Папі́рус ’шматгадовая травяністая трапічная расліна сямейства асаковых; матэрыял для пісьма, які вырабляўся з гэтай расліны егіпцянамі і іншымі старажытнымі народамі; рукапіс на такім матэрыяле’ (ТСБМ). З рус. папи́рус ’тс’, якое з ням. Papyrus < лац. papȳrus. Далей гл. папера (Фасмер, 3, 201).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пля́нцы ’месца, дзе вырошчваюць садовыя саджанцы, паркавыя дрэўцы’ (нясвіж., Ялік.), аляпцы, плянсы ’расада’ (ігн., Сл. ПЗБ). Паводле Грынавяцкене, з літ. plensai ’маладыя расліны, парасткі’ < ням. pflanzen ’тс’ (Сл. ПЗБ, 4, 24), што неабавязкова, параўн. бел. ((глянцы, флянцікі ’атожылкі, саджанцы’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прыту́ліца ’жаўтазель фарбавальны, Genista tinctoria L.’ (Ласт., Кіс.). Магчыма, адаптаванае польск. przytulia ’павіліца, Galium aparine’, якое ад przytulić się па ўласцівасці расліны прыхіляцца, чапляцца, прытуляцца да чаго-небудзь (Махэк, Jména, 219). На жаўтазель назва была перанесена з-за той жа ўласцівасці.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пёрка 1 ’наганяй’ (светлаг., Мат. Гом.). Да праць (гл.) < прасл. *pьrati, perą пры ад’ідэацыі рус. по́рка ’лупцоўка’, якое ад пороть ’распорваць’.

Пёрка 2 ’травяністая расліна з вузкімі лістамі’ (Мат. ТС), ’доўгі ліст якой-небудзь расліны’ (ТСБМ). Памяншальнае да пяро́ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Раса́нкі толькі мн. л. ’расліна святаяннік звычайны, Hypericum perforatum L.’ (Ласт., Кіс.). Фанематычны варыянт рася́нкі (гл. рася́нка), верагодна, пад уплывам раса 1 ў сувязі са звычайным распаўсюджаннем расліны ў “расістых” месцах, у тым ліку на лугах, па берагах рэк і азёр.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Смакту́лька ‘зябер прыгожы, Galeopsis speciosa Mill.’, смакту́н ‘тс’ (нясвіж., ЛА, 1), смо́кта ‘тс’ (ТС). Да смактаць (гл.), таму што кветкавыя трубачкі расліны змяшчаюць многа цукрыстай вадкасці (параўн. іншую назву сысункі́ ‘тс’). Паводле Аненкава (151), з’яўляецца ласункам дзяцей, якія высмоктваюць гэты сок.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АПЫЛЕ́ННЕ,

перанос пылку на рыльца песціка (у пакрытанасенных) або на семязавязь (у голанасенных) раслін. Папярэднічае апладненню. Адрозніваюць 2 біял. тыпы апылення: самаапыленне (перанос пылку ў межах адной кветкі — аўтагамія або з інш. кветак той жа расліны — гейтанагамія) і перакрыжаванае (перанос пылку з кветак інш. раслін). Самаапыленне менш пашырана, трапляецца ў некаторых дзікарослых (напр., дзьмухавец, ястрабок) і культурных (ячмень, пшаніца, гарох, фасоля) раслін; у некаторых відаў адбываецца ў нераскрытых кветках (клейстагамія). Перакрыжаванае апыленне больш прагрэсіўнае (аб’ядноўваюцца розныя геномы, у выніку ўтвараецца гетэразіготнае, больш жыццяздольнае патомства). Пылок можа пераносіцца ветрам (анемафілія), вадой (гідрафілія), насякомымі (энтамафілія), птушкамі (арнітафілія) і інш. У селекцыі і раслінаводстве шырока выкарыстоўваюць штучнае апыленне.

т. 1, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРТО́ТРЫХУМ (Orthotrichum),

род брыевых імхоў сям. артотрыхавых. Каля 200 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных шыротах. На Беларусі 15 відаў, з іх артотрыхум прыгожы (O. speciosum) трапляецца часта, артотрыхум Лаеля (O. layelii) занесены ў Чырв. кнігу. Растуць на кары дрэў, камянях, мураваных і бетонных збудаваннях. Ксераморфныя расліны, вытрымліваюць працяглае высыханне.

Падушачкі ад цёмна-зялёных да карычневых. Сцябло 0,5—7 см даўж., прамастойнае або прыўзнятае, разгалінаванае, густа ўкрытае лісцем. Лісце яйцападобна- або лінейна-ланцэтнае, з простай жылкай. Каробачка на кароткай ножцы, з 8—16 прадаўгаватымі палоскамі, радзей без іх. Вечка конусападобнае з дзюбкай. Перыстом двайны.

Артотрыхум Лаеля: а — вывадковыя цельцы; б — ліст; в — верхняя частка сцябла з каробачкай.

т. 1, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГАМО́ЛЫ (Mantoptera, Mantodea),

атрад драпежных насякомых. Больш за 2000 відаў, пашыраны ў тропіках і субтропіках абодвух паўшар’яў. Найчасцей трапляецца багамол звычайны (Mantis religiosa). Вядомы таксама багамол дрэвавы (Hierodula tenuidentata), рывеціны (Rivetima), багамолы-малышкі (Armene), эмпузы (Empusidae).

Даўж. да 11 см. Цела падоўжанае, галава рухомая трохвугольная, ногі добра развітыя, на пярэдняй пары шыпы, якія ўтвараюць пры складванні моцны хапальны апарат. Ротавыя органы грызучыя. Пярэднія крылы вузкія, заднія складаюцца веерападобна (ёсць бяскрылыя). Яйцы адкладваюць на расліны, камяні; звычайна зімуюць. Драпежнікі, сядзяць у малітоўнай позе (адсюль назва), кормяцца насякомымі, некат. трапічныя віды нападаюць на дробных яшчарак, птушак. Некат. віды занесены ў Чырв. кнігу СССР.

т. 2, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛДУ́ЦКАЯ ГРУ́ПА АЗЁРАЎ,

у Беларусі, на мяжы Пастаўскага р-на Віцебскай вобл., Мядзельскага р-на Мінскай вобласці і Астравецкага р-на Гродзенскай вобл., на З Бел. Паазер’я, у бас. р. Страча, на тэр. ландшафтнага заказніка Блакітныя азёры. Уключае невял. азёры Балдук, Глубелька, Ячмянец, Мёртвае, Імшарац, Глубля. Агульная пл. 1,5 км².

Утварылася ў час паазерскага зледзянення, размешчана сярод комплексу водна-ледавіковых формаў рэльефу (адносныя выш. 25—30 м), парослага хваёвым і хваёва-яловым лесам. Азёры адметныя чыстай вадой і адсутнасцю антрапагенных экалагічных парушэнняў, у іх растуць рэдкія ахоўныя водныя расліны (хваснік звычайны і меч-трава звычайная). Па азёрах праходзіць турысцкі маршрут.

т. 2, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)