ДЗЕРАЗАПАДО́БНЫЯ (Lycopodiophyta),

аддзел вышэйшых споравых раслін. Найб. прымітыўная і стараж. з вышэйшых раслін сістэм. група. Вышэйшага развіцця дасягнулі ў кам.-вуг. перыядзе. Уключаюць 2 класы: дзеразовыя (Lycopodiopsida) і палушнікавыя (Isoetopsida), 8 родаў і каля 1300 відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары, асабліва ў трапічных і субтрапічных лясах. На Беларусі 7 відаў з родаў баранец, дзераза, дзярэзка, дыфазіястр і палушнік. Растуць у яловых, хваёвых, радзей у мяшаных і лісцевых лясах, на балотах, у азёрах. Баранец звычайны, дзярэзка заліўная, палушнік азёрны занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь.

Сучасныя Дз. — раўна- (дзярэзы і інш.) і разнаспоравыя (селягінелы, палушнікі) шматгадовазялёныя травяністыя расліны, рэдка паўкусты (сярод выкапнёвых Дз. былі і дрэвы — лепідадэндраны і сігілярыі) з чаргаваннем пакаленняў — спарафіту (бясполае) і гаметафіту (палавое). Спарафіт мае дадатковыя карані, сцяблы і лісце (філоіды). Лісце вузкае, дробнае, простае, сядзячае, чаргаванае або супраціўнае, размешчанае па спіралі. зрэдку сабранае ў кальчакі. Размнажаюцца Дз. спорамі. Са споры развіваецца гаметафіт (зарастак) — падземны або надземны, зялёны або бясколерны сапратрофны, утвараюцца мужч. і жан. гаметангіі — антэрыдый і архегоній. Потым адбываецца палавы працэс, у выніку якога фарміруецца спарафіт. Лек., фарбавальныя (даюць жоўтую і зялёную фарбы) і дэкар. расліны; некат віды ядавітыя.

Літ.:

Бобров АЕ. Отдел, 1. Lycopodiophyta — Плаунообразные // Флора европейской части СССР. Л., 1974. Т. 1;

Филин В.Р. Отдел Плауновидные (Lycopodiophyta) // Жизнь растений. М., 1978. Т. 4.

Г.​У.​Вынаеў.

т. 6, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРА́НЬ, журавельнік (Geranium),

род кветкавых раслін сям. гераніевых. Каля 400 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я (у тропіках — толькі ў гарах). На Беларусі як дзікарослыя трапляюцца 17 відаў, з іх 7 мясцовых — герань балотная (G. palustre), крывава-чырвоная (G. sanguineum), лугавая (G. pratense), лясная (G. sylvaticum), маленькая (G. pusillum), Роберта (G. robertianum) і цёмная (G. phaeum), занесеная ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь, і 10 занесеных — герань багемская (G. bohemicum), бліскучая (G. lucidum), галубковая (G. columbinum), круглалістая (G. rotundifolium), мяккая (G. molle), пірэнейская (G. pyrenaicum), раскідзістая (G. divaricatum), рассечаная (G. dissectum), сібірская (G. sibiricum) і ўзгоркавая (G. collinum). Растуць у лясах, на лугах і балотах, каля рэк, азёр, дарог і інш. У Цэнтр. бат. садзе АН інтрадукавана герань прамая (G. rectum).

Шмат-, радзей аднагадовыя травяністыя расліны з прамастойным ці ўзыходным сцяблом выш. да 1,5 м. Лісце супраціўнае або чаргаванае, з прылісткамі, амаль сядзячае або на доўгіх чаранках, лопасцевае, пальчата-раздзельнае ці, зрэдку, перыстае, ніжняе часта ў разетцы. Кветкі правільныя, па 1—2 на пазушных кветаносах, утвараюць парасонікі: вяночак з 5 свабодных пялёсткаў рознага колеру (ад белаватых, ружовых і бэзавых да чырвона-бурых, амаль чорных), звычайна буйны. Плод — стэрыгма, якая распадаецца на 5 плодзікаў (мерыкарпіяў). Лек., меданосныя, дубільныя і пахучыя дэкар. расліны. Геранню называюць таксама віды роду пеларгонія.

Г.​У.​Вынаеў.

Герань: 1 — крывава-чырвоная; 2 — лясная.

т. 5, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Сіт ‘адна- і шматгадовая травяністая расліна сямейства сітавых, Juncus L.’ (ТСБМ, Кіс., Байк. і Некр.), сіта́ ‘тс’ (брасл., даўг., мёрск., Сл. ПЗБ), ‘чарот, Scirpus lacustris L.’ (Касп.), ‘сярэднеазёрная водмель, якая прыгодна для рыбалоўства і зарасла чаротам, сітняком’ (Яшк.). Рус. сит, сить, сита́ ‘чарот і іншыя балотныя расліны’, укр. сітня́г ‘від воднай расліны’, зборн. рус.-ц.-слав. ситникъ (XI ст.), ст.-польск. sit ‘чарот’, польск. sit, sitowie ‘чарот, сітнік’, каш. sit ‘чарот’, в.-луж. syće, syćina, н.-луж. syśe, syśina, ст.-чэш. sit, sítí, славац. sítina, серб.-харв. сит, си́та ‘чарот’, славен. sȋt, sȋta ‘тс’. Прасл. *sitъ, *sitaрасліны Juncus, Scirpus’ звязана з сець, сіло́ (гл.), ад і.-е. кораня *sei̯‑ ‘плясці’, таму што ўсе гэтыя расліны выкарыстоўваюцца для пляцення. Гл. Махэк₂, 545; Мяркулава, Очерки, 43 і наст.; Фасмер, 3, 628; SEK, 4, 272. Роднасныя літ. siẽtas ‘вяроўка’, saĩtas ‘матуз, шнур’, лат. saĩte ‘завязка, матузоў, літ. siẽti ‘звязваць’, лат. sȉet ‘тс’; гл. Траўтман, 253; Мюленбах-Эндзелін, 3, 860; 637; Борысь, 549. Наяўнасць вытворных *sitъ, *sita, *sitnikъ (гл. сітнік), *setъ, паводле Мяркулавай (Этим. иссл. 6, 20), сведчыць пра існаванне дзеяслова *siti ‘плясці’. Меркаванні пра сувязь з сіта, сітавы (гл. наступнае слова), выказаныя Праабражэнскім (2, 290), знаходзяць падмацаванне ў ст.-ісл. sef ‘сітнік’ і ст.-англ. sife ‘сіта, рэшата’, ст.-в.-ням. sib, нова-в.-ням. Sieb ‘тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

БАТА́НІКА (грэч. botanikē ад botanē трава, расліна),

навука пра расліны; адзін з асн. раздзелаў біялогіі. Вывучае відавую разнастайнасць раслін (сістэматыка), іх будову (марфалогія і анатомія), асаблівасці жыццядзейнасці (фізіялогія раслін, біяхімія), заканамернасці індывід. і гіст. развіцця (эмбрыялогія, эвалюцыя), роднасныя сувязі (філагенія), пашырэнне (геаграфія раслін), узаемаадносіны з навакольным асяроддзем (экалогія), структуру расліннага покрыва (геабатаніка).

Развіццё батанікі як навукі ішло адначасова з ростам практычных патрэбнасцяў чалавека і непасрэдна звязана з агульнай гісторыяй чалавецтва. Шмат звестак пра расліны было вядома людзям з глыбокай старажытнасці. Бацькам батанікі лічаць стараж.-грэч. прыродазнаўца і філосафа Тэафраста. Як стройная сістэма навук. ведаў батаніка аформілася ў 18 ст. дзякуючы ў асноўным працам швед. прыродазнаўца К.Лінея. Франц. вучоныя М.Адансон, Ж.Б.Ламарк, А.​Жусьё і інш. распрацавалі натуральную класіфікацыю раслін, паводле якой расліны аб’ядноўваліся па сукупнасці гал. прыкмет (кветка, плод, семя) у парадкі, якія ўпершыню размешчаны ў адзіны рад — ад водарасцяў да кветкавых. У 19—20 ст. інтэнсіўна развівалася батаніка, як і інш. біял. навукі, пад уплывам эвалюцыйнай тэорыі Ч.​Дарвіна. У Расіі першыя бат. даследаванні звязаны са стварэннем АН (1724) і арганізацыяй шэрагу экспедыцый для вывучэння расліннасці краіны (І.​Г.​Гмелін, П.С.Палас, С.П.Крашаніннікаў). У канцы 19 — пач. 20 ст. рус. батанікі І.​Н.​Гаражанкін, М.С Варонін, У.І.Паладзін, С.Г.Навашын, К.А.Ціміразеў і інш. зрабілі буйныя адкрыцці (двайное апладненне ў кветкавых раслін, раскрыццё энергетычных заканамернасцяў фотасінтэзу і інш.), якія паўплывалі на развіццё бат. навукі ў свеце.

На Беларусі фарміраванне батанікі як навукі пачалося ў канцы 18 — пач. 19 ст. Першыя бат. даследаванні пераважна апісальнага характару зрабілі І.​І.​Ляпёхін, В.​М.​Севяргін, В.​Г.​Бесэр. Сучасны этап развіцця батанікі звязаны з працамі Ц.М.Годнева, В.Ф.Купрэвіча, М.А.Дарожкіна, М.​Дз.Несцяровіча, М.У.Смольскага, А.А.Шлыка, А.С.Вечара, В.М.Цярэнцьева, І.Д.Юркевіча, В.С.Гельтмана, В.І.Парфёнава, Н.В.Казлоўскай і інш. Навук. праца па батаніцы вядзецца ў Ін-це эксперым. батанікі і Цэнтр. бат. садзе АН Беларусі, БДУ, Бел. с.-г. акадэміі, Гомельскім ун-це, пед. і с.-г. ін-тах, запаведніках. Вызначаны заканамернасці фарміравання, дынамікі флоры і расліннасці, распрацаваны навук. асновы выкарыстання і аховы раслінных рэсурсаў, антрапагеннага ўплыву на расліннае покрыва. Шэраг даследаванняў звязаны з выкананнем міжнар. біял. праграмы.

Літ.:

Базилевская Н.А., Белоконь И.П., Щербакова А.А. Краткая история ботаники. М., 1968;

Жизнь растений. Т. 1—6. М., 1974—82;

Хржановский В.Г. Курс общей ботаники. Ч. 1—2. 2 изд. М., 1982;

Жуковский П.М. Ботаника. 5 изд. М., 1982.

т. 2, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Варся́нка ’расліна варсянка, Dipsacus’ (БРС). Рус. ворся́нка, укр. ворся́нка. Ад ворс (гл.). Адносна матывацыі гл. Нейштадт, Определитель, 524. Да семантыкі параўн. іншыя назвы гэтай расліны ва ўкр. мове: черсак, чесак, дряпач, щітка, шершак (Макавецкі, Sł. botan., 132).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вячо́рніца ’Hesperis matronalis L.’ (БРС, Кіс., РБС). Укр. вечерниці (душисті) (Грынч.), рус. вечерница, польск. wieczernik, в.-луж. wječornička, чэш. večernice, слав. večernica, балг. вечерник ’тс’. Да вячэрні; назва, паводле характэрнай асаблівасці расліны; тое ж у лацінскай назве.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Беркін ’назва расліны Meliotus albus L. і інш.’ Гл. барку́н. Варыянт беркін запазычаны з адной з цюрк. форм. З цюрк. слоў, якія прыводзіць Мяркулава, Очерки, 87, бліжэй ад іншых да бел. формы стаіць караім. біркін ’быць запырсканым’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ды́мніца, назва расліны (БРС) = рус. дымя́нка; таксама ’курная хата’ (Касп.), ’дымаход, ляжак’ (Бяльк.). Утварэнне прасл. характару суфіксам *‑ica ад прыметніка *dymьnъ (*dymьnica; агляд форм і семантыкі ў слав. мовах гл. у Трубачова, Эт. сл., 5, 203–204).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тро́стка ‘кіёк’ (Бяльк., Арх. Вяр.), ‘трысціна ў бёрдзе’ (мсцісл., Жыв. сл.; бяроз., Шатал.), ‘нізка ўюноў’ (ТС), трі́стка ‘трысцінка ў бёрдзе’ (Сл. Брэс.), ст.-бел. тростка ‘трыснёг’ (Альтбаўэр), ‘назва экзатычнай расліны’ (ГСБМ). Памянш. ад тросць1, 2, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

кальцэфо́бы

(ад лац. calx, -lcis = вапна + -фоб)

расліны, якія адмоўна рэагуюць на наяўнасць солей кальцыю ў глебе (напр. тарфяныя імхі); параўн. кальцэфілы.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)