БЭН ((Benn) Готфрыд) (2.5.1886, г. Мансфельд, Германія — 7.7.1956),
нямецкі паэт і пісьменнік. Пачынаў як паэт-экспрэсіяніст. Уменне спалучаць прыгожае з агідным, дэманстраваць найб. цяжкія і страшныя бакі жыцця, праўдзіва гаварыць пра чалавечыя пакуты выявілася ўжо ў першых зб-ках «Морг» (1912), «Плоць» (1917), «Шчэбень» (1919). У гады нацысцкага рэжыму Бэн у т.зв.унутр. эміграцыі. Яго творы забаронены да друку. У зб-ках «Статычныя вершы» (1948), «П’яны прыліў» (1949), «Дыстыляцыі» (1953) і інш. пераважалі філас. матывы, разважанні над шляхамі цывілізацыі (у свеце крывавых падзей 20 ст. погляд паэта часта песімістычны), над вечнай адзінотай чалавека, душу якога можа выратаваць толькі мастацтва. Позняй лірыцы Бэна ўласцівыя класічная яснасць і філігранная апрацоўка формы. Аўтар аповесці «Пталамеец» (1949), літ.-крыт. і публіцыст. артыкулаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯССО́НАЎ (Пётр Аляксеевіч) (16.6.1828, Масква — 6.3.1898),
рускі гісторык л-ры, фалькларыст, публіцыст. Скончыў Маскоўскі ун-т (1851). З 1879 праф. Харкаўскага ун-та. Выдаў зборнік балгарскіх песень (1855), песень, паданняў і вусных апавяданняў сербаў (1857), песень-літанняў старцаў («Калікі вандроўныя», вып. 1—6, 1861—64; разам з рус. ўвайшлі і бел.творы). У 1864—67 узначальваў Віленскую археаграфічную камісію, бліжэй пазнаёміўся з бел. гісторыяй, культурай, фальклорам. Падрыхтаваў і выдаў «Песні, сабраныя П.В.Кірэеўскім» (вып. 1—10, 1860—74), «Беларускія песні» (1874). У апошні зборнік увайшлі каляндарна-абрадавыя нар. песні — валачобныя, юраўскія, мікольскія, куставыя, купальскія, пятроўскія, калядныя і масленічныя. Падзяляў погляды міфалагічнай школы.
Літ.:
Бандарчык В.К. Гісторыя беларускай этнаграфіі XIX ст.Мн., 1964;
Улащик Н.Н. Очерки по археографии и источниковедению истории Белоруссии феодального периода. М., 1973. С. 89—98.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНДРЭ́ЕЎ (Леанід Мікалаевіч) (21.8.1871, г. Арол — 12.9.1919),
рускі пісьменнік. Скончыў Маскоўскі ун-т (1897). Друкаваўся з 1892. Раннія творы вытрыманы ў традыцыях крытычнага рэалізму («Вялікі шлем», «Пецька на дачы», «Анёлачак», «Жылі-былі»). Спачуваў рэвалюцыянерам, пратэставаў супраць вайны («Іншаземец», «Марсельеза», «Чырвоны смех»). У больш позніх творах («Сцяна», «Думка», «Бездань», «Жыццё Васіля Фівейскага») адчуваецца песімізм, падкрэсліваецца бяссілле чалавечага розуму. Рэвалюцыя 1905—07 абвастрыла цікавасць да сац. праблем (драмы «Да зор», 1905, выд. 1906; «Губернатар», 1906; «Апавяданне пра сем павешаных», 1908), а яе паражэнне выклікала расчараванне; матывы адчаю, вобразы смерці ідуць побач з паэтызацыяй анархічнага бунту: п’есы «Сава» (1906), «Жыццё чалавека» (1907), «Чорныя маскі», «Цар Голад» і «Анатэма» (усе 1908); апавяд. «Цемра», «Пракляцце звера» (абодва 1907); раман «Сашка Жыгулёў» (1911). Пасля Кастр. рэвалюцыі жыў у Фінляндыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПАФЕО́З (ад грэч. apotheōsis абагаўленне),
1) услаўленне, узвелічэнне падзеі, з’явы, асобы; урачыстае завяршэнне падзеі. У стараж. егіпцян, потым у грэкаў і рымлян — абагаўленне правіцеляў за іх асаблівыя заслугі. Апафеоз, які з цягам часу трансфармаваўся ў культ правіцеляў, браў пачатак у стараж. блізкаўсх. традыцыі прылічэння цароў да багоў або сыноў божых. Матывамі ўслаўлення духоўнай велічы народа, чалавека, выдатных гіст. ці грамадскіх падзей прасякнуты многія творы сусветнай л-ры і мастацтва, у т. л.бел. пісьменнікаў, паэтаў і дзеячаў культуры.
2) Заключная ўрачыстая масавая сцэна святочнай канцэртнай праграмы, спектакля, поўная асаблівага ўздыму, велічы. Напр., усхвалявана, урачыста гучыць заключная сцэна драмы Я.Купалы «Раскіданае гняздо», калі героі, ахопленыя духоўным парывам і высакароднай мэтай, ідуць на Вялікі сход, па Бацькаўшчыну. Апафеоз можа быць таксама самаст. часткай паказу свята, шэсця (звычайна без тэксту) з выкарыстаннем выразных вобразаў, сюжэтаў, дэкарацыйнага афармлення, касцюмаў, бутафорыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПО́КРЫФЫ (ад грэч. apokryphos таемны, запаветны),
мастацкія аповесці ў сярэдневяковых л-рах, сюжэтна звязаныя з Бібліяй, жыціямі святых, легендамі пра рай, пекла, канец свету. Забараняліся царквой як некананічныя. У дахрысц. і раннехрысц. часы апокрыфы лічылі кнігамі вял. мудрасці, глыбокі і патаемны сэнс якіх быў даступны не кожнаму. З пашырэннем ерасяў апокрыфамі сталі называць творы з ерэтычным ухілам. Царк. цэнзура складала індэксы «фальшывых» кніг, якія падлягалі знішчэнню. У перыяд Кіеўскай Русі на ўсх.-слав. землях шырокую вядомасць набылі апокрыфы пра стварэнне Богам Адама, пра цара Саламона, «Хаджэнне Багародзіцы па пакутах» (у бел. апрацоўцы 15—16 ст. — «Аб дванаццаці пакутах»), «Страцім-птушка», апакрыфічныя евангеллі Іакава, Фамы, Нікадзіма. У апокрыфах адлюстраваліся нар. ўяўленні эпохі феадалізму пра светаўладкаванне, пошукі праўды і дабра. Апокрыфы паўплывалі на некаторыя жанры бел. фальклору (казкі, духоўныя вершы). Матывы апокрыфаў выкарыстоўваў М.Багдановіч («Апокрыф», «Страцім-лебедзь»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРАБЕ́Й (Лідзія Львоўна) (н. 27.6.1925, в. Нізок Уздзенскага р-на Мінскай вобл.),
бел. пісьменніца. Канд.філал.н. (1958). Скончыла БДУ (1951). Працавала ў рэдакцыях час. «Вожык», «Полымя», газ. «Чырвоная змена», выд-ве «Беларусь». Друкуецца з 1946. Аўтар манаграфій «Цётка (Алаіза Пашкевіч)» (1956) і «Хвядос Шынклер» (1959), твораў для дзяцей (зб. апавяданняў «Калібры», 1960, аповесць «Сіні бор», 1972; зб. апавяданняў і казак «Ісці ў разведку», 1989). Пра жыццё і творчасць Цёткі аповесці «На струнах буры» (1966) і «Стану песняй» (1977). Актуальныя праблемы сучаснасці ў аповесцях «Мера часу» (1962), «Экзамен» (1963), «Ваўчкі» (1972). Айч. вайна — гал. тэма аповесцяў «На другой зіме вайны» (1966) і «Сярод ночы» (1968), раманаў «Іскры ў папялішчы» (1969), «Сузор’е Вялікай Мядзведзіцы» (1980), зб. прозы «Мне трэба ехаць» (1974).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫ́САЎСКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ АБ’ЯДНА́НЫ МУЗЕ́Й.
Засн. ў 1946 у г. Барысаў, адкрыты ў 1950, да 1988 краязнаўчы музей. Мае 6 экспазіц. залаў (пл. экспазіцыі 170 м²), больш як 31 тыс. экспанатаў (1995). Матэрыялы знаёмяць з гісторыяй узнікнення і развіцця Барысава (археал. знаходкі, дакументы часоў ВКЛ, зброя перыяду вайны 1812, этнагр. экспанаты, нумізматычная калекцыя і інш.), падзеямі рэв. руху, грамадз. вайны, рэпрэсіямі ў 1930-я г., партыз. рухам і дзейнасцю Барысаўскага патрыятычнага падполля ў Вял.Айч. вайну, аднаўленнем і развіццём гаспадаркі горада і раёна. Экспануюцца матэрыялы пра знакамітых землякоў: удзельнікаў рэв. руху, дзярж. дзеячаў, Герояў Сав. Саюза, вучоных, дзеячаў мастацтва і л-ры (А.Трусава, Я.А.Адамовіча, М.І.Марозава, Г.П.Гурыновіча, У.В.Кавалёнка, А.А.Анікейчыка, М.Клімковіча, І.Харыка і інш.), творы скульптараў і мастакоў. Мае навукова-даведачную б-ку; філіялы: Іканскі музей народнай славы, Дом-музей А.Ф.Купрыянавай у Жодзіне.
Будынак Барысаўскага дзяржаўнага аб’яднанага музея.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАХМАТО́ВІЧ (Казімір) (1808, в. Дабраўляны, Смаргонскі р-н Гродзенскай вобл. — 1837),
бел. графік і жывапісец. Вучыўся ў Віленскім ун-це ў Я.Рустэма. Працаваў настаўнікам малявання ў дабраўлянскім маёнтку графа А.Гюнтэра. Выканаў насценную размалёўку інтэр’ера капліцы Дабраўлянскага палаца (1828), літаграфіі «Інтэр’ер капліцы Дабраўлянскага палаца» (1829), «Бытавыя сцэны» (літаграфія па малюнках Я.Рустэма, 1830-я г.), «Дабраўлянскі сувенір» (1835), партрэт Рустэма, «Успаміны аб Вільні» (1837) і інш.; графічныя лісты, выкананыя ў мяшанай тэхніцы («Мужчынскі партрэт», «У спальні» і інш.). Яго рэаліст. бытавыя замалёўкі маюць этнагр. каштоўнасць. Найб. цікавыя з іх змешчаны ў альбоме «Збор нацыянальных і ваенных касцюмаў, што намаляваў Казімір Бахматовіч, вучань Віленскай акадэміі на Літве» (1831). Вядомыя яго жывапісныя творы: «Дзяўчынка з немаўляткам», «Літоўская вяснянка».
Літ.:
Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАБО́ЦКІ (Белаблоцкі) Андрэй
(Ян) Хрыстафоравіч, усходнеславянскі філосаф і паэт 2-й пал. 17 — пач. 18 ст. Скончыў Слуцкую кальвінісцкую гімназію, вучыўся ў Францыі, Італіі, Іспаніі. Быў кальвінісцкім прапаведнікам у Слуцку, настаўнікам у Магілёве. З-за ганенняў езуітаў пераехаў у Смаленск, у 1681 — у Маскву, дзе прыняў праваслаўе. Да пераходу ў праваслаўе не прызнаваў афіц. царквы, крытыкаваў Біблію. Веру лічыў асабістай справай кожнага чалавека, філасофію ставіў вышэй за багаслоўе. У яго філас. поглядах перапляталіся ідэі рацыяналізму, дэізму і пантэізму. Адстойваў адзінства душы і цела. Аўтар твораў «Кароткая гутарка літасці з ісцінаю» (1685),
«Вялікая навука Раймунда Люлія» і «Кніга філасофская» (1698—99) і інш. У гал.паэт.творы — паэме «Пентатэугум, або Пяць кніг кароткіх...» — сцвярджаецца марнасць зямнога быцця, апісваюцца карціны пякельных пакут, канца свету. Пераклаў першыя 2 кнігі трактата Фамы Кемпійскага «Аб наследаванні Хрысту».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКАЯ КАПЭ́ЛА»,
нацыянальнае тэатральна-канцэртнае аб’яднанне. Створана ў 1992 у Мінску на базе аднайм. калектыву. Маст. Кіраўнік В.Скорабагатаў. У аснове арганізацыі аб’яднання — прынцыпы еўрап. капэлы 17—18 ст. Кірункі дзейнасці: аднаўленне ў тэатр.-канцэртнай практыцы бел.муз. спадчыны, збіранне, даследаванне і публікацыя бел.муз. твораў 17—19 ст., прапаганда сучаснай, у т. л. авангарднай, музыкі. Па ініцыятыве капэлы зроблены сучасныя аўтарскія версіі зборніка лірычных кантаў «Куранты» (В.Капыцько), школьнай оперы «Апалон-заканадаўца, або Рэфармаваны Парнас» Р.Вардоцкага (Дз.Смольскі). Праводзіць штогод (з 1991) міжнар. фестывалі «Адраджэнне беларускай капэлы», на якіх паказаны (у канцэртным выкананні) оперы «Уяўная каханка» Дж.Паізіела і «Апалон-заканадаўца...», «Балетны дывертысмент»; выконваліся творы Я.Д.Голанда, М.Радзівіла, Э.Ванжуры, В.Казлоўскага, Міхала Клеафаса і Міхала Казіміра Агінскіх, братоў А. і М.Ельскіх, Ф.Міладоўскага, Ю.І.Крашэўскага, С.Манюшкі і інш.