ба́віць, баўлю, бавіш, бавіць; незак.
Разм.
1. што. Праводзіць час за якім‑н. малаважным заняткам, у доўгіх гутарках, забавах. Пасля марозу дзённых дарог добра было чуць цяпло хаты, бавіць вечары на вячорках з дзяўчатамі, у гаворках з таварышамі. Мележ. Перакідваліся то жартам, то нязначным, пустым словам. Бавілі час, як ўмелі. Асіпенка. // Бескарысна траціць (час). Сілівон сядзеў на ахапку сухой асакі і, каб марна не бавіць час, выстругваў зуб’е для грабляў. Лынькоў. // Марудзіць, цягнуць (час). Бацька прыдзірліва сочыць, каб Юзік не ўставаў на наскі, знарок бавіць хвіліну і нарэшце .. здымае мерку. Хадановіч.
2. каго-што. Забаўляць. І нас, дзяцей, ён бавіў, як малых. Хведаровіч. // Весяліць, цешыць. Суседку нават бавіла бездапаможнасць Нюсі. Пестрак. У дзяцінстве апавядаюць казкі, і бавяць хлапечы розум у гэтых казках прыгожыя князёўны. Мікуліч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вы́явіцца, ‑яўлюся, ‑явішся, ‑явіцца; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Наглядна праявіцца; паказацца (пра што‑н. скрытае). У хлопца выявіліся добрыя арганізатарскія здольнасці, старанне, настойлівасць і акуратнасць у рабоце. Кулакоўскі. // Разм. Паказаць сябе. Макар Лагун ужо не раз казаў Сцёпку, чаму ён не ў ячэйцы, .. і чаму не выявіўся нічым, як бязбожнік. Колас. // Выкрыцца, стаць відавочным. Выявіліся недахопы. Выявілася нястача грошай.
2. безас. (звычайна ў спалучэнні са злучнікам «што»). Аказацца на самай справе, у выніку чаго‑н. Ужо з першых крокаў выявілася, што такое заданне даць лягчэй, чым яго выканаць. Якімовіч. Калі праверылі людзей, то выявілася, што ўсе былі ў зборы. Мележ. Як выявілася, рыбакі паехалі ў сяло. Краўчанка.
3. Разм. Выпісацца адкуль‑н. Выявіцца з дамавой кнігі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
аддзялі́цца, ‑дзялюся, ‑дзелішся, ‑дзеліцца; зак.
1. Вылучыцца з агульнай адзінай масы. Тварог аддзяліўся ад сыроваткі.
2. Адысці, аддаліцца ад каго‑, чаго‑н. Тры самалёты аддзяліліся ад групы і накіраваліся да станцыі. Мележ. Другі раз Васіль бачыў [Віктара] каля свайго акна ўжо зусім раніцай, як той аддзяліўся ад сцяны і сышоў на загуменне. Лобан. // перан. Адасобіцца ад каго‑, чаго‑н. Цяпер.. вельмі востра адчувае Рыгор Караневіч, што сяло зусім аддзялілася ад яго. Так — Рыгор Караневіч сам па сабе, а сяло само па сабе. Скрыган. Міхась адчуваў пасля сходу, што ўсе мы — хто пайшоў у калгас — аддзяліліся ад яго, засталіся на тым баку рэчкі. Брыль.
3. Стаць самастойным гаспадаром пасля падзелу маёмасці. Міхал, як толькі ажаніўся, Тады ж ад бацькі аддзяліўся, Бо стала цесна. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
абадра́ць, абдзяру, абдзярэш, абдзярэ; абдзяром, абдзераце; зак., каго-што.
1. Здзерці з усіх бакоў, з усёй паверхні чаго‑н. верхні слой, пакрыццё і пад.; абдзерці. Абадраць кару. □ Да абеду гумно абадралі: свіцілася голае — сохамі, кроквамі, рабрынамі жэрдак. Мележ. // Падрапаць руку, твар і пад. Драпануў Вараны ў кусты направа, абадраў аб каравы пень на баку скуру і залапатаў капытамі ўніз, к рэчцы. Чорны.
2. перан. Разм. Тое, што і абабраць (у 2 знач.).
•••
Абадраць (абдзерці, абабраць, аблупіць) як ліпку — адабраць усё начыста, аграбіць. Айда, мурзатыя, на працу! Што? Яны нас хутка абдзяруць, як ліпку! Лынькоў.
Абадраць як сідараву казу — абадраць, абабраць поўнасцю, цалкам. А Мікіцёнак учора каня купіў у Даўгінаве, але кульгавы, падла, і Мікіцёнак усунуў сорак рублёў цыгану, чорту лысаму. Абадралі як сідараву казу. Бядуля.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
аблама́ць, ‑ламлю, ‑ломіш, ‑ломіць; зак., каго-што.
1. Ломячы, аддзяліць частку, кавалак чаго‑н. Абламаць сук. □ Конь абламаў капытамі тонкі лядок ля самага берага, ступіў колькі крокаў па халоднай вадзе і, коўзаючыся, узышоў на паром. Чыгрынаў. // Паабломваць усё або многа чаго‑н. Абламаць парасткі на ствале дрэва. □ Выбраў [Міканор] з кучы галля, складзенага зімой, добры, моцны дручок, зламаў верх і абламаў сучкі. Мележ.
2. перан. Пазбавіць каго‑н. сілы, волі, мужнасці. [Лагута:] Будуць вызваляць ад старшыні... За тое, што авёс згнаіў.., што не даўся яму ў рукі, а ён [Верамейчык] хацеў абламаць мяне і зрабіць паслухмяным... Губарэвіч. // Разм. Схіліць каго‑н. на ўступку, дабіцца ад каго‑н. згоды; уламаць.
•••
Абламаць (зламаць) зубы — пацярпець няўдачу, імкнучыся асіліць што‑н.
Абламаць (пазбіваць) рогі — уціхамірыць, утаймаваць, падпарадкаваць каго‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кру́глы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае форму круга, шара, кола, цыліндра або падобны да іх па форме. Круглае бервяно. Круглы стол. Круглы мячык. □ Над табою месяц круглы У ясным небе ціха плыў. Колас. // Тоўсты, сыты, поўны (пра чалавека, яго фігуру, твар). Шарсцяны світэр шчыльна аблягаў поўныя грудзі і круглыя плечы. Мележ.
2. У спалучэнні са словамі «год», «дзень», «суткі» абазначае: увесь, цэлы. Волеччын голас, калі яна паганяла каня, чуўся па полі круглы дзень. Чорны. Брыгады гэтыя працуюць круглыя суткі. Кулакоўскі.
3. Разм. Поўны, абсалютны. Круглы выдатны. Круглая сірата. // У спалучэнні са словам «дурань» абазначае: абсалютны, закончаны. Толькі круглы дурань, хіба, прачытаўшы гэты ліст, не ведаў бы, што рабіць. Самуйлёнак.
•••
Круглыя лічбы гл. лічба.
Круглыя дужкі гл. дужка.
За круглым сталом гл. стол.
Круглая сума гл. сума.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
каляі́на, ‑ы, ж.
1. Паглыбленне, след на дарозе ад колаў або ад санных палазоў. Дарога тут была малаезджаная, бадай што без каляін. Карпаў. Фурманка выехала ў поле, колы ціха і мякка шаргацелі па пыльных каляінах. Мележ. Ногі коўзаюцца і пападаюць у каляіны ад палазоў. Галавач.
2. Разм. Чыгуначны пуць, каляя. Эшалон стаяў на апошняй каляіне. Чорны.
3. перан. Пра звычайны ход якіх‑н. спраў, прывычнае натуральнае працяканне чаго‑н. — Я вам кажу! — павысіў голас.. Сімон, трапляючы ў сваю звычайную каляіну. Самуйлёнак. А цэлы рад збаноў на плоце Казаў аб тым, што гаспадыня Была ўжо ў моцнай каляіне І што яе, таксама, справа Вялася добра і рухава. Колас.
•••
Выбіцца з каляіны гл. выбіцца.
Выбіць з каляіны гл. выбіць.
Увайсці ў каляіну гл. увайсці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
валачы́, ‑лаку, ‑лачэш, ‑лачэ; ‑лачом, ‑лачаце; пр. валок, ‑лакла, ‑лакло; заг. валачы; незак., каго-што.
1. Цягнуць волакам, не адрываючы ад паверхні чаго‑н. Галлё для маскіроўкі неслі з ляска, валаклі за сабой, прымінаючы траву. Мележ.
2. Несці, везці што‑н. цяжкае, з цяжкасцю. Ускрай дарогі Патапчык валок два вялізныя мяхі: адзін ён трымаў перад сабою, а другі за плячамі. Чарнышэвіч. На гасцінцы грукатала, там ішлі машыны з прычэпамі. Аўтакалона валакла лес на сплаў да Віліі. Пташнікаў.
3. Разм. Весці сілком куды‑н. [Дзяўчына] не бачыла, як скруцілі фашысты хлопцу рукі, як білі яго, як валаклі ў гестапа. Васілёнак.
4. Разм. Красці. [Маргун:] Праўда, бралі некаторыя... і з двара валаклі і лес секлі. Крапіва.
•••
Ледзь ногі валачы — тое, што і ледзь ногі цягаць (гл. цягаць).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
звы́клы, ‑ая, ‑ае.
1. Які ўвайшоў у прывычку, стаў прывычкай. Не зводзячы вачэй з глядзельнага шкла, .. [машыніст] звыклым рухам левай рукі насунуў крыху рэгулятар. Васілёнак. — Гамарджо, браты! — сказаў Тарыел, дакранаючыся рукой да павязкі звыклым жэстам, якім ён раней знімаў капялюш. Самуйлёнак. // Прывычны, добра знаёмы. Барыс набіраў тэкст лістоўкі, быццам бы рабіў; самую звычайную, звыклую справу. Новікаў. У той жа дзень часць, у якую ўваходзіў: батальён Шутава, пагрузіла танкі на платформы і пакінула ціхі, звыклы гарадок. Мележ.
2. Які звыкся з чым‑н., набыў прывычку рабіць што‑н. Звыклы да падобных заяў сясцёр, Павел Антонавіч, не спяшаючыся, адвёў вочы ад .. кнігі, павольна падняў галаву і ўважліва праз акуляры паглядзеў на сястру. Васілевіч. Звыклыя да бясконцых дарог ногі, здаецца, не ведалі стомы. Новікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
жме́ня, ‑і, ж.
1. Далонь і пальцы рукі, складзеныя так, каб імі можна было зачэрпнуць або ўтрымаць што‑н. Віктар падбег да балота, зачэрпнуў у жменю вады, змяшаў і пяском і прынёс Мірону. Маўр. Волька з задавальненнем расцёрла ў жмені колас, панюхала, паспрабавала на зуб. Васілевіч.
2. Колькасць чаго‑н., што змяшчаецца ў далоні са сціснутымі пальцамі. Васіліна паднялася да бункера і, перагнуўшыся цераз борт, зачэрпнула жменю зерня. Хадкевіч. // Пучок сарваных, зжатых раслін, які можна абхапіць далонню і пальцамі. Сухія, ломкія, спелыя сцёблы жменя за жменяю клаліся на перавяслы. Мележ.
3. перан. Нязначная колькасць, нямнога каго‑, чаго‑н. Туліцца каля платоў Жменя худых цялят. Танк.
•••
Поўнай жменяй — шчодра, не шкадуючы. У сонцы дзён, у зорнасці начэй Я сеяў іскры сэрца поўнай жменяй. Бядуля.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)