ПОЛІЭЛЕКТРАЛІ́ТЫ,
палімеры, макрамалекулы якіх маюць іанагенныя групы. Адрозніваюць полікіслоты, поліасновы і поліамфаліты (маюць кіслотныя і асноўныя групы адначасова). Поліамфалітамі з’яўляюцца бялкі і нуклеінавыя кіслоты. Бываюць лінейныя і прасторава сшытыя (гл. Іонаабменныя смолы).
У растворы макрамалекула П. — полііон, акружаны эквівалентнай колькасцю процііонаў, памеры якіх значна (на некалькі парадкаў) меншыя за памеры полііона. Моцныя П. (напр., полівінілсульфакіслата) у водных растворах цалкам іанізаваныя, зарад слабых П. (напр., поліакрылавай к-ты) залежыць ад pH раствору. Сумарны зарад поліамфалітаў пры змяненні pH раствору можа мяняць знак (значэнне pH, пры якім зарад роўны нулю, наз. ізаэлектрычным пунктам). Наяўнасцю электрастатычных узаемадзеянняў (адштурхоўвання аднайменна зараджаных груп у макрамалекуле і прыцяжэння нізкамалекулярных процііонаў да полііона) абумоўлена адрозненне ўласцівасцей раствораў П. ад уласцівасцей раствораў неіанагенных палімераў і нізкамалекулярных электралітаў. Выкарыстоўваюць П. ў якасці іанітаў, як флакулянты пры абагачэнні мінер. сыравіны, стабілізатары калоідных сістэм у харч. і парфумернай прам-сці, дабаўкі да паверхневаактыўных рэчываў і інш.
т. 12, с. 479
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)