НА́ЧА, Нач,
рака ў Ляхавіцкім і Ганцавіцкім р-нах Брэсцкай вобл. і Клецкім р-не Мінскай вобл., правы прыток р. Лань (бас. р. Прыпяць). Даўж. 42 км. Пл. вадазбору 360 км². Пачынаецца на З ад в. Канюхі Ляхавіцкага р-на, вусце за 2 км на У ад в. Нач Ганцавіцкага р-на. Цячэ па нізіне Прыпяцкае Палессе. Рэчышча ў верхнім цячэнні на працягу 20,8 км каналізаванае.
т. 11, с. 245
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́ЧА,
вёска ў Ляхавіцкім р-не Брэсцкай вобл., каля р. Нача. Цэнтр сельсавета і племзавода «Нача». За 12 км на У ад горада і чыг. ст. Ляхавічы, 232 км ад Брэста. 698 ж., 280 двароў (2000). Цэх па вытв-сці воцату. Сярэдняя школа, філіял Ляхавіцкай муз. школы, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — сядзіба (1810—15).
т. 11, с. 245
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЙСЕ́РЫІ (Neisseria),
род бактэрый сям. нейсерыевых. Высокаадаптаваныя паразіты (гінуць па-за арганізмам), жывуць у верхніх дыхальных шляхах млекакормячых жывёл і чалавека. Выключэнне — патагенныя віды: ганакок (N. gonorrhoeae), узбуджальнік ганарэі, размнажаецца ў мочапалавым тракце, і менінгакок (N. meningitidis), выклікае эпідэмічны цэрэбраспінальны менінгіт.
Клеткі дыяметрам 0,5—1 мкм у форме боба ці кававага зерня, размешчаныя парамі. Грамадмоўныя. Аэробы ці факультатыўныя анаэробы. Ёсць сапрафітныя віды.
А.І.Ерашоў.
т. 11, с. 275
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НО́ВЫЯ АСМА́НЫ»,
удзельнікі тайнай паліт. арг-цыі «Таварыства новых асманаў», засн. у 1865 тур. інтэлектуаламі Намык Кемалем, Зія-беем, Алі Суаві і інш. Выступалі за канстытуцыйны лад у Асманскай імперыі і ажыццяўленне рэформ па мадэрнізацыі краіны. Да «Н.а.» быў блізкі Мідхат-паша, які ў 1876 дамогся прыняцця першай тур. канстытуцыі. Пасля фактычнай адмены Абдул-Хамідам II канстытуцыі ў 1878 падвергліся рэпрэсіям. Пераемнікамі «Н.а.» сталі младатуркі.
т. 11, с. 374
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯАХЭ́,
рака на ПнУ Кітая. Даўж. (ад вытокаў р. Сіляахэ) 1430 км, пл. басейна 231 тыс. км². Пачынаецца ў гарах на стыку Вял. Хінгана і Жэхэ, цячэ па раўніне Сунляо, упадае ў Ляадунскі зал. Жоўтага м. Летнія паводкі. Сярэдні расход вады ў ніжнім цячэнні больш за 630 м³/с. Выкарыстоўваецца пераважна для арашэння. Вадасховішчы Дахафан, Эрлуншань. Суднаходная ад г. Чжэнцзятунь. У вусці — марскі порт Інкоў.
т. 9, с. 415
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
сцёк, ‑у, м.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. сцякаць — сцячы; цячэнне вады па нахіленай плоскасці. — У гэтым і ўся сутнасць, — сцвердзіў Пажытны. — Хоць траншэя тут асабліва, глыбокая, але затое дадзім вадзе сцёк. Сапрыка.
2. Спец. Колькасць вады, што сцякае ў раку, возера, акіян за пэўны перыяд. Нават прэснай вады на Зямлі больш чым даволі — з агульнага гадавога сцёку ўсіх рэк планеты можна яе выдаць кожнаму чалавеку па дзесяць тысяч кубаметраў. «Полымя».
3. Рышток, рына, раўчук і пад., па якіх сцякае вада. Пад лямант, што чуўся з пральні, ён ужо быў дабраўся да памыйнага сцёку сярод двара, калі яму сустрэлася другая прыкрасць. Брыль.
4. Уст. і спец. Маса вадкасці, якая сцякае адкуль‑н.; паток. Забруджванне ракі сцёкамі з прамысловых прадпрыемстваў забараняецца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хло́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм.
1. Утвараць кароткі, глухі гук, стукаючы чым‑н. Пасля ў бярэзніку — шмат дзе — доўга хлопалі крыламі спалоханыя птушкі, як бы хто ў рукавіцах біў у далоні — далёка, аж на імшары. Пташнікаў. // З грукатам зачыняцца (пра дзверы, вокны і пад.). Хлопаюць дзверы вестыбюля, заціхаюць лёгкія Галіны крокі, і зноў цішыня, як у скляпенні. Парахневіч. // Разрываючыся, страляючы і пад., утвараць кароткі рэзкі гук. Несціхана хлопалі піўныя бутэлькі. Гартны. Маторчык страляе, хлопае, а потым заходзіцца ў частых пошчаках. Даніленка.
2. каго. Стукаць па чым‑н., звычайна з шумам. [Перагуд:] Эх, друг! (Хлопае Дубаўца па палене). Харошы ты хлопец. Давай мы з табой пацалуемся. Крапіва. — Ох ты, Валянцін! — усміхаецца, выходзіць з-за стала і хлопае мяне па плечуку Мікалай Назаравіч. Мыслівец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ГАРБАЧЭ́ЎСКІ (Мікіта Іванавіч) (1804, Магілёўская вобл. — 26.5.1879),
бел. вучоны-архівіст, краязнавец, мовазнавец і педагог. Скончыў Магілёўскую духоўную семінарыю і Пецярбургскую духоўную акадэмію. Канд. філасофска-тэалагічных навук (1831). Выкладаў у Жыровіцкай духоўнай семінарыі, віленскіх дваранскім ін-це, школе рабінаў і гімназіі. З 1853 архіварыус Віленскага цэнтр. архіва стараж. актаў. Упарадкаваў і сістэматызаваў дакументы па гісторыі Беларусі і Літвы. Адзін са стваральнікаў і член (з 1864) Віленскай археаграфічнай камісіі. Вывучаў заканадаўства ВКЛ па архіўнай справе, судаводстве і справаводстве. Аўтар даследаванняў па археаграфіі і крыніцазнаўстве. Склаў «Каталог старажытным актавым кнігам губерняў: Віленскай, Гродзенскай, Мінскай і Ковенскай...» (1872). Выдаў «Слоўнік старажытнай актавай мовы Паўночна-Заходняга краю і Царства Польскага» (1874; растлумачыў каля 400 бел. і больш за 5 тыс. лац.-польск. юрыд. тэрмінаў 14—17 ст.).
Літ.:
Н.И.Горбачевский / Сост. Л.Л.Толкачева. Мн., 1991.
т. 5, с. 55
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛО́МБА (сінгальскае Каламбу),
сталіца Шры-Ланкі. 2026 тыс. ж. (1993). Марскі порт у вусці р. Келані (90% імпарту і каля 50% экспарту краіны). Гал. эканам. і культ. цэнтр краіны. Міжнар. аэрапорт. У К. і яго наваколлі больш за палавіну прамысл. прадпрыемстваў Шры-Ланкі: харч. (па перапрацоўцы чаю, алейні), гарбарна-абутковыя, суднарамонтныя, па перапрацоўцы каўчуку; мех. майстэрні, 2 нафтаперапр., шынны з-ды, сталепракатны цэх. Млынкамбінат. Рамёствы па вырабах з металаў і высакародных камянёў. АН (з 1976). Дзярж. ун-т, Будыйскі ун-т. Нац. музей, галерэя мастацтваў.
Упершыню згадваецца ў 5 ст., у сярэднія вякі вядомы пад назвай Калантота, важны гандл. цэнтр у бас. Індыйскага ак. Пры партуг. панаванні (16—17 ст.) пабудаваны ваен. форт (1520). У 1656 заваяваны галандцамі. З 1796 каланізаваны англічанамі, з 1815 адм. ц. іх калоніі Цэйлон. З 1948 сталіца дзяржавы Цэйлон, з 1972 — Рэспублікі Шры-Ланка.
т. 7, с. 479
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАНУА́ ((Lannoy) Жыльбер дэ) (1386—22.4.1462),
бургундскі падарожнік, дыпламат, мемуарыст. Шмат падарожнічаў (Германія, Данія, Іспанія, Сірыя, Св. Зямля). У 1413—14 і 1421 здзейсніў 2 падарожжы па Усх. Еўропе. 1-е адбылося пасля яго ўдзелу ў паходзе крыжакоў на Польшчу і пралягала праз-ВКЛ па маршруце Дынабург—Вільня—Трокі—Коўна—Мемель. Сустракаўся з вял. кн. Вітаўтам. У час 2-га падарожжа праехаў праз Падолле, у Камянцы зноў сустрэўся з Вітаўтам, прысутнічаў пры прыняцці ім пскоўскага і наўгародскага пасольстваў. У дзённіках шмат каштоўных звестак па гісторыі ВКЛ, у т. л. і этнаграфічнага зместу. Адзначыў наяўнасць у жыхароў ВКЛ «асобнай» мовы і існаванне 12 епархій. Як католік папракаў Вітаўта за сувязь з гусітамі. Місія Л. падвяла рысу пад доўгім перыядам насцярожана-варожага стаўлення да ВКЛ як да дзяржавы «язычнікаў» і садзейнічала пашырэнню ведаў аб ёй у Зах. Еўропе.
А.В.Белы.
т. 9, с. 125
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)