РАФІНАВА́ННЕ (ад франц. raffiner ачышчаць),

канчатковая ачыстка тэхн. прадуктаў ад пабочных прымесей у металургічнай, хім. і інш. галінах прам-сці. Ачыстку харч. прадуктаў (напр., алеяў, цукру) наз. рафінацыяй.

У металургіі пашырана Р. металаў — ачыстка першасных, ці чарнавых металаў (маюць 96—99% асн. металу), ад прымесей для павышэння якасці сталей, металаў і сплаваў, а таксама атрымання каштоўных металаў (золата, серабра і інш.), якія ёсць у чарнавых металах. Асн. метады Р.: піраметалургічныя (гл. Піраметалургія), электралітычныя і хім., заснаваныя на адрозненні ўласцівасцей (т-р плаўлення, шчыльнасці і інш.) элементаў, што раздзяляюць. Піраметалургічнае Р., якое ажыццяўляюць у расплавах, мае шэраг разнавіднасцей (напр., зонная плаўка). Электралітычнае Р. — электроліз водных раствораў ці расплаваў солей. выкарыстоўваюць для атрымання каляровых металаў (медзь, нікель і інш.) высокай чысціні. Хім. Р. засн. на рознай растваральнасці металаў і прымесей у растворах кіслот і шчолачаў (напр., афінаж — Р. высакародных металаў). Для атрымання чыстых металаў звычайна выкарыстоўваюць паслядоўна некалькі метадаў.

т. 13, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)