АЛЮ́РЫ
(
віды руху каня. Адрозніваюць алюры натуральныя і штучныя. Натуральныя алюры: хада (павольныя алюры) — конь паслядоўна падымае і ставіць на зямлю адну за адной усе 4 нагі; змена ног па дыяганалі; рысь — паскораныя алюры ў 2 тэмпы: конь перастаўляе адначасова 2 нагі па дыяганалі; інахадзь — алюры ў 2 тэмпы: конь падымае і апускае то 2 левыя, то 2 правыя нагі; інахадзь шпарчэй за рысь; галоп — скачкападобныя алюры ў 3 тэмпы з безапорнай фазай; скачок — адштурхоўванне ад зямлі наперад адначасова 2 заднімі канечнасцямі. Штучныя алюры (у конным спорце і цыркавым мастацтве): парадная хада — конь ідзе рыссю, высока падымаючы і выцягваючы ногі; пасаж — скарочаная рысь; п’яфэ — пасаж на месцы; піруэт — заднія ногі на месцы, пярэднія апісваюць поўны круг.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)