ГЛЕ́БАЎ Аляксей Канстанцінавіч
(24.3.1908, в. Зверавічы Смаленскай вобл., Расія — 2.10.1968),
бел. скульптар. Нар. мастак Беларусі (1955). Вучыўся ў Віленскім маст. тэхнікуме (1926—30) у М.Керзіна. Адзін з арганізатараў Аб’яднання моладзі Асацыяцыі мастакоў рэвалюцыі ў Віцебску (1928 — 30). Працаваў у галіне станковай і манум. скульптуры. Майстар тэматычнай кампазіцыі, батальнага і анімалістычнага жанраў, партрэта. Удзельнічаў у афармленні інтэр’ераў Дома ўрада Беларусі (бюст М.Фрунзе, 1933), стварыў барэльеф для Дома Чырв. Арміі («Лявоніха», «Мастацкая студыя», 1936) у Мінску і інш. Аўтар партрэтаў Я.Коласа, У.Уладамірскага, У.Кудрэвіча, партрэтнай групы «Максім Горкі і Янка Купала» (усе 1949), скульпт. кампазіцый «Народны паэт БССР Янка Купала» (1950), «Францыск Скарына» (1954). Работы ў галіне манум. мастацтва: гарэльеф «Партызаны Беларусі» для Манумента Перамогі ў Мінску (1954), помнік Ф.Скарыне ў Полацку (1976, устаноўлены ў 1974, Дзярж. прэмія Беларусі 1976). Кампазіцыі вылучаюцца вострай дынамікай, экспрэсіўнасцю, мяккай мадэліроўкай формаў, рытмічнасцю. Партрэты адзначаны тонкай прапрацоўкай дэталей, эмац. выразнасцю. Яго імя прысвоена Мінскаму маст. вучылішчу.
Літ.:
Бойка У.А. Глебаў Аляксей Канстанцінавіч. Мн., 1974.
Т.А.Карповіч.
т. 5, с. 291
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)