Тры́ца ‘драўлянае колца ў калаўроце, праз якое шнурам перадаецца рух шпульцы’ (Скарбы; гродз., Нар. сл.); тры́цык, крэ́цэк, тры́цік ‘тс’ (малар., Сл. Брэс., Уладз.). Яшчэ раней трыца ‘блок у шыбеніцы’, гл. Гардзееў, Магдэбургская Гародня. Мінск, 2008, 51. З польск. tryc, trycek, tryca, trycka ‘колца ў калаўроце’, ‘блок, на якім спускаецца ланцужок у гадзінніку’, а таксама ‘равок (выраз) у блоку, на які навіваецца шнур’, якія з ням. Tritze ‘хадавое кола’ (Фалінская, Sł. tkac., 2/1, 90; Вінцэнц). Меркаванні пра запазычанне стры́ца (гл.), тры́ца ‘калёсіка на калаўроце’ праз ідыш гл. Галай, БМ, 8, 54.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ту́рхаць ‘штурхаць, піхаць, тармашыць’ (Сцяшк. Сл., Сл. ПЗБ), ту́ркаць, ту́рхацца ‘штурхаць каго-небудзь’ (бярэз., ЛА, 2; Мова Сен.), турха́ць ‘штурхаць, піхаць’ (Касп.), турхну́ць ‘штурхануць’ (чашн., сен., ЛА, 2), турхатня́ ‘таўканіна, тузаніна’ (Ласт.). Параўн. катурхаць (гл.), польск. rozturchany ‘растрапаны’ — адносна апошняга Варбат (Исслед., 64) мяркуе, што яно ўваходзіць у лік славянскіх лексем з анамальным рэфлексам turt (< *tъrt), для якіх магчыма запазычанне з балтыйскіх моў або пераўтварэнне славянскіх формаў пад уплывам роднасных балтыйскіх. Хутчэй за ўсё, да тураць, турыць (гл.) з экспрэсіўным ‑х‑, якое чаргуецца з ‑к‑, параўн. туркаць ‘штурхаць’. Гл. штурхаць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тэ́ньдэ, тэ́ньдыка ‘там, недалёка’ (столін., Бел. дыял. 1, Клундук). Магчыма, запазычанне з польск. tędy ‘той дарогай, праз тое месца’, якое да прасл. *tǫdy, варыянты *tǫdě, *tǫde ад указальнага займенніка *tъ, які ў заходніх славян выступае ў форме м. р. *tъnъ (< *tъ і *nъ, гл. той, ён), гл. Борысь, 630–631. Фанетычна, словаўтваральна і семантычна адаптаванае на заходнепалескай глебе. Параўн., аднак, серб. косава-мятох. тонде ‘там’, для якога прапануецца спалучэнне ўказальнага займенніка з онде ‘там’ (ESSJ SG, 2, 683). Утварэнне з часціцай *te па ўзоры вэнь, вэньдзека ‘вунь’ (гл.)?

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ка́ста1 ’каста’ (ТСБМ). Рус. ка́ста, укр. ка́ста. Паводле Фасмера, 2, 207, запазычанне з зах.-еўрап. моў. Праз мовы-пасрэднікі, ням. (Kaste) або франц. (caste), слова ўзята з парт. casta ’парода; паходжанне’, першапачаткова ’чыстая парода’. У аснове ляжыць лац. castus ’чысты’. Шанскі (2, К, 86) удакладняе, што ў рус. мове (якая, дарэчы, можа быць пасрэднікам для бел.) ка́ста з’явілася ў канцы XVIII ст. Упершыню фіксуецца ў рус. слоўніку Яноўскага 1803 г. са значэннем ’грамадская групоўка ў Індыі’, агульнае значэнне ўстанаўліваецца з 1847 г. (яно фіксуецца ў Слоўніку АН; гл. Шанскі, там жа).

Кас́та2 ’яслі, драбіны’ (Сл. паўн.-зах.). Слова ўжываецца таксама ў мн. ліку (напр., сена кладуць у касты). Паводле Сл. паўн.-зах., 2, 433, запазычанне непасрэдна з літ. kāstė ’тс’, якое, у сваю чаргу, было ўзята з ням. Kasten ’тс’. Можна пагадзіцца з прапанаванай этымалогіяй (< ням.) у агульных рысах. Ням. форма Kasten не зусім дакладна адпавядае літ. kāstė. Таму, як можна меркаваць, непасрэднай крыніцай для літ. слова было іншае ням. слова. Маецца на ўвазе не сучасная ням. мова, а нейкія формы с.-ням. паходжання. Такія сапраўды ёсць (параўн. kaste ’тс’; форма гэта сустракаецца і ў сучасных ням. дыялектах). З ням. крыніцы ўзята і лат. kaste. Гл. Клюге, 356.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каштава́ць1 ’мець тую або іншую цану, грашовую вартасць’; ’абыходзіцца ў якую-н. суму, патрабаваць якіх-н. затрат’ (ТСБМ, БРС, Касп., Шат.). Слова засведчана ў ст.-бел. мове з 1516 г. (таксама як і коштъ, коштованье, коштовне, коштовность і г. д.; гл. Булыка, Запазыч., 174). Параўн. рус. коштовать (дыял.), укр. коштувати і г. д. Запазычанне з польск. мовы (< польск. kosztować ’тс’); Бернекер, 586; Фасмер, 2, 361; гл. яшчэ Кюнэ, Poln., 67; Рыхардт, Poln., 68. Крыніцай польск. слова з’яўляецца с.-в.-ням. kosten ’каштаваць, быць вартым і да т. п.’ Слаўскі, 2, 545. Гэта апошняе ў сваю чаргу узята са ст.-франц. coster < лац. *costare < cōnstare (Слаўскі там жа).

Каштава́ць2 ’спрабаваць ежу, піццё на смак, на гатоўнасць і інш.’ (ТСБМ, БРС, Касп., Шат.). Параўн. рус. дыял. коштова́ть ’тс’, укр. куштува́ти, коштува́ти. Запазычанне з польск. мовы. Параўн. польск. kosztować ’тс’ (у такім значэнні польск. слова вядома з XVI ст.), якое ўзята з с.-в.-ням. kosten ’даследаваць, вывучаць, спрабаваць, пробаваць на смак’ або ст.-в.-ням. kostōn ’тс’ (гэты дзеяслоў роднасны лац. gastāre ’каштаваць, спрабаваць ’). Гл. Бернекер, 1, 586; Брукнер, 260; Фасмер, 2, 361; Махэк₂, 282. Вельмі падрабязна аб семантычнай гісторыі слова kosten у ням. мове гл. у Пауля, Wörterb. (7. Aufl., 1960), с. 344. Гл. яшчэ Клюге, 395–396.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Квач ’вялікі памазок з пакулля, рагожы для размазвання чаго-н. па якой-н. паверхні’ (ТСБМ, Нас., Сл. паўн.-зах., ТС, Касп., Шат., КЭС, лаг., Яруш., Бяльк., Сцяшк., Грыг., Гарэц.), ’дзіцячая гульня, па правілах якой адзін з гуляючых, дагнаўшы другога, павінен дакрануцца да яго’ (ТСБМ, ТС). Параўн. укр. квач ’тс’. Польск. kwaczзапазычанне з бел. ці ўкр. Тое ж можна сказаць і аб арэальна абмежаваным рус. квач. Звычайна звязваецца па паходжанню з kvacati, якое мае таксама арэальна абмежаваны характар. Толькі балг. паралель выводзіць яго за межы бел.-укр. арэала. Насуперак Слаўскаму (3, 453) бліжэй за ўсё да квач германскія паралелі. Але разглядаць яго як запазычанне з ням. Quast нельга зыходзячы перш за ўсё з лінгвагеаграфічных меркаванняў. На жаль, мы не ведаем гоц. рэфлексацыі прагерм. kwastu‑. Можна меркаваць аб арэальна абмежаваным запазычанні з гоц. *ku̯ast‑ (ku̯ast‑ > ku̯ats). Параўн. адпаведныя прыклады ў Лекс. Палесся, 16–17. Надзейнасць гэтай гіпотэзы, аднак, невялікая, улічваючы незафіксаванасць гоц. крыніцы і фанетычныя цяжкасці (доўгі галосны і ч‑заканчэнне ў бел. і ўкр. паралелях). Сувязь квач з прасл. kvaka ’гак’, якое рэканструюецца на аснове паўднёва- і заходне-славянскіх рэфлексацый, яшчэ менш надзейная, бо не толькі істотна адрозніваецца ад квач семантычна, але рэпрэзентуе зусім іншы слав. арэал (Слаўскі, там жа).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ба́чыць (з XVI ст.; Нас. гіст.), укр. ба́чити (з XVI ст.; Цімчанка), рус. дыял. ба́чить (рус. слова засведчана з пач. XVII ст. і запазычана з укр. мовы; Праабражэнскі, 1, 20; Шанскі, 1, Б, 61). Запазычанне з польск. baczyć ’тс’ (а гэта пераразлажэннем з *obačiti: *ob‑ačiti*o‑bačiti > bačiti, дзе ač‑, ak‑ да і.-е. кораня, што і ў слове *oko ’вока’). Гл. Ільінскі, PF, 11, 183; Бернекер, Зб. Ягічу, 598–599; Бернекер, 24; Траўтман, 4; Ваян, RÉS, 22, 7; Слаўскі, 1, 24; Фасмер, 1, 138. Іначай, але непераканаўча, Брукнер, 10 (ад польск. baka ’вока’). Неверагодна Мацэнаўэр, LF, 7, 4 (запазычанне з тур. bakmak ’бачыць’); Махэк, SP (Brno), 2, 1953; 135; SP (Brno), 4, 1955, 32 (сувязь з польскім opatrzyć, славац. páčiť). Таксама вельмі няпэўнай з’яўляецца этымалогія Лера–Сплавінскага, JP, 26, 166–170 (= Studia, 195–198) аб паходжанні польск. слова ад выклічніка ба! Памыляўся Лорэнц, Pomor., 1, 13, які лічыў bačiti прасл. словам. Факт усх.-слав. запазычання з польскай мовы на аснове дадзеных помнікаў добра асвятліў Лер-Сплавінскі (там жа). Гл. яшчэ Кюнэ, Poln., 42; Трубачоў, Этимология 1965, 44–47. Сюды, мабыць, адносіцца і бачыць ’не дагаджаць’ (Яўс.: Чым я табе бачу, што ты ны мяне так узьеўся?), але развіццё семантыкі растлумачыць цяжка. Да ба́чыць адносяцца і ба́чны, ба́члівы і г. д.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Меч1 (м. р.) ’старадаўняя халодная зброя’ (ТСБМ, Яруш.), (ж. р. — Рам. 5; швянч., Сл. ПЗБ; Нар. Гом., ТС). Укр. меч і міч, рус. меч, перм. мечо́, ст.-рус. мечь, польск. miecz, н.-луж. mjac, в.-луж. mječ, чэш., славац. meč, славен. mȅč, серб.-харв. ма̏ч, макед., балг. меч, ст.-слав. мечь. Прасл. mečь і mьčь, якія разглядаліся як запазычанне з гоц. *mēkeis (гоц. mēki — В. скл.), ст.-ісл. mϰ kir, ст.-англ. méce, ст.-сакс. mâki (Міклашыч, Fremdw., 112; Мее, 110, 184; Вондрак, Vergl. gr., 1, 62), як роднасныя з лац. mactō, ‑āre ’забіць, зарэзаць’ (Торп, 303), са ст.-грэч. μάχη ’бітва’ (Младэнаў, 295), з ірл. machtaim (Вальдэ-Гофман, 2, 4). Фасмер (2, 612–613) дапускае запазычанне слав. і гоц. слоў з адной, невядомай нам крыніцы; Мартынаў (Лекс. взаим., 217–218) дапускае магчымасць запазычання з Блізкага Ўсходу праз каўказскія мовы (пры цюркскім пасрэдніцтве), параўн. дзідойск. mačʼa ’шабля’, куанадск. mīča ’кінжал’, груз. maχva ’востры меч’ і інш., ст.-грэч. μάχαιρα < ст.-яўр. mekērā(h). Сюды ж ме́чнік ’мечаносец’, ’рамеснік, які вырабляў мячы’ (ТСБМ), ст.-рус. мечьникъ (гл. Львоў, Рус. и слав. языкозн., 1972, 180).

Меч2, мечы́ны ’плоская дошчачка ў пачатку і на канцы драбіны’, ’папярочныя перакладзіны ў драўлянай баране’ (Смул.), укр. валынск. ме́чики ’лёстачкі ў драбіце’. Да мыч (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Плю́ндра ’неахайная, нязграбная жанчына’ (зэльв., Сл. рэг. лекс.); плю́ндріна (Юрч. СНЛ; Юрч. Вытв.). Паралельная форма флюндра ’тс’ (беласт., Жыв. НС) сведчыць, што гэта — запазычанне з польск. flądra ’няхлюйная жанчына, прастытутка’ (з XVIII ст.), якое Слаўскі (1, 232) разглядае як запазычанне з ням. дыял. Flunder, Flander ’анучы, рыззё’, ’прастытутка’, што паходзяць, напэўна, з назвы краіны Фландрыі, адкуль разыходзіліся па Еўропе сукны. Банькоўскі (2, 600) мяркуе, што фармальна блізкае польск. plądra ’вандроўная ашуканка-зладзейка’ паходзіць ад plądrować, plondrować і plundrować ’грабці’, ’шарыць, шукаць’, а гэтае — з н.-ням. plündern ’грабіць, спусташаць’. Таго ж паходжання ўкр. фльондра, чэш. plundra ’гуляшчая, блудніца, прастытутка’, pladry ’адзенне’, ’паношанае адзенне, латы, анучы’, н.-луж. plundrawa ’абадранка’, славен. plȗndra ’снежная слота’, ’балота, дрыгва’, plọ̑dra, plọ̑jndra ’дождж са снегам’ (з факультатыўнай экспрэсіўнай назалізацыяй — Бязлай, 3, 62). Адносна літ. pliùndra ’слата’, pliùdra ’непраходная дарога з-за дажджу’, pliù(n)dra ’бадзяга, блудніца, прастытутка’, ’пляткарка’, ’неахайная жанчына’ Фрэнкель (1, 625) мяркуе, што яны ўзыходзяць да і.-е. *pel‑, *pleu̯‑d ’плыць, лётаць’, што дае падставы Лаўчутэ (Балтизмы, 71) следам за Блесэ (SB, 5, 17) лічыць балтыйскія словы зыходнымі для бел. плюндра ’той, хто заўсёды пэцкаецца’, што ў святле вышэй прыведзеных фактаў не мае падстаў, гл. спецыяльна Віткоўскі (LB, 4, 149–152). Гл. і хлюндра.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Све́пет ‘пчаліны бортны рой’ (У. Караткевіч), ст.-бел. ‘дупло, дзе жывуць дзікія пчолы’: а хто бы свепет в чыем лесе умыслне порубал и мед выбрал (Статут ВКЛ 1588 г.), ст.-рус. свепетъ ‘дзікі лясны мёд’, ст.-укр. свепеть ‘борць у дрэве для дзікіх пчол’ (1366), польск. дыял. świepiot ‘рой дзікіх пчол’, ст.-польск. świepioto ‘тс’, чэш. дыял. svapato ‘пчолы, якія жывуць у лесе’, ст.-луж. svepet ‘борць’. Прасл. *svepetъ, паходжанне якога няяснае. Выводзяць з прасл. *svepati (> *svepetati) ‘мільгаць, мітусіцца’, параўн. ст.-рус. свѣпатися ‘ківаць, хістаць’, рус.-ц.-слав. свепетати ‘хістацца, рухацца туды і сюды’, славен. svępati ‘хістаць, ківаць, трасці’ і асабліва фармальна супадаючае славен. svepȅt ‘бляск, мігценне’, роднаснае літ. sùpti ‘калыхацца’, н.-ням. swabbeln ‘рухацца ў той і другі бок (пра ваду), хвалявацца’ (Міклашыч, 330; Фасмер, 3, 573; Машынскі, Pierw., 188; Фурлан у Бязлай, 3, 348), што адлюстроўвае першаснае чыста зрокавае ўспрыманне месца гнездавання пчол. Іншае меркаванне пра роднасць з ням. Wabe ‘соты’ і “праеўрапейскае” паходжанне выказвае Махэк₂, 594. Гл. таксама Рымут, St. lingv. Polono–Jugosl., 2, 39. Меркаванне Булыкі пра запазычанне ст.-бел. свепетъ, свепето з ст.-польск. świepiot недастаткова аргументаванае, Брукнер (536) дапускаў адваротнае запазычанне для польск. świepiot ‘тс’. У сучасных гаворках звычайна слепет ‘дупло, дзе жывуць пчолы’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)