асіннікі, драбналістыя лясы, аснову дрэвастою ў якіх складае асіна. Пашыраны ва ўмеранай зоне Паўн. паўшар’я, гал. чынам у Еўропе і Азіі. На Беларусі сустракаюцца часцей на ПнУ, радзей на ПдЗ; агульная пл. 151,7 тыс.га (1,96% лесапакрытай плошчы, 1994). Тут яны з’яўляюцца вытворнымі лясамі, якія растуць на месцы высечак дубовых, радзей ялова-хваёвых і хваёвых лясоў. Займаюць пераважна багатыя супясчаныя і сугліністыя глебы нармальнага ўвільгатнення. Вылучаюць асіннікі: бруснічны, імшысты, арляковы, кіслічны, сніткавы, крапіўны, папарацевы, прыручайна-травяны, чарнічны, даўгамошны. Асінавыя лясы спрыяюць павышэнню ўрадлівасці глебы. Пасля высечак асінавыя лясы выкарыстоўваюць для аднаўлення хваёвых, яловых і дубовых лясоў. Асіннікі — кармавыя ўгоддзі для лася, аленя, зубра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКАЯ ХА́ТКА» ў Мінску, клуб бел. мастацкай інтэлігенцыі, які ў 1916—20 праводзіў культ.-асв. работу, прапагандаваў бел.тэатр. і муз. мастацтва, садзейнічаў стварэнню бел.дзярж. т-ра. Напачатку ў «Беларускай хатцы» наладжваліся вечарынкі (удзельнічалі У.Галубок, М.Багдановіч, З.Верас, У.Фальскі і інш.), на якіх чыталі творы бел. пісьменнікаў, спяваў хор. Потым тут працавалі Першае таварыства беларускай драмы і камедыі, тэатр. трупа пад кіраўніцтвам Ф.Аляхновіча, Мінскае таварыства працаўнікоў мастацтва, Драматычная секцыя Беларускай вучнёўскай грамады і інш. Дзейнасць клуба асвятлялася ў перыяд. друку (газ. «Вольная Беларусь», «Беларусь»). Спроба адрадзіць культ.-асв. дзейнасць клуба ў 1921 не падтрымана афіц. ўладамі.
Літ.:
Рамановіч Я. «Беларуская хатка» // Горад і годы. Мн., 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРАЗВЕ́ЧЧА,
былая вёска ў Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл. Размяшчалася за 3 км на Пн ад г. Глыбокае, паміж азёрамі Вялікае і Мушкат. Упершыню ўпамінаецца ў 14 ст. ў грамаце кн. Андрэя Альгердавіча. Уваходзіла ў Полацкае ваяв.ВКЛ. Паводле Полацкай рэвізіі 1552, у мястэчку Беразвечча было 40 дамоў і 40 мяшчан. У 1643—1874 дзейнічаў Беразвецкі кляштар базыльян. Існавалі праваслаўная царква, 4-класнае духоўнае вучылішча. З 1921 Беразвечча ў складзе Польшчы. З 1939 у БССР, з 1940 у Глыбоцкім р-не. У Вял. Айч. вайну 1941—45 ням. фашысты стварылі тутБеразвецкі лагер смерці. З 1960-х г. Беразвечча ў межах г. Глыбокае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́РЛІНГ
(Berling) Зыгмунт (27.6.1896, г. Ліманова Кракаўскага ваяв., Польшча — 11.7.1980),
польскі военачальнік, ген. броні Польшчы. Скончыў Ваен. акадэмію Генштаба (Масква, 1947). Да 1939 у Войску Польскім. 22.6.1941 першы падпісаў пісьмо 13 афіцэраў б. польск. арміі сав. ўраду з просьбай даць магчымасць змагацца за сваю радзіму супраць фаш. Германіі. Застаўся ў СССР пасля эвакуацыі сфарміраванай тут Польскай арміі (Андэрса). У 1943—44 камандзір сфарміраванай у СССР польск. дывізіі імя Т.Касцюшкі, са жн. 1943 адначасова камандзір 1-га польск. корпуса, з сак. 1944 камандуючы польск. арміяй у СССР, з ліп. 1944 на камандных пасадах Войска Польскага. У 1948—53 нач. Акадэміі Генштаба Войска Польскага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРГІ́ПІЯ,
антычны горад на ўсх. узбярэжжы Чорнага м. (на тэр. сучаснага г. Анапа, Расія). У старажытнасці тут было паселішча сіндаў (Сіндская гавань), у 6—5 ст. да н.э. ўзнік г. Сінд (Сіндыка). З 4 ст. да н.э. ў Баспорскай дзяржаве пад назвай Гаргіпія (у гонар Гаргіпа, правіцеля горада з дынастыі Спартакідаў). Буйны гандл.-рамесны цэнтр і важны апорны пункт Баспора. У Гаргіпіі былі храмы Артэміды Эфескай, Пасейдона і інш. У 2—3 ст.н.э. існаваў вял.рэліг. саюз суднаўладальнікаў, горад дасягнуў значнага росквіту. У 4 ст. прыйшоў у заняпад. З 1475 пад уладай Турцыі, ператвораны ў крэпасць Анапа, якая ў 1829 далучана да Расіі, з 1846 горад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКАЯ ІЛЬІ́НСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік драўлянага дойлідства канца 18 ст. Пабудавана ў гіст. раёне Гомеля на беразе р. Сож. Раней тут быў храм старавераў пад назвай Спасаў. Пасля на яго месцы пабудавана драўляная Ільінская царква, у 1794 перабудавана. Побач з ёй існаваў мужчынскі і жан. скіт старавераў. У 1850 скіт і царква закрыты; абразы і рэдкія кнігі перададзены ў Гомельскую Петрапаўлаўскую царкву. З 1852 царква зноў дзейнічае, у 1853 пры ёй засн. аднаверскі прыход. Будынак царквы складаецца з трох зрубаў, пастаўленых адзін за адным па падоўжнай восі. Зрубы нефа і бабінца прамавугольныя ў плане, алтарнай апсіды — 5-гранны. Над бабінцам надбудавана шмат’ярусная вежа-званіца (васьмярык на чацверыку).