АЎСЮ́К,

авёс пусты, жывы авёс (Avena fatua), кветкавая расліна з роду авёс сям. метлюжковых. Пашыраны ва ўсіх нетрапічных паясах Зямлі, акрамя Крайняй Поўначы. На Беларусі трапляецца па ўсёй тэрыторыі, на палях, каля дарог. Пустазелле пасеваў аўса пасяўнога і інш. яравых культур.

Аднагадовая травяністая расліна з валасніковым коранем. Сцябло круглаватае, прамастойнае, выш. да 120 см. Лісце лінейнае, пляскатае, шурпатае. Каласкі 2—3-кветныя. Ніжняя кветкавая лускавінка з доўгім каленчата-сагнутым асцюком. Мяцёлка буйная, раскідзістая, даўж. да 30 см. Плод — плевачная верацёнападобная зярняўка. Аўсюк лёгка скрыжоўваецца з аўсом пасяўным і пагаршае яго селекцыйныя якасці.

т. 2, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)