СКЛЯПЕ́ННЕ ў геалогіі,

буйная дадатная платформавая структура, акруглай або авальнай формы, з адной ці некалькімі вяршынямі. Звычайна найб. выражана на паверхні крышт. фундамента. Пл. 10—100 тыс. км², выш. падняцця больш за 100 м, радзей да 1 км. Вуглы падзення слаёў на крылах да 1°. Акруглыя С. наз. купаламі. Некат. С. абмежаваны буйнымі тэктанічнымі разломамі. Часта складаюць антэклізы (напр., Татарскае, Башкірскае, Токмаўскае С. Волга-Уральскай антэклізы), радзей трапляюцца ў сінеклізах або прадстаўляюць ізаляваныя формы. Развіваюцца 10—100 млн. г., маюць маламагутны асадкавы чахол з перарывамі ў асадканамнажэнні. Форму С. маюць і лінейныя падняцці ў абласцях найноўшага гораўтварэння. С. — таксама найб. высокая ч. антыклінальнай складкі (гл. Антыкліналь).

І.​В.​Клімовіч.

т. 14, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)