БАБЕЗІЁЗЫ,

бабезіелёзы, інвазійныя хваробы буйн. раг. жывёлы, авечак і козаў, якія выклікаюць паразіты эрытрацытаў — аднаклетачныя прасцейшыя з роду Babesia. Пашыраны ў некаторых краінах Еўропы, Афрыкі і Азіі. Узбуджальнік бабезіёзаў буйн. раг. жывёлы (паўн. піраплазмоз) — Babesia bovis, авечак і козаў — Babesia ovis. Крыніца інвазіі — кроў хворых і часткова перахварэлых жывёл, у эрытрацытах якіх знаходзяцца гэтыя паразіты. Пераносчыкі бабезіёзаў — пашавыя кляшчы. Пры развіцці хваробы разбураюцца эрытрацыты і пачынаецца анемія; парушаецца работа сэрца, лёгкіх, нырак, селязёнкі і інш. органаў. Гемаглабін разбураных эрытрацытаў трапляе ў мачу, афарбоўвае яе ў чырв. колер, адсюль нар. назва бабезіёзаў на Беларусі — крывямочка. Гл. таксама Піраплазмідозы.

т. 2, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)