Вало́га 1 ’поліўка з малака або канаплянага семя’ (КЭС, Вешт.); ’заправа, прыгатаваная з канаплянага семя’ (Лекс. Палесся); ’масла, усё скаромнае’ (віц.), валіга ’рэдкі жыр’ (Касп.). Паўн.-рус. волога ’скаромная вадкая страва; масла, малочныя прадукты: сыр, смятана, тварог і інш.’, укр. волога ’вільгаць’. Усходнеславянская семантычная інавацыя’ < прасл. *volga ’вільгаць’ (Вештарт, Бел.-рус. ізал., 16; Фасмер, 1, 340; Скок, 3, 606).

Вало́га 2 ’барана’ (КСТ). Магчыма, валога < валока (ад валачыць). Параўн. у фанетычным плане валошка і валожка ’Centaurea cyanus L.’ Параўн., аднак, укр. воложити ’палоць, трапаць’.

Вало́га 3 ’дрыгва’ (Шатал.). Роднаснае з вільгаць, рус. влага, ц.-слав. влага, укр. волога ’вільгаць’. Да агульнаславянскага *volga, якое адлюстравана ва ўсіх славянскіх мовах са значэннямі ’вільгаць, вада, вадкасць, масла, жыр’ і інш. (Рудніцкі, 1, 467). Параўн. валака́ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ля́мка 1 ’шырокі рэмень са скуры ці моцнай тканіны, які перакідваецца цераз плячо пры перацягванні, пераносцы грузу’, (перан.) ’ярмо, непрыемны абавязак’ (ТСБМ, Нас., Касп., Бяльк., Яруш.). Укр. ля́ма, ля́мка ’тс’, ’шлейка’, рус. ля́мка ’тс’, ’стружка’, ’вяроўка’, ’пятля’, ’торба’, ’рукзак’, ст.-рус. лямка ’лямка’ (XVII ст.). У рус. мове гэта запазычанне з фін. lämsä ’пятля, повад, аркан’, саамск. карэльск. lamca ’вуздзечка’, саамск. нарв. lavčče, комі letš ’пятля’ (Каліма, 153). Больш падрабязна гл. Фасмер, 2, 551.

Ля́мка 2 ’пруг з тоўстага сукна’, ’надточаная частка падола ў світцы, спадніцы з іншага матэрыялу’ (Жд. 1, Бяльк., Нас.; смарг., Сл. ПЗБ). Запазычана з польск. lama, lamka ’аблямоўка, абшыты падол адзежыны’ (Слаўскі, 4, 36).

Ля́мка 3 ’манішка’ (рас., Шатал.). Да лямка 2 (гл.), аднак пры ад’ідэацыі семантыкі лексемы ля́мец ’каўнер’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вы́я ’шыя’ (Інстр. I). Гэтага слова няма ў іншых лексічных крыніцах, таму можна лічыць, што яно ўнесена ў «Інструкцыю» ў якасці пробнага. Аднак мэтазгодным будзе ўсё ж такі прывесці яго этымалогію. Гэта слова вядома ў ст.-рус. і ст.-слав. мовах (выꙗ) і ў палаб. (våijo). Паводле Фасмера, 1, 373, цёмнае слова, ён не прымае параўнанне з авест. uyamnas ’deficiens’ (так Лёвэнталь, ZfslPh, 8, 129) і сувязь з вить, viti (так Гараеў, 60). Але, як думае Шанскі (1, В, 239–240), у рус. мове вы́я запазычана са ст.-слав. (так ужо лічыў Сразнеўскі). Шанскі (там жа) лічыць, што *vyja ўтворана ад дзеяслова *vyti ’быць’. Магчыма, што гэта і так; прынамсі, гэта этымалогія здаецца лепшай, чым тып, што былі вылучаны раней.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Нары́тнікі ’набедрыкі’ (Некр., ТС, Мат. Гом.), ’шляя’ (Маслен.; чач., Жыв. сл.), ’паўшоры’ (рэч., Нар. сл.), наритнікі ’набедрыкі’ (кір., Нар. сл.; гом., Мат. Гом.), нарыткі ’тс’ (ТС), нары(т)шнікі ’тс’ (Шат.), укр. наритники ’шляя’. Паводле Непакупнага (Связи, 48–49), корань ‑рот‑ ’бядро, бок, круп каня’ выводзіцца на падставе структурнай паралелі і семантычнага аналага на‑бедр‑ыкі і суадносіцца з літ. rietas ’бядро’, роднасным ст.-рус. рить ’капыт’, ст.-ц.-слав. рить, чэш. riť, польск. rzyć ’anus’, а само слова можа разглядацца як паўкалька ці лексіка-семантычны варыянт тэрміна набедрыкі. Параўн. таксама рыткі ’прыстасаванне для выроўнівання асновы пры навіванні яе на навой (дзве драўляныя планкі з зубцамі)’ (ТС, Уладз.), якое фармальна можна суаднесці з нарыткі ’набедрыкі’, аднак семантычная сувязь застаецца няяснай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ніж ’чым, як’ (слонім., Нар. словатв., ТС), нэж ’тс’ (Сл. Брэс.), ст.-бел. нижъ, нижь ’тс’, укр. ніж ’тс’, польск. niż ’тс’, чэш., славац. než, н.-луж., niž ’тс’, в.-луж. njež ’тс’. Скарочаны варыянт *neže (ne + že), параўн. ст.-слав. неже (Махэк₂, 398; ESSJ SG, 2, 459), адносна бел. і ўкр. форм з ‑і‑ выказваецца меркаванне пра запазычанне з польскай мовы (ESSJ SG, 2, 456; Карскі, 1, 198), аднак тут магчыма адмоўе ні, якое, паводле Карскага (1, 187), «у беларускай змешваецца з не», што дазваляе рэканструяваць зыходнае *niže (ni + že), параўн. ESSJ SG, 2, 456. Ст.-бел. нижли, нижьли, нижели (XVI ст.), сучаснае ніжлі ’чым, як’ (Нас.) (*ne‑že‑li або *ni‑že‑li), разглядаецца як паланізм (Карскі, 1, 187, 198).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каланда́ ’невялікая колькасць чаго-небудзь’ (Мат. Маг.). Няясна, няма ўпэўненасці ў дакладнасці дэфініцыі, параўн.: «Ні падзелюць ужо калынду тую, сьмех ажно бярець» (с. 41). Відаць, слова непасрэдна суадносіцца з рус. ярасл. каланда ’багацце’, бран. каландить ’эканоміць’. Мяркуючы па рус. ярасл. каланду набить ’разбагацець’, прыведзеныя вышэй значэнні з’яўляюцца другаснымі, а першаснай была семема ’кашалёк, каліта’. На той жа рус. тэрыторыі зафіксавана калама ’кашалёк з грашыма, каліта’; на жаль, яно таксама няяснае. У разглядаемым слове ‑н‑, відаць, другаснае; пры такім дапушчэнні, магчыма, з тат. kalta ’кашалёк’. Не выключана (і прыклад з бран. тэрыторыі гэта як быццам пацвярджае), што слова распаўсюджвалася з бел. гаворак (вядома, што ў Яраслаўскай вобласці ёсць перасяленцы з Магілёўшчыны), аднак унікальнасць бел. слова не дазваляе сцвярджаць гэтага з упэўненасцю.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калашні́к 1 ’невялікі хлеў’ (Жд. 2). Рэгіянальнае ўтварэнне, аналагічнае па паходжанню да калашня (гл.). Першапачаткова ’спецыялізаваная пабудова або прыбудоўка для мякіны і да т. п.’, затым ’невялікая гаспадарчая пабудова’ > ’невялікі хлеў’.

Калашні́к 2 ’хатняя кветка’ (лельч., Мат. Гом.). Укр. усх.-палес. калашнік і калашнік ’духмяная паказвай кветка невялікага намеру, якая цвіце белымі кветкамі’. Рэгіянальная інавацыя, этымалагічная структура ўтварэння — калачник, далей да калач. Матывацыя, аднак, не вельмі ясная, можна думаць аб пераносе назвы (аб дэрывацыі ад яе) расліны Malva, параўн. усх.-палес. калачики ’Malva silvestris’ (відавочны перанос падобнага тэрміна ў рус. калачик ’расліна Geranium’) і аб незалежным ад гэтага ўтварэнні, дзе аснова суадносіцца з калач 3 (гл.). У такім выпадку гэта дэрыват з суфіксам або семантычны кандэнсат, параўн. рус. дыял. структуру калачная трава.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ке́лзаць ’кілзаць, вуздаць’ (Нас., Сл. паўн.-зах., Гарэц., Яруш., Бяльк.). З польск. kielzač ’тс’ (Слаўскі, 3, 148–149, Кюнэ, Poln., 64). Але польск. kielzač само не мае задавальняючага этымалагічнага тлумачэння. Слаўскі (2, 149) спрабуе звязаць яго з укр. ховстати ’тс’, аднак надзейных паралелей да гэтага ўкраінскага слова ў іншых славянскіх мовах ён не знаходзіць. Існуе іншая версія, згодна з якой келзаць (гл. таксама гелзаць і гельзаць) балтыйскага паходжання. Крыніцай магло быць слова geležunes ’конская хвароба, залазаванне’. Цікава, што другая літоўская назва залазавання pažandės узыходзіць да zäslai ’цуглі’ (Лаўчутэ, Балтизмы, 102–103). Такім чынам, не выключана, што заходнебалтыйскае слова тыпу *ge/’z было крыніцай беларускіх і польскіх слоў. Трэба адзначыць, што балтыйскія формы насуперак Лаўчутэ (там жа, 103) не звязаны з балтыйскімі назвамі жалеза.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Клыша́вы ’касалапы, крываногі’ (Сл. паўн.-зах., Нар. лекс., Нар. словатв., КЭС, лаг., Мал., ТС). Укр. клишавий, польск. kłyszawy ’тс’. Лічыцца балтызмам. Крыніца адпавядае літ. klìšas ’крываногі, касалапы’, klìšė ’нага’ (Лаўчутэ, Балтизмы, 36–37). Параўн. клышэнь ’нага’. Давесці генетычную суаднесенасць з літоўскімі лексемамі цяжка, але параўн. в.-луж. klěšiwy ’клышаногі’, klěcha ’нязграбная нага’, н.-луж. klěcha ’тс’. Гл. Слаўскі, 2, 228. Калі сербалужыцкія формы адлюстроўваюць іншую ступень аблаўту, гэта гаворыць у карысць спрадвечнасці польскіх і ўсходнеславянскіх форм, аднак незафіксаванасць адпаведнікаў у паўднёваславянскіх мовах, а таксама ў чэшскай і славацкай выклікае сумненні. Апрача гэтага, пытанне аб магчымасці балтызмаў у сербалужыцкіх мовах не вывучана. Выводзіць клышавы і іншыя беларускія, украінскія і польскія словы з прасл. klěšči ’клешчы, клюшні’ рызыкоўна. Параўн. клюшня 1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Асігна́цыя. У Гарб. адзначана assignatio ў розных значэннях: ’распараджэнне, квітанцыя, прызначэнне’. Рус. ассигнация (у канцы XVII ст. з польскай — Вінаградаў, Очерки, 51; Шанскі, 1, А, 161), укр. асигнація, паводле Паўтарака, як і беларускае, з польскай, дзе з заходнееўрапейскіх (Бел. лекс., 153), польск. asygnacja мае крыніцай лац. assignatio. Слова asygnować сустракаецца ў польскай з XVI ст.; цалкам верагодна, што бел. асігнаваць сапраўды з полькай, калі гэта слова сустракалася ў старабеларускай, што, аднак, невядома. Асигнация ў стараўкраінскай вядома з канца XVIII ст. у кантэксце, які ўказвае на рускую крыніцу запазычання (рускія асігнацыі былі ў хаду з 1796 да 1843 г.). Да XVII ст. asygnacja не засведчана і ў польскіх слоўніках. Таму можна дапускаць, што асігнацыя запазычана з рускай мовы ў канцы XVIII — пачатку XIX ст.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)