развярну́цца, ‑вярнуся, ‑вернешся, ‑вернецца; зак.
1. Разваліцца, разбурыцца. Печ развярнулася ад выбуху.
2. Павярнуцца, каб змяніць становішча або напрамак свайго руху. Жывіца зухавата развярнуўся. Паслядовіч. Машына дала задні ход, развярнулася і пайшла ў глыбіню лесу. Пальчэўскі.
3. Спец. Размясціцца ў шырыню па лініі фронту, прыняць баявы парадак. // Перафарміравацца ў буйнейшую баявую адзінку.
4. Прыняць пэўны парадак. Журавы развярнуліся ў клін. Брыль.
5. Разм. Павярнуцца, адвёўшы руку ўбок. Дзядзька Цімох развярнуўся ды як даў Лявону поўху — той ледзьве з ног не зваліўся. Дубоўка. // чым, з чым (звычайна з адмоўем, словамі «як», «толькі» і інш.). Пра наяўнасць прасторы для пэўных рухаў (пры рабоце). Там з касою не развярнуцца. □ Вялікая печ, ложак паўз сцяну, стол і канапа. Яны займалі ледзь не ўсю хату, пакідаючы праход у другую палавіну і месца, як развярнуцца вілачнікам. Кудравец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
раздзялі́цца, ‑дзялюся, ‑дзелішся, ‑дзеліцца; зак.
1. Распасціся на часткі; падзяліцца. Калі ж Марыя зусім блізка нагнулася над гняздзечкам, пуховы мячык раздзяліўся на пяць жывых істот. Кулакоўскі. Настаўнікі раздзяліліся на дзве групы. На чале адной стаяў Садовіч, другую павёў Лабановіч. Колас. // Даць два або некалькі адгалінаванняў, разгалінавацца. Неўзабаве, за крутым паваротам, Быстранка раздзялілася на два рукавы. Брыль.
2. Размеркавацца паміж кім‑, чым‑н. Функцыі раздзяліліся. Абавязкі раздзяліліся.
3. перан. Разысціся ў чым‑н., выявіць розніцу, не супасці. Камандзір прапанаваў усё ж ісці нацянькі ў Шчотаўку. Думкі раздзяліліся. Федасеенка.
4. Падзяліць паміж сабой маёмасць, гаспадарку; адасобіцца адзін ад другога. Кавалёва больш не слухала Фёклу. Перад ёй сядзеў Іван Лазоўскі і пераконваў, што з дачкою Лідай жыць не можа, раздзяліліся, а адшчапіцца няма куды. Дуброўскі.
5. У матэматыцы — не даць астачы пры дзяленні; падзяліцца. Шэсць раздзеліцца на тры.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рассе́яцца, ‑сеецца; зак.
1. Сеючыся, падаючы, рассыпацца ў розныя бакі, папасці ў розныя месцы. І бур’ян парос. Як хутка ён рассяліўся, рассеяўся па ўсім двары, па ўсёй вёсцы... Сачанка. Што гэта? [Лебядзіны] пух рассеяўся па зямлі? Бядуля.
2. Стаць рассеяным (у 3 знач.). Пучок святла рассеяўся.
3. Разысціся, разбегчыся ў розныя месцы, у розныя бакі. Пасля немцы зніклі, яны рассеяліся за дрэвамі, кустамі і сценамі і адтуль стралялі. Чорны. Натоўп на вуліцы паволі рассеяўся. Брыль. // Паступова радзеючы, знікнуць, разысціся (пра туман, дым і пад.). Туман, які нядаўна ахінаў вяршаліны бяроз на тым баку вуліцы, нечакана рассеяўся. Алешка. Калі дым рассеяўся, варожай пяхоты ў ляску ўжо не відно было. Кулакоўскі. // перан. Прайсці, знікнуць (пра якое‑н. пачуццё). І не сплюшчыць мне воч, І трывога мая не рассеецца: Хіба жарты — усю ноч салаўі за аселіцай! Гілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рубе́ж, рубяжа, м.
1. Граніца паміж чым‑н., мяжа чаго‑н. Станьце ж вы, хмаркі, над рубяжамі Нашых палеткаў, шнуроў. Колас. Вакол вёскі акопы, дзоты, драты. Ад усходу, звыш гэтага — вадзяны рубеж — спакойная, але глыбокая рэчка Вуша. Брыль. // перан. Грань, якая аддзяляе што‑н. адно ад другога. Той памятны вечар з’явіўся як бы нейкім рубяжом у жыцці Наташы. Краўчанка. На рубяжы лета і восені кароткая яшчэ ноч. Каваль. // перан. Вышэйшая, крайняя ступень чаго‑н.; мяжа. На загрузку самазвала патрабавалася паўмінуты. Гэта добра і многія лічылі гэта рубяжом. Лукша.
2. Дзяржаўная граніца. Савецкія Узброеныя Сілы зорка ахоўваюць свяшчэнныя рубяжы нашай Радзімы, стваральную працу будаўнікоў камунізма. «Звязда».
3. У вайсковай справе — лінія абаронных збудаванняў. Абаронны рубеж. □ Да вечара было адваявана паўгорада, уступлены рубеж быў вернуты, падпалкоўнік паспакайнеў. Мележ. // Лінія размяшчэння агнявых кропак. Агнявы рубеж.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сірата́, ‑ы́, ДМ ‑раце́; мн. сіро́ты (з ліч. 2, 3, 4 сіраты́), ‑ро́т; м. і ж.
Дзіця або падлетак, які застаўся без аднаго або без абодвух бацькоў. [Вучні:] — Сірата ён [Пеця]. Няма ні бацькі, ні маткі. Ракітны. [Казік] застаўся сіратою ад чатырох год. Чарнышэвіч. [Хлопцы:] — Ён Зосін, а прозвішча іхняе Малец. У яго толькі маці, ён сірата. Брыль. Рос я круглым сіратою. Колас. Сямі гадоў асталася Настулька круглаю сіратою. Цётка. // Чалавек без родных, блізкіх; адзінокі чалавек. [Юзік:] — Жанчыны нашы сіротамі застануцца. Хто цяпер цябе тут заменіць? Крапіва. Крыху адышоўшыся, ціха [стары Казімір] дадаў: — Але не забудзь і таго, што ты мой сапраўдны сын і што без цябе я застануся сіратою... Пестрак. / у паэт. ужыв. Спее адзінокі Колас сіратой. Колас.
•••
Казанская сірата — пра чалавека, які прыкідваецца няшчасным, каб разжаліць каго‑н. [Мікола:] — Яму [Васілю] далягляды адкрываюць, а ён прыкідваецца казанскай сіратой. Васілёнак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спра́ўдзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., што.
1. Ажыццявіць, здзейсніць; выканаць. Помсціць кляўся родны брат І ўсе таварышы яго. І спраўдзяць. Будзе ведаць свет Аб справе слаўных змагароў. Броўка. Валя арганізавала школу, каб толькі спраўдзіць мару. Лужанін. Хадоська выняла з хусткі гасціпчык, дала кожнаму па сушанай грушцы, спраўдзіла матчыну волю — паклала на стол нізку грыбоў. Мележ.
2. Апраўдаць што‑н. (звычайна пра надзеі і пад.). Нічога не кажучы хлопцу аб тым, што ён не спраўдзіў спадзяванняў, майстар пачаў тлумачыць, што трэба рабіць. Шахавец. «Няўжо дачка мяне пакіне?.. Не спраўдзіць бацькавых надзей?..» Аўрамчык.
3. Упэўніцца ў чым‑н., праверыць што‑н. Іван Сымонавіч спраўдзіў: на палях кнігі ажно вунь колькі разоў паўтараецца Міхасёва прозвішча. Брыль.
4. Разм. Правільна прадказаць што‑н. — Глядзіце, хоць раз спраўдзіў наш сіноптык, — сказаў камандзір палка Пішчыкаў, узіраючыся ў акно. Алешка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
судзі́цца, суджуся, судзішся, судзіцца; незак.
1. Звяртацца ў суд, мець справу з судом. Пятрусь хадовы чалавек, судзіцца ўмее. Брыль. // Весці судовую цяжбу з кім‑н. Не бярэ ніхто да сэрца, Што ні зробяць прастачкі; З імі біцца Ці судзіцца Не заведзена ў народзе. Жычка. Казалі, што неяк сорам судзіцца за дзесяць снапоў аўса. Крапіва. Нечым халодным, як асенняя шэрань, абдало тады Яніну ад гэтай размовы. Яна ўявіла сабе, як сорамна будзе ёй судзіцца з беднымі людзьмі. Кірэенка. Сам .. [Рыгор] пацішэў крыху. Раней жа праз увесь век свой усё судзіўся то з гэтым, то з тым. Чорны.
2. Быць пад судом, мець судзімасць.
3. таксама зак. Прадвызначыцца, пашанцаваць. [Мушка-зелянушка:] — «Ой, чаму ж ды не судзілася мне долі, — Што мяне і не сваталі ніколі?» Багдановіч.
4. Зал. да судзіць (у 2, 3 і 4 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сусе́д, ‑а, М ‑дзе; мн. суседзі, ‑яў; м.
1. Чалавек, які жыве паблізу каго‑н. або побач з кім‑н. Потым Алік бліжэй «пазнаёміўся» з Леўкіным — яны сталі суседзямі, атрымаўшы сумежныя пакоі ў адной кватэры. Дадзіёмаў. Дзяцей з двара нікуды не выпускалі — каб яшчэ не надумаліся па суседзях хваліцца: «А наш татка дадому вярнуўся!» Васілевіч.
2. Той, хто займае месца, бліжэйшае да каго‑н. Фёдар Каваль сядзеў і ўсё паглядаў у акно, аж пакуль не прачнуліся суседзі па купэ. Хомчанка. Міхасёвым суседам справа, каля машыны № 7, стаіць Толя Касёнак. Брыль. Разам з .. [Толем] ішоў Міхась Прахарэвіч — яго лагерны дружбак і сусед па палаце. Якімовіч.
3. Дзяржава, мясцовасць, якія мяжуюцца з іншай дзяржавай, мясцовасцю, а таксама насельніцтва іх. Мае браты, мае суседзі, свабодны, новы польскі люд! Няхай жа песняй звонкай медзі красуе наша дружба тут! Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сяго́ння і сёння, прысл.
1. У гэты дзень. [Крушынскі] сягоння яшчэ нічога не еў. Бядуля. Імяніннік аграном сягоння. Споўнілася трыццаць год яму. Смагаровіч. Некалькі дзён быў дождж, а сёння свеціць сонца. Брыль. // У сучасны момант, цяпер. Ні лапікаў, ні межаў... і сягоння я даў бы назву новую Смаргоні. А. Вольскі. Не пазнаць зямлі сягоння! Колас. Некалі правінцыяльна-мяшчанскі гарадок [Мінск], сёння адзін з прыгажэйшых гарадоў нашага вялікага Савецкага Саюза. Хведаровіч.
2. у знач. наз. сяго́ння і сёння, нескл., н. Цяперашні дзень. Білеты на сёння прададзены. □ Да сягоння жыве памяць Аб злым гэтым дусе На ўсёй чыста Украіне І на Беларусі. Купала. // Тое, што існуе, маецца цяпер; сучаснае. Наша сягоння. □ Узнімаліся тосты за гаспадароў, .. за наша шчаслівае сёння і светлае заўтра. Корбан.
•••
Не сягоння, дык заўтра; не сягоння — заўтра — вельмі хутка, у бліжэйшы час.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
та́ктыка, ‑і, ДМ ‑тыцы, ж.
1. Майстэрства падрыхтоўкі і вядзення бою; спосабы і прыёмы вядзення бою. Тактыка марскога бою. Тактыка актыўнай абароны. □ Мы рассыпаліся па ўсіх правілах хто франтавой, хто партызанскай тактыкі і пайшлі акружаць тое месца. Брыль. Усе дні блакады атрад Баразны трымаўся адной тактыкі: хадзіў следам за ворагам. Васілеўская. // Навука аб тэорыі і практыцы вядзення бою. Курс тактыкі.
2. Сродкі і прыёмы грамадскай і палітычнай барацьбы. Камітэт .. змяніў тактыку — загадаў гурткам рабіць сходы ў адзін дзень па ўсім павеце. Пестрак.
3. перан. Прыёмы і сродкі дасягнення якой‑н. мэты; спосаб дзеяння, лінія паводзін каго‑н. Мая Любаміраўна, убачыўшы, што .. [муж] пачынае гневацца не на жарт, адразу змяніла тактыку: ласкава абняла, пацалавала. Шамякін. Маладзіца, каб не сказаць чаго лішняга, раптам мяняе тактыку. — Такому старому, як вы [дзед Талаш], не варта глядзець на мае вочы. Колас.
[Грэч. taktike.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)