сістэма, ‑ы, ж.
1. Сукупнасць заканамерна звязаных паміж сабой элементаў (прадметаў, з’яў, поглядаў, ведаў і пад.), якія складаюць пэўнае цэласнае ўтварэнне, адзінства. Сістэма галактык. // Сукупнасць прынцыпаў, якія з’яўляюцца асновай якога‑н. вучэння. Філасофская сістэма класікаў марксізма-ленінізма. Педагагічная сістэма Макаранкі. // Сукупнасць метадаў, правіл ажыццяўлення чаго‑н. Сістэма кантролю. Сістэма планавання. // Сукупнасць якіх‑н. элементаў, адзінак, якія аб’ядноўваюцца па агульнай прыкмеце, прызначэння). Сістэма гукаў беларускай мовы. ▪ Нанава наладзіць падпольную сувязь пры дапамозе сістэмы троек было нялёгка. Машара.
2. Парадак, абумоўлены правільным размяшчэннем і ўзаемнай сувяззю частак чаго‑н. Даводзілася ўсе свае веды прыводзяць у сістэму, многа чаго чытаць. Шахавец. // Прадуманы план. Падрыхтоўка да паступлення ў ваенныя вучылішчы ішла адпаведна намі ж распрацаванай сістэме. Навуменка. // Звычайны, устаноўлены распарадак чаго‑н. [Дыспетчарскія] даклады.. увайшлі ў сістэму, праводзяцца штодзённа. Шынклер. // Прынятае ўстанаўленне, парадак; закон. Сістэма атэстацыі працаўнікоў. Сістэма падаткаў. Сістэма водпускаў. ▪ [Шыковіч:] — Міна Азаравіч, скажыце, калі ласка, якая ў вас сістэма падбору дакументаў? Шамякін.
3. Форма арганізацыі, будова чаго‑н. (дзяржаўных, палітычных, гаспадарчых адзінак, устаноў і пад.). Дзяржаўная сістэма. Выбарчая сістэма. // Форма грамадскага ладу; фармацыя. Сацыялістычная сістэма. Капіталістычная сістэма. ▪ Там крызіс лютуе, Там крык безрабоцця — Сістэма старая згніла. Колас.
4. Сукупнасць гаспадарчых адзінак, блізкіх па сваіх задачах і арганізацыйна аб’яднаных у адзінае цэлае. Сістэма аховы здароўя. Сістэма органаў народнай асветы. Працаваць у сістэме ўстаноў Акадэміі навук БССР. ▪ К гэтаму часу атрад пачаў дзейнічаць ужо ў сістэме часцей Чырвонай Арміі. Чорны.
5. Структура, якая складае адзінства ўзаемна звязаных частак. Сардэчна-сасудзістая сістэма. Каранёвая сістэма расліны. ▪ Цукар падтрымлівае нервовую сістэму і асабліва карысны пры разумовай працы. Маўр. // Тэхнічнае адзінства, сукупнасць узаемна звязаных збудаванняў, механізмаў і пад., якія дзейнічаюць узгоднена. Вартавыя сістэмы касмічнага карабля. ▪ Над капустай шэрым алавяным бляскам адсвечвалі трубы арашальнай сістэмы. Ракітны. // Марка, канструкцыя якіх‑н. машын, іх частак. Вінтоўка сістэмы Бердана. ▪ У калгасе лепш ураблялася зямля, у калгасе былі трактары, плугі навейшай сістэмы. Колас. // Сукупнасць якіх‑н. прадметаў, прыстасаванняў і пад. аднаго прызначэння. Сістэма штучных спадарожнікаў. ▪ Ілья Ільіч устаў, паслухмяна падаўся ў сенцы і хоць марудна, але абмацаў сістэму запорак, адчыніў дзверы. Кулакоўскі.
6. У батаніцы і заалогіі — класіфікацыя, групаванне. Сістэма Лінея.
7. У геалогіі — сукупнасць пластоў горных парод, якая характарызуецца пэўнымі выкапнямі, фаунай і флорай.
•••
Вегетатыўная нервовая сістэма — частка нервовай сістэмы, якая рэгулюе дзейнасць унутраных органаў і абмен рэчываў у арганізмах.
Геацэнтрычная сістэма свету — абвергнутае навукай уяўленне, што Зямля з’яўляецца нерухомым цэнтрам сусвету, вакол якога рухаюцца ўсе планеты і зоркі.
Геліяцэнтрычная сістэма свету — вучэнне, якое даказвае, што Зямля і іншыя планеты рухаюцца вакол Сонца.
Дзесятковая сістэма класіфікацыі — класіфікацыя кніг у бібліятэках, заснаваная на падзеле кніг па зместу на дзесяць асноўных раздзелаў, кожны з якіх у сваю чаргу дзеліцца па дзесяткі.
Другая сігнальная сістэма — гукавая мова як уласцівая чалавеку сістэма ўмоўнарэфлекторных сувязей, што ўзнікаюць пры ўздзеянні моўных сігналаў і служаць асновай абстрактнага мыслення.
Дысперсная сістэма — рэчыва ў выглядзе дробных часцінак разам з тым асяроддзем, у якім яно рассеяна, напрыклад: туман, дым.
Дэцымальная сістэма класіфікацыі — тое, што і дзесятковая сістэма класіфікацыі.
Калідорная сістэма — сістэма размяшчэння пакояў у будынку, калі дзверы з усіх пакояў выходзяць у адзін вялікі калідор.
Картачная сістэма — парадак размеркавання прадуктаў харчавання, тавараў па картачках.
Ланкастэрская сістэма навучання — арганізацыя ўзаемнага навучання, калі старэйшыя вучні пад кіраўніцтвам настаўніка вучаць малодшых вучняў.
Мажарытарная сістэма — антыдэмакратычная сістэма выбараў у некаторых капіталістычных краінах, пры якой лічацца толькі галасы, пададзеныя за кандыдата партыі, атрымаўшай большасць галасоў у дадзенай акрузе.
Метрычная сістэма мер — міжнародная сістэма адзінак вымярэння, у аснову якой пакладзены адзінка даўжыні — метр і адзінка масы — кілаграм.
Перыядычная сістэма (элементаў) — класіфікацыя хімічных элементаў, створаная Д.І. Мендзялеевым на аснове суадносін паміж іх атамнай вагой і ўласцівасцю рэчываў, якія ўтвараюцца гэтымі элементамі.
Прадметная сістэма навучання — сістэма навучання, пры якой кожны прадмет выкладаецца асобным выкладчыкам.
Прапарцыянальная сістэма выбараў — у буржуазных дзяржавах — парадак вызначэння вынікаў галасавання, пры якім размеркаванне мандатаў паміж партыямі, што вылучылі сваіх кандыдатаў у прадстаўнічы орган, праводзіцца ў адпаведнасці з колькасцю атрыманых імі галасоў.
Рачная сістэма — а) рака са сваімі прытокамі; б) сукупнасць рэк якой‑н. краіны, мясцовасці, часткі свету.
Сістэма роднасці — сукупнасць тэрмінаў для абазначэння розных ступеней роднасці (па крыві і па шлюбу).
Сонечная сістэма — сукупнасць нябесных цел, якая складаецца з Сонца і планет, што рухаюцца вакол яго.
Сусветная сістэма сацыялізма — сацыяльная, эканамічная і палітычная садружнасць свабодных, суверэнных народаў, аб’яднаных агульнымі інтарэсамі пабудовы камуністычнага грамадства.
Цэнтральная нервовая сістэма — асноўная частка нервовай сістэмы, якая складаецца з галаўнога і спіннога мозга.
Эндакрынная сістэма — сістэма эндакрынных залоз, залоз унутранай сакрэцыі.
[Грэч. systēma — цэлае, складзенае з частак, злучэнне.]