ЖАБАЦІ́НСКІ (Леанід Іванавіч) (н. 28.1.1938, г.п. Краснаполле Сумскай вобл., Украіна),

украінскі спартсмен (цяжкая атлетыка). Засл. майстар спорту (1964). Скончыў Харкаўскі пед. ін-т (1964). Алімпійскі чэмпіён (1964, 1968), чэмпіён свету (1965, 1966), чэмпіён Еўропы (1966, 1968), неаднаразовы чэмпіён СССР у 1964—69 у цяжкай вагавой катэгорыі. Устанавіў 17 сусв. рэкордаў.

т. 6, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАРЫ́ПАЎ (Хакім Карымавіч) (н. 17.9.1924),

узбекскі артыст цырка. Нар. арт. Узбекістана (1964), нар. арт. СССР (1980). Вучыўся ў Ташкенцкай кансерваторыі. З 1938 у групе «Джыгіты Узбекістана» пад кіраўніцтвам бацькі — Карыма З., з 1952 кіраўнік гэтага цыркавога ансамбля. Выступленні вылучаюцца тонкім выканаўчым майстэрствам, складанымі трукавымі камбінацыямі («Уральскія вяртушкі», «Абаротны доўгі абрыў»).

т. 6, с. 541

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗУ́ДАЎ (Вячаслаў Дзмітрыевіч) (н. 8.1.1942, г. Бор Ніжагародскай вобл., Расія),

савецкі касманаўт. Герой Сав. Саюза (1976), лётчык-касманаўт СССР (1976). Скончыў Балашоўскае вышэйшае ваенна-авіяц. вучылішча (1963). З 1965 у атрадзе касманаўтаў. 14—16.10.1976 з В.Л.Раждзественскім здзейсніў палёт на касм. караблі «Саюз-23» (як камандзір). Правёў у космасе 2 сут.

т. 7, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛБЦО́ВА (Міра Міхайлаўна) (н. 21.12.1938, Масква),

расійская артыстка балета, балетмайстар, педагог. Нар. арт. Расіі (1978). Нар. арт. СССР (1989). Скончыла Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва імя Луначарскага (1973). З 1957 салістка Дзярж. акад. харэаграфічнага ансамбля «Бярозка», з 1980 яго маст. кіраўнік. Стварыла шэраг танцаў і кампазіцый, прасякнутых яскравым нац. каларытам, лірызмам.

т. 7, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛА́СЫ ЧЫСЦІНІ́, класы шурпатасці,

характарыстыка якасці (чысціні) апрацаванай паверхні. У СССР існавала 14 К.ч., класы 6—14-ы дадаткова разбіваліся на 3 разрады кожны (а, б, в). К.ч. абазначаліся роўнастароннім трохвугольнікам, напр., ∇ 14 в азначае 14-ы К.Ч., разрад в. У 1980 дзярж. стандартам К.ч. заменены інш. параметрамі шурпатасці паверхні.

т. 8, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКА́РАЎ (Мікалай Фёдаравіч) (22.5.1914, г. Сасава Разанскай вобл., Расія — 1988),

расійскі канструктар аўтам. стралковай зброі. Герой Сац. Працы (1974). Скончыў Тульскі мех. ін-т (1941). З 1941 на з-дзе абароннай прам-сці. Стварыў 9-мм пісталет (ПМ-9), 23-мм авіяц. пушку (разам з інш.). Дзярж. прэміі СССР 1952, 1967.

т. 9, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАБІНО́ВІЧ (Вольга Ільінічна) (н. 10.5.1960, г. Небіт-Даг, Туркменістан),

бел. спартсменка (гімнастыка маст.). Майстар спорту міжнар. класа (1976). Скончыла Бел. ін-т фіз. культуры (1981). З 1978 інструктар Спорткамітэта Беларусі. Чэмпіёнка свету (1977, г. Базель, Швейцарыя), сярэбраны прызёр чэмпіянату Еўропы (1978, Мадрыд), чэмпіёнка СССР (1976, 1977, 1979) у групавым практыкаванні.

т. 13, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНА́ЙСКІ (Васіль Серафімавіч) (н. 20.4.1947, пас. Абезь, Рэспубліка Комі),

дырыжор. Нар. арт. Латвіі (1981). Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1970). З 1971 2-і дырыжор сімф. аркестра ў Новасібірску. З 1975 маст. кіраўнік і гал. дырыжор Дзярж. сімф. аркестра Латвіі, з 1989 Дзярж. малога сімф. аркестра СССР. З 1976 выкладае ў Латвійскай кансерваторыі.

т. 14, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЕ́БАЎ (сапр. Сарокін) Глеб Паўлавіч

(11.5.1899, г. Вазнясенск, Украіна — 3.3.1967),

бел. акцёр. Нар. арт. Беларусі (1940), нар. арт. СССР (1948). Вучыўся ў Адэскім політэхн. ін-це (1917—18). Сцэн. дзейнасць пачаў у аматарскіх спектаклях, якія наладжваў яго бацька П.​Сарокін. З 1926 у Бел. т-ры імя Я.​Купалы (маст. кіраўнік у 1941—47; у 1943 узначальваў тэатр. франтавую брыгаду). Выдатны майстар камедыі. Майстэрства пераўвасаблення, яркасць знешняга малюнка, пластычная выразнасць, глыбокае пранікненне ў сутнасць характару чалавека, арганічнасць паводзін, імправізацыйны дар вызначалі яго мастацтва. Найб. ярка акцёрскі талент Глебава выявіўся ў нац. драматургіі: Няміра («Бацькаўшчына» К.​Чорнага), Харкевіч («Пагібель воўка» Э.​Самуйлёнка), Пустарэвіч («Паўлінка» Я.​Купалы; і ў кіно), Туляга («Хто смяецца апошнім» К.​Крапівы, Дзярж. прэмія СССР 1941; і ў кіно), Кропля («Канстанцін Заслонаў» А.​Маўзона, Дзярж. прэмія СССР 1948; і ў кіно), Гарошка («Выбачайце, калі ласка!» А.​Макаёнка), Глушак («Людзі на балоце» паводле І.​Мележа) і інш. Сярод лепшых роляў у класічным рэпертуары: Маргарытаў («Позняе каханне» А.​Астроўскага), Гарпагон («Скупы» Мальера), Мендоза («Дзень цудоўных падманаў» Р.​Шэрыдана). Здымаўся ў кіно: «Несцерка», «Нашы суседзі», «Палеская легенда», «Першыя выпрабаванні», «Усходні калідор» і інш. Вял. папулярнасць набыў як чытальнік на радыё, асабліва казак і баек для дзяцей.

Літ.:

Сабалеўскі А.В. Глеб Глебаў: Жыццё і творчасць вялікага бел. камедыйнага акцёра. Мн., 1994.

А.​В.​Сабалеўскі.

Г.П.Глебаў. Мастак І.​Ахрэмчык. 1943.
Г.П.Глебаў у ролі пана Антонія (справа) у кінафільме «Палеская легенда».
Г.П.Глебаў у ролі Пустарэвіча.

т. 5, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЕВЯ́ТЫ УСЕБЕЛАРУ́СКІ З’ЕЗД САВЕТАЎ рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў.

Адбыўся 8—15.5.1929 у Мінску. Прысутнічала 559 дэлегатаў з рашаючым і 168 з дарадчым голасам. Парадак дня: справаздача ўрада БССР (М.​М.​Галадзед); пяцігадовы план развіцця нар. гаспадаркі і культуры БССР (М.​М.​Карклін, С.​Б.​Карп, П.​М.​Рачыцкі, А.​В.​Баліцкі); аб становішчы Чырв. Арміі (А.​І.​Ягораў); выбары ЦВК БССР; выбары ад БССР членаў Савета нацыянальнасцей ЦВК СССР. З’езд адзначыў дасягненні БССР у індустрыялізацыі і прамысл. буд-ве, павелічэнне ўдзельнай вагі прамысл. прадукцыі ўсёй гаспадаркі, павышэнне культ. ўзроўню насельніцтва, ухваліў захады па рацыяналізацыі і скарачэнні дзярж. апарату. Выконваючы ўказанні урада СССР, з’езд паставіў задачу сацыяліст. рэканструкцыі і калектывізацыі сял. гаспадарак, вытв. іх кааперавання, узмацнення і пашырэння саўгасаў пры ўсямерным стымуляванні ўздыму бядняцка-серадняцкага сектара. З’езд адобрыў распрацаваны Дзяржпланам і зацверджаны Саўнаркомам БССР план развіцця нар. гаспадаркі і культ. будаўніцтва рэспублікі на 1928—32, адзначыў неабходнасць рашучага сацыяліст. наступу на капіталіст. элементы горада і вёскі. Пэўная ўвага была звернута на працяг палітыкі беларусізацыі больш хуткімі тэмпамі. Выбраў ЦВК БССР з 254 чл. і 88 кандыдатаў. У Савет Нацыянальнасцей ЦВК СССР ад рэспублікі было абрана 5 чл. і 2 кандыдаты. Старшынёй ЦВК БССР перавыбраны А.​Р.​Чарвякоў, старшынёй СНК БССР — Галадзед.

Літ.:

Дзевята Усебеларускі з’езд Саветаў рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў. Стэнагр. справаздача. Мн., 1929;

Пастановы IX Усебеларускага з’езду Саветаў і I сесіі ЦВК БССР IX склікання. Мн., 1929.

М.​П.​Касцюк.

т. 6, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)