награвальная прылада з адкрытым накіраваным полымем. Полымя ўтвараецца на выхадзе трубы Пл. пры гарэнні сумесі пары вадкага паліва (бензіну, спірту, газы) з паветрам, прадукты гарэння ўтвараюць выцягнуты факел. Найб.пашыраны П.л. фарсуначнага тыпу (гл.Фарсунка) з ёмістасцю рэзервуара да 2 л. Выкарыстоўваюцца для награвання рабочай часткі паяльніка і дэталей, расплаўлення прыпою ў працэсе пайкі, а таксама награвання металу для праўкі, гібкі і інш., выдалення рэшткаў старога масла, фарбы, лаку з драўляных і метал. вырабаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕК (ад галанд. pek смала),
рэшткі пасля перагонкі дзёгцю, а таксама нафтавай смалы. Паводле зыходнай сыравіны адрозніваюць П. каменнавугальны (найб.пашыраны), тарфяны, драўняны, нафтавы.
Каменнавугальны П. — цвёрдае тэрмапластычнае рэчыва чорнага колеру. Асн. кампаненты: шмат’ядз. кандэнсаваныя араматычныя і гетэрацыклічныя злучэнні (бензаантрацэн, бензапірэны, перылен, нафтацэн і інш.). Перагонкай каменнавугальнай смалы атрымліваюць сярэднетэмпературны (т-ра размякчэння 65—90 °C), а яго перагонкай з вадзяной парай — высокатэмпературны П. (135—150 °C). Выкарыстоўваюць для атрымання пекавага коксу, як сувязнае аноднай масы ў вытв-сці алюмінію, пры брыкетаванні цвёрдага паліва, у вытв-сці толю, руберойду і інш. Таксічны: атручэнні і скурныя пашкоджанні магчымыя пры ўздзеянні пылу, кантакце з вугальнымі брыкетамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕЛАРГО́НІЯ (Pelargonium),
род кветкавых раслін сям. гераніевых. Каля 250 відаў. Пашыраны пераважна ў Паўд. Афрыцы, таксама ў Аўстраліі і М. Азіі. Як эфіраалейную расліну культывуюць П. ружовую (P. roseum) — складаны гібрыд многіх відаў, пад назвай «герань» вырошчваюць у пакоях і аранжарэях. На Беларусі інтрадукаваны 4 віды П.: буйнакветная (P. grandiflorum), духмяная (P. graveolens), занальная (P. zonale), паўзучая (P. peltatum).
Травы або паўкусты, часта з крухмаланоснымі клубнямі. Лісце супраціўнае з прылісткамі, лопасцевае або перыста-рассечанае, звычайна з залозістым апушэннем. Кветкі няправільныя, белыя, ліловыя, чырв., ружовыя, фіялетавыя, простыя ці махрыстыя, у пазушных парасонападобных суквеццях. Плод — каробачка. Эфіраалейныя, дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕЛЬТЫГЕ́РА (Peltigera),
род ліставатых лішайнікаў сям. пельтыгеравых. Каля 70 відаў. Пашыраны ўсюды, большасць у тропіках і субтропіках Паўд. паўшар’я. На Беларусі 10 відаў. Найб. вядомыя П.: бураватая (P. rufescens), пухірыстая (P. aphthosa), сабачая (P. canina), шматпальцавая (P. polydactyla). У Чырв. кнігу занесена П. гарызантальная (P. horizontalis). Трапляюцца на глебе, каля асновы ствалоў, на пнях у лясах, на лугах.
Слаявіна буйналопасцевая (дыяметрам 3—30 см). Зверху шэрая або карычневая, пладовыя целы (апатэцыі) размешчаны па краі лопасцяў. Знізу — светлая з жылкамі, на якіх знаходзяцца рызіны (органы прымацавання да субстрату). Сумкі 6—8-споравыя. Споры бясколерныя або карычневыя Фікабіёнт — водарасць пераважна з роду насток.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́НАЧКІ (Phylloscopus),
род птушак сям. валасянкавых атр. вераб’інападобных. 30 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, 1 від пранікае на Аляску. Жывуць у лясах, гаях, лесапарках, садах. Гняздуюцца на зямлі, часам на кустах. На Беларусі 4 пералётныя віды: П.-вяснічка (Ph. trochilus, нар. назва будаўнічок), П.-жаўтаброўка, або П.-трашчотка (Ph. sibilatrix), П. зялёная (Ph. trochiloides) і П.-цянькоўка (Ph. collybitus).
Даўж. да 14,5 см, маса да 12,5 r. Апярэнне пераважна няяркае, бураватае або зеленаватае, ніз цела жаўтаваты; у некат. над вокам светлая палоска. Кормяцца насякомымі, павукамі, часам ягадамі. Нясуць да 8 яец.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕНІЦЫ́Л (Penicillium),
род недасканалых грыбоў сям. маніліяльных. Каля 250 відаў. Пашыраны ўсюды, большасць ва ўмеранай зоне. Сапратрофы і паразіты. Выклікаюць псаванне прадуктаў, разам з інш. грыбамі ўтвараюць плесні на глебавых і інш. субстратах.
Міцэлій шматклетачны, галінасты, бясколерны, апушчаны ў субстрат ці ўтварае на яго паверхні калоніі шэра-зеленавата-блакітнага колеру. Канідыяносцы разгалінаваныя, ў выглядзе простых або складаных гроначак. Канідыі аднаклетачныя, рознай формы і афарбоўкі. Прадуцэнты антыбіётыкаў, ферментаў і арган.к-т. Для атрымання пеніцылінаў выкарыстоўваюць П. залацісты (P. chrysogenum) і адзначаны (P. notatum), у сыраварэнні — P. camamberti і P. roqueforti.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́Р’ЕВЫЯ КЛЯШЧЫ́ (Analgesoidea),
надсямейства акарыформных кляшчоў. Каля 2000 відаў. Пашыраны ўсюды. Паразітуюць на пер’і, скуры (німфы часам пранікаюць пад скуру) дзікіх і свойскіх птушак. Выклікаюць выпадзенне пер’я ў птушак-гаспадароў; узбуджальнікі кнемідакаптозаў. На Беларусі найб. трапляюцца П.к.: вераб’іны (Analgopsis passerius), качыны (Freyana anatina), курыны (Knemidocoptes gallinae), нажны кароставы (K. mutans) і інш.
Даўж. да 0,6 мм. Цела падзелена на пратэрасому (з 2 парамі пярэдніх ног) і гістэрасому (з 2 парамі задніх ног). Ротавы апарат грызучы. Кормяцца тлушчавай змазкай пёраў, часцінкамі эпідэрмісу і пер’я. Выражаны палавы дымарфізм. У развіцці праходзяць стадыі: яйцо—лічынка—пранімфа—тэлеанімфа—імага. Іл. гл, да арт.Кляшчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРЛАМУ́ТРАЎКІ,
група родаў матылёў сям. німфалід. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і, пераважна ва ўмеранай зоне. Жывуць у разнастайных ландшафтах. На Беларусі каля 14 відаў. П. балотная (Boloria aquilonaris) і П. Фрыга (Clossiana Frigga) занесены ў Чырв. кнігу.
Размах крылаў да 12 см (на Беларусі да 8 см). Верхні бок іх звычайна рыжаваты з чорнымі плямамі і палосамі, ніжні — рознай афарбоўкі, часта з бліскучымі перламутравымі (адсюль назва) або серабрыстымі плямамі і перавязямі. Вусені жывуць на травяністых раслінах (кормяцца пераважна на фіялках).
С.Л.Максімава.
Перламутраўкі: 1 — палявая (1а — яе вусень); 2 — Фрыга; 3 — Адыпа; 4 — Аглая (4а, 4б — яе вусень і кукалка); 5 — балотная; 6 — зеленаватая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРОНАСПАРО́З, несапраўдная мучністая раса,
хвароба раслін, якая выклікаецца паразітычнымі грыбамі з роду перанаспора. Пашкоджвае лісце, суквецці, плады і інш.Пашыраны ўсюды. На Беларусі на П. часцей хварэюць цыбуля, буракі, капуста, рэдзька, бабовыя. З інш.с.-г. культур шкодзіць вінаграду, агуркам, сланечніку, тытуню. Значна зніжае ўраджай у вільготныя і цёплыя гады.
Інфекцыя перадаецца з насенным матэрыялам, праз глебу (з расліннымі рэшткамі), можа разносіцца ветрам, вадой. На зялёных ч. раслін утвараюцца плямы з шэраватым мучністым налётам на ніжнім баку. У хворых раслін дэфармуюцца тканкі, запавольваецца рост. Меры барацьбы: чаргаванне культур, апырскванне фунгіцыдамі, унясенне фосфарных і калійных угнаенняў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́ЖМА (Tanacetum),
род кветкавых раслін сям. складанакветных. Больш за 50 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і.
У Забайкаллі і Манголіі ўтвараюць піжмавыя стэпы. На Беларусі 1 дзікарослы від — П. звычайная, або дзікая рабінка (T. vulgare), стараж.лек. расліна. Трапляецца на палях, у хмызняках, каля дарог і жылля. Інтрадукавана П. паўночная (T. boreale).
Шматгадовыя травяністыя карэнішчавыя расліны. Сцёблы прамастойныя або ўзыходныя. Лісце перыстарассечанае ці чаргаванае з кропкавымі паглыбленнямі, апушанае. Кветкі жоўтыя, трубчастыя, у кошыках, сабраных у шчыткападобныя суквецці, радзей адзіночныя. Плод — сямянка. Траву П. выкарыстоўваюць у харч. і лікёра-гарэлачнай прам-сці (заменнік карыцы, мускатнага арэху). Харч., лек., інсектыцыдныя расліны.