помнік архітэктуры позняга барока і класіцызму ў в. Лучай Пастаўскага р-на Віцебскай вобл. Пабудаваны ў 1766—76 па фундацыі Т.Агінскага. Часткова перабудаваны ў 1-й пал. 19 ст. (зменена ордэрная пластыка і размаляваны інтэр’ер) Мураваная 2-нефавая 2-вежавая купальная базіліка з паўцыркульнай апсідай і трансептам. Гал. фасад фланкіруюць 3-ярусныя вежы, раскрапаваныя вуглавымі пілястрамі і нішамі, прарэзаныя прамавугольнымі аконнымі праёмамі (часткова замураваны). Пры перабудове вежы былі завершаны цыліндрычнымі аб’ёмамі з купаламі. Гал. фасад, апсіду і трансепт увенчваюць трохвугольныя, лучковыя і фігурныя шчыты. Сцены касцёла раскрапаваны пілястрамі. Па перыметры будынка праходзіць карнізны пояс дарычнага ордэра. Інтэр’ер насычаны арх. пластыкай і размалёўкай у тэхніцы грызайль. Арнаментальным дэкорам запоўнены ўсе плоскасці сцен і перакрыццяў.
С.Г.Багласаў, Г.М.Ярмаленка.
Лучайскі касцёл езуітаў.Інтэр’ер Лучайскага касцёла езуітаў. Фрагмент.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Кава́ль ’рабочы, майстар, які займаецца коўкай металу’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Гарэц., Жыв. сл., Касп., КТС, Мал., Нар. сл., Сержп., Сержп. Грам., Сцяц., Сцяц. БНС, Сцяшк., Шат., Яруш.). Укр.коваль, рус.дыял.коваль, польск.kowal, н.-луж.kowal, чэш.дыял.koval, славац.дыял.koval. Паўн.-слав.kovalь, nomen agentis да kovati, гл. Слаўскі, 3, 21. Адносна словаўтварэння гл. спец. аб паўн.-слав. суф. ‑ljьСлаўскі, ZPSS, 11, 1963, 87. Трубачоў (Ремесл. терм., 334–335) звяртае ўвагу на параўнальна новы з пункту погляду словаўтварэння характар назваў каваля ў славянскіх мовах (kovalь, kovarь, kovačь, kuznьcь, kuznikъ), аднак адзначае, што істотных аргументаў супраць таго, што гэтыя словы існавалі ў праславянскай мове, хоць і позняга часу, няма.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ВІ́ЦЕБСКІЯ ВАСКРАСЕ́НСКІЯ ЦЭ́РКВЫ.
Існавалі ў Віцебску ў 16—19 ст. Драўляная царква на ратушнай пл. пабудавана ў 16 ст. (паказана на «Чарцяжы» Віцебска 1664). Яна складалася з 3 зрубаў (асн., алтарны і бабінец з вежай), накрытых асобнымі шатровымі дахамі з галоўкамі. На яе месцы ў 1772 у стылі позняга барока пабудавана мураваная уніяцкая царква (рыначная); з 1865 — праваслаўная. 1-нефавы храм меў паўкруглую алтарную апсіду з рызніцамі па баках, якія рабілі будынак прамавугольным у плане. 2-вежавы гал. фасад меў складаную хвалістую паверхню. Тарцы высокага даху на гал. фасадзе і над апсідай закрываліся фігурнымі атыкавымі франтонамі. Сцены, аздобленыя плоскімі пілястрамі, былі завершаны прафіляванымі карнізамі, скразныя ярусы вежаў і франтон упрыгожаны стылізаванымі валютамі. Вежы завяршаліся фігурнымі купалкамі. Разбурана ў 1930-я г.
Т.В.Габрусь.
Віцебскія Васкрасенскія цэрквы. Рыначная царква (справа). Малюнак Ю.Пешкі. Пач. 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫВІ́ЦКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР ТРЫНІТА́РЫЯЎ,
помнік архітэктуры 18 ст. Пабудаваны ў 1776 у в. Крывічы (цяпер гар. пасёлак) Мядзельскага р-на Мінскай вобл. ў стылі позняга барока. Складаецца з Андрэеўскага касцёла і жылога будынка. Касцёлсв. Андрэя — 1-нефавы, 1-вежавы храм з прамавугольнай апсідай, накрыты высокім 2-схільным дахам. Высокая вежа мае 3-ярусную кампазіцыю з характэрнымі ў стылявых адносінах заломамі карніза, скосамі вуглоў. Арх. дэкор стрыманы і лаканічны. Высока размешчаныя ў тоўшчы сцен аконныя праёмы набліжаюць храм да абарончых збудаванняў. Сцены крапаваны падвойнымі пілястрамі з капітэлямі іанічнага ордэра. Амбон аздоблены пазалочанай драўлянай разьбой. Падлога мазаічная, з геам. арнаментам. Алтар багата ўпрыгожаны лепкай, скульптурамі святых. Жылы будынак прымыкае да паўд.-ўсх. сцяны касцёла. Двухпавярховы, прамавугольны ў плане, яго сцены ўмацаваны плоскімі лапаткамі, члянёны невял. прамавугольнымі аконнымі праёмамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАСЕ́НКА (Антон Паўлавіч) (10.8.1737, г. Глухаў Сумскай вобл., Украіна — 4.12.1773),
расійскі жывапісец і рысавальшчык. Вучыўся ў Пецярбургу ў майстэрні І.Аргунова (1753—58) і АМ (1758—60). Пенсіянер АМ у Парыжы (1760—65), Рыме (1766—69). З 1770 праф. Пецярбургскай АМ, з 1772 — яе дырэктар. Пісаў карціны на біблейскія і міфалагічныя тэмы, працаваў у гіст. і партрэтным жанрах. У творчасці спалучаў патэтычнасць вобразаў і дынамічнасць кампазіцый позняга барока з традыцыямі класіцызму. Сярод твораў: «Дзівосны ўлоў рыбы» (1762), «Ахвярапрынашэнне Аўрама» (1765), «Каін» (1768), «Зеўс і Фетыда» (1769), «Уладзімір перад Рагнедай» (1770), «Развітанне Гектара з Андрамахай» (1773), партрэты П.Шувалава (1760), Ф.Волкава (1763) і інш. Яго малюнкам уласцівы дакладнасць форм і тонкая тэхніка. Склаў вучэбны дапаможнік «Тлумачэнне сціслай прапорцыі чалавека...» (1772).
Літ.:
Каганович А.Л. Антон Лосенко и русское искусство середины XVIII столетия. М., 1963.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКАГА ПАЗЯМЕ́ЛЬНА-СЯЛЯ́НСКАГА БА́НКА БУДЫ́НАК,
помнік архітэктуры пач. 20 ст. ў Магілёве. Узведзены ў 1903—14 ст. паводле праекта арх. А.В.Друкера (захаваліся эскізныя варыянты пабудовы). Мае рысы стыляў мадэрн, псеўдарус. і позняга класіцызму. 2-павярховы (з невысокім цокальным паверхам) Т-падобны асіметрычнай кампазіцыі ў плане будынак. Гал. фасад расчлянёны 2 рызалітамі. Адзін з іх мае шатровае завяршэнне, аздоблены шчытом у выглядзе какошніка з ляпной разеткай у цэнтры, 2-і вырашаны ў выглядзе 2-яруснай вежы (васьмярык на чацверыку), завершанай нізкім шатровым дахам. У дэкар. афармленні выкарыстаны рустыка цокаля, прафіляваныя архівольты какошнікаў, несапраўдныя машыкулі, дэкар. ўстаўкі ў выглядзе разетак у прамавугольных рамках, паўкалонкі з ляпнымі кампазітнымі капітэлямі, паяскі, расл. арнамент у аздабленні акон-трыфорыумаў, разныя драўляныя дзверы і інш. У будынку знаходзіцца Магілёўскі абласны мастацкі музей імя П.В.Масленікава і галерэя П.В.Масленікава.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІ АРХІРЭ́ЙСКІ ПАЛА́Ц,
помнік архітэктуры позняга барока ў Магілёве. Узведзены ў 1762—85 паводле праекта арх. І.К.Глаўбіца. Уваходзіў у арх. ансамбль Магілёўскага Спаскага манастыра. З’яўляўся рэзідэнцыяй архіепіскапа Г.Каніскага ў 1785—95 (па яго ініцыятыве пабудаваны), з 1797 — А.Братаноўскага. Мураваны 3-павярховы будынак (3-і паверх — атыкавы ў цэнтр. частцы), прамавугольны ў плане з сіметрычнымі 2-павярховымі рызалітамі па баках, накрыты высокім ламаным дахам. Гал. і дваровы фасады маюць крывалінейныя пераходы да рызалітаў, прамавугольныя аконныя праёмы з ліштвамі, філянговыя нішы, тонкапрафіляваныя карнізы. Гал. ўваход вылучаны арачным парталам з казырком на металічных калонках. Пасля 1853 на тэр. архірэйскага двара як гал. ўезд пабудавана мураваная брама: 2 масіўныя пілоны, аздобленыя 2 дарычнымі паўкалонамі і завершаныя франтонамі; да іх паўкругам далучаны мураваныя слупы, аб’яднаныя ажурнай металічнай агароджай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ЎЛЬБЕРЧ, Маўльперч (Maulbertsch, Maulpertsch) Франц Антон (хрышчаны 8.6.1724, Лангенарген, Германія — 8.8.1796), аўстрыйскі жывапісец; найбуйнейшы прадстаўнік аўстр. барока. Вучыўся ў Венскай АМ (1741—49), з 1770 яе прафесар. Зазнаў уплывы венецыянскага жывапісу і Рэмбранта. Працаваў у Аўстрыі, Венгрыі, Германіі, Румыніі, Славакіі, Чэхіі. Творы вызначаюцца экспрэсіўнасцю, падкрэсленым дынамізмам кампазіцыі, насычанасцю каларыту і святлоценявой мадэліроўкі; работы позняга перыяду маюць рысы класіцызму. Майстар манум. жывапісу: фрэскі ў касцёле п’ярыстаў (1752—53) і ун-це (1756—59) у Вене, цэрквах у Інсбруку (1775—76, Аўстрыя) і ў Шумегу (1757—58), саборы ў Папе (1780—81) і епіскапскай рэзідэнцыі ў Сомбатхеі (1783, Венгрыя), капэле палаца прымаса ў Браціславе (1781) і інш. Аўтар алтарных карцін «Св. Павел» (1759), «Узняцце крыжа» (1760), «Св. Тройца» (каля 1785—86) і інш.; гравюр («Прычашчэнне апосталаў», 1765, і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ЛЕР ((Mahler) Густаў) (7.7.1860, в. Каліштэ, Чэхія—8.5.1911),
аўстрыйскі кампазітар, дырыжор, оперны рэжысёр; буйнейшы еўрап. кампазітар канца 19 — пач. 20 ст. З 1875 вучыўся ў Венскай кансерваторыі ў Ю.Эпштэйна (фп.), кампазіцыі — у А.Брукнера. З 1880 оперны рэжысёр у т-рах Прагі, Вены, Лейпцыга і інш. З 1888 дырэктар Каралеўскай оперы ў Будапешце, з 1891 першы дырыжор Гар.т-ра ў Гамбургу. З 1897 дырэктар Венскай прыдворнай оперы. З 1907 у ЗША, дырыжор т-ра «Метраполітэн-опера», з 1909 адначасова кіраўнік Нью-Йоркскага філарманічнага аркестра. Для яго музыкі характэрны тэндэнцыі позняга рамантызму і адначасова рысы экспрэсіянізму, што абумоўлена трагічным асэнсаваннем сац. супярэчнасцей эпохі. Аўтар 9 сімфоній (1888—1909; 10-я не скончана), першыя 4 з якіх спалучаюць эмац. непасрэднасць і трагічную іронію, жанравыя замалёўкі і сімволіку; 5—7-я сімфоніі складаюць трагічна афарбаваную інстр. трылогію, інтанацыйна звязаную з песеннымі цыкламі (пераважна на словы Ф.Рукерта і нар. тэксты з «Чароўнага рога хлопчыка»). Творы позняга перыяду прасякнуты тэмай развітання з жыццём. Асаблівасці яго сімфанізму выяўляюцца ў адмаўленні ад класічнай 4-часткавай будовы ў большасці сімфоній, пераўтварэнні структуры ўсяго цыкла. Каб зрабіць больш даступнымі свае ідэйна-гуманіст. канцэпцыі і складаную манумент. форму сімфоній, ён дэмакратызаваў меладычную мову, уводзіў у іх вак.-хар. эпізоды. М. павялічыў склад аркестра, развіў мастацтва аркестроўкі, узбагаціў лада-гарманічныя сродкі. Сярод інш. твораў: сімфонія-кантата «Песня аб зямлі» для салістаў і арк. (1909); вак. цыклы — «14 песень і напеваў юнацкіх гадоў» для голасу з фп. (1880—90), «Песні вандроўнага чалядніка» (1883—85), «12 песень з «Чароўнага рога хлопчыка» (1892—98), «Сем песень апошніх гадоў» (1899—1902), «Песні аб памерлых дзецях» (1904; усе для голасу з арк.), «Жаласная песня» для салістаў, хору і арк. (1-я рэд. 1880). Творчасць М. значна паўплывала на музыку кампазітараў 20 ст.
Літ.:
Густав Малер: Письма. Воспоминания: Пер. с нем. 2 изд. М., 1968;
Барсова И.А. Симфонии Густава Малера. М., 1975;
Тараканов М. Малер // Музыка XX в. М., 1977. Ч. 1, кн. 2;
Mitchell D. G. Mahler songs and symphonies of life and death. London, 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОЛЬФ ((Wolf) Хуга) (13.3.1860, г. Славенградзец, Славенія — 22.2.1903),
аўстрыйскі кампазітар, муз. крытык; прадстаўнік позняга рамантызму, адзін з буйнейшых майстроў камерна-вак. жанру 19 ст. Вучыўся ў Венскай кансерваторыі (1875—77), займаўся самастойна. Выступаў з артыкуламі ў абарону новай музыкі, у прыватнасці Р.Вагнера. Стварыў новы тып песні (усяго каля 300), вызначаў яго як «вершы для голасу і фартэпіяна». Звяртаўся да ням., ісп. і італьян. паэзіі. У некаторых песнях відавочная цікавасць да муз.т-ра. Сярод яго твораў: опера «Карэхідор» (1896), муз. драма «Мануэль Венегас» (1897, незак.), сімф. паэма «Пентэсілея» (1885), «Італьянская серэнада» для сімф.арк. (1892); для голасу з фп.: «Вершы Э.Мёрыке» (1888), «Вершы І.В.Гётэ» (1889), «Іспанская кніга песень» (1890), «Старадаўнія напевы. 6 вершаў Г.Келера» (1890), «Італьянская кніга песень» (1896), «3 вершы Мікеланджэла» (1897).
Літ.:
Вульфиус П. Гуго Вольф и его «Стихотворения Эйхендорфа». М., 1970;