скача́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

1. Надаць круглую форму чаму‑н.; зляпіць, зрабіць з чаго‑н. што‑н. круглае. Скачаць сцежку. □ Скачаў Валька першы ком і добра-такі запыхкаўся. Курто. Калі шэрсць паліваць патрошку цёплаю вадою, качаць у руках, то і скачаеш мячык. Місько.

2. Качаючы, скруціць у трубку, валік і пад. Скачаць дыван у трубку.

3. Разм. Качаючыся, прыціснуць да зямлі, змяць (траву і пад.). Коні скачалі траву на лузе.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сюды́-туды́, прысл.

1. У той і другі бок; у розныя бакі. [Міхал] выпраг каня.., жуючы хлеб, прайшоў сюды-туды паміж .. кустоў. Чорны. І чалавек бегае сюды-туды з самага цямна з потным ілбом. Кулакоўскі. Трымаючыся на задніх нагах,.. [вусень] вадзіў сюды-туды сваёй чорнай бліскучай галавой. Гарбук.

2. У некаторыя месцы. Трэба сюды-туды схадзіць.

3. Нішто сабе, ніштавата, дапушчальна. Калі днём яшчэ сюды-туды, то ў гэты вячэрні змрок адчуваеш сябе нібы ў магіле. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

убра́цца, убяруся, убярэшся, убярэцца; убяромся, уберацеся, убяруцца; зак.

1. Набыць прыгожы выгляд, стаць прыгожым. Убраліся ў чырвань праспекты і плошчы І ў [к]вецень вясновую — дрэвы садоў. Хведаровіч. // Прыгожа адзецца, прыбрацца, разадзецца; выстраіцца. Убрацца ў святочны касцюм. □ [Міхаліна:] — А калі адчыніла шафу, каб адзецца, то адчула, што знікла маё жаданне ўбрацца па-святочнаму. Шамякін.

2. Разм. Управіцца з уборкай ураджаю. [Ганна:] — Напішы, Алеська, што ўбраліся са збажыною. Скрыган.

•••

Убрацца ў пер’е — абжыцца, палепшыць матэрыяльнае становішча, пачаць жыць самастойна.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ха́бар, ‑у, м.

Грошы або рэчы, што даюцца каму‑н. як подкуп з мэтай атрымання пэўнай выгады; барыш. [Пётра:] Хто пасля князя тут галоўны будзе, каму ў ногі кінуцца ці хабар даць. Клімковіч. Часта прыязджалі акцызнікі, правяралі градусы гарэлкі і бралі ў карчмара хабар. Бядуля. Калі трапляўся наведвальнік скупы на хабар, то Рабушка цягнуў справу так, што таму моташна рабілася. Новікаў. І толькі той для Жука блізкі сябар, Хто дасць у лапу хабар. Крапіва.

[Ад араб. habar — паведамленне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

це́рні, ‑яў; адз. няма.

1. Уст. і кніжн. Пра калючыя расліны, а таксама калючкі на іх. Сонца ўзыдзе прыгожае, Цемра адхлыне варожая, Церні завянуць калючыя, Раны загоім балючыя. Пушча. — Зірні, — паказаў ёй [Лесі] Мяржынскі. — Усё заглушыў шэры камень: Дубы, непакорныя церні, А кветка прабіла яго. Жычка.

2. перан. Цяжкасці, пакуты, якія сустракаюцца на жыццёвым шляху чалавека (паэта, мастака, вучонага і пад.). [Ярошка:] — Раз ты такі самакрытычны, то будзь гатовы да ўсяго: да лаўраў і да церняў. Дамашэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цьмяне́ць, ‑ее; незак.

1. Станавіцца цьмяным; цямнець. На голых кустах стухаў вечар, неба цьмянела і, здавалася, асядала на лес. Карамазаў. // Траціць свой бляск, яркі колер. [Хлопец:] — Ах, як жа не пашанцавала вам! Блешні цьмянеюць і чарвячкі, відаць, сохнуць. Ракітны.

2. перан. Траціць сваю яркасць, выразнасць: станавіцца менш выразным. Цьмянела яго слава. □ Дарагія вобразы радзімы ніколі не цьмянеюць перад нашымі вачыма. Хведаровіч. Але што больш астывалі [мядзведзіцкія], то ўсё больш цьмянела задавальненне ад перамогі. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чарто́ўскі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да чорта. Чартоўскае насланнё. □ Увішны-то увішны, але калі браць на маштабы, дык напроці .. [Сёмкі Фартушніка] Хурс, напрыклад, быў увішны не як чорт, а як сам старшыня ўсяго чартоўскага кодлішча. Чорны. // Такі, як у чорта; злы.

2. Пракляты, ненавісны, страшэнны. І хочацца вельмі Андрэю шпурнуць Гранату ў чартоўскую гэтую хату. А следам за ёй і другую гранату. Зарыцкі.

3. Разм. Незвычайна моцны, вялікі па ступені праяўлення. Чартоўская вышыня. Чартоўская хуткасць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шарава́цца 1, ‑руецца; незак.

Зал. да шараваць ​1.

шарава́цца 2, ‑руюся, ‑руешся, ‑руецца; незак.

1. Разм. Церці сябе чым‑н. Шаравацца вяхоткай.

2. Церці, закранаць сваёй паверхняй аб паверхню іншага прадмета, рухаючыся ўзад і ўперад. Чуваць было, як уздыхаў конь, зрэдку шараваўся аб сцяну ці аб жолаб. Чорны. [Гілёрык] чуў як бы нейкі шум, але сам не мог разабраць, ці то пчолы гудуць, ці вулей шаруецца аб салому. Колас.

3. Зал. да шараваць ​2.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

штэ́мпель, ‑я, м.

1. Від пячаткі з выпуклым адбіткам або надпісам. То шукай яго, калі ён твой знаёмы, у турме, — строга сказаў.. [местачковец] і загрукаў паштовым штэмпелем па канвертах. Якімовіч. // Адбітак, зроблены такой пячаткай. Паштовы квіток са штэмпелем і цяпер ляжыць у бакавой кішэні .. ватоўкі [Міканора]. Кулакоўскі. А з Далёкага Усходу пісьмы з вайсковымі штэмпелямі ішлі яшчэ доўга. Ракітны.

2. Уст. Від штампа (у 1 знач.), якім выбіваюць рысунак на манетах, медалях і пад.

[Ням. Stempel.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ВАЙНА́ РЭ́ЧЫ ПАСПАЛІ́ТАЙ З РАСІ́ЯЙ 1609—18,

вайна за вяртанне Смаленскай зямлі і за ўтварэнне федэрацыі Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай. У сувязі з няўстойлівым становішчам у Маскоўскай дзяржаве баярская апазіцыя, жадаючы пазбавіцца ад цара Васіля Шуйскага, патаемна прапанавала царскую карону каралевічу Уладзіславу, сыну караля польскага і вял. кн. ВКЛ Жыгімонта III Вазы. Узнік план далучыць Маскоўскую дзяржаву да Рэчы Паспалітай у якасці члена федэрацыі. Зачэпкай для пачатку вайны было ўвядзенне швед. корпуса на чале з Я.​Дэлагардзі на тэр. Расіі для барацьбы з атрадамі Лжэдзмітрыя II. Паколькі Жыгімонт III быў у стане вайны са Швецыяй, то ўвядзенне швед. войск у Расію і яе саюз са Швецыяй разглядаўся як варожы акт. У вер. 1609 пачалася аблога Смаленска, але толькі 13.6.1611 горад быў узяты. 4.7.1610 войска С.​Жулкеўскага (6,5 тыс. чал.) разбіла рус. войска каля Клушына і падышло да Масквы, дзе ў выніку перавароту цар Шуйскі быў скінуты, а царом абвешчаны Уладзіслаў. Баяры, жыхары Масквы і інш. гарадоў прынеслі яму прысягу. У вер. 1610 войска Рэчы Паспалітай заняло Маскву. 1-е рус. апалчэнне ўзяць Маскву не змагло. У 1612 2-е апалчэнне на чале з К.​Мініным і Дз.​Пажарскім вызваліла Маскву, у лют. 1613 Земскі сабор абраў царом 16-гадовага М.​Ф.​Раманава. У наступныя гады Жыгімонт III спрабаваў заваёўваць землі на У, але фінансавыя цяжкасці не дазволілі сабраць вял. войска. У 1617—18 Уладзіслаў сам узначаліў паход на Маскву, але штурм горада вынікаў не даў. Паводле заключанага Дэулінскага перамір’я 1618 да ВКЛ адыходзілі смаленскія (за выключэннем Вязьмы), да Польск. каралеўства — ноўгарад-северскія і чарнігаўскія землі. Каралевіч Уладзіслаў захаваў тытул «цара маскоўскага і ўсяе Расіі».

А.​П.​Грыцкевіч.

Да арт. Вайна Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18. Аблога Смаленска беларуска-польскім войскам у 1610. Гравюра Г.​Келера.

т. 3, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)