ТАПА́З (грэч. topazos, магчыма, ад назвы аднайм. в-ва ў Чырвоным м.; цяпер Сент-Джон),

мінерал падкласа астраўных сілікатаў, Al2[SiO4](OH, F)2, Мае да 17% фтору, прымесі жалеза, тытану, хрому, ванадыю і інш. Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Крышталі прызматычныя. Колер блакітны, фіялетавы, жоўты, аранжавы, ружовы, бясколерны, часта празрысты. Цв. 8. Шчыльн. 3,5 г/см³. Паходжанне пнеўматаліта-гідратэрмальнае. Трапляецца ў гранітных пегматытах і грэйзенах; часта ў россыпах. Каштоўны камень. Радовішчы на Украіне, у Расіі, Бразіліі, Пакістане, Мадагаскары.

Тапаз.

т. 15, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРАПАПА́ЎЗА (ад грэч. tropos паварот, змена + паўза) пераходны слой паміж трапасферай і стратасферай. Таўшчыня ад некалькіх соцень метраў да 2—3 км.

Выш. вагаецца ў залежнасці ад геагр. шыраты (у палярных шыротах 8—10 км, над экватарам 16—18 км), пары года (зімой ніжэйшая, чым летам) і цыкланічнай дзейнасці (у цыклонах ніжэйшая, у антыцыклонах вышэйшая). У субтропіках назіраюцца разрывы Т., абумоўленыя магутнымі струменнымі плынямі, у сувязі з чым адрозніваюць Т. нізкую цёплую палярную і высокую халодную трапічную.

т. 15, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРАПЕ́ЦЫЯ (ад грэч. trapezion літар. — столік),

выпуклы чатырохвугольнік, у якога 2 процілеглыя стораны (асновы) паралельныя, а 2 іншыя (бакавыя) непаралельныя.

Адлегласць h паміж асновамі наз. вышынёй. Адрэзак, які злучае сярэдзіны бакавых старон Т., наз. яе сярэдняй лініяй; яна паралельная асновам a і b, даўжыня яе роўная іх паўсуме. Плошча Т. S = 0,5 (a + b) ∙ h. Калі бакавыя стораны роўныя, Т. наз. роўнабаковай, калі адна з бакавых старон перпендыкулярная аснове — прамавугольнай.

Трапецыя ABCD: MN — сярэдняя лінія; AE — вышыня.

т. 15, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЫКСАТРА́ПІЯ (ад грэч. thixis дотык + tropē паварот, змена),

абарачальная змена фізіка-мех. уласцівасцей палімерных і дысперсных сістэм пры мех. уздзеянні ў ізатэрмічных умовах. Абумоўлена абарачальнымі зменамі структуры матэрыялу, напр., разбурэннем надмалекулярнай структуры высокамалекулярных злучэнняў або каагуляцыйных кантактаў у дысперсных сістэмах.

Выяўляецца, напр., у зніжэнні вязкасці вадкіх асяроддзяў пры цячэнні і яе паступовым павышэнні пасля спынення цячэння, змене дэфармацыйных характарыстык крышт. палімераў і эластамераў пры паслядоўных цыклах нагружэнне — адпачынак. Уласцівая буд. растворам. лакафарбаваным матэрыялам. многім харч. прадуктам.

т. 16, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭРАТАГЕНЕ́З [ад грэч. teras (teratos) пачвара + ...генез],

фарміраванне прыроджаных парушэнняў развіцця арганізма. Абумоўлены пашкоджаннем гамет і ўздзеяннямі рознага паходжання на стадыі зародка, эмбрыёна і плода. Пры Т. мяняецца працэс размнажэння клетак, зніжаецца іх мітатычная актыўнасць. Дыферэнцыроўка клетак можа спыніцца на любым этапе і пачацца працэс росту недыферэнцыраваных клетак. Міграцыяй клетак абумоўлена ўзнікненне органа ці тканкі на незвычайным месцы. На тканкавым узроўні пры Т. гінуць асобныя клетачныя масы, запавольваецца распад тканак, што адміраюць у ходзе нармальнага эмбрыягенезу.

М.​К.​Недзьведзь.

т. 16, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАРЫНГІ́Т [ад грэч. pharynx (pharyngos) глотка],

запаленне слізістай абалонкі глоткі. Узнікае ад інфекцый, пры зніжэнні імунітэту, пры ўдыханні забруджанага паветра і інш. Адрозніваюць назафарынгіт (запаленне насаглоткі) і мезафарынгіт (запаленне ротаглоткі). Бывае востры (самаст. захворванне або пры вострых захворваннях дыхальных шляхоў) і хранічны (праява хранічных захворванняў страўнікава-кішачнага тракту, парушэнняў абмену рэчываў, уздзеянне прафес. шкоднасцей і інш.). Прыкметы: сухасць у глотцы, боль пры глытанні, пры хранічным бывае вял. колькасць слізі ў глотцы. Лячэнне тэрапеўтычнае.

І.​М.​Семяненя.

т. 16, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАТО́Н [ад грэч. phos (photos) святло],

квант эл.-магн. поля (эл.-магн. выпрамянення, у вузкім сэнсе — святла). Электранейтральная элементарная часціца з нулявым значэннем масы спакою, мае спін, роўны 1. Энергія Ф. E = ħω, імпульс p = ħω/c, дзе ħ = h/2πh — Планка пастаянная, ω — цыклічная частата эл.-магн. выпрамянення, c — скорасць святла ў вакууме. Ф. — пераносчык эл.-магн. узаемадзеянняў элементарных часціц (гл. Квантавая электрадынаміка). Ф. з энергіяй, большай за 100 кэВ, наз. гама-квантам (гл. Гама-выпрамяненне).

т. 16, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЛЕГМА́ТЫК (ад грэч. phlegma слізь),

адзін з асн. тыпаў тэмпераменту; чалавек, які характарызуецца (паводле Гіпакрата) нізкім узроўнем псіхічнай актыўнасці, маруднасцю, невыразнасцю мімікі і слабым знешнім выяўленнем пачуццяў. Яму ўласцівы спакойны, роўны настрой, які звычайна вызначаецца пастаянствам; ён цяжка пераключаецца з аднаго віду дзейнасці на іншы і цяжка прыстасоўваецца да новых абставін. Пры неспрыяльных умовах у Ф. можа развіцца вяласць, схільнасць да выканання аднастайных прывычных дзеянняў. І.​П.​Паўлаў лічыў, што Ф. — моцны, ураўнаважаны, але інертны тып нервовай сістэмы.

т. 16, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРЫГІ́ЙЦЫ,

старажытныя індаеўрапейскія плямёны, якія ў 2-м тыс. да н.э. перасяліліся з Македоніі і Фракіі ў Фрыгію. Некат. спецыялісты лічаць мову Ф. роднаснай арм. мове, другія — грэч. групе моў. Ф. займаліся земляробствам, жывёлагадоўляй, рамёствамі, гандлем з грэкамі і рымлянамі. У 13 ст. да н.э. дапамагалі Троі ў вайне супраць грэкаў, пасля Траянскай вайны ўсталявалі сваё панаванне над Траадай. Ф. адыгралі значную ролю ў падзенні Хецкага царства (каля 12 ст. да н.э.), б.ч. якога перайшла пад уладу Фрыгіі.

т. 16, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХІ́МУС (ад грэч. chymos сок),

вадкае або паўвадкае змесціва тонкіх кішак пазваночных жывёл і чалавека. Складаецца з сумесі прадуктаў ператраўлення ежы ў страўніку, жоўці, сакрэтаў падстраўнікавай і кішэчных залоз, злушчанага эпітэлію і мікраарганізмаў, а таксама ферментаў панкрэатычнага соку і ўласна кішэчных. Састаў Х. залежыць ад характару харчавання і стану сакраторнай дзейнасці стрававальнага апарату. Маторная дзейнасць кішэчніка садзейнічае перамешванню Х. і яго перамяшчэнню. У чалавека за суткі з тонкіх кішак у тоўстую пераходзіць каля 400 г Х.

т. 17, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)