РУВЕНЗО́РЫ (Ruwenzori),
горны масіў ва Усх. Афрыцы, на мяжы Заіра і Уганды. Складзены са стараж.-крыштал. парод. Выш. да 5109 м (пік Маргерыта). На ніжніх схілах да выш. каля 2600 м — перадгорныя і горныя лясы і саванны; уздоўж верхняй мяжы лесу — бамбукавыя зараснікі. На выш. 2600—3800 м — субальпійская расліннасць (гал. ч. дрэвападобны верас), вышэй за 3800 м — высакагорныя лугі, вышэй 4600—4800 м — вечныя снягі і ледавікі, агульная пл. каля 5 км². Далінныя ледавікі апускаюцца да выш. каля 4200 м. Запаведнік (горныя гарылы). Масіў адкрыты ў 1876 Г.М.Стэнлі.
т. 13, с. 425
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́ДЗІК (Пётр Сафронавіч) (н. 29.6.1913, г. Харкаў, Украіна),
бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1970). Скончыў Харкаўскі інж.-буд. ін-т (1941). З 1946 працаваў у БелНДІдзіпрасельбудзе (у 1946—78 гал. архітэктар праектаў). Сярод работ: забудова цэнтр. сядзіб калгасаў «Прагрэс» і «Гвардыя» Гродзенскага, імя Калініна Магілёўскага, імя Леніна Брэсцкага р-наў, саўгасаў «Леніна» Горацкага р-на Магілёўскай вобл., «Волма» Мінскага р-на і інш. Аўтар шэрагу тыпавых праектаў 1—2-павярховых (2- і 4-кватэрных) жылых дамоў, адм., гандл. і грамадскіх будынкаў.
В.М.Чарнатаў.
т. 13, с. 428
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́СЕ,
горад на Пн Балгарыі, на р. Дунай. Засн. стараж. рымлянамі ў 1 ст. як ваен. прыстань. Каля 200 тыс. ж. (2000). Гал. рачны порт краіны. Знешнегандл. трансп. вузел, двух’ярусным мостам (чыг. і аўтадарожным) злучаны з г. Джурджу (Румынія). Аэрапорт. Прам-сць; суднабуд., маш.-буд. (цяжкае, с.-г., эл.-тэхн., электроннае), прыладабуд., хім. і нафтаперапр., харч. і харчасмакавая (цукровая, мясная, малочная, кансервавая, вінаробчая), тэкст., гарбарна-абутковая, мэблевая. ЦЭС. Оперны і драм. тэатры. Гіст. музей. Паблізу — рэшткі сярэдневяковага г. Чэрвен; в. Іванава са скальнымі цэрквамі (13—14 ст.).
т. 13, с. 455
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЗЕРВА́Т (ад лац. reservatus захаваны),
у сусветнай прыродаахоўнай практыцы — ахоўная тэрыторыя, дзе гал. аб’ект — адзін з кампанентаў прыроднага комплексу (рэжым блізкі да заказніка), ці цэлы прыродна-тэр. комплекс (рэжым блізкі да запаведніка). Паводле аб’екта аховы вылучаюць Р. балотныя, бат., лясныя, арніталагічныя, паляўнічыя і інш. На Беларусі існуюць лясныя генет. Р., якім надаецца статус асабліва ахоўных тэрыторый. Адрозніваюцца высокімі гасп. паказчыкамі (хуткасць росту, лепшая якасць драўніны і інш.) і выкарыстоўваюцца як крыніцы генет. матэрыялу (насення, чаранкоў, прышчэпачнага матэрыялу). Агульная пл. — каля 4170 га.
А.В.Пугачэўскі.
т. 13, с. 558
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ЙНСКІЯ СЛА́НЦАВЫЯ ГО́РЫ (Rheinisches Schiefergebirge). Гал. ч. ў Германіі (часткова ў Бельгіі, Люксембургу, Францыі) па абодвух берагах сярэдняга цячэння р. Рэйн. Даўж. каля 400 км, выш. да 880 м (г. Гросер-Фельдберг). Складзены пераважна са сланцаў, кварцытаў, пясчанікаў і вапнякоў. Плато, над якім на 300—400 м узвышаюцца крышт. масівы (Таўнус, Хунсрук, Айфель і інш.) і вулканічныя купалы. Расчлянёны далінамі рэк Рэйн, Мозель, Лан. Дубовыя, букавыя і хваёвыя лясы, балоты, пустэчы. Тэрасы рачных далін і ніжнія ўчасткі схілаў апрацаваны. Жывёлагадоўля. Каля паўн. падножжаў — Рурскі вугальны басейн.
т. 13, с. 566
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛАЎЁЎ (Зіновій Пятровіч) (22.11.1876, г. Гродна — 6.11.1928),
адзін з арганізатараў аховы здароўя ў СССР. Скончыў Казанскі ун-т (1904). У 1918—20 нам. нар. камісара аховы здароўя РСФСР. З 1920 нач. Гал. ваен.-сан. ўпраўлення Чырв. Арміі, старшыня Рас. т-ва Чырв. Крыжа і Чырв. Паўмесяца, з 1923 адначасова праф. кафедры 2-га Маскоўскага ун-та. Навук. працы па пытаннях тэарэт. асноў аховы здароўя, вышэйшай мед. адукацыі, гісторыі медыцыны, ваен.-сан. справы. Па ініцыятыве і з удзелам С. ў 1925 створаны піянерскі лагер Артэк.
т. 14, с. 103
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛЬВІ́НІ ((Salvini) Тамаза) (1.1.1829, г. Мілан, Італія — 31.12.1915),
італьянскі акцёр. З акцёрскай сям’і. У 1842 дэбютаваў на прафес. сцэне. З 1843 у трупе пад кіраўніцтвам Г.Модэны, які паўплываў на яго творчасць. З 1860-х г. узначальваў свае трупы. Творчасці ўласцівы рамант. ўзнёсласць, гераічны пафас у спалучэнні з глыбокім пранікненнем у псіхалогію вобраза. Сусв. славу яму прынеслі выкананне гал. роляў шэкспіраўскай драматургіі: Атэла, Гамлет, Макбет, Кароль Лір у аднайм. п’есах. Сярод інш. лепшых роляў: Карада («Грамадзянская смерць» П.Джакамеці), Арасман («Заіра» Вальтэра). Аўтар мемуараў і тэарэт. артыкулаў.
т. 14, с. 118
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВАРО́Г (ад санскр. сварга — неба),
вобраз стараж. міфалогіі ўсх. славян, божаства Неба, нябеснага агню, бацька Сварожыча і Дажбога. Паводле стараж. міфа, злучыў неба і зямлю, навучыў людзей каваць жалеза (у час яго ўладарства нібыта з неба на зямлю ўпалі клешчы і людзі пачалі каваць зброю). Яму прыпісваецца ўвядзенне манагамнага шлюбу і кары за парушэнне гэтага звычаю (парушальнікаў быццам бы кідаў у вогненную печ). Паступова С. страціў значэнне гал. божаства, ім стаў Дажбог, потым Пярун. З пашырэннем хрысціянства рысы С. як апекуна шлюбу нададзены Кузьме.
М.Ф.Піліпенка.
т. 14, с. 246
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СВЯШЧЭ́ННАЯ ДРУЖЫ́НА»,
«добраахвотная ахова», тайная арг-цыя, створаная прыдворнай арыстакратыяй у Расіі ў 1881 для барацьбы з рэв. рухам. Засн. пасля замаху нарадавольцаў на цара Аляксандра II (гл. таксама І.Я.Грынявіцкі). Гал. яе кіраўнікі П.П.Шувалаў, І.І.Варанцоў-Дашкаў і інш.; у склад уваходзілі вял. князі, міністры, генералы. Арг-цыя мела разгалінаваную агентуру ў Расіі і за мяжой, двайную канспірацыю. Удзельнікі «С.д.» грамілі падп. друкарні, наладжвалі паліт. вышук; з правакацыйнымі мэтамі выдавалі ў Жэневе газ. «Вольное слово» і «Правда». У канцы 1882 дзейнасць «Сд.» спынена.
т. 14, с. 284
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́ЛЕРС, Селарс (Sellars) Рой Вуд (9.7.1880, г. Эгмандвіл, Канада — 5.9.1973), амерыканскі філосаф, адзін з заснавальнікаў крытычнага рэалізму. Праф. Мічыганскага ун-та (1905—50). Распрацаваў тэорыю ўзроўняў стварэння прыроды, паводле якой з’яўленне якасна новага звязана з пераходам з ніжэйшага на больш высокі ўзровень развіцця. У этыцы адстойваў канкрэтна-гіст. і сацыяльна абумоўлены характар маральных ацэнак і духоўных каштоўнасцей. Палемізаваў з ідэаліст. філас. кірункамі, крытыкаваў тэорыю псіхафізіял. дуалізму, тэалогію і рэліг. догматы. Гал. творы: «Крытычны рэалізм» (1916), «Эвалюцыйны натуралізм» (1922), «Прынцыпы і праблемы філасофіі» (1926), «Філасофія фізічнага рэалізму» (1932) і інш.
т. 14, с. 306
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)