, прыстасаванняў і пад. аднаго прызначэння. Сістэма штучных спадарожнікаў. □ Ілья Ільіч устаў, паслухмяна падаўся ў сенцы і хоць марудна, але абмацаў сістэму запорак, адчыніў дзверы.Кулакоўскі.
6. У батаніцы і заалогіі — класіфікацыя, групаванне. Сістэма Лінея.
7. У геалогіі — сукупнасць пластоў горных парод, якая характарызуецца пэўнымі выкапнямі, фаунай і флорай.
•••
Вегетатыўная нервовая сістэма — частка нервовай сістэмы, якая рэгулюе дзейнасць унутраных органаў і абмен рэчываў у арганізмах.
Геацэнтрычная сістэма свету — абвергнутае навукай уяўленне, што Зямля з’яўляецца нерухомым цэнтрам сусвету, вакол якога рухаюцца ўсе планеты і зоркі.
Геліяцэнтрычная сістэма свету — вучэнне, якое даказвае, што Зямля і іншыя планеты рухаюцца вакол Сонца.
Дзесятковая сістэма класіфікацыі — класіфікацыя кніг у бібліятэках, заснаваная на падзеле кніг па зместу на дзесяць асноўных раздзелаў, кожны з якіх у сваю чаргу дзеліцца па дзесяткі.
Другая сігнальная сістэма — гукавая мова як уласцівая чалавеку сістэма ўмоўнарэфлекторных сувязей, што ўзнікаюць пры ўздзеянні моўных сігналаў і служаць асновай абстрактнага мыслення.
Дысперсная сістэма — рэчыва ў выглядзе дробных часцінак разам з тым асяроддзем, у якім яно рассеяна, напрыклад: туман, дым.
Дэцымальная сістэма класіфікацыі — тое, што і дзесятковая сістэма класіфікацыі.
Калідорная сістэма — сістэма размяшчэння пакояў у будынку, калі дзверы з усіх пакояў выходзяць у адзін вялікі калідор.
Картачная сістэма — парадак размеркавання прадуктаў харчавання, тавараў па картачках.
Ланкастэрская сістэма навучання — арганізацыя ўзаемнага навучання, калі старэйшыя вучні пад кіраўніцтвам настаўніка вучаць малодшых вучняў.
Мажарытарная сістэма — антыдэмакратычная сістэма выбараў у некаторых капіталістычных краінах, пры якой лічацца толькі галасы, пададзеныя за кандыдата партыі, атрымаўшай большасць галасоў у дадзенай акрузе.
Метрычная сістэма мер — міжнародная сістэма адзінак вымярэння, у аснову якой пакладзены адзінка даўжыні — метр і адзінка масы — кілаграм.
Перыядычная сістэма (элементаў) — класіфікацыя хімічных элементаў, створаная Д.І. Мендзялеевым на аснове суадносін паміж іх атамнай вагой і ўласцівасцю рэчываў, якія ўтвараюцца гэтымі элементамі.
Прадметная сістэма навучання — сістэма навучання, пры якой кожны прадмет выкладаецца асобным выкладчыкам.
Прапарцыянальная сістэма выбараў — у буржуазных дзяржавах — парадак вызначэння вынікаў галасавання, пры якім размеркаванне мандатаў паміж партыямі, што вылучылі сваіх кандыдатаў у прадстаўнічы орган, праводзіцца ў адпаведнасці з колькасцю атрыманых імі галасоў.
Рачная сістэма — а) рака са сваімі прытокамі; б) сукупнасць рэк якой‑н. краіны, мясцовасці, часткі свету.
Сістэма роднасці — сукупнасць тэрмінаў для абазначэння розных ступеней роднасці (па крыві і па шлюбу).
Сонечная сістэма — сукупнасць нябесных цел, якая складаецца з Сонца і планет, што рухаюцца вакол яго.
Сусветная сістэма сацыялізма — сацыяльная, эканамічная і палітычная садружнасць свабодных, суверэнных народаў, аб’яднаных агульнымі інтарэсамі пабудовы камуністычнага грамадства.
Цэнтральная нервовая сістэма — асноўная частка нервовай сістэмы, якая складаецца з галаўнога і спіннога мозга.
Эндакрынная сістэма — сістэма эндакрынных залоз, залоз унутранай сакрэцыі.
[Грэч. systēma — цэлае, складзенае з частак, злучэнне.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
РЫМСтаражытны
(лац. Roma),
найбуйнейшая антычная цывілізацыя са своеасаблівай дзяржаўнасцю і культурай у 8 ст. да н.э. — 5 ст.н.э. Горад Рым узнік у 753 да н.э. і на працягу 5—3 ст. да н.э. падпарадкаваў усе плямёны Апенінскага п-ва, а з канца 3 ст. да н.э. стаў цэнтрам міжземнаморскай дзяржавы, якая пазней уключала зах. і паўд.-ўсх. Еўропу, М.Азію, узбярэжжа Паўн. Афрыкі, Сірыю, Палесціну і інш.
Гісторыя. Сучасныя даследчыкі падзяляюць гісторыю стараж.-рым. цывілізацыі на 3 перыяды: царскі (753—510 да н.э.), рэспубліканскі (510—31 да н.э.) і імператарскі (31 да н.э. — 476 н.э.). Паводле ант. традыцыі, у першы перыяд у Р. правілі 7 цароў, пачынаючы з Ромула. Пры царах Р. заняў дамінуючае становішча ў Лацыі. Стараж. гісторыкі сведчаць (пацверджана археал. звесткамі), што Р. узнік шляхам сінайкізму 3 плямён — лацінаў, сабінаў і этрускаў. Сац.-паліт. арганізацыя ранняга (архаічнага) Р. будавалася на кроўнароднасных і суседскіх прынцыпах. Як родаплемянное аб’яднанне Р. уключаў 300 родаў, 30 курый (брацтваў) і 3 трыбы (племені, пазней — акругі). Членаў кожнага роду аб’ядноўвалі агульныя найменне, рэліг. культ і зямельныя ўладанні. Рым. гентыльная абшчына была блізкая да суседскай, бо аб’ядноўвала ўсіх людзей, што жылі на яе тэрыторыі. Абшчынныя землі сталі асновай рым.дзярж. зямельнага фонду (агер публікус), які ўвесь час папаўняўся за кошт захопу зямель у італікаў. Самай малой гасп. і сац. адзінкай была вял. патрыярхальная сям’я. Даследчыкі адзначаюць неразвітасць дзярж. інстытутаў у царскім Р., структура якога складалася з выбарнага цара, савета старэйшын (сената) і нар. сходу. Цар сумяшчаў функцыі вярх. жраца, военачальніка, гал. суддзі і заканадаўцы. У сенат уваходзілі 300 старэйшын патрыцыянскіх родаў. Грамадства складалася з саслоўяў патрыцыяў, плебеяў і рабоў (гл.Рабства). Плебеі першапачаткова былі па-за грамадз. абшчынай. На аснове маёмаснай і сац. дыферэнцыяцыі складалася асобая форма сац. адносін — кліентэла. Ант. традыцыя прыпісвае Сервію Тулію (6 ст. да н.э.) рэформы, у выніку якіх плебеі ўвайшлі ў склад рым. народа (populus romanus). Ён стварыў з патрыцыяў і плебеяў адзінае войска (камплектавалася з коннікаў, цяжка- і лёгкаўзброенай пяхоты).
Сфарміраваныя ім 193 цэнтурыі былі і ваен. атрадамі і адзінкамі, што галасавалі на нар. сходах (цэнтурыяльных каміцыях). Рэгулярна праводзіўся цэнз — перапіс насельніцтва і ацэнка яго маёмасці, гал. крытэрыем якой была зямля. Ваен. і цэнзавая рэформы аслабілі ўплыў родавай знаці. Рэшткі родавага ладу канчаткова ліквідаваны з увядзеннем новага адм.-тэр. падзелу, калі асн. структурнай адзінкай стала трыба (як акруга). Па трыбах праводзілася галасаванне на карпаратыўных сходах плебса. У царскі перыяд адбылося поўнае аддзяленне рамёстваў ад сельскай гаспадаркі, узнік рэгулярны ўнутраны абмен. У выніку паўстання ў 510 да н.э. супраць Тарквінія Гордага царская ўлада скінута і ўзнікла рэспубліка. Для знешняй палітыкі ранняй рэспублікі (5—пач. 3 ст. да н.э.) характэрна барацьба Р. за ўладаранне ў Італіі, для ўнутр. — процістаянне плебеяў і патрыцыяў. З 5 ст. да н.э. Р. вёў войны з лацінамі, сабінамі, эквамі, вольскамі, этрускамі, грэкамі і інш. плямёнамі за пашырэнне сваёй тэрыторыі. Для гэтага ён заключаў часовыя саюзы з аднымі плямёнамі супраць другіх. Пераможаныя абшчыны Р. далучаў да сваёй паліт. структуры ці заключаў з імі саюз. Саюзнікі захоўвалі ўнутр. самакіраванне, але страчвалі права на самаст. знешнюю палітыку і павінны былі аказваць Р. ваен. дапамогу. На іх тэр. рымляне засноўвалі калоніі сваіх грамадзян. Так узнік рымска-італійскі саюз з розным прававым статусам яго членаў, з адзінай дзярж. мовай (латынь), звязаны сеткай брукаваных дарог у адзінаегасп. цэлае. Рым. дзяржава разам з саюзнікамі і калоніямі была падзелена на 35 трыб. Рым. грамадзянін меў права валодаць зямельнай маёмасцю, удзельнічаць у галасаванні ў каміцыях і быць абраным на дзярж. пасады. У выніку Саюзніцкай вайны 90—88 да н.э. і агульнаіталійскага паўстання супраць Р. такія правы атрымалі ўсе італікі. Асновай унутр. развіцця рэсп. Р. была барацьба плебеяў за доступ да ўлады і фонду грамадскай зямлі. Тактыкай ваен. забастовак (сэцэсій) плебеі дамагліся прыняцця закону, які ўводзіў пасаду нар. трыбуна (з 494 да н.э.) з плебеяў.
У сярэдзіне 5 ст. да н.э. пад іх націскам прыняты Законы XII табліц, якія рэгулявалі крымінальнае і сямейнае права, судаводства, прыватную ўласнасць; забараняліся асабістыя прывілеі; прыгавораны магістратам да пакарання смерцю меў права апеляваць да нар. сходу. Пазней плебеі былі дапушчаны да магістратуры і кансулату. Дазваляліся міжсаслоўныя шлюбы, забаранялася пазыковая кабала. У выніку змянілася сац. структура рым. грамадства, узнікла новая арыстакратыя — набілітэт. Ураўнаванне ў правах патрыцыяў і плебеяў прывяло да фарміравання грамадз. абшчыны, падобнай да грэч.поліса. Гэта была арыстакратычная рэспубліка, у якой улада належала нар. сходу і магістратам, пастаянным кіруючым органам быў сенат, члены якога прызначаліся пажыццёва. Магістратура дзейнічала калегіяльна і галосна. Выключэннем была надзвычайная магістратура — дыктатура на выпадак асабліва небяспечнай вайны. Вышэйшы магістрат (дыктатар, консул, прэтар) меў правы: камандаваць войскам, выконваць вышэйшую юрысдыкцыю, склікаць сенат і нар. сходы. У час рэспублікі каміцыі праходзілі па курыях, цэнтурыях і трыбах. Сфарміраваліся саслоўі сенатараў і коннікаў. У час дыктатуры Луцыя Карнелія Сулы [83—79 да н.э.] дзейнасць нар. трыбунаў і каміцый абмежавана, паўнамоцтвы вышэйшых магістратаў засяроджаны ў руках адной асобы. Экспансія Р. ў гэты час выйшла па-за межы Апенінскага п-ва. За панаванне ў Зах. Міжземнамор’і Р. змагаўся з Карфагенам. Пасля 3 Пунічных войнаў, якія скончыліся перамогай над Карфагенам, Р. у 2—1 ст. да н.э. заваяваў полісы Балканскай Грэцыі, Македонію, эліністычныя царствы і стаў найбуйнейшай Міжземнаморскай дзяржавай. Пры гэтым у Р. захоўвалася грамадз. абшчына з рэсп. выбарнай сістэмай кіравання. З-за адсутнасці пастаяннага дзярж. апарата ўзнікла форма водкупу на збор падаткаў. У якасці адкупшчыкаў (публіканаў) найчасцей выступалі рым. коннікі. Нар. сход як найважнейшы ін-т поліснай дэмакратыі перажываў крызіс з-за таго, што ў каміцыях маглі ўдзельнічаць толькі жыхары Р. і яго наваколля. На змену поліснаму апалчэнню стала фарміравацца прафес. армія.
У 1 ст. да н.э.рым. рэспубліка як полісная структура не магла ўжо эфектыўна вырашаць пытанні вял. дзяржавы. Публіканы і палкаводцы пачалі кіраваць усім паліт. жыццём Р. Паліт. крызіс выліўся ў грамадз. войны груповак знаці. У 60-я г. да н.э. ўзнік 1-ы трыумвірат (Юлій Цэзар, Гней Пампей і Марк Крас). У час грамадз. вайны была ўстаноўлена дыктатура Юлія Цэзара [48—44 да н.э.]. Пасля яго забойства склаўся 2-і трыумвірат (Марк Антоній, Актавіян і Лепід). Антоній атрымаў у кіраванне ўсх. правінцыі, Актавіян — Італію і зах. правінцыі. Аднак з-за збліжэння Антонія з егіп. царыцай Клеапатрай пачалася новая грамадз. вайна, у якой перамог Актавіян (гл.Аўгуст) і стаў аднаасобным правіцелем Рым. дзяржавы. З часу яго праўлення Р. ператварыўся ў імперыю. Яго гісторыю падзяляюць на раннюю імперыю (1—3 ст.н.э.) — прынцыпат і познюю (4—5 ст.) — дамінат. Сучасная гіст.л-ра вызначае Рым. імперыю як універсальную дзяржаву, у межах якой сістэма самастойных і часткова самастойных абшчын трансфармавалася ў адзіную паліт. структуру, аб’яднаную агульным заканадаўствам. У час ранняй імперыі яшчэ існавалі сенат і каміцыі, але імператар (прынцэпс — першы грамадзянін) выступаў як носьбіт сукупных паўнамоцтваў рэсп. магістратаў, абапіраўся на ўласныя казну (фіск), гвардыю (прэтарыянскія кагорты) і армію. Яго вярх. ўлада стала спадчыннай. Узніклі першыя дынастыі рым. правіцеляў: Юліяў-Клаўдзіяў [27 да н.э. — 68 н.э.], Флавіяў [69—96], Антанінаў [96—192], Севераў [193—235]. У часы іх праўлення сфарміраваўся цэнтралізаваны бюракратычны апарат, ведамствы якога займаліся і ўнутр. справамі, і справамі правінцый (гл.Рымскія правінцыі).
У 212 усё вольнае насельніцтва імперыі атрымала правы рым. грамадзянства. Заканадаўства і вышэйшая юрысдыкцыя сталі прэрагатывай імператараў, асабістыя іх загады (канстытуцыі) набылі сілу закону. Сфарміраваўся імператарскі савет — кансісторыя (юрысты, вышэйшыя чыноўнікі, набліжаныя імператара). У часы прынцыпату да Р. далучаны Галія, Іспанія, Германія, Брытанія, Далмацыя, Мёзія, Панонія, Дакія. У 3 ст.Рым. імперыю ахапіў паліт. крызіс, якому спадарожнічалі анархія і палацавыя смуты, эпідэміі і эканам. разруха. За 235—284 у Р. змянілася больш за 2 дзесяткі «сенацкіх» і «салдацкіх» імператараў. На У саперніца Р. Парфія прэтэндавала на рым. ўладанні ў Сірыі і Месапатаміі. Каб процістаяць націску варварскіх плямён і прадухіліць распад імперыі, у яе межах была створана ваен.-бюракратычная манархія — дамінат. Яе стваральнікі Дыяклетыян і Канстанцін I правялі рэформы, накіраваныя на паліт. і эканам. стабілізацыю; правінцыі былі разбуйнены, грамадз. ўлада аддзелена ад ваеннай. З імем Канстанціна I звязана афіц. прызнанне хрысціянства нараўне з інш. рэлігіямі. Сталіца была перанесена ў г.Канстанцінопаль. Скарацілася праслойка вольных абшчыннікаў, землі якіх паглыналі буйныя маёнткі — латыфундыі, сальтусы і імператарскія дамены. Пашырылася сістэма каланату, пры якой сяляне ператвараліся ў калонаў — напачатку вольных, а потым залежных арандатараў. Цэнтр эканам. жыцця перамясціўся ў магнацкія маёнткі, у якіх развівалася шматгаліновая гаспадарка. У гэты час рэзка скараціўся гандаль, гарады прыходзілі ў заняпад. Адкрытае паліт. жыццё згортвалася, вольныя грамадзяне ператвараліся ў падданых імператара, узмацніўся падатковы ўціск, ішло рэзкае сац. размежаванне на саслоўі «высакародных» і «нізкіх». Працэс эканам. і паліт. дэцэнтралізацыі асабліва моцна праявіўся ў зах.ч. імперыі, тэрыторыю якой захоплівалі варварскія плямёны. З 4 ст.вял. пагрозай для яе сталі готы, якія разам з інш.герм. плямёнамі, іранскімі аланамі і азіяцкімі гунамі наносілі шматлікія ўдары па Р.
У 395 імперыя афіцыйна падзялілася на Усх. грэчаскамоўную і Зах. лацінамоўную. У 476 камандуючы імператарскай гвардыяй германец Адаакр скінуў апошняга імператара Ромула Аўгустула і заснаваў на тэр. Італіі сваю дзяржаву. Зах.Рым. імперыя спыніла існаванне. Гісторыю Усх.Рым. імперыі гл. ў арт.Візантыя.
Выхаванне і адукацыя. Старажытнарымская сістэма выхавання была арыентавана на падрыхтоўку моцных, валявых і дысцыплінаваных грамадзян. У ранні яе перыяд выхаванне і навучанне вяліся ў сям’і. Багатыя рымляне (нобілі) для хатняга навучання сваіх дзяцей запрашалі настаўнікаў-грэкаў. У 3—2 ст. да н.э. пачалі ўзнікаць дзярж. і прыватныя навуч. ўстановы. Элементарную адукацыю давалі трывіяльныя школы (найчасцей прыватныя), дзе вучылі пісьму, чытанню, лічэнню, уменню выразна дэкламаваць творы знакамітых аўтараў, вывучалі асн.рым. законы. Яны мелі няпэўны тэрмін навучання, розныя праграмы, у іх вучыліся хлопчыкі і дзяўчынкі 6—11-гадовага ўзросту. Дзеці самых бедных рымлян не мелі магчымасці атрымаць такую адукацыю і таму звычайна былі непісьменнымі. У школах павышанага тыпу (граматычных) вывучалі гісторыю, філасофію, геаграфію, геаметрыю, музыку, астраномію, грэч. мову; вучыліся хлопчыкі (з I ст.н.э. і дзяўчынкі) 12—15-гадовага ўзросту. Напачатку школы былі грэчаскія, пазней — лац. і грэка-лацінскія. Для граматычных школ ствараліся спец. падручнікі і хрэстаматыі, якія змяшчалі ўрыўкі з твораў Гамера, Вергілія, Цыцэрона і інш. У рытарскіх школах вучыліся дзеці арыстакратыі, іх рыхтавалі да практычнай кар’еры. Настаўнікі рыторыкі вучылі найперш аратарскаму майстэрству (красамоўству), давалі таксама веды па філасофіі, гісторыі, праве і інш. Вучоба пачыналася звычайна ва ўзросце 14—15 гадоў, і працягвалася да 19, часам і пазней. У 1 ст.н.э.асн. лічыліся 9 навуч. дысцыплін: граматыка, рыторыка, дыялектыка, арыфметыка, геаметрыя, астраномія, музыка, медыцына, архітэктура.
У 5 ст. паступова выключаны медыцына і архітэктура, т.ч. аформілася праграма «сямі вольных мастацтваў» (яны сталі асновай адукацыі эпохі сярэдневякоўя). Пазней школьны курс «сямі вольных мастацтваў» падзелены на 2 часткі — «трывіум» (граматыка, рыторыка, дыялектыка) і «квадрывіум» (арыфметыка, геаметрыя, астраномія і музыка). У позні перыяд у Р. пачала фарміравацца хрысц. сістэма навучання і выхавання, у аснове якой былі біблейскія запаветы, ідэі любові да людзей, духоўнага самаўдасканалення, прыярытэт веры над ведамі і навукай, сувязь навучання з маральным рэліг. выхаваннем. Напачатку дзеці з хрысц. сем’яў вымушаны былі наведваць навуч. ўстановы ант. тыпу — грамат., рытарскія школы. У 2—3 ст. узніклі ўласна хрысц. школы, напр., катэхізіса, кафедральныя і епіскапскія школы, дзе асн. было вывучэнне Бібліі.
Міфалогія і рэлігія. Традыцыйна адносіны рымлян з багамі будаваліся на ўзор «фармальнага дагавору». Меркавалася, што калі людзі дакладна выконвалі ўсе рэліг. абрады і рытуалы, то багі зробяць усё, аб чым іх просяць. Рымскія жрацы былі пераважна выбарнымі асобамі, хаця часам іх прызначаў вярх. жрэц — пантыфік. Асаблівасцю стараж.-рым. рэлігіі была наяўнасць багоў, якія ўвасаблялі абстрактныя і маральныя паняцці. Напр., багіня Фідэс увасабляла вернасць клятве, Канкордыя — згоду, Юстыцыя — справядлівасць, Фартуна — шчасце, Пакс — мір, Гонар — пашану, Віртус — доблесць, мужнасць. У стараж. рымлян адсутнічала развітая міфалогія. Паводле найб. ранніх міфалагічных вераванняў, напачатку існаваў першабытны Хаос (у вобразе Януса), з якога пазней узнік увесь свет. Таму творцам усяго існага ў свеце лічыўся Янус, які ў больш позні перыяд стаў увасабленнем усякага роду пачаткаў, у т. л. чалавечага жыцця, богам уваходаў і выхадаў, дагавораў і саюзаў. У яго гонар пабудавана мноства храмаў. Адным са стараж. багоў быў Сатурн (у грэкаў Кронас) — уладар часу, заступнік пасеваў, міфічны цар вобласці Лацый. У яго гонар праводзілася адно з самых улюбёных свят — Сатурналіі (адзначаліся 17—23 снежня), у час якіх людзі ладзілі баляванні, карнавалы, давалі падарункі, весяліліся.
Да паважаных і ўплывовых багоў належалі Юпітэр, Юнона, Мінерва, Марс, Дыяна, Венера, Меркурый, Нептун, Апалон, Веста і інш. Вярхоўным богам-царом, «бацькам багоў», уладаром неба, грому і маланкі быў Юпітэр. Яго жонкай і адначасова сястрой, а таксама ахоўніцай шлюбу, заступніцай жанчын і мацярынства, была Юнона. Багіняй вайны і дзярж. мудрасці, ахоўніцай Рыма, заступніцай рамёстваў і мастацтва лічылася Мінерва. На Капіталійскім узгорку ў Рыме быў пабудаваны храм 3 багоў — Юпітэра, Юноны і Мінервы (т. зв. Капіталійская трыяда). Бога вайны Марса лічылі бацькам заснавальнікаў Рыма — братоў-блізнят Ромула і Рэма. Было мноства т. зв. хатніх божастваў, найб. папулярнымі з іх былі пенаты, геніі, лары, маны. Пенаты лічыліся ахоўнікамі дома, сям’і і дзяржавы. Геніі спачатку лічыліся заснавальнікамі роду, божаствамі мужчынскай сілы, пазней — духамі-ахоўнікамі людзей. Лары — божаствы-ахоўнікі сям’і і ўсіх сфер чалавечага жыцця. Маны — духі памерлых продкаў. Ім прыносілі ахвяраванні (віно, малако, кроў свіней, быкоў, чорных авечак). Існавалі таксама багі «ўзроставыя» (дзяцінства, юнацтва), пэўных сітуацый і станаў (поспеху, надзеі, вернасці, страху і інш.). Рымскія багі апісаны ў творах ант. паэтаў Вергілія і Авідзія. У 1 ст.н.э. ва ўсх. правінцыях Рым. імперыі ўзнікла і пачало паступова пашырацца хрысціянства. Першыя хрысціяне цярпелі моцныя ганенні. У 4 ст. хрысціянства стала дзярж. рэлігіяй Рым. імперыі, пачалося разбурэнне язычніцкіх храмаў, знішчэнне помнікаў язычніцкага (паганскага) мастацтва, забаронены Алімпійскія гульні.
Філасофія. Старажытнарымская філасофія фарміравалася ў 3—2 ст. да н.э. пад уплывам грэч. філасофіі. Тады ж склаліся розныя філас. кірункі, школы, у т. л.стаіцызм, эпікурэізм, неаплатанізм. Найб. пашырэнне ў Р. атрымала філас. школа стаіцызму. Яе буйнейшыя прадстаўнікі (Сенека, Эпіктэт, імператар Марк Аўрэлій) разглядалі філасофію як вучэнне пра дасягненне маральнага ідэалу, унутр. духоўнай свабоды і шчасця. Для гэтага неабходна было змірыцца са знешнімі абставінамі, імкнуцца да дабрачыннасці, адмовіцца ад свецкіх спакус. Стоікі прызнавалі наяўнасць натуральнай роўнасці ўсіх людзей і свабоднага чалавечага духу. Яны прыкметна паўплывалі на станаўленне ранняга хрысціянства. У эпоху імператарскага Р. найб. пашыраны эпікурэізм (Лукрэцый, Гарацый, Цыцэрон і інш.). Лукрэцый Кар (99—55 да н.э.), імкнучыся вызваліць людзей ад забабонаў, страху перад багамі і смерцю, развіваў ідэі аб натуральным паходжанні чалавека, праслаўляў чалавечы розум, вышэйшай мэтай жыцця лічыў дасягненне асалоды, заклікаў людзей радавацца жыццю і атрымліваць ад гэтага задавальненне. Неаплатанізм быў своеасаблівым сінтэзам вучэнняў Платона, Арыстоцеля, стоікаў і эпікурэйцаў, а таксама ўсх. містыкі. Яго заснавальнікі і найб. вядомыя прадстаўнікі Плацін і Прокл прапаведавалі перакананне ў тым, што існуе найвышэйшае бязмежнае божаства (т.зв. «Адзінае»), якое ўладарыць над усім светам. Усё існуючае ў свеце — вынік эманацыі (выцякання) гэтага непазнавальнага «Адзінага», таму дух чалавека павінен вызваліцца ад улады цела і зямлі і зліцца з «Адзіным». Хрысц. філасофія пачала фарміравацца ў Р. ў 2—3 ст.н.э. ў форме апалагетыкі і патрыстыкі. У хрысціянстве існавала дваістае стаўленне да філасофіі: з аднаго боку, яе адмаўлялі (Тэртуліян) як спакусу, што адлучае чалавека ад Бога, з другога, наадварот, лічылі яе адным са шляхоў пазнання Бога. Стваральнікам уласна хрысц. філасофіі лічыцца Аўрэлій Аўгусцін (354—430), які стварыў своеасаблівы сінтэз неаплатанізму і хрысціянства.
Прыродазнаўчыя навукі. Помнікаў навук. л-ры эпохі Рым. рэспублікі захавалася мала. З 1 ст. да н.э. тут узмацніўся ўплыў грэч. культуры, вял. аўтарытэтам карысталіся прыродазнаўчанавук. погляды Арыстоцеля; творам гэтага вучонага і яго школы быў нададзены той выгляд, у якім яны пазней вывучаліся і каменціраваліся ва ўсёй Еўропе. З 1 ст.н.э. развіваліся матэматыка і астраномія. Стараж.-грэч. астраном і матэматык Менелай Александрыйскі праводзіў сістэм. назіранні нябесных свяціл, напісаў кнігу па сферычнай геаметрыі і трыганаметрыі, Дыяфант — фундаментальную «Арыфметыку», Пталамей выклаў геацэнтрычную сістэму свету. Вядомы працы па механіцы і оптыцы, хаця яны, як і матэматыка, у рымлян мелі вузка прыкладны характар. Была пашырана астралагічная л-ра. Своеасаблівыя помнікі рым.навук.-тэхн. л-ры — творы па сельскай гаспадарцы (Катон Старэйшы, Варон і інш.). Вял. колькасць прац рым. аўтараў прысвечана архітэктуры, буд. справе, гідратэхніцы і ваен. тэхніцы. Развівалася апісальнае прыродазнаўства, асабліва батаніка, у т. л. вывучэнне лек. раслін. Дасягненні медыцыны абагульнены ў працах Галена. Прадстаўнікамі прыродазнаўства былі Сенека і Пліній Старэйшы. Характэрныя рысы рым. навукі — выкладанне навук. пытанняў у літ.-займальнай форме (творы Лукрэцыя, Вергілія і інш.) і стварэнне своеасаблівых энцыклапедый (Варон, Цэльс). Апошнім рым. вучоным можна лічыць Баэцыя. Пашырэнне Рым. дзяржавы спрыяла развіццю геагр. ведаў. Ваен. паходы і экспедыцыі, далёкія падарожжы купцоў прыносілі новыя геагр. звесткі. Больш канкрэтнымі сталі веды пра тэр.еўрап. краін, у т. л.тэр. сучаснай Беларусі, што ў асн. звязана з гандлем бурштынам, які паступаў у Рым з берагоў Балтыйскага мора. У «Геаграфіі» Страбона прыведзены звесткі пра ўсе вядомыя рымлянам краіны і народы, у «Геаграфіі» Пталамея выкладзены метады навук. картаграфавання, да яе былі прыкладзены 27 карт усіх вядомых на той час тэрыторый — ад Канарскіх а-воў да Кітая. Першы геагр. трактат на латыні стварыў Мела Пампоній. Шмат геагр., гіст. і этнагр, звестак у «Запісках...» Юлія Цэзара, у працах Плінія Старэйшага, Тацыта, Аміяна Марцэліна і інш.Геагр. кругагляд рымлян быў больш шырэй, чым у стараж. грэкаў: яны лепш за грэкаў ведалі Сярэднюю і Паўн. Еўропу, Зах., Паўд. і Усх. Азію, Афрыку да паўд. межаў Сахары.
Гістарычная навука ў Р. пачалася з пагадовых запісаў (аналаў), спісаў вышэйшых службовых асоб (фастаў) і сямейных хронік знатных родаў. На іх аснове ў 2 ст. да н.э. выдадзены 80 кніг «Вялікага летапісу», якія сталі першакрыніцай для рым. гісторыкаў-аналістаў. У ант. гістарыяграфіі спалучаліся і навук. (крытычны падыход да крыніц, расчляненне падзей па часе) і маст. (ідэалізацыя, займальнасць, вымысел) прыёмы. Найб. вядомае аналітычнае апісанне зрабіў Ціт Лівій у «Рымскай гісторыі ад заснавання горада» (з 142 кн. цалкам захавалася 35). Раннія рым.гіст. працы напісаны на грэч. мове. Катон Старэйшы (234—149 да н.э.) першы выкарыстаў лац. мову ў творы «Пачаткі», дзе разглядаў паходжанне ўсіх плямён і гарадоў Італіі. Пачынальнікамі жанру гіст. манаграфіі сталі Салюстый (86—35 да н.э.) і Юлій Цэзар. Гіст. творы Салюстыя «Пра змову Катыліны» і «Югурцінская вайна» паўплывалі на гісторыкаў сярэдневякоўя і новага часу. Пазіцыя аўтара, як непасрэднага ўдзельніка падзей, выразна выявілася ў творах Юлія Цэзара «Запіскі пра гальскую вайну» (у 7 кн.) і «Запіскі пра грамадзянскую вайну» (у 3 кн.). Значную літ. спадчыну пакінуў Цыцэрон (гісторыка-філас. і паліт. трактаты, прамовы і лісты). Да самастойнага гіст.-літ. жанру можна аднесці яго перапіску (захаваліся 864 лісты) і прамовы (захавалася 58 поўных прамоў). У эпісталярнай і публіцыстычнай спадчыне Цыцэрона ёсць звесткі пра паліт. жыццё Р. 1 ст. да н.э. У часы імперыі вядучай формай рым. гістарыяграфіі заставалася аналістыка. Тацыт (55—120 н.э.) у «Гісторыі» (у 14 кн.) і «Аналах» (у 16 кн.) апісваў унутрыпаліт. праблемы перыяду прынцыпату.
Храналагічны паслядоўнік Тацыта ў часы дамінату Аміян Марцэлін (4 ст.н.э.) у кн. «Слаўныя ўчынкі» давёў апісанне рым. гісторыі да 378 н.э. Вядучымі прадстаўнікамі грэч.гіст. навукі ў Р. былі Палібій (200—120 да н.э.; «Усеагульная гісторыя» ў 40 кн.) і Плутарх (46—119 н.э.; «Параўнальныя жыццеапісанні»). Гісторык Светоній (каля 70 — каля 140; «Жыццё дванаццаці цэзараў») узняў біяграфію на ўзровень сур’ёзнага гіст. даследавання. Т.ч., для гіст. навукі характэрны рацыяналістычны і крытычны падыходы, выпрацоўка асн. жанраў гіст. апавядання, увядзенне ў гістарыяграфію храналогіі, поўнае і аб’ектыўнае адлюстраванне паліт., сац., і культ. жыцця Рым. дзяржавы.
Літаратура Р. на лац. мове мае пераемны характар: засвоіла грэч. міфалогію і л-ру (жанры, памеры, сюжэты, паэт. формы). Разам са стараж.-грэч. л-рай яна складае антычную л-ру. Далітаратурны перыяд (8—4 ст. да н.э.) вядомы па сведчаннях больш позніх аўтараў і па ўрыўках твораў, што захаваліся. Ён прадстаўлены абрадавымі песнямі, дыдактычным фальклорам, зачаткамі эпасу (у бяседных песнях) і драмы (у нар. жартоўных спевах — фесцэнінах і фарсавых сцэнках — атэланах), кнігамі жрацоў (аналамі), аратарскімі прамовамі, юрыд. тэкстамі (Законы XII табліц). Першы лац. празаік Апій Клаўдзій запісаў свае прамовы і склаў зборнік маральных сентэнцый у вершах. Рым. пісьмовая паэзія з’явілася ў перыяд росквіту і крызісу рэспублікі (3—2 ст. да н.э.). Лівій Андронік пераклаў на лац. мову «Адысею» Гамера, грэч. трагедыі і камедыі. Невій узбагаціў грэч. п’есы рым. тэматыкай, стварыў нац. эпапею «Песня пра Пунічную вайну». Эпічная паэма ў 18 кн. «Аналы» («Летапіс») пра гісторыю Рыма ад Энея да сучаснасці — гал. твор Энія, аўтара філас. прац, трагедый, эратычных вершаў, эпіграм, сатураў («мешаніны» — зб-каў кароткіх вершаў і празаічных твораў разнастайнага зместу). Камедыю з грэч. сюжэтам (паліяту) распрацоўвалі Плаўт і Тэрэнцый; з мясц. італійскім сюжэтам (тагату) — Тыцыній, Афраній, Ата; трагедыю на ўзор грэч. развівалі Пакувій і Акцый. Супраць грэч. ўплыву за рым. самабытнасць выступаў Катон Старэйшы — аратар і тэарэтык аратарскага мастацтва, пачынальнік рым. гістарыяграфіі. Жанр сатуры ўдасканальваў Луцылій.
З твораў гэтага перыяду поўнасцю захаваліся толькі камедыі Плаўта і Тэрэнцыя. У перыяд грамадз. войнаў і гібелі рэспублікі (сярэдзіна 2 ст. — 40-я г. 1 ст. да н.э.) лідзіравала красамоўства. Аратарскае мастацтва і філас.-рытарычныя працы Цыцэрона прынеслі яму славу стваральніка рым. класічнай прозы. Вядомым аратарам і пісьменнікам, аўтарам гіст. твораў быў Цэзар, заснавальнікам жанру гіст. манаграфіі — Салюстый. У тагачаснай паэзіі пераважаў настрой індыферэнтызму. Лукрэцый бачыў выратаванне ад грамадскага крызісу ў эпікурэйскай філасофіі (дыдактычная паэма «Аб прыродзе рэчаў»), Катул — у асабістым жыцці (лірычныя цыклы да Лесбіі, да сяброў). Перыяд станаўлення імперыі (2-я пал. 1 ст. да н.э. — пач. 1 ст.н.э.) — «залаты век» рым. паэзіі. З усталяваннем міру пасля грамадз. войнаў і прыходам да ўлады прынцэпса Аўгуста роля паэзіі пабольшала, адбыўся зварот да класічнага стылю і гарманічнай формы (эпічныя паэмы «Энеіда» і «Георгікі» Вергілія, «Оды» Гарацыя). Склалася тэндэнцыя да ідэалізацыі і прапаганды ідэалаг. асноў новага ладу. Вергілій і Гарацый, што ўваходзілі ў літ. гурток Мецэната, апявалі доблесці старой рэспублікі, сцвярджалі імперскую місію Р. Больш незалежнымі ад паліт. жыцця заставаліся гурткі Месалы і Асінія Паліёта. У жанры элегіі, абмежаванай любоўнай тэматыкай, выступалі Гал, Тыбул, Праперцый і Авідзій — апошні вял. паэт эпохі Аўгуста. Вядучы пісьменнік-празаік — Ціт Лівій. У л-ры эпохі імперыі вылучаецца паслякласічны перыяд — «сярэбраны век» (1 ст.н.э. — пач. 2 ст.н.э.). «Новы стыль», адметны разнастайнасцю рытарычных прыёмаў, нечаканымі сентэнцыямі і цягай да афектацыі, увайшоў у творчасць Сенекі, Лукана (эпічная паэма «Фарсалія»), Персія (маралістычныя сатыры), Петронія. Эзопаўскія традыцыі працягваў рым. байкапісец Федр. Марцыял выкрываў заганы грамадства ў іранічных эпіграмах, Ювенал — у гнеўна-абвінаваўчых сатырах. Тыранічны рэжым імперыі адлюстраваў гісторык і пісьменнік Тацыт. Адыход ад «новага стылю», арыентацыя на класіцызм уласцівы творчасці тэарэтыка красамоўства Квінтыліяна і яго вучня Плінія Малодшага, паэтаў Стацыя, Сілія Італіка, Валерыя Флака. У перыяд позняй рым. л-ры (2—5 ст.н.э.) узмацнілася роля правінцый, адрадзілася грэч.л-ра, развіваліся архаічныя тэндэнцыі. У прозе выступілі гісторык Светоній, збіральнік цытат з твораў грэч. і рым. аўтараў Аўл Гелій, пісьменнік Апулей. У 3 ст.л-ра Р. заняпала. З 4 ст. вядучая роля належала хрысц. л-ры на лац. мове (Амвросій Медыяланскі, Аўгусцін, Іеранім), якая засвоіла тэхніку рым. рыторыкі і паэзіі. Апошнія рым. аўтары — паэты Аўсоній і Клаўдзіян, аратар Сімах, гісторык Аміян Марцэлін, філосаф Баэцый.
На працягу тысячагоддзя, да адкрыцця помнікаў стараж.-грэч. л-ры, л-ра Р. была адзінай крыніцай знаёмства з ант. культурай. Яна паўплывала на л-ру Адраджэння і класіцызму ў большай ступені, чым грэч.л-ра. Традыцыямі л-ры Р. жывілася лацінамоўная паэзія Беларусі (Я.Вісліцкі, Мікола Гусоўскі, С.Будны, М.Сарбеўскі і інш.). На бел. мову творы стараж.-рым. аўтараў перакладалі М.Багдановіч (ода «Помнік» Гарацыя, урыўкі з «Метамарфозаў» Авідзія), Л.Баршчэўскі (урыўкі з «Энеіды» Вергілія, з «Журботных элегій» Авідзія, байкі Федра), П.Бітэль («Метамарфозы, ці Залаты асёл» Апулея), Ю.Дрэйзін («Аб прыродзе рэчаў» Лукрэцыя), А.Жлутка (оды Гарацыя), У.Караткевіч (вершы Катула) і інш.
Тэатр. Узнікненне і развіццё тэатр. мастацтва звязана са святамі ўраджаю, у час якіх выконваліся песні-жарты ў форме дыялогу (фесцэніны), быт. камічныя сцэнкі (сатуры), якія ўключалі дыялог, спевы, музыку, танцы, пераапрананне ўдзельнікаў у казла, барана, авечку і інш. У 4 ст. да н.э. з’явілася нар.імправіз. камедыя — атэлана, вызначальнай асаблівасцю якой стала наяўнасць 4 пастаянных персанажаў-масак: гарбуна, абжоры, дурня, суддзі. У 1 ст. да н.э. пашырыўся інш. від нар. прадстаўленняў — мім. У 240 да н.э. Лівій Андронік паставіў першую драму паводле грэч. арыгінала. З 2-й пал. 3 ст. да н.э. ставіліся трагедыі і камедыі паводле грэч. узораў, якія паклалі пачатак нац. драматургіі. Драматург Невій стварыў прэтэксту (жанр трагедыі на сюжэты са стараж.-рым. гісторыі), якая дасягнула росквіту ў творчасці Акцыя. Вял. поспехам карысталася паліята — камедыя, якая была перапрацоўкай новай ант. камедыі (Невій, Плаўт, Тэрэнцый, Цэцылій Стацый). У 2 ст. да н.э. паліята змянілася тагатай, у якой адлюстроўвалася жыццё рым. грамадзян, пераважна ніжэйшых слаёў насельніцтва (Ата, Афраній, Тыцыній). У пач. 1 ст. да н.э. тагату змяніла літаратурна апрацаваная атэлана, якая ў сярэдзіне 1 ст. да н.э. была выцеснена літаратурна апрацаваным мімам. Тэатр. прадстаўленні ставіліся ў час штогадовых дзярж. свят, у сувязі з трыумфальнымі і пахавальнымі гульнямі, выбарамі вышэйшых службовых асоб і інш. Першапачаткова спектаклі ставіліся каля храмаў багоў, у гонар якіх наладжваліся гульні, на прымітыўных драўляных сцэнах, якія з 3 бакоў абкружаліся лаўкамі для гледачоў. Першы каменны т-р у Р. пабудаваў Пампей у 55—52 да н.э. У 3—2 ст. да н.э. акцёры (вольнаадпушчальнікі ці рабы) ігралі без масак. Жаночыя ролі выконвалі мужчыны. Сярод вядомых акцёраў 1 ст. да н.э. трагік Эзоп і камічны акцёр Росцый. У 1—5 ст.н.э. пераважалі прадстаўленні забаўляльнага, відовішчнага характару: у дзеянне ўключаліся шэсці войск, палонных, выступленні дзікіх жывёл і інш. У 1—2 ст. у трагедыі на першы план выйшла вакальнае майстэрства акцёра, вял. ўвага аддавалася раскошным дэкарацыям і разнастайным сцэн. эфектам. Найб. папулярныя жанры — атэлана, пантамім (сольны драм. танец, звычайна на міфалагічны сюжэт, суправаджаўся музыкай і спевамі хору), пірыха (выконвалася ансамблем танцоўшчыкаў і танцоўшчыц). Вял. поспехам карыстаўся мім, які да 5 ст. ператварыўся ў вял. імправізацыйную п’есу са складаным сюжэтам і выцесніў усе інш. віды прадстаўленняў, акрамя танцавальных.
Пашырэнне гладыятарскіх і марскіх (наўмахіі) баёў, цкаванне на арэнах людзей драпежнымі жывёламі і інш. крывавых відовішчаў, якія сталі ўлюбёнымі прадстаўленнямі грамадства, прывяло рым.тэатр. мастацтва да заняпаду.
Музыка. Стараж. Р. развівалася пад уплывам эліністычнай культуры. У ёй склаліся і самабытныя быт.муз.-паэт. жанры: песні трыумфальныя, шлюбныя, застольныя, памінальныя. Вядома пра напевы саліяў (жрацы бога Марса) і «арвальскіх братоў» (рым. калегія жрацоў; захаваўся іх гімн). У муз. жанрах і ў складзе інструментарыя адчувальны іншаземныя ўплывы, што тлумачыцца стракатасцю муз. жыцця (грэч. кіфарэды, александрыйскія спевакі, танцоры з Сірыі, Іспаніі і інш.). Музыка і паэзія былі ўзаемазвязаны: паэт. творы (оды Гарацыя, эклогі Вергілія, паэмы Авідзія) спявалі ў суправаджэнні струнных, шчыпковых інструментаў (тыбіі, кіфары). З муз. інструментаў вядомы таксама разнавіднасці арфы і ліры, гідраўлас (вадзяны арган). На святах у гонар бога Вакха (вакханаліях) гучалі кімвалы. Музыка набыла відовішчна-забаўляльны характар (цыркавыя, тэатр. прадстаўленні і інш.). У развіцці інстр. музыкі значная роля належала тэатр. пантаміме, якая выконвалася танцорам-салістам ў суправаджэнні хору і пад акампанемент аркестра. Пры ваен. легіёнах існавалі вял. духавыя аркестры, якія складаліся з букцын (выгнутых рагоў), туб (прамых труб) і інш. З канца 1 ст.н.э. вядомы «капіталійскія спаборніцтвы» (засн. імператарам Даміцыянам), у якіх побач з паэтамі ўдзельнічалі спевакі і музыканты. Як спявак, паэт і кіфарэд вядомы імператар Нерон. Сярод музыкантаў эпохі Рым. імперыі Анаксенор, Дыядор, Тыгелій і інш. З 2 ст. вядомы звесткі пра раннехрысц. музыку.
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Мастацтва Стараж. Р. належыць да найвышэйшых дасягненняў сусв. культуры. У сваім развіцці яно апіралася на багатую спадчыну Стараж. Грэцыі, традыцыі этрускаў і ўласныя. У стараж, перыяд развівалася ў рамках італійскіх археал. культур эпохі жалеза. У часы фарміравання ўласна стараж.-рым.маст. культуры (8—4 ст. да н.э.) этрускія асаблівасці храмавых пабудоў (3-часткавая цэла, подый, порцік і інш.) сталі характэрнымі рысамі рым. культавай архітэктуры (храм Юпітэра Капіталійскага). Ў 4 ст. да н.э. з’явіліся жылыя дамы з атрыем (закрытым унутр. дваром). Рым. архітэктар і інжынер Вітрувій стварыў трактат «Дзесяць кніг пра архітэктуру» — першую буд.-тэхн. энцыклапедыю (1 ст. да н.э.), што захавалася ад ант. часоў. У перыяд войнаў Р. з Карфагенам і позняй рэспублікі (3—1 ст. да н.э.) распрацавана горадабуд. сістэма планіроўкі горада з 2 перакрыжаванымі магістралямі на ўзор ваен. лагера. Цэнтр. плошча (форум) афармлялася грамадскімі будынкамі і храмамі (Рымскі форум, форум у Пампеях). Склаўся тып рым. храма з дакладнай восевай кампазіцыяй і вылучаным гал. фасадам і тып грамадскага збудавання (базіліка, тэатр, амфітэатр, цырк, тэрма, адэон). Жыллё арыстакратаў са шматлікімі памяшканнямі, вадаёмамі, дэкар, скульптурай і размалёўкамі («тэрасныя» дамы ў Геркулануме) кантраставала з забудовай гар. кварталаў 3—5-павярховымі дамамі для бедных — інсуламі. З вынаходніцтвам бетону ўзнікла новая тэхніка муроўкі сцен, у буд-ве пашырана канструкцыя аркі. Высокім майстэрствам вылучаліся інж. збудаванні — крапасныя сцены, акведукі, масты, дарогі. Пабудовы перыяду росквіту Рым. імперыі (20-я г. да н.э. — 2 ст.н.э.) вызначаюцца манум. пластычнасцю, дамінуючай роляй аркі (арачна-скляпеністых канструкцый), шырокім выкарыстаннем дэкар. жывапісу і скульптуры. Спецыфічнай адметнасцю стала т. зв. ордэрная аркада — сістэма паярусных ордэраў, накладзеная на прарэзаную аркамі сцяну (амфітэатр Рымскі калізей). Гал. віды мемар. збудаванняў — трыумфальная арка (арка Ціта) і трыумфальная калона (калона Траяна, арх. Апаладор з Дамаска), надмагіллі, у сярэдзіне 1 ст. ўзмацнілася імкненне да пышнай рэпрэзентатыўнасці арх. кампазіцыі (Рымскі пантэон; т. зв. Залаты дом Нерона, не захаваўся; палац Флавіяў на Палаціне). Планіроўка жылля спалучала атрыумны і грэч. перыстыльны тыпы дома. Для дойлідства перыяду крызісу імперыі (3—4 ст.) характэрны празмерныя маштабы збудаванняў, пышныя дэкар. эфекты, раскоша аддзелкі (арка Канстанціна). Вял. вынаходлівасці дасягнулі дойліды ў афармленні ўнутр. прасторы выдатных помнікаў архітэктуры — тэрмаў Каракалы і базілікі Максенцыя. Будавалі пераважна ў правінцыях (храмавыя комплексы ў Баальбеку, Пальміры, палац Дыяклетыяна ў Спліце). Рэльефамі на гіст. тэмы аздаблялі грамадскія будынкі, гар. брамы, храмы, алтары (т. зв. Алтар Даміцыя Агенабарба). Скульптура прадстаўлена работамі этрускіх майстроў («Капіталійская ваўчыца»). Важнае месца займаў скульпт. партрэт (бюст, статуя), які ў адрозненне ад грэкаў дакументальна ўвасабляў арыгінал. Захаваліся партрэты стараж. дзеячаў — Аўгуста, Траяна, Цыцэрона, Цэзара і інш. У эпоху позняй імперыі распаўсюджаны партрэтныя статуі (у т. л.стараж.-рым. тып статуі «тагатус», які ўвасабляў аратара ў тозе) і бюсты (галава бронз. статуі мужчыны — т.зв. Брут). У афіц. скульптуры ранняй імперыі ўзнікла тэндэнцыя да ідэалізацыі. Разам з тым у творы ўводзіліся святлоценявыя кантрасты, элементы руху, вытанчаная пластычная распрацоўка форм (напр., віртуозная перадача прычосак у жан. партрэтах эпохі Флавіяў, 60—90-я г.). Рэльефы набылі рысы жывапіснасці і напружанай дынамікі (рэльефы аркі Ціта). Ў часы Траяна склаўся тып шматфігурнага батальнага рэльефу (паласа рэльефаў, што абвівае калону Траяна). Пашыраным было капіраванне грэч. статуй. У познарым. скульпт. партрэце пластычныя аб’ёмы і знешнія рысы трактаваліся ўмоўна і схематычна. У размалёўцы жылых дамоў паслядоўна выкарыстоўвалі т. зв. інкрустацыйны і арх.-перспектыўны (1-ы і 2-і пампейскія) стылі дэкар. жывапісу (дом Лівіі на Палаціне). Развівалася мастацтва мазаікі з каляровага каменю і гліптыкі (гемы з цвёрдых парод паўкаштоўных камянёў). Да 60-х г. пераважаў т. зв. 3-і стыль: лёгкія графічныя ўзоры і невял. сюжэтныя карціны на фоне вял. свабоднай прасторы. Яго змяніў т.зв. 4-ы стыль, ці «стыль фантаст. архітэктуры» (2-я пал. 1 ст.н.э.; складаныя, ілюзорна-прасторавыя арх. кампазіцыі). Палітра мазаік узбагацілася смальтай розных адценняў, з 2 ст. пашырылася чорна-белая каменная мазаіка. У дэкар.-прыкладным мастацтве эпохі імперыі вылучаліся творы тарэўтыкі, гліптыкі, «чырвоналакавая» кераміка з рэльефным фігурным дэкорам, са шкла, медальернае мастацтва, мэбля з бронзы і дрэва і інш. Сярод маст. вырабаў вылучаліся партрэтная мініяцюра на залатой фользе, мармуровыя саркафагі з гарэльефнымі шматфігурнымі сюжэтнымі выявамі, у якіх з 3 ст. пашырылася хрысц. тэматыка. З хрысц. культам звязаны і размалёўкі рым. катакомбаў. Узоры дэкар. жывапісу (3-і і 4-ы пампейскія стылі) адлюстраваны ў фрэсках Пампеяў. Ўяўленне пра станковы жывапіс даюць т. зв. фаюмскія партрэты ў Егіпце. З пач. 4 ст. назіраецца адыход ад традыцый ант. мастацтва, пераход да сярэдневякоўя (рэльефы аркі Канстанціна, раннехрысц. саркафагі і інш.). Ант. помнікі Р. ўключаны ЮНЕСКА ў спіс Сусветнай спадчыны.
Літ.:
История Древнего Рима. СПб., 1999;
Гиббон Э. История упадка и разрушения Римской империи: Пер. с англ.: В 7 т. Т. 1—2. СПб., 1997;
Джеймс П. Римская цивилизация: Пер. с англ.М., 2000;
Утченко С.Л. Древний Рим. События. Люди. Идеи. М., 1969;
Нечай Ф.М. Образование римского государства. Мн., 1972;
Маяк И.Л. Рим первых царей: Генезис римского полиса. М., 1983;
Егоров А.Б. Рим на грани эпох: Пробл. рождения и формирования принципата. Л., 1985;
Кнабе Г.С. Древний Рим — история и повседневность: Очерки. М., 1986;
Винничук Л. Люди, нравы, обычаи Древней Греции и Рима: Пер. с пол. М., 1988;
Федорова Е.В. Люди императорского Рима. М., 1990;
Кузищин В.И. Античное классическое рабстве как экономическая система. М., 1990;
Гиро П. Частная и общественная жизнь римлян: Пер. с фр. СПб., 1995;
Штаерман Е.М. История крестьянства в Древнем Риме. М., 1996;
Древний Рим: История. Быт. Культура. М., 1997;
Джонс А.Х.М. Гибель античного мира: Пер. с англ. Ростов н/Д;
М., 1997;
Сергеев И.П. Римская империя в III в. н.э.: Пробл. социально-полит. истории. Харьков, 1999;
Ханкевич О.И. Древние цивилизации. Мн., 2000;
Жураковский Г.Е. Очерки по истории античной педагогики. 2 изд. М., 1963;
Мифы народов мира: Энцикл. Т. 1—2. 2 изд. М., 1991—92;
Лосев А.Ф. Античная философия истории. М., 1977;
Яго ж. История античной эстетики. Кн. 1—2. М., 1992—94;
Яго ж. Словарь античной философии: Избр. ст.М., 1995;
Виндельбанд В. История древней философии: Пер. с нем. Киев, 1995;
Мамардашвили М.К. Лекции по античной философии. М., 1997;
Рожанский И.Д. Античная наука. М., 1980;
Яго ж. История естествознания в эпоху эллинизма и Римской империи. М., 1988;
Дитмар А.Б. География в античное время. М., 1980;
Магидович И.П., Магидович В.И. Очерки по истории географических открытий. Т. 1. Географические открытия народов Древнего мира и средневековья (до плаваний Колумба). 3 изд. М., 1982;
Бокщанин А.Г. Источниковедение Древнего Рима. М., 1981;
Немировский А.И. У истоков исторической мысли. Воронеж, 1979;
Историки и история: жизнь, судьба, творчество. Т. 1—2, М., 1997—98;
Непот К. О знаменитых иноземных полководцах;
Из книги о римских историках: Пер. с лат.М., 1992;
Плутарх. Сравнительные жизнеописания: Пер. с греч. Т. 1—2. М., 1994;
Саллюстий Г.К. Соч.: Пер. с лат.М., 1981;
Тацит К. Соч.: Пер. с лат.Т. 1—2. М.; Л., 1969;
Записки Юлия Цезаря и его продолжателей: Пер. с лат. Ч. 1—2. М., 1991;
Тронский И.М. История античной литературы. 5 изд. М., 1988;
Лосев А.Ф. Античная литература. 5 изд. М., 1997;
Античные писатели. СПб., 1999;
Каллистов Д.П. Античный театр. Л., 1970;
Античная музыкальная эстетика. М., 1960;
Герцман Е.В. Музыка Древней Греции и Рима. СПб., 1995;
Чубова А.П., Иванова А.П. Античная живопись. М., 1966;
Соколов Г.И.: Искусство Древнего Рима. М., 1971;
Яго ж. Римский скульптурный портрет III в. и художественная культура того времени. М., 1983;
Bloch R. The Origins of Rome. New York, 1960;
Grant M. History of Rome. London, 1978;
Storia di Roma. Vol. 1—4. Toruno, 1988—93.
В.І.Ханкевіч (гісторыя, гістарычная навука), Э.С.Дубянецкі (выхаванне і адукацыя, міфалогія і рэлігія, філасофія), С.Дз.Малюковіч (літаратура), К.А.Рэвяка (тэатр, архітэктура і выяўленчае мастацтва).
Да арт.Рым Старажытны. Рэльеф з выявай рымскай калясніцы.Да арт.Рым Старажытны. Базіліка Максенцыя (Канстанціна) у Рыме. 306—315.Да арт.Рым Старажытны. Патрыцый з партрэтамі продкаў. Канец 1 ст. да н.э.Да арт.Рым Старажытны. «Капіталійская ваўчыца».Да арт.Рым Старажытны. Арка Канстанціна.Да арт.Рым Старажытны. Саркафаг Канстанцыі. 340.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
фо́рма, ‑ы, ж.
1. Знешні контур, вонкавы выгляд, знешняе аблічча прадмета. У форме шара. □ Пры .. дарозе ляжаў у полі вялікі, як гара, камень дзіўнай формы.Чорны.Найбольш, падыходзяць для зімовай вуды маленькія паплаўкі кроплепадобнай або прадаўгаватай формы.Матрунёнак.З каморы.. [Аксіння] выносіла больш ёмістыя пакункі. І па іх форме, аб’ёму лёгка было здагадацца, што гэта былі кавалкі адборнага сала або кольцы кілбас.Ракітны.Паволі набліжаючыся, хмара бясконца мяняла сваю форму і адценне.Ваданосаў.//толькімн. (фо́рмы, форм). Абрысы, контуры чалавечага цела, фігуры. [Касцюм] выгадна падкрэсліваў яе танклявы стан і кволыя формы і ў той жа час затушоўваў, хаваў яе падлеткавую цыбатасць і вуглаватасць.Мехаў.// У скульптараў, мастакоў — аб’ёмнасць, контуры прадмета. //звычайнамн. (фо́рмы, форм). Абрысы, выгляд архітэктурных збудаванняў, уласцівых якому‑н. кірунку. Формы архітэктуры гатычнага стылю.
2. Від, тып, спосаб арганізацыі чаго‑н.; структура чаго‑н., абумоўленыя пэўным зместам. Формы праўлення. Формы класавай барацьбы. Формы землеўладання. □ [Андрэй:] «Пара скончыць з аджытымі формамі гаспадарання на вузкіх палосках».Колас.Арэнда і розныя іншыя формы феадальнай і капіталістычнай эксплуатацыі разаралі селяніна, ператваралі яго ў батрака, у наёмнага рабочага.Івашын.
3. Катэгорыя філасофіі — спосаб існавання, унутраная арганізацыя зместу. Адзінства формы і зместу.// У логіцы — структура, спосаб пабудовы думак. Сілагічная форма.
4. Спосаб ажыццяўлення, праяўлення якога‑н. дзеяння. Ніколі гаспадароў шал не дасягаў гэткіх страшэнных форм.Зарэцкі.Гэта была хада ў форме танца.Чорны.// Спосаб, характар выказвання. Салавей зноў вельмі абыходліва, толькі ў другой форме, паўтарыў сваё пытанне.Ермаловіч.[Выказванне Скуратовіча] ў сціслай форме перадае ўсю сутнасць жыццёвай філасофіі кулака.Барсток.// Характар працякання якога‑н. захворвання. Жыццё павольна пакідала маленькае кволае цела, зламанае цяжкай формай дыфтэрыі.Шамякін.
5. Пэўная сістэма мастацкіх сродкаў як спосаб выяўлення зместу твораў мастацтва. Мова і стыль — гэта тыя формы, у якіх паддаецца чытачу думка твора.Чорны.Якуб Колас патрабуе ад беларускіх пісьменнікаў твораў, дзе б мастацкая форма поўнасцю адпавядала высокім ідэям.«Полымя».// Від арганізацыі, пабудовы музычнага, літаратурнага твора. Кніжка [«Дзесяць тыдняў у Злучаных Штатах Амерыкі» І. Новікава] пытаецца з цікавасцю, і гэта лепшае сведчанне, што форма рэпартажу аўтарам была абрана ўдала.«Полымя».// Жанр, разнавіднасць твораў мастацтва. Манументальныя формы ў скульптуры. Апавядальная форма. Форма санаты.
6. Прыстасаванне для надання чаму‑н. пэўных контураў, пэўнага знешняга выгляду; шаблон. Формы для капелюшоў. □ Лука Фаміч звычайна даваў нам абаім форму для вырабу цэглы.Парахневіч.[Глушакоў:] — Не люблю таго хлеба, што пячэцца ў фермах.Мяжэвіч.// У ліцейнай справе — прыстасаванне, куды ўліваюць расплаўлены метал. Разліць метал у формы.
7. У паліграфіі — друкарскі набор, заключаны ў раму, а таксама паверхня з рэльефным адбіткам, прызначаная для друкавання. Лаборная форма.
8. Строга ўстаноўлены парадак у чым‑н. Весці допыт па ўсёй форме. Форма пратакола. Звесткі прадстаўлены не па форме.// Афіцыйная папера, запоўненая або якая павінна быць запоўнена па пэўнаму ўзору. [Сакратар:] — Сакратар факультэцкага бюро скардзіўся, што затрымліваеш звесткі аб паспяховасці. Форму атрымала? Здай...Карпаў.// Прынятая норма звароту, паводзін, манер, абыходжання і пад. — Што з табой, Люда? — спалохана спытаў я, у той час адчуваючы, як лёгка і прыемна прыйшла да мяне гэтая форма звароту «ты» і «Люда».Радкевіч.
9. Знешні выгляд, знешні бок чаго‑н., якія не выяўляюць сутнасці справы і нават супярэчаць унутранаму зместу. Партызаны,.. перабягаючы ад хаты да хаты, стралялі болей для формы.Навуменка.Мы заўжды з нецярплівасцю чакалі.. звароту [маці] са сходу і адразу пыталі: што гаварылі?.. хвалілі ці лаялі? Пра лаянку, папраўдзе, мы запытвалі дзеля формы, бо ў душы лічылі: не павінны б нас лаяць.Лось.
10.Адзінае па колеру, крою і другіх прыметах адзенне для асоб пэўных катэгорый. Парадная форма. Школьная форма. Форма сувораўца. □ Адзін з мужчын быў цывільны, у цыліндры, з маноклем, другі — у форме флоцкага ваеннага афіцэра.Маўр.Па калідоры хадзілі студэнты ў форме з блішчастымі гузікамі.Хведаровіч.Сёння Алесь апрануты па форме: на новай яшчэ гімнасцёрцы блішчаць медалі і ордэн Слава.Брыль.
11.звычайнамн. (фо́рмы, форм). Разнавіднасць жывёльнага або расліннага арганізма, мінерала. Малюскі прэснаводных і наземных форм.
12. У лінгвістыцы — сродак выражэння граматычных катэгорый, узаемаадносін слоў у сказах. Кароткая форма прыметнікаў. Неазначальная форма дзеяслова. Формы множнага ліку назоўнікаў. □ Аднародныя члены не заўсёды маюць аднолькавую граматычную форму.Цікоцкі.// Наогул — выгляд, аблічча, у якім выступае слова. Многія беларускія словы выступаюць і цяпер у сваёй спрадвечнай форме.
13.толькіадз. Стан чалавека, які дазваляе выявіць свае здольнасці, сілы, уменне. Шахматыст у бліскучай спартыўнай форме.// Наогул пра стан здароўя і пад. [Гэля:] — Зойдзем да нас. — Другім разам, — сказаў Бондар. — Сёння не ў форме. Відаць, прастудзіўся.Навуменка.
14. У алгебры — аднародны мнагачлен ад некалькіх пераменных. Лінейная форма. Квадратычная форма.
•••
Малыя формы — віды твораў мастацтва, для якіх характэрны невялікі аб’ём і нескладаная кампазіцыя.
Суплетыўныя формы — формы аднаго слова, утвораныя ад розных асноў.
Формы грамадскай свядомасці — палітычныя, прававыя, рэлігійныя, маральным, мастацкія, філасофскія і іншыя грамадскія ідэі, погляды, уяўленні, што адлюстроўваюць грамадскае быццё.
Формы мыслення — тыпы або спосабы будовы думкі.
Па ўсёй форме — як належыць, як трэба.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)