наву́шнікі, ‑аў; адз. навушнік, ‑а, м.
1. Частка шапкі, якая адкладаецца на вушы, або спецыяльнае прыстасаванне для засцярогі вушэй ад холаду. Міхась ходзіць з голымі рукамі, хоць рукавіцы ў кішэні, грудзіна заўсёды расхрыстаная, у самы вялікі мароз не апусціць навушнікаў у шапцы. Дамашэвіч.
2. Прылада для слухання гукаперадач, якая складаецца з двух слыхавых апаратаў, што надзяваюцца на вушы. Сяргей яшчэ некалькі разоў перадаў пазыўныя, паслухаў і нервова зняў навушнікі. Няхай. Каля стала белагаловы хлапчук круціць дэтэктарны прыёмнік і нешта слухае ў навушніках. Кучар.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
насаджа́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-чаго.
1. Змясціць, размясціць дзе‑н. вялікую колькасць каго‑, чаго‑н. Насаджаць дзяцей у аўтобус. Насаджаць пірагоў у печ.
2. Пасадзіць у некалькі прыёмаў або нейкую колькасць (пра расліны, дрэвы). Насаджаць маладых дрэў.
3. Разм. Пабоямі нарабіць (сінякоў, гузоў і пад.). Не надта хочацца .. [Аўдолі] ўмешвацца ва ўнутраныя справы, падлічваць, хто каму больш сінякоў насаджаў, ды нічога не зробіш — улада. Крапіва.
насаджа́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да насадзіць 1 (у 3, 4 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ненадзе́йны, ‑ая, ‑ае.
1. Такі, якому нельга верыць, даверыцца; на якога нельга спадзявацца. Ненадзейная ахова. □ Кватэру Качаноў Антохін добра ведаў, і пакідаць там раненага падпольшчыка было небяспечна.. Ён моцна стагнаў, а за сцяной жыла ненадзейная суседка. Новікаў. Васіль уводзіў Вадзягіну ў вушы, што Саўка самы ненадзейны [стараста]. Федасеенка.
2. Які выклікае апасенне сваёй якасцю, трываласцю і пад. Ненадзейныя ўмацаванні. □ Пасля таго, як партызаны разведалі ўчастак, гітлераўцы падкінулі туды ў падмацаванне пяхоту з мінамётамі і некалькі танцаў. Яны ўзмацнілі ненадзейныя для іх пазіцыі. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
непако́іцца, ‑коюся, ‑коішся, ‑коіцца; незак.
1. Адчуваць неспакой, трывогу; хвалявацца. Тайна заставалася неразгаданай, і камандзір непакоіўся, што яна можа прынесці вялікія непрыемнасці. Шчарбатаў. Валя.. некалькі разоў набірала нумар шпіталю і, хоць адтуль казалі, што непакоіцца няма чаго, чакала страшнай навіны. Мележ. З лесу, ледзьве перастаўляючы ногі, ішлі тыя, з-за каго так непакоіліся члены групы. Новікаў.
2. Праяўляць клопат, турбавацца. Маці захадзілася каля стала, стары некуды выйшаў. Люба звярнулася да свякрухі: — Чаго вы непакоіцеся, быццам мы з галоднага краю... Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паблі́зу, прысл. і прыназ.
1. прысл. Блізка, непадалёку. Сам засценак стаяў сярод чыстага поля. Ні лугавінкі, ні гайка, ні ручайка паблізу. Чарнышэвіч. Недзе паблізу ў няскошанай дзялянцы рыпнуў драч. Хомчанка.
2. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «паблізу» выражае прасторавыя адносіны: указвае на размяшчэнне блізка, на невялікай адлегласці ад чаго‑н. Сенажацяў паблізу засценкаў не было. Чарнышэвіч. Сушкевіч ажывіўся, зацікаўлены тым, што скажа Андрэй. Ён устаў з травы і сеў паблізу Салаўёва. Дуброўскі. Некалькі выхадных дзён Андрэй аб’язджаў машыну .. паблізу горада. Пальчэўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паваява́ць, ‑ваюю, ‑ваюеш, ‑ваюе; зак.
1. Ваяваць некаторы час. Паваяваць некалькі месяцаў. □ Калі [Фёдар] паправіўся — трапіў яшчэ далей — на Далёкі Усход, дзе паспеў паваяваць яшчэ і з японцамі. Кірэенка.
2. перан. Разм. Пазмагацца за каго‑, што‑н. Усё-такі я некалі кахаў .. [Іру] і мо нават трошкі вінаваты, што яна стала такою. Не хапіла рашучасці паваяваць за чалавека. Сабаленка. // Разм. Пасварыцца, паспрачацца некаторы час. — Браточку, паедзем, бо калі я тут з сваёй бабай яшчэ паваюю, дык і пад бярозу будзе пара!.. Нікановіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пала́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
1. Часовае, звычайна летняе памяшканне з непрамакальнай тканіны або скуры (нацягнутай, як правіла, на каркас). Над Дзвіной былі раскінуты палаткі, у якіх жылі першыя будаўнікі. Хадкевіч.
2. Лёгкая пабудова з прылаўкам для дробнага гандлю. Пасажырам прапануюць ісці ў аэрапорт, дзе, нягледзячы на позні час, да іх паслуг бар і некалькі палатак з сувенірамі. Філімонаў.
3. Тое, што і плашч-палатка. Зрабіўшы перавязку камісару, маёр па-пластупску папоўз, цягнучы на палатцы параненага. Гурскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
панаця́гваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
1. што. Нацягваючы, напяць усё, многае. Панацягваць вяроўкі.
2. што. Разм. Надзець на сябе многа чаго‑н., накрыцца чым‑н. — пра ўсіх, многіх. Ледзь толькі мы з Саўкам паспелі панацягваць на сябе коўдры, з печы пачала падаць на нас лучына. Сачанка.
3. чаго. Разм. Прыцягнуць, прынесці за некалькі прыёмаў вялікую колькасць чаго‑н. Панацягваць галля. □ Панацягвае [арлан] малым у гняздо ўсялякага корму ў запас, сам пад’есць і тады зноў садзіцца на беразе, п’е ваду і чысціць пер’е. В. Вольскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паўсло́ва, ‑а, н.
Палавіна слова, няпоўнае слова. Тут Павел Іванавіч і паўслова не сказаў, бо пэўна ведаў: высадзі Якава, дык пехатою пойдзе, а ўсё роўна пабывае на шахтбудзе. Кулакоўскі. // Мала, некалькі слоў. З паўслова Гарбулёва, выцягнутага нібы абцугамі, .. [Саламон] стараўся ўлаўліваць галоўны сэнс розных спраў. Бядуля.
•••
З паўслова — адразу, з першых слоў (зразумець, засвоіць і пад.).
На паўслова — для кароткай размовы, паведамлення (выклікаць, папрасіць і пад.).
На паўслове — не дагаварыўшы пачатага (змоўкнуць, спыніцца і пад.) або не даслухаўшы субяседніка (перапыніць, перабіць і пад.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
па́чак, ‑чка, м.
1. Невялікі пакет чаго‑н. складзенага разам, спакаванага. Лена дастала з шафы дзве шклянкі, цукар і пачак пячэння. Ваданосаў. [Валодзька] збегаў у краму і купіў некалькі пачкаў солі. Гамолка. // Стосік звязаных або складзеных аднародных прадметаў. Паперкі зляжаліся, прысталі адна да другой. Нічыпар паклаў пачак на стол, акуратна расправіў кожную паперку. Асіпенка. Лазарук дастаў з-за пазухі пачак грошай. Кавалёў.
2. Карабок (запалак). Не паспеў я і аглянуцца, як нехта ўжо кінуў цэлы пачак падпаленых запалак у сярэдзіну сцірты. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)