Капе́ж, капі́ж ’каплі дажджу або талага снегу, якія падаюць са стрэх’ (ТСБМ; Некр.; драг. Нар. словаўтв.; ганц., шчуч., ст.-дар. Сл. паўн.-зах.); ’ледзяшы на стрэхах’ (петрык., Шатал.); ’ніжні край страхі, даху, які выдаецца над сцяной’ (ТСБМ, Сцяшк.; Сержп. Прымхі, Клім.), ’жолаб каля даху’ (Сцяшк.), ’месца пад страхою, куды сцякае вада або падаюць каплі са страхі’ (Яшк., Клім., Бір. Дзярж.; чэрв., дзярж., гродз., беласт. Сл. паўн.-зах.), ’стрэшка пад франтонам’ (В. В.), ’шчыт страхі’ (Бір. Дзярж.), ’стрэшка ў яме для бульбы’, ’коптар, з коптарам’ (Сцяц., зэльв.). Укр. капеж, капіж ’лядзяш’, рус. сіб. капеж ’капеж’, польск. kapież ’вадасцёк, рына’, серб.-харв. ка̑пеж (зборн.) ’кроплі’. Прасл. kapežъ, утворанае ад kapiti (каўзатыў ад kapati ’капаць’) і суфікса ‑еžь > ‑еж, параўн. бел. гібе́ж ’месца згібу нагі’, вале́ж ’павалены лес’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Пла́нка ’клопат, куды ўстаўляецца млён’ (паўн.-усх., ЛА, 4), ’лёстка ў драбіне’ (дубр., ЛА, 4), ’вязы ў санях’ (дубр., ЛА, 2), ’дзверцы ў стаячым вулеі’ (чавус., клім., ЛА, 1); пла́нкі ’ручкі ў падушцы воза, да якіх прымацоўваюцца драбіны’ (віц., маг., брагін., рэч., ЛА, 2), ’доўгія бярвенні, што кладуцца уздоўж моста ля яго краёў для ўмацавання насцілу’ (Сцяшк. Сл.). З рус. пла́нка ’ліштва, дошчачка’, ’дошка, брус’, якое з нова-в.-ням. Planke ’дошка’, ’маснічына’ < с.-лац. planca ’тоўстая дошка’ < лац. phalanga ’насілы для пераноскі цяжкага грузу’ < ст.-грэч. φάλαγξ ’прадаўгаваты кавалак бервяна’, φάλαγγαι ’бэлькі, бярвёны’ (Фасмер, 3, 273; Васэрцыер, 174). Сюды ж бел. пла́нка ’палоска з дрэва, металу, тканіны’ (ТСБМ), ’вышытая паласа ў кашулі спераду ад каўняра ўніз’ (Касп.; ветк., гом., Мат. Гом.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Тхліць ‘даводзіць да гніласці’ (Нас.). Да ту́хлы (гл.) з варыянтным вакалізмам < прасл. *tъxlъ (Фасмер, 4, 128), параўн. тхлявы ‘тухлы’ (Шат.), тхля ‘тухласць’ (Ласт.), тхло ‘тухлы, гнілы пах’ (ТСБМ), ‘душна без паветра (пра рыбу пад тоўстым лёдам)’ (полац., Шн. 2), ‘недахоп кіслароду ў вадзе (на возеры)’ (глыб., Сл. ПЗБ), ‘прыдуха, задуха, замор рыбы ў возеры’ (гарад., Нар. сл., Рэг. сл. Віц.), ‘палонка, прасечаная ў лёдзе, куды выходзіць затохлая рыба’ (полац., Ялік.), ‘адтуліна, праз якую вычэрпваюць затохлую рыбу’ (полац., З нар. сл.); тхлі́ца ‘мор рыбы ад недахопу паветра’ (гродз., ЖНС), тхлі́на ‘тухлы гнілы пах’ (ТСБМ; беласт., Сл. ПЗБ), ‘гніласць’ (Байк. і Некр.), тхлосць ‘застаялы пах’ (Вушац. сл.). Параўн. рус. дыял. тхли́ца ‘рыба, якая задыхнулася ў рацэ’, паводле Фасмера (4, 129) — з *тъхлъ або *дъхлъ, гл. тохнуць, дохнуць.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
вы́рай
1. Поўдзень, цёплыя краіны, куды птушкі ляцяць зімаваць (БРС). Тое ж ві́рэй (Дзятлавіцкая вол. Гом. пав. Радч., стар. XVI), і́рай, вы́рья, і́рій, вы́р'я, вы́рія, вырь (Слаўг.), вы́рый, выр (Нас., Слаўг.).
2. Новы населены пункт, новая асобная гаспадарка (Слаўг.). Тое ж навіна́, пень, ме́ста, гняздо, балота (Слаўг.).
Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)
накірава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак., каго-што.
1. Вызначыць, надаць кірунак руху каму‑, чаму‑н. Накіраваць лодку да берага. Накіраваць машыны ў абход горада. □ Пілот накіраваў самалёт на белую паляну, якая і аказалася знаёмым возерам. Якімовіч. [Таццяне] захацелася сказаць, што ніякай школы тут няма і накіраваць дзяцей назад дамоў, але яна не магла ім схлусіць. Шамякін. // Наставіць што‑н. на каго‑, што‑н. — Пароль? — сурова спытаў Маеўскі і, выглянуўшы з-за дрэва, накіраваў на.. [чалавека] пісталет. Шамякін. // Даць пэўны напрамак развіццю якога‑н. дзеяння, з’явы і пад. Аўгіня ўмела накіраваць справу так, што верх заставаўся за ёю. Колас. [Ваўчок] накіраваў далейшую размову ў рэчышча практычных пытанняў, звязаных з асенне-зімовым рамонтам. Хадкевіч.
2. Сканцэнтраваць што‑н. на кім‑, чым‑н., імкнуцца да чаго‑н., супроць чаго‑н. Вераб’ёў вырашыў накіраваць усе сілы, усю дзейнасць Саветаў на выкананне ленінскага дэкрэта аб зямлі. Дуброўскі. Супраць адсталасці, цемры і забабоннасці вёскі накіраваў гнеўную сатыру Кандрат Крапіва. Кудраўцаў. // Уважліва паглядзець. Накіраваць позірк на незнаёмага.
3. Паслаць, адправіць каго‑н. куды‑н. Накіраваць хворага ў клініку. □ [Павел] пайшоў у райваенкамат і папрасіў, каб яго накіравалі на фронт. Шахавец. // Даць прызначэнне куды‑н., у якасці каго‑н. Накіраваць на працу ў школу. □ [Арлоўскі] не змірыўся са становішчам пенсіянера, пайшоў у абком партыі і папрасіў даць яму работу на баявым участку — накіраваць яго старшынёю калгаса. Паслядовіч.
4. Адрасаваць куды‑н. Накіраваць паперу ў міністэрства.
5. Даючы парады, навучыць чаму‑н. добраму. Накіраваць нас на шлях ісціны ўзялася жанчына. Новікаў. [Сяргей:] — Вы больш [за] усіх можаце накіраваць народ на правільны шлях. Машара.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
забе́гчы, ‑бягу, ‑бяжыш, ‑бяжыць; ‑бяжым, ‑бежыце, ‑бягуць; пр. забег, ‑ла; заг. забяжы; зак.
1. Бегучы, трапіць куды‑н., апынуцца дзе‑н. Казёл забег у агарод. □ Ля кладкі ў брод забеглі дзеці — усім па кветачкі вада. Ляпёшкін. — У хлопцаў ногі лёгкія, як бачыш забягуць дадому. Гамолка.
2. Зайсці куды‑н. мімаходам, на кароткі час. Па дарозе дадому Люба забегла на медпункт. Шамякін. Як на тое, у пакой забег Вадзімка. Чагосьці пашукаў пад ложкам і выбег. Сабаленка.
3. Абагнаць каго‑н., перагарадзіўшы дарогу. [Боганчык] бег, б’ючы каленам аб заднюю вось; цягнуў за лейцы, накручваючы іх на руку, і чуў: нічога не можа зрабіць. Пасля падумаў, што трэба забегчы каню наперад. Пташнікаў. «Ты мой, як міленькі, толькі каб не дапусціць цябе да алешніку», — думаў Павел, стараючыся забегчы ад кустоў. Тады парушальнік змяніў кірунак і кінуўся ў бок сасновага лесу. Пальчэўскі.
•••
Забегчы наперад — а) зрабіць што‑н., парушыўшы паслядоўнасць; б) апярэдзіць каго‑н. у дасягненні, атрыманні чаго‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пад’е́хаць, ‑еду, ‑едзеш, ‑едзе; ‑едзем, ‑едзеце, ‑едуць; заг. пад’едзь; зак.
1. Едучы, наблізіцца да каго‑, чаго‑н. У наступную ноч да катла пад’ехалі на санках партызаны. Шчарбатаў. Прыцемкам да Ермаліцкіх пад’ехаў вазок, запрэжаны добрым стаеннікам. Грахоўскі. // Заехаць пад што‑н. Пад’ехаць пад мост. // Праехаць нейкую частку шляху на падарожным транспарце. Цяпер я пакаяўся, што не падаўся на бальшак, дзе мог пад’ехаць на падарожнай машыне. Якімовіч.
2. Разм. Прыехаць куды‑н. У той жа дзень Стрыжак загадаў Тышкевічу весці групу на аб’яднанне з атрадам Ваталава. Сам абяцаў пад’ехаць пазней. Асіпенка. [Палавінка] па развітанне моцна паціснуў Кавалёвай руку і абяцаў сам пад’ехаць у калгас. Дуброўскі. // З’ездзіць куды‑н. на нейкі час. [Аканом:] — Дзень добры, панове. Феакціст Антонавіч вельмі прасіў да яго пад’ехаць на гадзіну якую. Галавач.
3. перан. Разм. Падлізацца да каго‑н.; дабіцца чаго‑н. хітрасцю, ліслівасцю. Пад’ехаць да начальства. □ [Вруй] цярпліва чакаў, покі Саўка думаў, і меркаваў, ці спрытна пад’ехаў ён да Саўкі. Колас. Хлопцы былі пранырлівыя, умелі пад’ехаць да жанчын, ласкай выпрасіць тое, чаго і сілай не возьмеш. Новікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пае́хаць, ‑еду, ‑едзеш, ‑едзе; ‑едзем, ‑едзеце, ‑едуць; заг. паедзь; зак.
1. Пачаць рухацца, перамяшчацца пры дапамозе якога‑н. транспарту. Крушынскі адразу запрог каня і паехаў. Бядуля. — Паехалі, — сказаў Міхась, спрытна ўскочыўшы на сядзенне трактара. Шахавец. // Накіравацца, адправіцца куды‑н., да каго‑н. Паехаць у госці. □ Андрэй завярнуў каня і паехаў па снапы. Чарнышэвіч. // З’ехаць куды‑н. — От што, — сказаў хлопец, калі бацька сеў палуднаваць, — я табе скажу, што я зусім заўтра паеду адгэтуль. Чорны.
2. Зрушыць з месца, пакаціцца (аб транспарце). Паехала машына. □ З вуліцы пачулася, як паехаў рамізнік. Мурашка.
3. Разм. Саслізнуць, пачаць апускацца, падаць. Нага.. [Тварыцкага] пакаўзнулася на вільготнай зямлі і паехала ўніз з узмежку. Чорны. Падсечаная,.. [алешына] нездаволена крахнула, пастаяла нейкі, амаль няўлоўны, момант, а потым памалу паехала ўніз. Брыль.
4. перан. Разм. Пачаць гаварыць доўга, многа або не тое, што трэба. [Клаўдзія Пятроўна:] — Мы ад цябе чакаем тосту, а ты нешта паехаў некуды не туды. Васілёнак.
•••
Паехаць ад (са) смеху (ад рогату, з рогату) — тое, што і пакаціцца ад (са) смеху (ад рогату, з рогату) (гл. пакаціцца).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
узле́зці, ‑зу, ‑зеш, ‑зе; пр. узлез, ‑ла; заг. узлезь; зак., на што.
1. Залезці, узабрацца на што‑н. высокае, на верх, на паверхню чаго‑н. Узлезці на тэлеграфны слуп. Узлезці на рыштаванні. Узлезці на самы верх. □ Рыгор спрытна схапіў рэчы і ўзлез на заднюю пляцоўку задняга вагона. Гартны. Вязень узлез на столік, што стаяў пад акенцам, узяўся рукамі за краты, упёрся ў іх галавой і, прагна глядзеў на турэмны двор. Таўлай. // перан. Падняцца ўверх (па службе і пад.). А хацеў лічыцца Ён [Цярэшка] тузом у трэсце. Як жа падлаўчыцца — На пасаду узлезці. Гілевіч.
2. Разм. Надзецца, налезці (пра адзенне, абутак). Вот узлез на нагу. □ Прымяраю, ці ўзлезе на плечы Ватоўка, кашуля. Куляшоў.
3. Разм. Наступіць на што‑н. Андрэй не ведаў, куды падзецца ад сораму. Ён баяўся сустрэцца позіркам з Зояй, а тут па табе — на нагу ўзлез. Хадановіч.
4. Разм. Ступіць, уз’ехаць куды‑н. [Грасыльда:] — Вясна сёлета была халодная, дажджы. На поле не ўзлезеш. А сеяць — сёй. Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ВІ́ЛЕНСКАЯ НАВУЧА́ЛЬНАЯ АКРУ́ГА,
навучальна-адм. падраздзяленне ў Рас. імперыі ў 1803—1918 (з перапынкам). Створана ў 1803. Спачатку ёй падпарадкоўваліся навуч. ўстановы Валынскай, Віленскай, Віцебскай, Гродзенскай, Кіеўскай, Магілёўскай, Мінскай і Падольскай губ., з 1810 — і Беластоцкай вобл. Навуч.-метадычны і адм. цэнтр акругі — Віленскі універсітэт. Мела пэўную самастойнасць. Кіравалася «Статутам, ці Агульнымі пастановамі Віленскага універсітэта і вучылішчаў яго акругі» (1803), «Прадпісаннем арганізацыі вучылішчаў у акрузе імп. Віленскага універсітэта» (1804), у якіх былі ўлічаны асн. прынцыпы і палажэнні статута Адукацыйнай камісіі. У 1803 у бел. губернях акругі (Віцебскай, Гродзенскай, Магілёўскай, Мінскай і часткова Віленскай) 25 сярэдніх і няпоўных сярэдніх і каля 130 пачатковых школ. У пач. 1820-х г. многія выкладчыкі і вучні акругі ўдзельнічалі ў грамадска-паліт. і нац.-вызв. руху, што выклікала рэпрэсіі з боку царскіх улад.
У 1824 Віленская навучальная акруга рэарганізавана. Навуч. ўстановы Віцебскай і Магілёўскай губ. перададзены Пецярбургскай навуч. акрузе, а ў 1829 вылучаны з яе і ўтварылі Беларускую навучальную акругу, куды ў 1831—32 увайшлі навуч. ўстановы Мінскай, Гродзенскай, Віленскай губ. і Беластоцкай вобл. Віленская навучальная акруга часова перастала існаваць, а Віленскі ун-т быў пераведзены ў Кіеў. Паводле палажэння аб навуч. акругах 1835 ун-ты вызваляліся ад кіраўніцтва навуч. ўстановамі, гэтую функцыю выконвалі папячыцельскія саветы на чале з папячыцелем. У 1850 Віленская навучальная акруга адноўлена, у яе ўвайшлі навуч. ўстановы Віленскай, Гродзенскай, Ковенскай і Мінскай губ. Навуч. ўстановы Віцебскай і Магілёўскай губ. зноў далучаны да Пецярбургскай навуч. акругі. У Віленскую навучальную акругу яны ўвайшлі ў 1864. За ўдзел у паўстанні 1863—64 з 13 гімназій і 3 прагімназій было выключана 455 выкладчыкаў і вучняў. Усе выкладчыкі «нярускага» паходжання з 1866 пазбаўляліся права выкладаць у навуч. установах акругі. У 1914/15 навуч. г. ў акрузе 6667 пач. вучылішчаў і школ, 31 мужчынская гімназія, 69 жаночых гімназій, 11 рэальных вучылішчаў, 3 настаўніцкія ін-ты, 8 настаўніцкіх семінарый. У Вільні выдавалася «Памятная кніжка Віленскай навучальнай акругі» (1874—1915).
З.А.Пастухова.
т. 4, с. 165
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)