МО́ЎЧАН Міхаіл Аляксеевіч, (н. 7.4.1925, в. Купіск Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл.), бел. мастак. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1962). Выкладаў у Мінскім пед. ін-це (1962—74). Працуе ў станковай графіцы і жывапісе. Сярод твораў графічныя серыі «На варце міру» (1964), «Трактаразаводцы» (1967), лісты «Святлана» (1969), «Партрэт жонкі» (1975) і інш. Аўтар партрэтаў В.Тарасава, С.Картэса, Н.Гайды, М.Яроменкі (усе 1983), З.Бабія, Т.Шымко, Л.Крывёнак (усе 1984), С.Грахоўскага, М.Танка, Р.Янкоўскага (усе 1985), Т.Шаметавец (1986), С.Станюты, В.Быкава (абодва 1987), Н.Гілевіча (1988), І.Чыгрынава (1989) і інш. Творам уласцівы выяўл. дакладнасць, сакавітасць колераў, кампазіцыйная завершанасць. Выканаў дэкар. пано «Беларусь» для сусв. выстаўкі «ЭКСПО-67» у Манрэалі (1967).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗАЛЁЎ (Аляксандр Пятровіч) (6.3.1910, г. Рудня Смаленскай вобл., Расія — 1.7.1970),
бел. жывапісец і графік, педагог. Скончыў Ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна ў Ленінградзе (1938). Выкладаў у Віцебскім (1939—41) і Мінскім (1948—52) маст. вучылішчах, Бел.тэатр.-маст. ін-це (1956—70). Працаваў у гіст., быт., батальным жанрах, партрэце, пейзажы. Творам уласцівы выразная пластыка форм, багаты каларыт, рэаліст. трактоўка вобразаў. Сярод твораў: «Гродна. 1939» (1940), «Лагойскі тракт» (1945), «Восень» (1946), «Вясна», «Старая вёска» (абодва 1947), «Сенеж-возера. Вясна» (1957), «Ускраіна Мінска» (1959), «На канікулах» (1966), «Наташа» (1967) і інш. Дасканаласцю малюнка вызначаюцца графічныя работы «Салдат» (1952), «У партызанскім штабе Бацькі Міная» (1953), «Атака» (1960), «Акупанты» (1967) і інш.
расійская актрыса. Засл. арт. Расіі (1983). Нар.арт. Расіі (1994). Скончыла драм. студыю пры Цэнтр. дзіцячым т-ры (1970), Ін-ттэатр. мастацтва ў Маскве (1983). З 1971 у Цэнтр. дзіцячым т-ры, з 1977 у т-ры імя Массавета, з 1993 у Малым т-ры. Стварае яркія вобразы, адметныя драматызмам і музыкальнасцю: Гурмыжская, Купавіна («Лес», «Ваўкі і авечкі» А.Астроўскага), Ранеўская, Аркадзіна («Вішнёвы сад», «Чайка» А.Чэхава) і інш. З 1974 здымаецца ў кіно. Сярод фільмаў: «Чыста англійскае забойства» (тэлефільм, 1974), «Масква слязам не верыць» (1980; Дзярж. прэмія СССР 1981), «Карнавал» (1982), «Самая абаяльная і прывабная» (1985), «Гэта жанчына ў акне» (1992), «Першае каханне» (1994), «Каханне злое» (1998), «З новым шчасцем...» (тэлефільм, 1999) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯДЗВЕ́ДЗЕЎ (Іван Васілевіч) (28.2.1913, г. Сатка Чэлябінскай вобл., Расія — 26.1.1998),
бел. мастак. Скончыў Ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна (1946). З 1947 працаваў у Вільнюсе, у 1951—54 выкладаў у Вільнюскім дзярж.маст. ін-це. З 1958 у Мінску, з 1959 гал. мастак горада, у 1967—69 рэдактар Мін-ва культуры Беларусі. Працаваў у афармленчым і тэатр.-дэкар. мастацтве, станковай графіцы, плакаце, арх. праектаванні. Аўтар шэрагу эскізаў святочнага маст. афармлення Мінска (1960—67), афармлення павільёна ВДНГСССР у Маскве (1967), дзён культуры Беларусі ва Ульянаўску (1969) і інш. Стварыў серыі акварэльных і пастэльных пейзажаў «Па роднай краіне» (1936—81), «Самарканд» (1942—43), «Ленінград» (1945—46), «Вільнюс» (1947—58), «Мінск» (1958—83), партрэтаў бел. архітэктараў (1982—84) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯШКО́Ў (Васіль Васілевіч) (7.4.1893, Масква — 6.8.1963),
расійскі жывапісец, тэатр. мастак. Сын В.М.Мяшкова. Засл. дз. маст. Расіі (1944). Нар. мастак Расіі (1963). Правадз. член АМСССР (1958). Вучыўся ў бацькі і ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1909—17). Член Асацыяцыі мастакоў рэв. Расіі (з 1922). Выкладаў у Дзярж. вольных маст. майстэрнях у Разані (1919—21). Афармляў спектаклі Разанскага драм.т-ра (1919—21), Новасібірскага опернага т-ра (1926—29). Працаваў пераважна ў жанры пейзажа. Сярод твораў: «На заводзе «Серп і молат» (1923), «Шэры дзень» (1927), «Роздум» (1939) і інш. У манум. эпічных палотнах «Сказанне пра Урал» (1949), «Кама», «Прасторы Камы» (абодва 1950), «Восень у Карэліі» (1951) і інш. перадаў велічны вобраз прыроды рас. Поўначы і Урала. Дзярж. прэмія СССР 1951.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЗА́РАНКА (Алег Мікалаевіч) (н. 10.7.1961, Мінск),
бел. графік. Сын М.П.Назаранкі, брат П.М.Назаранкі. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1986). З 1993 выкладае ў Бел.АМ. Працуе пераважна ў тэхніках малюнка, афорта, літаграфіі. У творах адлюстроўвае гіст. тэматыку (серыі «Зямля пад белымі крыламі» паводле кнігі У.Караткевіча, 1986; «Пейзажы паэзіі самоты», прысвечаная М.Багдановічу, 1993), праблемы экалогіі (серыя «Сон даўжынёй у стагоддзі», 1994), праблемы сучаснасці: «Усёвідушчая», «Дыялог», «Прастора», «Год 2000» (усе 1993); «Дакрананне», «Дзяўчына і птушка» (абодва 1994); «Каін і Авель» (1995); «Пакаянне» (1996); трыпціх «Coda» (1996—97). Працуе ў станковым жывапісе: карціны «Святочны дзень» (1993), «Ева», «Сон» (абедзве 1995), «Маленне I», «Маленне II» (абедзве 1997), «Аголеная» (1998) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РКІН (Пётр Аляксандравіч) (25.7.1903, г. Саратаў, Расія — 16.8.1958),
расійскі і бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1955). Скончыў Вышэйшыя майстэрні тэатр. мастацтва (Саратаў, 1924). З 1925 акцёр і рэжысёр т-раў Расіі. З 1949 у Брэсцкім абл.драм. т-ры. Акцёр шырокага дыяпазону. Спалучаў эмацыянальнасць і глыбокі псіхалагізм з мяккім лірызмам, камедыйнасцю і яркай пластычнай выразнасцю. Ролі ў Брэсцкім т-ры: Ермашоў («Брэсцкая крэпасць» К.Губарэвіча), Калібераў («Выбачайце, калі ласка!» А.Макаёнка), Каспар («Салаўі пяюць на волі» паводле З.Бядулі), Круціцкі («Не было ні гроша, ды раптам шастак» А.Астроўскага), Дорн («Чайка» А.Чэхава), Бяссеменаў («Мяшчане» М.Горкага), Гарнастаеў («Любоў Яравая» К.Транёва) і інш. Паставіў спектаклі: «Зыкавы» М.Горкага, «Навальніца» Астроўскага (абодва 1952), «Блудны сын» Э.Ранета (1958) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МАСКВА́»,
кінатэатр у Мінску. Пабудаваны ў 1980 (арх. В.Крамарэнка, У.Шчарбіна, М.Вінаградаў), уваходзіць у склад адм.-культ. і гандл. комплексу на Машэрава праспекце. Будынак вырашаны кампактным сім. аб’ёмам. У кампазіцыі гал. фасада дамінуе тарцовая ч.вял. глядзельнай залы (да 1000 месцаў, сістэма аб’ёмнага гучання «Dolby»), якая кансольна навісае над суцэльна зашклёнымі фае і вестыбюлем. Пластыку фасада ўзбагачаюць аддзелачныя матэрыялы (белы мармур, чырвоны граніт, светлы туф, анадзіраваны алюміній) і ўстаўкі з медзі. Процілеглы дваровы фасад сфарміраваны лаканічным па архітэктуры аб’ёмам малой залы (на 260 месцаў, дзе працуе Тэатр-студыя кінаакцёра), фае якой упрыгожана вітражом (мастакі Г. і М.Вашчанкі). Вакол вял. глядзельнай залы размешчаны фае — выставачная зала, лекцыйная зала і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МДЫВА́НІ (Таццяна Герасімаўна) (н. 20.9.1947, г. Полацк Віцебскай вобл.),
бел. музыказнавец, педагог. Канд. мастацтвазнаўства (1983). Скончыла Бел. кансерваторыю (1972, клас Г.Куляшовай). З 1967 выкладала ў Маладзечанскім муз. вучылішчы, з 1972 — у Бел. кансерваторыі. З 1989 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац.АН Беларусі. Даследуе праблемы сучаснай бел. і зах.-еўрап. музыкі. Выступае як муз. крытык. Дзярж. прэмія Беларусі 1998.
Тв.:
К. Пендерецкий. «Заутреня»: Вопр. композиции // Laudamus. М., 1992;
Музычны тэатр Беларусі. [Кн. 2—3]. Мн., 1993—96 (у сааўт.);
Э.Денисов. «Пять историй господина Кейнера по Бертольду Брехту»: Вопр. композиции // Теоретические проблемы современной музыки. Мн., 1992;
Кампазітары Беларусі. Мн., 1997 (разам з Р.І.Сергіенка);
Музычны слоўнік беларуска-рускі = Музыкальный словарь русско-белорусский. Мн., 1999 (у сааўт).
польскі танцоўшчык, балетмайстар, тэатр. дзеяч. Творчую дзейнасць пачаў у Парыжы. Працаваў у Польшчы і на Беларусі. У 1818—25 першы танцоўшчык, у 1826—43 балетмайстар і дырэктар «Тэатра Нарадовага»; адначасова з 1832 кіраўнік балетнай школы ў Варшаве (у 1833—34 стажыраваўся ў Парыжскай оперы). У 1837 падрыхтаваў балетную трупу, у рабоце з якой карыстаўся навейшымі метадамі навучання. У большасці пастановак выконваў гал. партыі. У 1843 стварыў уласную балетную трупу, гастраліраваў з ёю ў розных гарадах, у т. л. ў Вільні, Магілёве, Мінску. Стваральнік і кіраўнік Віцебскага балета Піёна. Ставіў балеты на музыку кампазітараў Ю.Дамсе, К.Курпінскага, Ю.Эльснера. У 1852—56 дырэктар т-ра ў Кіеве, з 1868 выкладчык балетнай школы ў Варшаве.