перш, прысл.
Спачатку, раней. Перш сварыўся на яго бацька, потым бачыць — нічога не парадзіш, калі ў сына такая ахвота. Якімовіч. [Маці] хацела запаліць святло, але Мікола папрасіў перш завесіць вокны. Федасеенка.
•••
Перш за ўсё — у першую чаргу. Чалавек на зямлі, хто б ён ні быў: воін ці будаўнік, а перш за ўсё сейбіт. Гроднеў.
Перш-наперш — спачатку, перш за ўсё. Калі змены супадалі, то Ліда перш-наперш старалася наведацца на Лёнеў участак. Кулакоўскі.
Перш чым (злучнік часавы) — перад тым як, да таго як. Дзён пяць блукаў Антось па навакольных вёсках і хутарах, перш чым натрапіў на след пана. Бажко.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прасу́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., што.
1. Засунуць куды‑н., праз што‑н.; высунуць. Прасунуць нітку ў іголку. □ Схапіўшы дужку кляшчамі, трэба было маланкава прасунуць яе ў папярэдняе звяно. Корбан. Не заходзячы ў хату, я прасунула галаву ў акно, паклікала Вольку. Савіцкі.
2. Сунучы, перамясціць на нейкую адлегласць. Манг мігам упёрся жардзінай у сцяну, а бацька тым часам хутка прасунуў човен у праход. Маўр.
3. перан. Накіраваць у бок паляпшэння чаго‑н. Аб другім перыядзе.. Багдановіч пісаў, што ён прасунуў беларускае пісьменства значна наперад. Лойка.
4. перан. Разм. Паскорыць ажыццяўленне, рашэнне чаго‑н. несумленным спосабам. Прасунуць кнігу ў друк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пры́маўка, ‑і, ДМ ‑маўцы; Р мн. ‑мавак; ж.
1. Агульнавядомы ўстойлівы выраз, звычайна вобразны, які адрозніваецца ад прыказкі тым, што не з’яўляецца закончаным суджэннем і звычайна не мае павучальнага зместу. Вандруючы па беларускіх землях, Федароўскі адразу заўважыў, што ў мове беларусаў вельмі часта сустракаюцца дасціпныя слоўцы, яркія прыказкі, прымаўкі, мудрыя выслоўі. Саламевіч. [Бародзіч:] — У нас нават прымаўка пайшла ў народзе: шавец заўсёды без ботаў. Чорны.
2. Фраза, словы, якія часта кім‑н. паўтараюцца; прыгаворка. Любімай прымаўкай кожнага стычынца было: «Барані божа!». Яны ўсе ўжывалі яе калі трэба і калі не трэба. Чарнышэвіч. — Далі прыкурыць немцам як належыць, — скончыў капітан прымаўкай камбрыга. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рэцэ́пт, ‑а, М ‑нце, м.
1. Пісьмовае прадпісанне ўрача ў аптэку аб прыгатаванні лякарства з указаннем спосабу яго прымянення. — Дык доктар выпісаў рэцэпт і сказаў, што такія лекі адно ў Навагранах і можна дастаць. Сабаленка.
2. Спосаб прыгатавання чаго‑н. Дацэнт ведаў рэцэпт, як зварыць моцную брагу, такую брагу, што ад трох шклянак чалавек п’яным рабіўся. Колас.
3. перан. Разм. Настаўленне, парада, як дзейнічаць, што рабіць у тым ці іншым выпадку. Можна падумаць, з панскай сям’і; такія рэцэпты ёй піша: не падымай цяжкага, еш больш вітамінаў, будзь асцярожнай. Васілевіч. Ні ў адным падручніку не вычытаеш такіх рэцэптаў, якія табе дае практыка. Паслядовіч.
[Ад лац. receptum — прынятае, узятае.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сасва́таць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
1. Сватаючы, атрымаць згоду на шлюб; паспяхова завяршыць сватаўство. [Мацей:] — Даўней не гэтак жаніліся. Не. Хто іх, маладых, сасватае цяпер? Пальчэўскі. // перан. Разм. Зблізіць, з’яднаць. Задача ў нас [людзей] была адна, І лёс адзіны нас сасватаў. Астрэйка.
2. перан. Разм. Прапанаваць, уладкаваць каго‑н. куды‑н. Год назад, можа і сам не здагадваючыся, сасватаў.. [Глушко] на двайную службу начальнік дыстанцыі. Навуменка. [Дзернушкоў:] — Колькі ўжо старшынь калгаса тым Хатлянам сасваталі! З райактыву пасылалі таварышаў, і ніхто не мог замацавацца там. Бялевіч. // Угаварыць, схіліць каго‑н. на што‑н. Ці не здагадваўся [дзед], што яго хочуць сасватаць на рызыкоўную справу — асаджваць пчол? Рылько.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сма́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Прыемны на смак (у 1 знач.); апетытны. Смачная цукерка. Смачныя ягады. □ — А мы сёння халаднік елі, — ага! З цыбуляю ды агуркамі. Смачны, смачны, — пахваліўся Сцёпка. Крапіва. Тлустае мяса вугра вельмі смачнае. В. Вольскі. Бульба трапіла смачная — сопкая, разварыстая, лепшая, чым наша. Якімовіч.
2. Які прыносіць здавальненне; прыемны (пра сон). Салодкі, смачны і глыбокі быў сон Рыгора — не дарма ж ён праспаў столькі.. гадзін! Гартны.
3. перан. Разм. Каларытны, сакавіты. І мы, спыніўшыся, рагаталі тым смачным, здаровым смехам, які прыходзіць нячаста. Брыль. Па хаце разлягалася заўзятае, смачнае сапенне.. сонных людзей. Зарэцкі.
•••
Смачны кусок (кавалак) гл. кусок.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
со́ўгаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што, чым.
Разм.
1. Перасоўваць што‑н. з месца на месца. Соўгаць крэслы з кута ў кут.
2. Рухаць, соваць чым‑н. у розных кірунках (звычайна па паверхні). Соўгаць шуфляды. □ — Слабая і хворая, а працуй, — Марфа пачала соўгаць граблямі па сцежцы. Савіцкі. Два падстрэленыя кані сударгава соўгаюць нагамі. Навуменка.
3. Тыкаць, соваць куды‑н. у што‑н. Соўгаць палкай у гразь. □ Вараціла соўгаў рукамі зверху, Косця ж, лоўка парыруючы ўдары, трапляў праціўніку то ў твар, то ў грудзі. Карпюк. Перад тым, як начапіць нажыўку на кручок, дзядзька соўгаў пальцамі ў камячкі ваты. Місько.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
твары́цца, творыцца; незак.
1. Рабіцца, адбывацца. — Што на свеце пачало тварыцца, — разважаў .. [Яхім]. — Вір закруціў людзей, і ўсё паляцела дагары нагамі. Колас. Базарная плошча апусцела, на вуліцы творыцца незразумелае: плачучы, жанчыны вядуць пад рукі мужчын, захліпаецца гармонік, абняўшыся, надрываючы да знямогі галасы, спяваюць двое п’яных. Навуменка. Радыёла так грымела, што ў нашым пакоі нельга было чытаць. Можаце ўявіць, што тварылася ў тым пакоі, дзе жылі Віктар з Ганнай. Гаўрылкін.
2. Стварацца (пра якія‑н. матэрыяльныя або духоўныя каштоўнасці). У вёсцы збіраецца моладзь. Там спяваюць новую песню пра шчасце, што творыцца наступным пакаленням. Чорны.
3. Зал. да тварыць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
узгадні́ць, ‑гадню, ‑годніш, ‑годніць; зак., што.
1. Прывесці ў пэўную адпаведнасць з чым‑н. Узгадніць дзеянні авіяцыі з дзеяннямі пяхоты. Узгадніць гадавы план з планамі пяцігодкі. □ Так, другі гарком камсамола створаны. Ён стаў фактам. Але мяне не пакідала думка: як узгадніць работу гэтага паўднёвага гаркома з тым паўночным, які дзейнічае ўжо не адзін месяц. Дзенісевіч.
2. Выпрацаваць адзіную думку, погляд і пад. наконт чаго‑н., атрымаць згоду, дазвол на што‑н. У палкоўніка ўжо даспяваў план, які ён павінен быў распрацаваць і ўзгадніць з генералам. Паслядовіч. Таццяна Пятроўна адказала, што такая, думка ёй спадабалася, але што трэба абавязкова ўзгадніць яе. Дубоўка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шкадлі́вы 1, ‑ая, ‑ае.
1. Які прыносіць шкоду, страту; шкодны. [Ніна:] — Як там [у гарбарні] дрэнна было працаваць! Такое паветра там дрэннае, шкадлівае. Гурскі. Між тым усе гэтыя сляпыя агульныя выразы вельмі шкадлівы, бо яны звязваюць уніклівую думку чалавека, заспакойваюць і закалыхваюць яе, як закалыхваюць крыклівае дзіця. Колас.
2. Які часта робіць шкоду; гарэзлівы, свавольны, памаўзлівы. Такі ўжо, брат, шкадлівы [сын], Што горшага няма: Учора зноў у слівах Яго злавіў Кузьма!.. Гілевіч. Як кот — шкадлівы, а як заяц — баязлівы. Прымаўка.
шкадлі́вы 2, ‑ая, ‑ае.
Які шкадуе, выказвае спагаду, жаль. — Ціха ты! — пачуўся з печы голас, аднак не строгі, не з’едлівы, а зусім памяркоўны, нібы нават шкадлівы. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)