МЕМУА́РЫ (франц. mémoires ад лац. memoria памяць),
твор, змест якога — успаміны аўтара пра мінулае, пэўныя падзеі, удзельнікам або сведкам якіх ён быў. Да М. належаць літ. партрэты дзеячаў культуры і навукі, нататкі, напісаныя як успаміны; набліжаюцца дзённікі, аўтабіяграфіі і дакументальная літаратура.
Узоры М. — «Новае жыццё» Дантэ, «Споведзь» Ж.Ж.Русо, «Былое і думы» А.Герцэна, «Гісторыя майго сучасніка» У.Караленкі. На Беларусі М. паявіліся ў канцы 16—1-й пал. 17 ст. («Дзённік Ф.Еўлашоўскага», «Дыярыуш» А.Філіповіча). У новай бел. л-ры вядомы М.: «З папераў Альгерда Абуховіча», М.Хведаровіча «Памятныя сустрэчы». М.Лужаніна «Вачыма часу», Я.Скрыгана «Некалькі хвілін чужога жыцця», Л.Геніюш «Споведзь», С.Грахоўскага «Зона маўчання», П.Пруднікава «Далёкае, але незабытае». Культ. жыццю Беларусі прысвечаны мемуарныя творы П.Мядзёлкі «Сцежкамі жыцця», З.Азгура «Незабыўнае», Я.Рамановіча «Знаёмыя сілуэты», а таксама шматлікія зб-кі ўспамінаў пра Я.Купалу, Я.Коласа, М.Багдановіча, М.Гарэцкага, Ц.Гартнага, М.Лынькова, І.Мележа, В.Таўлая, Ў.Галубка, Р.Шырму і інш. Падзеі Вял.Айч. вайны на Беларусі адлюстраваны ў зб-ках «Буг у агні», «Гераічная абарона», «У баях за Беларусь», «У лясах Беларусі», кнігах В.Казлова «Людзі асобага складу», У.Лабанка «У баях за Радзіму», Р.Мачульскага «Вечны агонь», П.Калініна «Партызанская рэспубліка», В.Дзенісевіча «Арлінае племя», а таксама мемуарных творах ваен. дзеячаў А.М.Васілеўскага, Г.К.Жукава, К.К.Ракасоўскага і інш.
Літ.:
Помнікі мемуарнай літаратуры Беларусі XVII ст.Мн., 1983;
Мальдзіс А.І. Беларусь у люстэрку мемуарнай літаратуры XVIII ст.Мн., 1982;
Савецкая Беларусь ва ўспамінах сучаснікаў Анатаваны паказ. мемуар. літ. 1917—1972 гг.Мн., 1973;
Беларуская мемуарыстыка на эміграцыі // Склад Л.Юрэвіч. Нью-Ёрк, 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРА́ЦТВА (ад грэч. peiratēs разбойнік, рабаўнік),
затрыманне, рабаванне і інш. гвалтоўныя дзеянні, учыненыя ў адкрытым моры экіпажам прыватнаўласніцкага судна (піратамі), а таксама лятальнага апарата ў адносінах да інш. судна ці лятальнага апарата, супраць асоб і маёмасці, што знаходзіцца на іх борце. Як П. разглядаюцца дзеянні ваен. суднаў і дзярж. лятальных апаратаў, экіпаж якіх учыніў мяцеж. П. адносіцца да злачынстваў міжнар. характару і пытанні барацьбы з ім рэгулююцца Ніокскім пагадненнем (1937), Канвенцыяй ААН аб адкрытым моры (1958), Канвенцыяй ААН па марскім праве (1982).
П. ўзнікла ў антычнасці разам з мараходствам у прыбярэжных раёнах Паўд.Усх. Азіі. Развівалася ў вузлавых пунктах марскіх зносін. У Еўропе вядома з часоў Стараж. Грэцыі, было пашырана ў Міжземным м. (сярэдзіна 1-га тыс. да н.э. — 18 ст.н.э.; тут у старажытнасці П. займаліся грэкі, фінікійцы, егіпцяне, этрускі, карфагеняне, кілікійцы), Паўн. і Балт. морах (з пач.н.э., асабліва ў эпоху вікінгаў), Ла-Маншы. У эпоху Вялікіх геаграфічных адкрыццяў і калан. захопаў П. перамясцілася ў Карыбскае м., уздоўж узбярэжжа Паўн. Амерыкі, Афрыкі, Паўд.-Усх. Азіі, Індыйскі ак.; сярод найб. вядомых піратаў 16 ст. Ф.Дрэйк. У 18—пач. 19 ст. П. найб. пашырана ўздоўж Армузскага праліва і Перс. заліва (арабы) і ў Кіт. моры (японцы). П. ў асн. спынілася ў 2-й пал. 19 ст., але яго выпадкі вядомы і ў 20 ст. (у т. л. у раёне «Бермудскага трохвугольніка»). На морах і акіянах побач з піратамі дзейнічалі карсары, каперы (гл.Каперства), флібусцьеры, буканьеры, рэйдэры. Нягледзячы на матэрыяльныя і чалавечыя страты, якія прычыняла П., яно спрыяла развіццю мараплавання.
Літ.:
Пираты и разбойники: Флибустьеры, корсары. каперы и буканьеры... Мн., 1997;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАКЕ́ТНЫЯ ВО́ЙСКІ,
вайсковыя фарміраванні, аснашчаныя ракетнай зброяй.
Вядомы з 11—12 ст. (парахавыя ракеты выкарыстоўваліся ў Індыі і Кітаі ў час аблогі крэпасцей), у Еўропе — з канца 13 ст., у Расіі з 18—19 ст. Шырокае развіццё атрымалі ў 2-ю сусв. вайну (у СССР з’явіліся гвардз. мінамётныя часці, аснашчаныя «Кацюшамі», у Германіі падраздзяленні, на ўзбраенні якіх былі кіроўныя ракеты). У 2-й пал. 20 ст. Р.в. створаны ў СССР, ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі і інш. краінах.
Падзяляюцца на Р.в. стратэг. прызначэння, Р.в. сухап. войск, зенітныя ракетныя часці ВПС і ВМС. У СССР у канцы 1950-х г. створаны Р.в. стратэгічнага прызначэння (значная іх ч. дыслацыравалася на тэр. Беларусі; выведзены ў 1-й пал. 1990). Для іх уласцівы высокая боегатоўнасць, дакладнасць нанясення ўдараў, неабмежаваная далёкасць дзеяння, незалежнасць ад умоў надвор’я, часу і інш. Р.в. сухапутных войск — часці і падраздзяленні тактычнага і аператыўна-тактычнага прызначэння, здольныя наносіць масіраваныя, групавыя і адзіночныя ўдары па аб’ектах, недасягальных для артылерыі (першая ракетная часць у складзе сухап. войск створана ў 1946 на базе гвардз. палка рэактыўнай артылерыі). Зенітныя Р.в. прызначаны для проціпаветранай абароны адм.-паліт. цэнтраў, прамысл.-эканам. раёнаў, груповак войск і інш. аб’ектаў. Складаюцца з часцей і злучэнняў, якія маюць на ўзбраенні зенітныя ракетныя комплексы. Ва Узбр. Сілах Беларусі зенітныя ракетныя войскі і ракетныя войскі і артылерыя з’яўляюцца адпаведна родамі войск проціпаветранай абароны і сухап. войск Беларусі.
Літ.:
Гл. пры арт.Ракета.
А.У.Аляхновіч.
Да арт.Ракетныя войскі. На маршы пускавыя ўстаноўкі РС-12 М «Топаль» з ракетай РТ-2П (Расія).Да арт.Ракетныя войскі. Ракетная сістэма аператыўна-тактычнага прызначэння «Плутон» (Францыя).Да арт.Ракетныя войскі. Ракетны комплекс (зенітны) С-125 на стартавай пазіцыі (Беларусь).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫЛЛЁ,
збудаванні для жыцця і арганізацыі побыту чалавека, аховы ад неспрыяльных уздзеянняў прыродных фактараў. Тыпы Ж. вызначаюцца ўзроўнем развіцця прадукц. сіл грамадства, буд. тэхнікі, характарам сац. адносін, геагр. асяроддзя і традыцый арганізацыі сямейнага ладу; разнавіднасці, маст. і кампазіцыйныя асаблівасці, абсталяванне і ўпрыгожанне інтэр’еру — эстэт. густам чалавека.
Найб. простыя тыпы Ж. вядомы з часоў каменнага веку (пячоры, зямлянкі, паўзямлянкі, буданы, пабудовы на палях і інш.). Краінам з цёплым кліматам характэрны тып Ж. з групоўкай замкнёных звонку памяшканняў вакол унутр. адкрытых дворыкаў (мегароны Стараж. Грэцыі, атрыумна-перыстыльныя дамы Стараж. Рыма); у краінах з умераным і халодным кліматам будавалі прамавугольныя ў плане дамы з асвятленнем праз вокны ў сценах. З паяўленнем гарадоў вылучыліся тыпы гар. і сельскіх пабудоў. У гарадах побач з індывід. 1—2-павярховымі дамамі будавалі шматпавярховыя на некалькі сем’яў (інсулы Стараж. Рыма). Для сярэдневякоўя характэрны замкі і палацы — Ж. феадалаў. Складваліся тыпы сялянскага Ж., якое захавала свае характэрныя рысы на многія стагоддзі; у гарадах сфарміраваўся тып дома, дзе спалучаліся жылыя, гандл. і складскія памяшканні, майстэрні рамеснікаў. У буд-ве такіх дамоў выкарыстоўвалі драўляныя канструкцыі (на аснове каркаса ці зруба), а таксама цагляныя, каменныя і мяшаныя (тэхніка «прускага муру»). Высокім маст. узроўнем вызначалася архітэктура рэнесансу (гл.Адраджэнне), барока, класіцызму. Рост гарадоў і гар. насельніцтва ў 19 ст. прывялі да разбурэння структуры старых феад. гарадоў і, як вынік, да змены традыц. тыпаў Ж. Гар. Ж. 20 ст. развіваецца ў рэчышчы асн.арх. стыляў (мадэрн, канструктывізм, функцыяналізм і інш.; гл. таксама Урбанізм і Дэзурбанізм).
На Беларусі з прымітыўных відаў Ж. (ямы, пячоры, буданы) развіліся яго найб.стараж. формы, што адносяцца да эпохі палеаліту. Пабудовы мелі канструкцыйную аснову з касцей маманта (паселішча Бердыж Чачэрскага р-на). Для неаліту і бронз. веку характэрны паглыбленыя ў зямлю жылыя збудаванні з шатровымі дахамі (каля воз. Ліцін Калінкавіцкага, в. Лучын Рагачоўскага р-наў). Вядомы таксама збудаванні на палях і памостах (в. Асавец Бешанковіцкага р-на). У жал. веку будавалі паўзямлянкі слупавой канструкцыі (в. Малышкі Вілейскага р-на), якія з 5—8 ст. паступова змяніліся невял. наземнымі дамамі слупавой і зрубнай канструкцый, разлічанымі на адну сям’ю (в. Гарадзішча Мядзельскага, в. Тайманава Быхаўскага р-наў). Такое аднакамернае Ж. забяспечвала патрэбы сям’і і стала асновай для развіцця ўсіх тыпаў жылых сельскіх і гар. дамоў на Беларусі. У сярэдневякоўі вядомы зрубныя 1-, 2-, 3-камерныя дамы, якія разам з гасп. будынкамі складалі сядзібу. Архітэктура Ж., яго планіроўка і маст. асаблівасці вызначаліся заможнасцю гаспадара і арх.-буд. традыцыямі асобных гіст.-этнагр. рэгіёнаў (Паазер’е, Падняпроўе, Панямонне і інш.). Гар. Ж. 9—13 ст. у асноўным складалася з невял. адназрубных пабудоў, якія ставілі вельмі шчыльна (Брэст, Віцебск, Мінск, Полацк і інш.). Ж. феадалаў 14—16 ст. мела элементы абарончых збудаванняў (замкі, дамы-крэпасці). У 16—18 ст.гар. і местачковае Ж. характарызавалася ўскладненнем планіроўкі, пашырэннем мураванага буд-ва, буд-ва ў тэхніцы «прускага муру» і змешаных канструкцый. Дамы гандляроў і рамеснікаў стваралі аснову забудовы цэнтр. вуліц і плошчы (рынку), часам мелі на гал. фасадзе галерэю на слупах — падчэні (Іўе, Мір). У 18 ст. атрымаў пашырэнне гар. дом з мураваным гал. фасадам і драўлянай часткай у глыбіні двара (Нясвіж, Гродна, Паставы). З 17 ст. пашырылася буд-ва палацава-паркавых комплексаў. Асн. элементам іх стаў палац ці сядзібны дом з элементамі ордэрнай сістэмы, а таксама ў стылі рамантызму. З 2-й пал. 19 ст. ў сувязі з распрацоўкай планаў забудовы гарадоў структура гар. Ж. змянілася. Павялічылася буд-ва шматкватэрных жылых дамоў. У 1920-я г.буд-ва і рэканструкцыя Ж. пачалі ажыццяўляцца на планавай аснове. З’явіліся рабочыя пасёлкі (імя Камінтэрна ў Мінску і інш). У канцы 1920 — пач. 1930-х г. сталі будаваць шматпавярховыя шматкватэрныя дамы. Сац. ўмовы садзейнічалі з’яўленню новых тыпаў Ж.: інтэрнаты, дзіцячыя дамы, дамы-камуны, якія ўключалі і прадпрыемствы камунальна-быт. абслугоўвання. У Вял.Айч. вайну на Беларусі знішчана каля 400 тыс. жылых будынкаў, што патрабавала значных намаганняў для аднаўлення жылога фонду. З сярэдзіны 1950-х г. пашырылася буд-ва Ж. індустр. метадамі, выкарыстанне вял.арх. элементаў (панэльныя і аб’ёмныя блокі і інш), што дало магчымасць паскорыць тэмпы ўзвядзення будынкаў. Значныя аб’ёмы жыл.буд-ва садзейнічалі прагрэсіўным метадам планіроўкі і забудовы раёнаў. Сучасныя жылыя дамы маюць адпаведнае быт. і інж. забеспячэнне, адпавядаюць нормам сан. гігіены. Сталі пашыранымі малапавярховыя (1—2 паверхі), сярэдняй паверхавасці (3—5), шматпавярховыя (6—10), павышанай паверхавасці (11—16) і вышынныя (больш за 16 паверхаў), адна- ці шматсекцыйныя, калідорныя, галерэйныя, змешанай планіроўкі будынкі. Больш сталі будаваць дамоў катэджавага тыпу і аднаго з відаў часовага Ж. — садовых домікаў. Асн. тыпам сял. Ж. заставаліся зрубныя хаты пач. і сярэдзіны 20 ст. (гл.Драўлянае дойлідства). Сучасныя вясковыя жылыя дамы па планіровачнай арганізацыі і ўзроўні інж. абсталявання набліжаюцца да гарадскіх, у іх аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі і маст. вырашэнні адчуваецца імкненне да захавання традыц. вырашэнняў.
Літ.:
Воинов А.А. Жилищное строительство в Белорусской ССР. Мн., 1980;
Трацевский В.В. История архитектуры народного жилища Белоруссии. Мн., 1989;
Рэшткі жылля старажытнага Бярэсця. 12—13 ст.Да арт.Жыллё. Дом рамесніка ў г. Нясвіж Мінскай вобл. 1721.Да арт.Жыллё. Дом канца 19 — пач. 20 ст. Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту.Да арт.Жыллё. Жылы дом у г.п. Ветка Гомельскай вобл. 1950-я г.Да арт.Жыллё. Сядзібны дом у в. Чырвоны Бераг Жлобінскага раёна Гомельскай вобл.Да арт.Жыллё. Жылы дом у Мінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
За́яц1 ’звярок сямейства Leporidae’, заю́к, за́йка (Нас.). Рус.заяц, зайка, дыял.пск.зай, укр.заєць, польск.zając, в.-луж.zajac, н.-луж.zajec, палаб.zojąc, чэш.zajíc, славак. zajac, славен.zȃjec, серб.-харв.зе̑ц, за̏јко, балг.за́ек, дыял.за́як, за́енц, за̀ец, зайц, заяц, зек, зак, зо́ек, зайо, зае́, макед.зајак, дыял.заек. Ст.-слав.заѩць ’заяц’. Ст.-рус.заяць, заець (XI ст.) ’заяц’. Прасл. аснова *zaj‑, да якой дадаваліся розныя суфіксы: ‑ęcь (як у месяц) > ‑яц, ‑ukъ, ‑ьk‑a і інш. Шанскі, 2, З, 75. Махэк₂, 709 (за ім Голуб-Копечны, 430; Скок, 3, 647–648), звязваў гэту аснову з ззяць2 (гл.) паводле адкрытых (ззяючых) вачэй, што недастаткова абгрунтавана. Верагодна роднаснае літ.zuĩkis, лат.zaķis ’заяц’ бел.зайка. Фрэнкель, 1281. Праз першапачатковае значэнне ’скакун’ звязваюць з і.-е.*gʼhei‑ ’жвава рухацца’ (Покарны, 1, 424–425, без слав. прыкладаў): літ.žáidžiu, žáisti ’скакаць’, ст.-інд.háyaḥ, арм.ji ’конь’. Праабражэнскі, 1, 244; Фасмер, 2, 84; Саднік-Айцэтмюлер, Handwört., 336. Агляд іншых гіпотэз гл. у Фасмера. Канчатковага этымалагічнага рашэння яшчэ няма.
За́яц2 ’безбілетны пасажыр’. Рус.заяц, укр.заєць ’тс’. Згадка ў трылогіі Коласа: «зайцаў», як іх там называлі (чыгуначнікі), як і аналагічнае ўжыванне ў Чэхава, указвае, што перанос назвы жывёлы (гл. за́яц1) на безбілетніка замацаваўся каля пералому XIX–XX стст. Паводле Фасмера (2, 84), па прымеце жвавасці, а магчыма, і па прызнаку палахлівасці (да рэчы абедзве гэтыя прыметы сталі асновай для пераносу сонечны зайчык у бел., рус., укр., польск.). Наогул перанос назвы заяц на чалавека вядомы ў розных мовах, але не ў значэнні, ’безбілетны пасажыр, наведвальнік’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
АСІПО́ВІЧЫ,
горад абл. падпарадкавання ў Беларусі, цэнтр Асіповіцкага р-на Магілёўскай вобл., на р. Сіняя (прыток Свіслачы). За 136 км на ПдЗ ад Магілёва, 3 км на Пн ад шашы Мінск—Гомель. Чыг. вузел (лініі на Мінск, Гомель, Магілёў, Баранавічы). 35,2 тыс.ж. (1995).
Вядомы з 18 ст. як вёска. У 1872 за 2 км ад Асіповічаў заснавана станцыя Лібава-Роменскай чыгункі з той жа назвай (40 ж., 5 дамоў). Паводле перапісу 1897, на месцы сучаснага горада існавалі 3 паселішчы з назвай Асіповічы: вёска (526 ж., 78 гаспадарак), станцыя (каля 100 ж., 11 гаспадарак), пасёлак (каля 200 ж., 38 гаспадарак), якія пазней зліліся. На пач. 20 ст. каля 1500 ж., больш за 300 двароў. У 1917 каля 4,2 тыс.ж. З лют. да мая 1918 Асіповічы заняты польскім корпусам Доўбар-Мусніцкага, з мая да 4.12.1918 — германскімі, з 20.8.1919 да 10.7.1920 — польскімі войскамі. З 1922 цэнтр воласці, з 17.7.1924 мястэчка, цэнтр Асіповіцкага р-на Бабруйскай акр. (да 1930), з 15.7.1935 горад, у 1938—44 у Магілёўскай вобласці. У 1939 — 13,7 тыс.ж. 30.6.1941 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі. Дзейнічала Асіповіцкае патрыятычнае падполле. Вызвалены 28.6.1944 войскамі 1-га Бел. фронту ў ходзе Бабруйскай аперацыі 1944. З 1944 у Бабруйскай, з 1954 Магілёўскай абласцях (у 1962—65 у Бабруйскім раёне). У 1959 — 15,8 тыс.ж.
Прам-сць: маш.-буд. (завод аўтаагрэгатаў), буд. матэрыялаў (Асіповіцкі кардонна-руберойдавы завод, з-д жалезабетонных канструкцый), харч. (камбінаты хлебапрадуктаў, кансервава-харч., масларобчы); з-д «Каммаш», прадпрыемствы лёгкай і дрэваапр. прам-сці і інш. Працуюць камбінат быт. абслугоўвання, лясгас, лясная доследная станцыя. Брацкія магілы сав. воінаў і партызанаў, магілы ахвяр фашызму. Каля горада на р. Свіслач пабудаваны Асіповіцкае вадасховішча і ГЭС.
Літ.:
Зорин В., Ершова Г. Осиповичи: Историко-экон. очерк. Мн., 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯМЕХА́НІКА (ад бія... + механіка),
1) раздзел біяфізікі, які вывучае мех. працэсы ў тканках, органах і арганізме, а таксама механізмы біял. рухомасці, у т. л. скарачэнне шкілетных мышцаў.
Першыя працы па біямеханіцы вядомы з 16 ст. (Леанарда да Вінчы). У 17 ст. з’явіліся спробы растлумачыць законамі механікі ўсе формы рухаў жывёл, у т. л. мышачныя скарачэнні і страваванне (італьян. вучоны Дж.Барэлі). У Расіі заснавальнікі біямеханікі — І.М.Сечанаў і П.Ф.Лесгафт (працы па класіфікацыі рухаў чалавека, структуры апорна-рухальнага апарату). Метады рэгістрацыі і аналізу прапанаваны М.А.Бернштэйнам (1941).
На Беларусі даследаванні вядуцца з 1950-х г. (А.Дз.Геўліч, Г.Ф.Палянскі, С.М.Уласенка). Распрацаваны асобныя пытанні біямеханікі рухальнага апарату, напр. залежнасць будовы і функцыі суставаў ад сілы вонкавых і ўнутр. уздзеянняў, біямеханіка дыхальнага апарату і інш.Гал. галіны прыкладнога выкарыстання дасягненняў біямеханікі: рацыяналізацыя працоўнай дзейнасці, спорт, ваенная і клінічная медыцына (асабліва траўматалогія і артапедыя), стварэнне аўтаматаў-маніпулятараў і робатаў, канструяванне заменнікаў органаў руху — біякіравальных пратэзаў і інш.
2) У тэатры — сістэма трэнажу акцёра. Уведзена У.Меерхольдам як эксперыментальны пед. метад для дасягнення акцёрам дасканалага, віртуознага валодання сваім целам, рухамі.
Меерхольд лічыў, што творчасць акцёра — творчасць пластычных формаў у прасторы, і таму ён павінен умець арганізаваць і дакладна выкарыстоўваць выразныя сродкі свайго цела. Дапаможныя прадметы да асн. курса біямеханікі — фізкультура, акрабатыка, танец, рытміка, бокс, фехтаванне. Як спец. прадмет выкладалася ў Бел.драм. студыі ў Маскве (1921—26). Элементы сістэмы біямеханікі ў працы з акцёрамі пры пастаноўцы спектакляў у т-рах Беларусі выкарыстоўвалі рэжысёры М.Кавязін, В.Фёдараў, Н.Лойтар, В.Пацехін і інш.
Літ.:
Александер Р. Биомеханика: Пер. с англ.М., 1970;
Бернштейн Н.А. Физиология движений и активность. М., 1990;
Обысов А.С. Надежность биологических тканей. М., 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛІЗНЯ́ТЫ,
нараджэнне (амаль адначасовае) двух і болей дзяцей у чалавека і млекакормячых жывёл, для якіх характэрна аднаплоднасць. Блізняты могуць быць аднаяйцавыя (моназіготныя), развіваюцца з адной аплодненай яйцаклеткі — зіготы, і двух’яйцавыя (дызіготныя), развіваюцца з двух ці болей адначасова аплодненых яйцаклетак. Аднаяйцавыя блізняты заўсёды аднаполыя, маюць аднолькавы генатып, групу крыві і надзвычай высокую ступень падабенства. Двух’яйцавыя блізняты могуць быць адна- і разнаполыя, іх генатыпічнае і вонкавае падабенства не большае, чым паміж іншымі братамі і сёстрамі (сібсамі). Суадносіны паміж мона- і дызіготнымі блізнятамі ў чалавека вызначаюцца прыкладна як 1 і 2, нараджэнне двайнят у сярэднім складае 1 на 100 родаў (ад 0,6 у Японіі да 4,5 у Афрыцы), трайнят — прыкладна на 10 тыс., чацвярнят — на 1 млн.; вядомы выпадкі нараджэння 5 і 6 блізнят; шматплоднасць больш уласціва прадстаўнікам негроіднай расы, менш мангалоідам. Зніжэнне нараджэння блізнят у апошнія дзесяцігоддзі звязваюць з уплывамі сац.-быт. фактараў.
Сучасныя метады дыягностыкі дазваляюць устанавіць шматплоднасць у самыя раннія тэрміны цяжарнасці. Па даных гемелалогіі (навукі пра блізнят) асн. ролю ў вызначэнні шматплоднасці мае спадчыннасць. Па мацярынскай лініі перадаюцца ў спадчыну дызіготныя блізняты, па бацькоўскай — моназіготныя. Унутрывантробнае і пасляродавае развіццё блізнят вызначаецца шэрагам асаблівасцяў. У 70—75% выпадках аднаяйцавым блізнятам уласціва наяўнасць адной плацэнты і аднаго харыёна, у дызіготных блізнят яны асобныя для кожнага плода. Больш частыя (у 2 разы) у блізнят прыроджаныя заганы развіцця, магчымы выпадкі хімерызму, у аднаяйцавых — недаразвіццё або адсутнасць сэрца, спалучэнне крывяносных сістэм, няпоўнае раздзяленне тулаваў (гл.Сіямскія блізняты) і інш. У генетыцы вывучэнне ролі і ўзаемаадносін спадчыннасці і асяроддзя ў зменлівасці прыкмет і фарміраванні асобы (чалавека) складае сутнасць «блізнятнага метаду». У жывёлагадоўлі штучнаму рэгуляванню плоднасці свойскіх і інш. карысных жывёл надаецца гасп. значэнне.
Р.У.Дэрфліо.
Блізняты аднаяйцавыя (злева) і двух’яйцавыя.Да арт.Блізняты. Схематычнае адлюстраванне размяшчэння аднаяйцавых (1) і двух’яйцавых (2) блізнят у матцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАНЬКО́ВІЧ (Валенцій Мельхіёравіч) (12.5.1800, в. Калюжыца Бярэзінскага р-на Мінскай вобл. — 12.5.1842),
бел. жывапісец; прадстаўнік рамантызму. З роду Ваньковічаў, пляменнік паэта А.Гарэцкага. Вучыўся ў Полацкім езуіцкім калегіуме (1811), на ф-це вольных навук Полацкай акадэміі (1813—17), у Віленскім ун-це ў Я.Дамеля і Я.Рустэма (1818—24), Пецярбургскай АМ (1825—28). За малюнкі з натуры адзначаны 2-м (1825) і 1-м (1826) сярэбранымі медалямі, за твор «Подзвіг маладога кіяўляніна...» (1827) — залатым медалём і правам вучыцца за мяжой за кошт акадэміі. Найб.вядомы як партрэтыст: партрэты Адама Міцкевіча («Міцкевіч на скале Аюдаг», 1828), Э.Ромера, Ю.Корсака, А.Адынца, М.Шыманоўскай, А.Пушкіна, К.Ліпінскага, В.Жукоўскага і інш. З 1829 жыў у Мінску, меў майстэрню ў Вял. Сляпянцы і Мінску (разам з Ч.Манюшкам). Тут стварыў партрэты бацькі, сястры С.Гарноўскай, Д.Манюшкі, жонкі з дзецьмі (мініяцюры), А.Гарэцкага, В.Пуслоўскага і членаў яго сям’і, С. і К.Пясецкіх, К. і А.Тавянскіх і інш. Пад уплывам Тавянскага захапіўся тэорыяй містыцызму, асобай Напалеона, біблейскімі сюжэтамі: «Маці Божая Вастрабрамская», «Мадонна з Ісусам Хрыстом і Іаанам Хрысціцелем», «Напалеон каля вогнішча» (1834). У канцы 1830-х г. пакінуў Мінск; працаваў у Дрэздэне, Берліне, Мюнхене; з 1841 у Парыжы, жыў у сям’і Міцкевічаў. Напісаў манум. палотны «Апафеоз Напалеона», «Напалеон плача над картай Еўропы», абразы «Евангеліст Іаан», «Святая Клара». Твораў Ваньковіча захавалася вельмі мала. Яны знаходзяцца пераважна ў Англіі, Францыі, Італіі, Польшчы, Літве, Расіі.
Літ.:
Дробаў Л.Н. Беларускія мастакі XIX стагоддзя. Мн., 1971;
Яго ж. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974;
Паньшына І. Ісціна вымалёўваецца: Валенцій Ваньковіч: Новыя факты біяграфіі // Мастацтва. 1994. № 1;
Ciechanowka Z. Malarz sprawy Walenty Wańkowicz: (Źyciorys) // Pamiętnik literacki. 1948. R. 38.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГІ́НСКІ (Міхал Клеафас) (7.10.1765, Гузаў каля Варшавы — 15.10.1833),
дзярж. дзеяч Рэчы Паспалітай, кампазітар, літаратар. З роду Агінскіх. З 1789 надзвычайны пасол у Галандыі, выконваў дыпламат. місію ў Лондане. У 1791 у Магілёве прысягнуў Кацярыне II, чым захаваў маёнткі ва ўсх. Беларусі. Падтрымаў Канстытуцыю 3 мая 1791. Пасля перамогі Таргавіцкай канфедэрацыі 1792 эмігрыраваў у Прусію, яго маёнткі былі канфіскаваны; вяртанне на радзіму і зварот маёмасці былі абумоўлены яго ўступленнем у канфедэрацыю. Дэпутат Чатырохгадовага (1788—92) і Гродзенскага (1793) соймаў. У 1793—94 падскарбі вял. літоўскі. У час паўстання 1794 увайшоў у склад Найвышэйшай літ. рады. Сфарміраваў на свае сродкі батальён стралкоў і камандаваў ім у некалькіх бітвах. У жн. 1794 зрабіў рэйд да Дынабурга (цяпер Даўгаўпілс). Змагаўся супраць прускіх войскаў. Пасля задушэння паўстання жыў у Вене, Венецыі, Парыжы. У 1802 вярнуўся ў свой маёнтак Залессе каля Смаргоні. У 1810 атрымаў званне сенатара. Прапанаваў імператару Аляксандру I праект аднаўлення ВКЛ у складзе Рас. імперыі (гл.Агінскага план 1811). Пасля адышоў ад паліт. дзейнасці. З 1823 жыў у Італіі. Вядомы як кампазітар. Ігры на фп. вучыўся ў Ю.Казлоўскага, на скрыпцы — у Дж.Б.Віёці. Кампазітарскую дзейнасць пачаў у 1790-я г. стварэннем маршаў і баявых песень, пашыраных сярод паўстанцаў 1794. Аўтар папулярных паланэзаў, у т. л. паланэза ля-мінор «Развітанне з Радзімай», фп. п’ес, рамансаў, адметных лірызмам, меладычнасцю, нар.-песеннымі традыцыямі, а таксама аднаактовай оперы «Зеліс і Валькур, або Банапарт у Каіры» на ўласнае лібрэта (1799). Агінскаму належаць трактат «Лісты пра музыку» (1828, выд. на польск. мове ў 1956), «Мемуары пра Польшчу і палякаў з 1788 да 1815 г.» (т. 1—4, 1826—27, на франц. мове).
Літ.:
Бэлза И. Михал Клеофас Огиньский. 2 изд. М., 1974.