вёска ў Шчучынскім р-не Гродзенскай вобл. на р. Котра і на беразе воз. Берштаўскае. Цэнтр сельсавета і дапаможнай гаспадаркі «Бершты» Гродзенскага ВА «Хваля». За 44 км на ПнЗ ад Шчучына, 55 км ад Гродна, 21 км ад чыг. ст. Парэчча. 240 ж., 110 двароў (1995).
Упершыню ўпамінаецца пад 1460. У 15—16 ст. тут быў двор вял. князёў ВКЛ, у 1496 адбыўся сойм ВКЛ. З 1795 у Рас. імперыі. У 19 — пач. 20 ст. мястэчка, цэнтр воласці Гродзенскага пав. У 1886 — 936 ж., 117 двароў, нар. вучылішча, фельчарскі пункт. У 1-ю сусв. вайну акупіраваны герм. войскамі. З 1921 у Польшчы. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета. У Вял.Айч. вайну акупіраваны ням. фашыстамі. У 1970 у Берштах 387 ж, 140 двароў.
У вёсцы базавая школа, клуб, б-ка, бальніца, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік драўлянага дойлідства 19 ст. — царква. Каля Берштаў выяўлены стаянкі мезаліту, нёманскай культуры неаліту і бронзавага веку. У 1889 каля Берштаў знойдзены адзін з найб. манетных скарбаў 17 ст. на Беларусі (каля 6 тыс. манет).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́ЗЕР (Абрам Маркавіч) (1892, Кішынёў — 1942),
бел. скульптар, жывапісец і графік. Засл. дз. маст. Беларусі (1940). Скончыў Кішынёўскае маст. вучылішча (1910), вучыўся ў Парыжскай АМ (1912—14). Удзельнік выставак «Асенні салон» у Парыжы (1913), «Свет мастацтваў» у Петраградзе (1916). Выкладаў у Віцебскім маст.-практычным ін-це (1918—23), у Мінску. Яго скульптурныя работы вызначаюцца глыбінёй вобразных характарыстык, экспрэсіўнасцю: помнік-бюст І.Г.Песталоці ў Віцебску (1919—20, не захаваўся), партрэты К.Маркса (1920), Ф.Скарыны (1925), С.М.Міхоэлса (1926), М.М.Галадзеда (1931), М.Б.Голуба (1940), барэльефы да помніка Ф.Э.Дзяржынскаму (г. Дзяржынск Мінскай вобл., 1933). Сярод жывапісных твораў аўтапартрэт (1918), нацюрморты, партрэты Ю.Пэна (1921), У.І.Галубка (1931), карціны «Расстрэл у Дукоры ў 1920 г.» (1928) і інш. У 1930-я г. выканаў шэраг графічных работ, у т. л. партрэты пісьменнікаў М.Лынькова, З.Бандарынай, К.Чорнага, П.Броўкі, Я.Купалы, Я.Коласа і інш. Загінуў у фаш. канцлагеры.
Літ.:
Очерки по истории изобразительного искусства Белоруссии. М.; Л., 1940;
Орлова М. Искусство Советской Белоруссии. М., 1960.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ГРА,
горад у Паўн. Індыі, у штаце Утар-Прадэш, порт на р. Джамна. 899 тыс.ж. (з прыгарадамі; 1991). Вузел чыгунак і аўтадарог. Цэнтр с.-г. Раёна. Гарбарна-абутковая, тэкст. (баваўняная), харч., папяровая, шкларобная, эл.-тэхн. прам-сць. Саматужныя промыслы (ручное ткацтва, разьба па камені).
У Агры створаны выдатныя ўзоры магольскай архітэктуры Індыі: крэпасць Агра-форт (1564—70; чырв. пясчанік) з палацам Джахангіры-Махал (1570), «Жамчужнай мячэццю» (1646—53; белы мармур), заламі Дывані-Ам (пачаты ў 1627) і Дывані-Кхас (1637); маўзалей Тадж-Махал; Саборная мячэць (1648); грабніца Ітымад-уд-Даула (1622—28; белы мармур з інкрустацыяй). За 9 км ад Агры ў Сікандры маўзалей Акбара (1612—13); за 37 км унікальны помнікінд. горадабудаўніцтва Фатыхпур-Сікры (рэзідэнцыя Акбара, 1569—84). Агра — цэнтр нар. разьбы і інкрустацыі па мармуры. Сучасная частка Агры забудавана ў канцы 19 — пач. 20 ст. У Агры ун-т (1927), Тадж-музеум з археал. калекцыямі, спец.б-ка прац Гандзі.
Літ.:
Math K. Agra and its monumental glory. Bombay, 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́ЦКАЯ МАГІ́ЛА,
масавае пахаванне загінуўшых у ходзе ваен. дзеянняў ці памерлых ад ран воінаў, партызан, а таксама ваеннапалонных і мірных жыхароў. Адразу пасля баёў пахаванні ў брацкіх магілах ажыццяўлялі аднапалчане загінуўшых з выкананнем пэўнага рытуалу і ваен. ушанаванняў, ставілі сціплыя помнікі з даступных матэрыялаў. У шэрагу выпадкаў з некалькіх брацкіх магіл стваралі ваен. могілкі, рабілі і адзіночныя пахаванні. Шырока вядома брацкая магіла ў Севастопалі, дзе пахаваны рус. воіны, якія загінулі пры абароне горада ў Крымскую вайну 1853—56. Пасля Вял.Айч. вайны ў некаторых месцах рабіліся перапахаванні з адзіночных магіл у брацкія, ставілі помнікі, стваралі мемарыялы. Першы помнік на брацкай магіле сав. воінам пастаўлены ў 1945 у Кёнігсбергу (цяпер Калінінград, Расія). Найб. вядомы брацкія магілы ў Берліне (Трэптаўпарк), С.-Пецярбургу (Піскароўскія могілкі), Луганску, Севастопалі, Керчы (Украіна) і інш. На Беларусі 5575 брацкіх магіл. Найб. масавыя пахаванні: у Мінску каля былой в. Масюкоўшчына (больш за 80 тыс.чал.), у в. Баравая Мінскага р-на (30 тыс.чал.), на ст. Лясная Баранавіцкага р-на (50 тыс.чал.). Ахоўваюцца дзяржавай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЫ́НСКІ КАРО́ТКІ ЛЕ́ТАПІС,
помнік усходнеслав. летапісання позняга сярэднявечча. Збярогся ў Супрасльскім гіст. зборніку пач. 16 ст. (гл.Супрасльскі рукапіс). Яго першую (большую) частку складае скарочаны агульнарус. летапісны звод, блізкі да Аўрамкі летапісу, але даведзены толькі да 1382. Другая частка зборніка, названая М.М.Улашчыкам «Валынскі кароткі летапіс», змяшчае кароткую выбарку пагадовых звестак кіеўскага, наўгародскага, маскоўскага і мясц. паходжання па гісторыі Русі (з 862), ВКЛ (14 — пач. 16 ст.) і Смаленска. Храналагічна ахоплівае падзеі да 1514 уключна. Асабліва падрабязна апісаны напады крымскіх татар на Валынь. Летапіс завяршаецца ўзнёслай «Пахвалой гетману Канстанціну Астрожскаму». Зборнік узнік у асяроддзі праваслаўнага, патрыятычна настроенага бел.-ўкр. духавенства. Асноўная, агульнарус. частка летапіснага зводу, верагодна, была ўкладзена ў Смаленску, пасля чаго перавезена ў Супрасль, дзе дапоўнена арыгінальнымі звесткамі па гісторыі ВКЛ, у т. л. Валыні, і «Пахвалой». Пазней у зборніку рабіліся розныя запісы прыватнага і гіст. характару. Да канца 18 ст. захоўваўся ў Супрасльскім манастыры, цяпер у Рас.дзярж. архіве стараж. актаў (Масква). Апублікаваны асобна ў 1836 і ў «Поўным зборы рускіх летапісаў» (т. 35, 1980).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРНЯ́НСКІ АРХІТЭКТУ́РНЫ АНСА́МБЛЬ,
помнік горадабудаўніцтва барока. Сфарміраваўся ў 1760—70-я г. ў в. Варняны (Астравецкі р-н Гродзенскай вобл.). Арганізаваны вакол прамавугольнай у плане плошчы. Дамінантай ансамбля з’яўляецца размешчаны на ўсх. баку Георгіеўскі касцёл (пабудаваны ў 1767—69 у стылі позняга барока, дабудаваны ў 1880, 1909, фундатарка — уладальніца Варнян М.Абрамовіч, арх. А.Казакоўскі) — двухвежавы 1-нефавы мураваны храм з трансептам. Арх. пластыка (прафіляваныя цягі, ліштвы, вязкі пілястраў, раскрапоўкі, фігурныя завяршэнні вежаў і шчыта) сканцэнтравана на гал. фасадзе. Касцёл фланкіруюць 2-павярховыя мураваныя дом аптэкара і плябанія (1770), якія ствараюць перад касцёлам раскрыты на плошчу курданёр з акруглай па абрысе агароджай. На зах. баку плошчы быў палацава-паркавы комплекс (2-я пал. 18 — 1-я пал. 19 ст.; не захаваўся). На паўд. і паўн. баках плошчы размяшчалася па 8 аднатыпных драўляных 1-павярховых жылых дамоў, накрытых вальмавымі дахамі (захаваліся часткова). Мураваныя сцены іх фасадаў, злучаныя паміж сабой арачнымі праездамі, утваралі суцэльны фронт вулічнай забудовы, у якую ўваходзілі карчма і гандлёвыя рады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІ ЛЕ́ТАПІС, Dzieje miasta Witebska, Аверкі і Панцырнага летапіс,
помнікгар. летапісання Беларусі 18 ст. на польск. мове. Завершаны ў 1768 жыхаром Віцебска С.Аверкам на аснове летапісу М.Панцырнага (звесткі датаваны 896—1709), кароткіх гіст. запісаў Чарноўскіх (1601—33) і Г.Аверкі (1733—57), матэрыялаў, сабраных аўтарам. Твор кампіляцыйны, кампазіцыйна рыхлы, яго часткі не аб’яднаны ў цэласны звод. Складаецца пераважна з кароткіх сухіх пагадовых запісаў-паведамленняў, размешчаных хаатычна. Звесткі па рус., польскай, сусветнай і літоўска-бел. гісторыі запазычаны пераважна з польскіх хронік і хранографаў, маюць шэраг недакладнасцей. Найб. каштоўныя арыгінальныя звесткі па гісторыі Беларусі і Віцебска, асабліва пра ваен.-паліт. падзеі канца 17 — пач. 18 ст. У канцы летапісу змешчаны спісы членаў віцебскага магістрата 1597, віцебскіх ваявод за 1516—1753 і інш.гіст.-дакументальныя матэрыялы. Упершыню апублікаваны А.П.Сапуновым у «Віцебскай даўніне» (т. 1, 1883) у перакладзе на рус. мову. Рукапіс захоўваецца ў Рас.нац. б-цы ў Санкт-Пецярбургу.
Публ.:
Полное собрание русских летописей. М., 1975. Т. 32. С. 193—205.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЎПА,
вёска ў Ваўкавыскім р-не Гродзенскай вобл., на р. Ваўпянка. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 30 км на Пн ад г. Ваўкавыск, 65 км ад Гродна, 13 км ад чыг. ст. Рось, на аўтадарозе Ваўкавыск—Гродна. 848 ж., 337 двароў (1996).
У 1-й пал. 15 ст. сяло і двор, належала вял.кн.ВКЛ Казіміру IV Ягелончыку, з 1449 — кн. Гальшанскім. У канцы 15 — пач. 16 ст. мястэчка Гарадзенскага пав. У дакументах 16 ст. згадваецца двор Воўпа з замкам і мястэчкам.
З 2-й пал. 16 ст. зноў велікакняжацкае ўладанне. У 1624—1831 належала Сапегам. З 1795 у складзе Рас. імперыі. У 1886 цэнтр воласці Гродзенскага пав. У 1893 — 2027 ж. У 1921—39 у Польшчы, у Ваўкавыскім пав. Беластоцкага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Ваўкавыскага р-на. У 1965—67 у Мастоўскім р-не. У 1970 — 956 жыхароў.
Каля вёскі Воўпаўская ГЭС. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Царква. Помнік архітэктуры — Воўпаўскі касцёл Іаана Хрысціцеля (1773).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕ́БАЎ (Аляксей Канстанцінавіч) (24.3.1908, в. Зверавічы Смаленскай вобл., Расія — 2.10.1968),
бел. скульптар. Нар. мастак Беларусі (1955). Вучыўся ў Віленскім Віцебскім маст. тэхнікуме (1926—30) у М.Керзіна. Адзін з арганізатараў Аб’яднання моладзі Асацыяцыі мастакоў рэвалюцыі ў Віцебску (1928 — 30). Працаваў у галіне станковай і манум. скульптуры. Майстар тэматычнай кампазіцыі, батальнага і анімалістычнага жанраў, партрэта. Удзельнічаў у афармленні інтэр’ераў Дома ўрада Беларусі (бюст М.Фрунзе, 1933), стварыў барэльеф для Дома Чырв. Арміі («Лявоніха», «Мастацкая студыя», 1936) у Мінску і інш. Аўтар партрэтаў Я.Коласа, У.Уладамірскага, У.Кудрэвіча, партрэтнай групы «Максім Горкі і Янка Купала» (усе 1949), скульпт. кампазіцый «Народны паэт БССР Янка Купала» (1950), «Францыск Скарына» (1954). Работы ў галіне манум. мастацтва: гарэльеф «Партызаны Беларусі» для Манумента Перамогі ў Мінску (1954), помнік Ф.Скарыне ў Полацку (1976, устаноўлены ў 1974, Дзярж. прэмія Беларусі 1976). Кампазіцыі вылучаюцца вострай дынамікай, экспрэсіўнасцю, мяккай мадэліроўкай формаў, рытмічнасцю. Партрэты адзначаны тонкай прапрацоўкай дэталей, эмац. выразнасцю. Яго імя прысвоена Мінскаму маст. вучылішчу.
Літ.:
Бойка У.А. Глебаў Аляксей Канстанцінавіч. Мн., 1974.
Т.А.Карповіч.
А.К.Глебаў.А.Глебаў. Максім Горкі і Янка Купала. 1949.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУДАГА́Й,
пасёлак і чыг. станцыя ў Астравецкім р-не Гродзенскай вобл., на аўтадарозе Астравец—Ашмяны. Цэнтр сельсавета. За 5 км на ПдЗ ад Астраўца, 197 км ад Гродна. 987 ж., 357 двароў (1997).
Вядомы з канца 16 ст. як паселішча ў маёнтку Астравец-Урбаноўскі. У 17 — 1-й пал. 18 ст. належаў Лакуцеўскім, Скірмунтам, Садоўскім, Козел-Паклеўскім, Войнам. У 1764 сяло, перададзена ордэну кармелітаў, якія да 1832 мелі тут кляштар з цудадзейным абразом Дзевы Марыі (захоўваецца ў касцёле і зараз). З 1795 у Рас. імперыі. У 19 ст. мястэчка, потым сяло ў Ашмянскім пав. Віленскай губ. У 1874 праз Гудагай пракладзена Лібава-Роменская чыгунка. У 1886 — 117 ж. З 1922 у Польшчы ў Ашмянскім пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Астравецкага р-на. У 1962—65 у Ашмянскім р-не. У 1971 — 1077 жыхароў.
Аптова-гандл. база і нарыхтоўчая кантора райспажыўсаюза. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. ваеннапалонных. Помнік архітэктуры — касцёл Маці Божай (1764).