ГЕТЭРАФІЛІ́Я

(ад гетэра... + грэч. phyllon ліст),

разналістасць, наяўнасць на адной расліне рознага па форме, памерах і структуры лісця. Часцей характэрна для водных раслін (напр., у стрэлкаліста, вадзянога кураслепу, некаторых рдзестаў), у якіх падводнае лісце адрозніваецца па форме ад надводнага. Сустракаецца таксама ў некат. наземных раслін, дзе ніжняе лісце лускападобнае, сярэдняе (асіміліруючае) з чаранком (або похвай), пласцінкай і прылісткамі, верхняе мае спецыфічную будову каля суквецця (прыкветнікі). У больш вузкім сэнсе гетэрафілія — розніца паміж лісцем сярэдняй фармацыі ў межах парастка расліны, якая звязана з узроставымі зменамі і ўздзеяннем навакольнага асяроддзя (напр., у плюшча, шаўкоўніцы).

т. 5, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)