КСЕРАТЫЗА́ЦЫЯ (франц. xérotisation ад грэч. xēros сухі),
паступовае памяншэнне ступені ўвільгатнення глебы і агульнае нарастанне сухасці ў экасістэмах, ландшафтах і інш. Прычыны — уздзеянне чалавека на глебавае покрыва (абязлесенне тэрыторый, адпампоўванне падземных вод для прамысл. мэт, знішчэнне расліннасці, утварэнне рухомых пяскоў на пашах і інш.). Прычынамі К. сушы могуць быць і прыродныя з’явы, напр., агульнае падняцце раўнінных і інш. участкаў паверхні Зямлі, змена напрамку руху паветраных патокаў (антыцыклонаў, цыклонаў, мусонаў), цыклічныя Змены клімату, абумоўленыя сонечнай актыўнасцю. К. вядзе да змяншэння біял. прадуктыўнасці экасістэм, астэпавання і апустыньвання тэрыторый, перавагі ў фітацэнозах ксерафітаў і інш.Напр., пл. Сахары павялічваецца штогод на 100 тыс.га. Працэсы К. абарачальныя пры ажыццяўленні прыродаахоўных мерапрыемстваў: полеахоўнага лесаразвядзення, павышэння ўрадлівасці глебы, падтрымання воднага балансу ў глебах, арашэння і абваднення, глебаахоўнай агратэхнікі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРАСІ́О, Японскае цячэнне,
цёплае паверхневае цячэнне Ціхага ак., каля паўд. і ўсх. берагоў Японіі, працяг Паўн. Пасатнага цячэння. Паўд.ч.шыр. каля 170 км, глыб. пранікнення да 700 м. Т-ра вады на паверхні ад 12 да 28 °C. Скорасць ад 0,9 да 2,9 км/гадз. Перанос вады каля Японіі 40—50 млн.м³/с, на Пд да 20—30 млн.м³/с. Утварае ў паўн.ч. Ціхага ак. сістэму цёплых цячэнняў. Каля 36°паўн. ш. і 150°усх. д. пераходзіць у Паўночна-Ціхаакіянскае цячэнне. Галіны К. пранікаюць у паўн. напрамку (вышэй за 40°паўн. ш.), сустракаюцца з халодным Курыльскім цячэннем і ўтвараюць шматлікія кругавароты. На У яго працягам з’яўляецца цёплае Аляскінскае цячэнне. Аказвае вялікі ўплыў на клімат, гідралагічныя і біял. ўмовы паўн.ч. Ціхага ак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ЕЎСКАЕ ГЕАЛАГІ́ЧНАЕ АГАЛЕ́ННЕ,
помнік прыроды рэсп. значэння (з 1963). У парку г.п. Лоеў Гомельскай вобл., на правым беразе р. Дняпро, за 300 м ніжэй ад вусця р. Сож. Уключае адклады муравінскага міжледавікоўя і папярэдняга позналедавікоўя — лоеўскага міжстадыяла. Магутнасць азёрна-старычных адкладаў (торф, суглінкі, супескі) да 5,3 м, залягаюць яны ў паніжэнні паверхні дняпроўскай марэны і перакрываюцца супескамі і суглінкамі паазерскага часу. Па пылку, спорах, пладах, насенні, насякомых вызначана 111 відаў дрэў, хмызнякоў, травяністых раслін (бяроза, елка сібірская, ляшчына, бразенія, альдраванда, кальдэзія, чарот і інш.), 6 відаў жукоў, якія далі магчымасць высветліць паслядоўнасць змен клімату і расліннасці міжледавікоўя. Л.г.а. з’яўляецца апорным разрэзам антрапагенных адкладаў на Беларусі (на іх вывучаны лоеўскі міжстадыял у позналедавіковых адкладах дняпроўскага зледзянення) і эталонам у стратыграфіі антрапагенных адкладаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУКІ́РСКІ (Пётр Іванавіч) (13.12.1894, г. Арэнбург, Расія — 16.11.1954),
расійскі фізік-эксперыментатар, адзін з стваральнікаў эмісійнай электронікі. Акад.АНСССР (1946, чл.-кар. 1933). Скончыў Петраградскі ун-т (1916). З 1918 у Ленінградскім фіз.-тэхн. ін-це і адначасова з 1943 у Радыевым ін-це АНСССР, праф. Ленінградскага ун-та (з 1928) і політэхн. ін-та (з 1945). Навук. працы па фіз. электроніцы, фізіцы рэнтгенаўскіх прамянёў, ядз. фізіцы. Аўтар шэрагу эксперым. метадаў даследавання (метад сферычнага кандэнсатара, іанізацыйны метад вызначэння кантактавых патэнцыялаў і інш.). Эксперыментальна пацвердзіў ураўненне Эйнштэйна для фотаэфекту і ўдакладніў значэнне пастаяннай Планка (1926). Выканаў грунтоўныя даследаванні электроннай эмісіі з паверхні тонкіх метал. плёнак, што прывяло да стварэння спец. фотакатодаў (1937).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУЧЫ́ЗМ, прамянізм,
кірунак у рус. авангардным жывапісе пач. 20 ст. Узнік у 1909 пасля экспазіцыі на выстаўцы Маскоўскага т-ва свабоднай эстэтыкі карціны М.Ларыёнава «Шкло». У 1910—14 да метаду Л. далучыліся Д.Бурлюк, У.Бурлюк, Н.Ганчарова, К.Зданевіч і інш. Сутнасць Л. выкладзена ў 1911 у аднайм. маніфесце Ларыёнава (апубл. ў 1913). Мастакі ставілі за мэту вывесці карціну па-за прастору і час у «чацвёртае вымярэнне» і сцерці межы паміж карціннай плоскасцю і натурай. У творах лучыстаў выяўляўся не сам прадмет, а адбітыя ад яго паверхні светлавыя промні, якія ўмоўна перадаваліся на плоскасці карціны каляровымі лініямі. Іх танальнасць і інтэнсіўнасць павінны былі надаваць сэнс новым формам.
Літ.:
Ларионов М. Лучизм. М., 1913;
Неизвестный русский авангард в музеях и частных собраниях. М., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮМІНЕСЦЭ́НТНАЯ ЛЯ́МПА.
газаразрадная крыніца святла нізкага ціску, светлавы паток якой выклікаецца свячэннем люмінафораў пад уздзеяннем ультрафіялетавага выпрамянення эл. разраду.
Найб. пашыраны ртутныя Л.л., якія маюць дазіраваныя колькасці ртуці (выпараецца пры запальванні разраду) і інертнага газу (напр., аргону; спрыяе ўзбуджэнню атамаў ртуці). Робяцца ў выглядзе шкляной колбы, у тарцах якой герметычна ўманціраваны электроды. Пры падключэнні пераменнага току паміж электродамі ўзнікае эл. разрад, які ўзбуджае свячэнне атамаў ртуці. Л.л. адрозніваюцца высокай светлавой аддачай (да 85 мл/Вт), вял. тэрмінам службы (да 104гадз). Магутнасць 4—200 Вт. Выкарыстоўваюцца для асвятлення грамадскіх і жылых памяшканняў, прамысл. прадпрыемстваў і інш. Разнавіднасць Л.л. — лямпа дзённага святла.
Схема і прынцып дзеяння люмінесцэнтнай лямпы: 1 — ультрафіялетавае выпрамяненне; 2 — атамы ртуці; 3 — электроны электрычнага разраду; 4 — электрод; 5 — слой люмінафора на паверхні колбы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРМУРО́ВАЕ МО́РА (тур. Marmara, ад назвы аднайм. вострава ў гэтым моры, дзе здаўна вялася здабыча мармуру),
міжземнае мора Атлантычнага ак., паміж Еўропай і М. Азіяй. Абмывае берагі Турцыі. Злучаецца пралівам Басфор з Чорным м., пралівам Дарданелы з Эгейскім м.Пл. 12 тыс.км². Найб.глыб. 1273 м. Утварылася ў выніку разломаў зямной кары, якія падзялілі мацерыкі Еўропы, Азіі і Афрыкі. Берагі пераважна гарыстыя, на Пд і У моцна расчлянёныя, каля паўн. берагоў шмат падводных рыфаў. А-вы Мармара, Прынцавы і інш. Не замярзае; т-ра вады на паверхні зімой 8—9 °C, летам 29 °C. Салёнасць ад 20‰ на Пн да 26‰ на Пд. Флора і фауна падобныя да міжземнаморскіх. Рыбалоўства. Праз М.м. праходзяць важныя камунікацыі з Чорнага м. ў Міжземнае. На паўн. беразе г. Стамбул.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРМА́ЛЬ (ад лац. normalis прамы) да крывой (паверхні) у зададзеным пункце, прамая, што праходзіць праз зададзены пункт перпендыкулярна да датычнай прамой ці да датычнай плоскасці. Мае дастасаванні ў дыферэнцыяльнай геаметрыі, геам. оптыцы, механіцы і інш.
Плоская крывая мае ў кожным пункце (за выключэннем некаторых асаблівых пунктаў) адзіную Н. Прасторавая крывая ў кожным неасаблівым пункце мае бясконцае мноства Н., сукупнасць якіх утварае нармальную плоскасць. Н., якая ляжыць у судатычнай плоскасці (лімітнае становішча плоскасці, што праходзіць праз 3 пункты крывой пры імкненні адлегласці паміж імі да нуля), наз.галоўнай, а Н., якая праходзіць перпендыкулярна гэтай плоскасці — бінармаллю. Датычная, гал. Н. і бінармаль утвараюць рухомы трыэдр крывой.
Да арт.Нармаль. Рухомы трыэдр да крывой у пункце Μ: N — галоўная нармаль; B — бінармаль; T — датычная да крывой; P — нармальная плоскасць.
клас другаснаротых жывёл тыпу паўхордавых. 2 атр., 3 роды: атубарыі — Athubaria (пашыраны каля берагоў Японіі), рабдаплеўры — Rhabdopleura (ва ўсіх акіянах) і цэфаладыскусы — Cephalodiscus (у Антарктыцы), 22 віды. Трапляюцца на глыб. 100—650 м. Жывуць прымацаванымі да субстрату, утвараюць калоніі (акрамя атубарый).
Цела даўж. да 1,4 см. Змяшчаецца ў доміку або трубцы, па паверхні якіх жывёлы могуць перамяшчацца. Расшыраны залозісты галаўны шчыток на пярэднім канцы цела (хабаток) служыць для поўзання і выдзяляе рэчыва для пабудовы доміка. На сярэднім аддзеле цела — каўнерыку 1—8 пар перыстых шчупальцаў, пакрытых раснічкамі, якія выконваюць функцыю дыхання (адсюль назва) і збірання кармавых часцінак. Рот на брушным баку цела. Кішэчнік петлепадобны. Кормяцца фіта- і зоапланктонам. Раздзельнаполыя, размнажэнне палавое і бясполае (пачкаванне), ёсць гермафрадыты. Лічынкі свабоднаплаваючыя і поўзаючыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛІ́СКІЯ ТРЫ ВЯЛІ́КІЯ КАМЯНІ́,
геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1997), каля в. Пліса Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл. Першы валун (на ПнУ ад вёскі) шэрага гнейсу даўж. 3,8 м, шыр. 1,7 м, выш. 1,3 м, у абводзе 8,9 м, аб’ём 8,4 м³, маса каля 23 т. Другі валун (на ПдЗ) шаравата-ружовага граніту рапаківі даўж. 3,4 м, шыр. 2,2 м, выш. 2 м, у абводзе 8,8 м, аб’ём 13,6 м³, маса каля 35 т. Трэці валун (на З) рудавата-шэрага граніту даўж. 3 м, шыр. 2,5 м, выш. 1,9 м, у абводзе 8,5 м, аб’ём 14,3 м³, Maca каля 35 т. На яго паверхні растуць імхі і лішайнікі 9 відаў, з іх 7 рэдкія. Валуны прынесены ледавіком каля 20—15 тыс.г. назад з ПдУ Фінляндыі.