мінерал класа самародных элементаў; найб. пашыраная і ўстойлівая ў зямной кары паліморфная мадыфікацыя вугляроду. Мае прымесі газаў, вады, бітумаў, мікраэлементаў. Крышталізуецца ў гексаганальнай сінганіі. Структура слаістая. Звычайна цёмна-шэрыя да чорных ліставатыя, лускаватыя агрэгаты, канкрэцыі, суцэльныя масы. Бляск металічны. Цв. 1—2. Шчыльн. 2,2 г/см³. Тлусты навобмацак. Вогнетрывалы, не плавіцца пры нармальным ціску, т-ра сублімацыі вышэй за 4000 К. Электраправодны, хімічна ўстойлівы. Трапляецца ў магматычных і метамарфічных пародах. Разнавіднасці: графітыт — скрытакрышт. рознасць, шунгітаморфная рознасць. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці плавільных тыгляў, ліцейнай справе, у атамнай прам-сці, пры вытв-сці электродаў, алоўкаў, шчолачных акумулятараў, сухіх элементаў, кантактных шчотак. Радовішчы графіту ў Расіі, на Украіне, у ЗША і інш. На Беларусі вядомы рудапраяўленні графіту ў крышт. фундаменце. Графіт атрымліваюць таксама штучным шляхам — награваннем антрацыту без доступу паветра. Блокі з чыстага штучнага графіту выкарыстоўваюць у ядзернай тэхніцы, як пакрыцці для соплаў ракетных рухавікоў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛІ́Т (ад грэч. háls соль),
каменная соль, мінерал класа хларыдаў, хларыд натрыю, NaCl. Мае 39,34% натрыю, 60,66% хлору. Прымесі: бром, марганец, медзь, галій, мыш’як, серабро і інш. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Крышталі кубічныя, радзей актаэдрычныя. Агрэгаты зярніста-крышт., шчыльныя, валакністыя, радзей у выглядзе нацёкаў, скарынак, налётаў, сталактытаў, выцвітаў, друзаў. Бясколерны, прымесямі афарбоўваецца ў розныя колеры. Празрысты. Бляск шкляны, тлусты. Цв. 2. Шчыльн. 2,2 г/см³. Крохкі. Лёгка раствараецца ў вадзе, мае салёны смак. Утвараецца пераважна асадкавым шляхам (крышталізуецца з марской вады ў лагунах і рэліктавых азёрах, якія перасыхаюць), вядомы ў вулканічных вазгонах і экзагенных выцвітах. Гал. тыпы радовішчаў: каменная і калійная солі ў асадкавых горных пародах; самасадачная соль сучасных азёр; саляныя крыніцы. Выкарыстоўваецца ў харч., тэкст., фармацэўтычнай, хім. і энергет. прам-сці, электраметалургіі, халадзільнай справе, у вытв-сці пластмас і інш.Прамысл. радовішчы на Украіне, у Расіі, ЗША, Германіі. На Беларусі прамысл. паклады галіту вядомыя ў дэвонскіх адкладах. Распрацоўваецца Мазырскае радовішча каменнай солі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПС (ад грэч. gypsos мел, вапна),
1) мінерал класа сульфатаў, CaSO4∙2H2O. У чыстым выглядзе мае 32,6% аксіду кальцыю CaO, 46,5% сернага ангідрыду SO3 і 20,9% вады H2O. Механічныя прымесі пераважна ў выглядзе гліністых і арган. рэчываў, сульфідаў і інш. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі таблітчастыя, радзей слупкаватыя або прызматычныя, часта ўтвараюць двайнікі («ластаўчын хвост»). Агрэгаты зярністыя, ліставатыя, парашкападобныя, канкрэцыі, валокны, іголкі, друзы. Афарбоўка ў залежнасці ад прымесей — ад бясколернай і белай да шэрай, жоўтай, чырвонай, ружовай, бурай і чорнай. Бляск шкляны. Цв. 1,5—2. Крохкі. Шчыльн. 2,3 г/см³. У вадзе прыкметна растваральны (20,5 г/л пры 20 °C). Па паходжанні хемагенны, радзей гідратэрмальны. Разнавіднасці: селеніт (валакністы гіпс), гіпсавы шпат (пласцінкавы гіпс) і інш. Выкарыстоўваецца ў цэментнай прам-сці, буд-ве, медыцыне, папяровай вытв-сці.
2) Асадкавая горная парода, якая складаецца пераважна з мінералу гіпсу і прымесей даламіту, ангідрыту, цэлесціну, гідраксідаў жалеза, серы, кальцыту і інш. Паводле ўмоў утварэння адрозніваюць радовішчы гіпсу пярвічныя, што ўтварыліся ў лагунах ці азёрах, і другасныя, што ўзніклі пры выветрыванні (гідратацыі ангідрытаў), радовішчы вышчалочвання («гіпсавы капялюш»), метасаматычныя і інш.Прамысл. значэнне маюць пярвічныя лагунныя радовішчы гіпсу. На Беларусі да такіх належыць Брынёўскае радовішча гіпсу.
Гіпс будаўнічы, алебастр, вяжучы матэрыял паветранага цвярдзення, 2CaSO4∙H2O. Выкарыстоўваюць пераважна для ўнутр. апрацоўчых работ.
Гіпс у скульптуры і архітэктуры, адзін з гал. матэрыялаў скульптуры. Выкарыстоўваецца для стварэння рабочых мадэлей, якія потым павялічваюць да памераў скульптуры, а таксама для вырабу пустых формаў пры адліўцы копій, тоесных арыгіналаў, пераходных мадэлей скульптур для пераводу іх у іншыя матэрыялы, пры рэпрадуктаванні ўзораў сусв. скульптуры для музеяў, інтэр’ераў грамадскіх будынкаў. Вядомы з часоў Стараж. Егіпта, Грэцыі, Рыма.
На Беларусі як матэрыял станковай скульптуры пашырыўся ў 19 ст. У гіпсе выкананы барэльеф Т.Зана (Р.Слізень, 1-я пал. 19 ст.), «Алегорыя скульптуры» К.Ельскага (1858), бюст Т.Касцюшкі (Я.Астроўскі, 1860), партрэты М.Багдановіча (А.Грубэ, 1927) і інш.
Літ.:
Одноралов Н.В. Скульптура и скульптурные материалы. 2 изд. М., 1982.
У.Я.Бардон, І.М.Каранеўская (у скульптуры і архітэктуры).