СВЯЦІ́ЛАВІЧЫ,

вёска ў Веткаўскім р-не Гомельскай вобл., на правым беразе р. Беседзь, на аўтадарозе Чачэрск—Ветка. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 30 км на ПнУ ад г. Ветка, 52 км ад Гомеля. 1125 ж., 445 двароў (2001). Лясніцтва, прадпрыемства электрасетак, філіялы раённай сельгасхіміі, Веткаўскага дарожна-рамонтнага буд. ўпраўлення, Веткаўскага водаканала. Сярэдняя школа, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. Брацкія магілы чырв. партызан, расстраляных герм. акупантамі ў жн. 1918, сав. воінаў і партызана. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. У вёсцы гарадзішча зарубінецкай культуры.

Вядомы з 1565, калі вял. кн. Жыгімонт II Аўгуст даў пустое сяльцо С. («люди того сельца сего лета все в поветрие вымерли») Чачэрскага староства чачэрскаму баярыну Ілью Іванавічу. У 17 ст. належалі Шалютам, Язерскім, у 18 ст. — Вяроўкіным-Шалютам. З 1772 у складзе Рас. імперыі. У канцы 19 ст. ў Рагачоўскім пав. Магілёўскай губ.; у 1886—365 ж., 64 двары, царква, бальніца, 3 крамы. У 1926—27 і 1935—56 С. — цэнтр Свяцілавіцкага раёна.

т. 14, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)