ГЕРА́СІМАЎ (Аляксандр Міхайлавіч) (12.8.1881, г. Мічурынск, Расія — 23.7.1963),

рускі жывапісец. Нар. мастак СССР (1943). З 1947 правадз. чл. АМ СССР (у 1947—57 прэзідэнт). Вучыўся ў маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1903—15) у А.Я.Архіпава і К.А.Каровіна. Аўтар пейзажаў («Тройка. Зімовая дарога», 1912, «Пасля дажджу», 1935), партрэтаў (В.​В.​Лепяшынскай, 1939, групавога партрэта мастакоў І.​М.​Паўлава, В.​М.​Бакшэева, В.​К.​Бялыніцкага-Бірулі і В.​М.​Мяшкова, 1944), жанравых карцін («Лазня», 1940), ілюстрацый (да «Тараса Бульбы» М.​Гогаля, 1947, і інш.), нацюрмортаў, тэатр. дэкарацый. Работы Герасімава прасякнуты аптымізмам, вызначаюцца выразнай кампазіцыяй, маляўнічасцю. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1943, 1946, 1949. У Нац. маст. музеі Беларусі 5 работ Герасімава (сямейны партрэт, 1934, «Чаромха», 1955, і інш.).

Літ.:

Осипов Д.М. Александр Герасимов: [Альбом]. М., 1981.

А.Герасімаў. Групавы партрэт старэйшых мастакоў (І.​Паўлаў, В.​Бакшэеў, В.​Бялыніцкі-Біруля, В.​Машкоў). 1944.

т. 5, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗА́ЙЦАЎ (Юрый Канстанцінавіч) (н. 22.1.1937, г. Барнаул, Расія),

бел. мастак. Скончыў Маскоўскае вышэйшае маст. прамысл. вучылішча (1962). Творам уласціва шматпланавасць, экспрэсія, эмацыянальная насычанасць, багацце тэхн. і светлаколеравых вырашэнняў (жывапісныя творы «Спакуса», 1995, «Памяць», «Настальгія», «Натхненне», усе 1996, і інш.). Працуе ў станковай графіцы: «Хатынь» (1970; спец. прэмія на міжнар. выстаўцы «Супраць вайны» 1979 у г. Люблін, Польшча), «Трыумф касманаўтыкі» (1979), серыя «Вяртанне» (1982), «Партрэт В.​Быкава» (1983), «Чарнобыльскі рэквіем» (1993); акварэлі: «Партрэт актрысы З.​Белахвосцік» (1984), «Вясна на Беразіне» (1987), «Возера Свіцязь» (1991) і інш. Аформіў кнігі «Сярэбраная табакерка» З.​Бядулі (1977), «Выбранае» Я.​Купалы (на рус. мове, 1981; дыплом імя Ф.​Скарыны на Рэсп. і дыплом 2-й ступені на Усесаюзным конкурсах кнігі, абодва 1982), «Асеннія гнёзды» С.​Грахоўскага і «Антоній і Клеапатра» У.​Шэкспіра (абедзве 1982) і інш.

Ю.Зайцаў. Спакуса 1995.

т. 6, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІАГАНСО́Н (Барыс Уладзіміравіч) (25.7.1893, Масква — 25.2.1973),

рускі жывапісец. Нар. мастак СССР (1943). Правадз. чл. АМ СССР (1947), у 1958—62 яе прэзідэнт. Вучыўся ў Маск. вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1912—18) у М.А.Касаткіна, К.А.Каровіна, С.В.Малюціна. Чл. Асацыяцыі мастакоў рэв. Расіі (1922—31). Выкладаў у Ленінградскім ін-це жывапісу, скульптуры і архітэктуры (1937—61, праф. з 1939), Маск. маст. ін-це (з 1964). З 1962 гал. рэдактар энцыклапедыі «Мастацтва краін і народаў свету». Творчасці ўласцівы зварот да гіст. і сац. тэматыкі: «Рабфак ідзе» («Вузаўцы», 1928), «Допыт камуністаў» (1933), «На старым уральскім заводзе» («Урал дзямідаўскі», 1937; Дзярж. прэмія СССР 1941), «Выступленне У.​І.​Леніна на 3-м з’ездзе камсамола» (1950, у сааўт.; Дзярж. прэмія СССР 1951). Працаваў у жанры партрэта і кніжнай ілюстрацыі («Партрэт жонкі», 1955).

Літ.:

Сопоцинский О.И. Б.​В.​Иогансон. М., 1973.

Б.Іагансон. Партрэт жонкі. 1955.

т. 7, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

скульпту́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да скульптуры (у 2 знач.); які з’яўляецца скульптурай. Скульптурны партрэт. □ Гэта не сквер, а сапраўдны парк з цяністымі алеямі, кветнікамі, скульптурнымі ўпрыгожаннямі, лавачкамі. Хадкевіч. // Які служыць для скульптурных работ. Скульптурны матэрыял.

2. перан. Які добра перадаецца ў скульптуры; рэльефны. Скульптурнае цела.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

getréu a

1) надзе́йны, ве́рны

2) дакла́дны;

ein ~es Ábbild дакла́дны партрэ́т, дакла́днае ўзнаўле́нне; гл. getreulich

Нямецка-беларускі слоўнік (М. Кур'янка, 2006, правапіс да 2008 г.) 

БУБНО́ЎСКІ (Вацлаў Аляксандравіч) (15.8.1865, в. Дубянец каля Полацка — 26.5.1945),

бел. скульптар і кераміст. Скончыў Маскоўскае вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства, вучыўся ў Кракаўскай АМ (1888—97) у І.​Яблонскага і А.​Даўна, у Парыжы ў Алжэбера. Працаваў у жанры партрэта («Жаночы партрэт», «Жаночая галава» і інш.). Яго скульптура «Хлопчык, які іграе на пішчалі» (1890—91), адзначана залатым медалём. Ствараў пластыку дробных формаў: статуэткі, дэкар. кампазіцыі і вазы ў стылі мадэрн («Купальшчыца», «Прыгажуня і купідон» і інш.), дзе выкарыстоўваў уласны спосаб пацініравання керамічных вырабаў. Многія яго творы, навеяныя сімвалічнымі, фантаст. і казачнымі матывамі, вызначаюцца манернымі вычварнымі формамі, асіметрыяй, экспрэсіўнасцю рытмаў, мудрагелістасцю арнаменту. Дробная пластыка Бубноўскага — першыя ўзоры керамічных вырабаў, прызначаных для аздаблення сядзіб і палацаў; карысталася попытам за межамі Беларусі: у Варшаве, Берліне, Лондане.

Літ.:

Елатомцева И.М. Очерки по истории белорусской советской станковой скульптуры. Мн., 1974.

А.​К.​Лявонава.

В.Бубноўскі. Жаночы партрэт. 1910.

т. 3, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНТО́РМА [Pontormo; сапр. Каручы (Carucci) Якопа; 25.5.1494, Панторме, каля г. Эмпалі, Італія — пахаваны 2.1.1557],

італьянскі жывапісец; прадстаўнік фларэнційскай школы жывапісу. Вучыўся ў М.​Альберцінелі і П’ера ды Казіма (1507—12). Зазнаў уплывы Андрэа дэль Сарта, Мікеланджэла і А.​Дзюрэра. Раннія работы створаны ў духу Высокага Адраджэння (фрэска «Сустрэча Марыі з Елізаветай» у царкве Сантысіма-Анунцыята ў Фларэнцыі, 1515), з 1520-х г. працаваў у рэчышчы маньерызму. Творы вызначаюцца высокім кампазіцыйным майстэрствам (алегарычныя фрэскі на віле Медычы ў Поджа-а-Каяна, 1520), унутр. напружанасцю і светлавой насычанасцю каларыту (цыкл фрэсак у Чэртозе ды Валь д’Эма, 1522—24; партрэт юнака, каля 1525—26; «Палажэнне ў труну» ў капэле Капоні царквы Санта-Фелічыта ў Фларэнцыі, 1526—28; партрэт жанчыны, каля 1543—45). Эскізам і графічным работам уласцівы выразнасць контуру, гнуткасць і рухавасць ліній («Тры грацыі», каля 1535—36, і інш.).

Панторма. Палажэнне ў труну. 1526—28.

т. 12, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ЗЕНТАЛ, Розенталс (Rozentāls) Яніс (18.3.1866, хутар Бебры, цяпер Салдускі р-н, Латвія — 26.12.1916), латышскі жывапісец. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1888—94) у У.​Макоўскага. У 1901—15 працаваў у Латвіі, у 1906—13 выкладаў у Рыжскай гар. маст. школе. У творах, блізкіх да работ позніх перасоўнікаў, спалучэнне праўдзівасці адлюстравання працы і побыту лат. народа і жывапіснай прыгажосці натуры: «Пасля абедні» (1894), «З могілак» (1895), «Песня пастушкі» (1898), «Даліна ракі Персе», «Сакавіцкае сонейка» (абедзве 1902), «З працы» (1903), «Вясна ў Курземе» (1907) і інш. Рысы сімвалізму, экспрэсіўнасць колеру і мазка ўласцівы творам на тэмы нар. лат. фальклору, скандынаўскіх саг, біблейскіх сюжэтаў («Сага», «Спакуса» «Чэрці», «Лодка смерці», «Прарок», «Кашмар», «Чорная змяя муку малола»). Стварыў шэраг партрэтаў сваіх сучаснікаў («П.​Федэр», «Дама ў белым», «Партрэт М.С.», абодва 1902; «М.​Вігнер-Грынберг», 1916), аўтапартрэт (1900).

Л.​Ф.​Салавей.

Я.Розентал. Партрэт спявачкі М Вігнер-Грынберг. 1916.

т. 13, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

уда́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які адпавядае неабходным патрабаванням; добры, удалы. Удачны партрэт. □ Кожнай гаспадыні хочацца, каб хлеб, асабліва калі ён са свежага каласка, быў вельмі ўдачны. Арочка.

2. Які паспяхова завяршаецца, які суправаджаецца ўдачай. Удачная паездка. □ Пад кіраўніцтвам [Канстанцінава] патрыёты правялі шмат удачных засад, і слава пра канстанцінаўцаў пракацілася па раёну. Дзенісевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

КАНЧАЛО́ЎСКІ (Пётр Пятровіч) (21.2.1876, г. Славянск Данецкай вобл., Украіна — 2.2.1956),

расійскі жывапісец. Нар. мастак Расіі (1946), правадз. чл. АМ СССР (1947). Адзін з заснавальнікаў аб’яднання «Бубновы валет». Вучыўся ў акадэміі Жуліяна ў Парыжы (1897—98), скончыў Пецярбургскую АМ (1907). Выкладаў у Вольных маст. майстэрнях (1918—21) і ў Вышэйшым маст.-тэхн. ін-це (1926—29) у Маскве. У ранніх творах зазнаў уплывы фавізму, імкнуўся спалучыць канструктыўнасць колеру П.​Сезана са стыхійнай святочнасцю фарбаў, уласцівай рус. нар. мастацтву, фармальныя пошукі — з аптымістычным успрыняццем свету (партрэт Г.​Б.​Якулава, 1910; «Сухія фарбы», 1912; «Агава», 1916, і інш.). Пасля 1917 працаваў у больш рэаліст. манеры: нацюрморты («Лісце тытуню», 1929; «Бэз», 1933; «Хлеб, вэнджаніна і віно», 1948), партрэты (У.​Э.​Меерхольда і С.​С.​Пракоф’ева, абодва 1938; аўтапартрэт, 1943), пейзажы («Наўгародская серыя», 1920-я г.), жанравыя карціны («Вяртанне з кірмашу», 1926; «Палацёр», 1946). Працаваў у графіцы, рабіў тэатр. дэкарацыі. Дзярж. прэмія СССР 1943.

П.Канчалоўскі. Аўтапартрэт. 1943.
П.Канчалоўскі. Партрэт У.​Э.​Меерхольда. 1938.

т. 8, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)