свінцо́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да свінцу (у 1 знач.); зроблены са свінцу. Свінцовы злітак. Свінцовая куля. // Звязаны з уздзеяннем свінцу. Свінцовая інтаксікацыя. // Які ўтрымлівае свінец або свінцовае злучэнне. Свінцовыя бялілы. Свінцовыя руды. Свінцовая вада. // Звязаны з перапрацоўкай і здабычай свінцу. Свінцовыя распрацоўкі. Свінцовы руднік.

2. Цёмна-шэры, колеру свінцу. Свінцовыя хмары. □ Хмурны дзень, свінцовае неба ўзмацнялі ўражанне кволасці раслін. Мяжэвіч.

3. перан. Цяжкі; пануры, гнятучы. Тышкевіч напружваў памяць. У свінцовай галаве ніводнага пробліску. Асіпенка. Я свінцовыя вейкі свае расчыніў, Свет хіснуўся — такі нетрывалы і дзіўны. Панчанка. [Маці] гнялі цяжкія свінцовыя думкі. Дзе сыны? Дзе яе мілыя, любыя хлопчыкі? Ставер. Маўчанне было свінцовае, і ў гэтым маўчанні прагучаў голас: — Рацыя! Караткевіч.

4. перан. Які мае адносіны да свінцу (у 2 знач.). А зверху, з узгоркаў, не пераставаў сыпацца свінцовы град. М. Ткачоў. Назар Пашкевіч і Барыс Падгорны трымаліся каля Нічыпара Дубініна, які з кулямёта паліваў фашыстаў свінцовым дажджом. Гурскі.

•••

Свінцовы блішчак гл. блішчак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стальны́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да сталі, звязаны з апрацоўкай і збытам сталі. Завод спецыялізуецца па стальному ліццю. «Маладосць». // Зроблены са сталі. Стальны нож. □ [Танк] закружыўся на адной гусенічнай стальной стужцы і задыміў. Машара. Заўтра выйду на золку Я да рэек стальных і сустрэну сяброўку Між людзей дарагіх. Прыходзька.

2. Падобны колерам на сталь, светла-шэры з адлівам. Пані Свідэрская ўся аж скаланулася, заўважыўшы ў .. [вачах незнаёмага] стальны, бязлітасны бляск. Паслядовіч. Вада ў рэчцы як бы пагусцела і пабыла стальны адліў. Карпаў.

3. перан. Моцны, дужы. Стальныя мускулы. □ Ён [дзяцел] стальную Дзюбу мае, Караедаў Ён знішчае. Дзеружынскі. [Дым:] — На лабавых, казаў .. [камандзір звяна], можа весці бой толькі сапраўдны знішчальнік са стальнымі нервамі. Алешка. // Стойкі, непахісны. Стальная кагорта. □ Да бою ўстаюць каталонцы, Стальныя ідуць батальёны. Купала. Камсамольцы, арлы маладыя, Непакорны, адважны народ. Сілай — мужныя, воляй — стальныя, — Мы гатовы ва ўсякі палёт. Тарас. // Які выражае цвёрдасць, рашучасць. — Што ж ты, Рытачка, рабіла? — панізіўшы голас, у якім зазвінелі стальныя ноткі, запытаўся Валодзя. Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узро́вень, ‑роўню, м.

1. Умоўная гарызантальная лінія або плоскасць, якая з’яўляецца мяжой вышыні чаго‑н. Сонца апусцілася на ўзровень маладых сосен. Шамякін. Хвілін праз пяць .. [Раман] падняў на ўзровень грудзей ляшча і гукнуў: — Во!!! Ляўданскі. Дом быў злеплены так недарэчна, што вокны ў ім знаходзіліся па розных узроўнях. Маўр. // Вышыня пад’ёму вады або чаго‑н. вадкага. Вада ў Нарачы безупынна папаўняецца шматлікімі крыніцамі як па берагах, так і на дне возера, і таму ўзровень яго ніколі не зніжаецца. В. Вольскі.

2. перан. Ступень, якая характарызуе якасны стан, велічыню развіцця чаго‑н. Жыццёвы ўзровень. Ідэйны ўзровень. Узровень механізацыі гаспадаркі. □ Тэхнічны ўзровень савецкай эканомікі цяпер пераўзыходзіць дасягненні сусветнай капіталістычнай гаспадаркі, а ў многіх галінах — і найбольш разбітых капіталістычных краін. Машэраў.

•••

Нулявы ўзровень — узровень паверхні мора.

На ўзроўні (быць, знаходзіцца і пад.) — у адпаведнасці з неабходнымі патрабаваннямі.

На ўзроўні каго-чаго, якім — у якім‑н. пэўным рангу, у якой‑н. інстанцыі. Вырашаць пытанні на ўзроўні міністраў. Сустрэчы на вышэйшым узроўні.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

утвары́ць, утвару, утворыш, утворыць; зак., што.

1. Надаўшы адпаведную форму, будову, выгляд, стварыць што‑н. Утварыць прамы вугал. □ Кусты спляліся і ўтварылі жывую вечназялёную агароджу, за якой стаялі вялікія дрэвы і маленькія блакітныя домікі атэля. Шамякін. Прарваўшы фронт, легіянеры абышлі Вільню і ўтварылі вакол горада агнявую падкову. Мехаў. // Выклікаць з’яўленне, узнікненне чаго‑н. На паверхні скалы вада ў гарачай крыніцы ўтварыла паглыбленне, якое мае форму.. сапраўднага катла. Матрунёнак.

2. Заснаваць, сфарміраваць што‑н.; арганізаваць. Пасля перамогі Кастрычніка працоўныя розных нацый нашай краіны ўтварылі ваенна-палітычны саюз, які адыграў велізарную ролю ў разгроме ворагаў Савецкай рэспублікі. «Звязда». У другой палавіне зімы настаўнік аддзяліў лепшую групу вучняў і ўтварыў чацвёрты клас. Кулакоўскі. З-пад ярма краіну Вызваліў маю І з рэспублік вольных Утварыў [Ленін] Саюз. Глебка.

3. Разм. Зрабіць што‑н. нечаканае, непажаданае; напракудзіць. [Кулік:] — Звальняць не будзем — будзем судзіць. Так-так, судзіць, калі хоць яшчэ што такое ўтворыш. Кірэйчык. Маці магла такое ўтварыць, што потым на вуліцу не пакажашся. Сіняўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фы́ркаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. З шумам выпускаць паветра з ноздраў. Коні скубуць дзяцеліну, гучна і часта фыркаюць. Сачанка. Сынок — каржакаваты, шыракаплечы дзяцюк, смачна мыўся, фыркаў у кутку над шырокім тазам, а старая ставіла на стол. Няхай. Спачатку зубры абменьваліся грознымі позіркамі, хадзілі адзін вакол аднаго схіліўшы магутныя цяжкія галовы, і толькі сярдзіта фыркалі. В. Вольскі. // Разм. Смеючыся, утвараць гукі носам, губамі. Дзяўчаты нашы непрыкметна пераглядаюцца, Вольга фыркае ў кулак. Васілевіч.

2. Перарывіста, з шумам выпускаць пару, газ, паветра. [Машына] фыркала, пускала сінія клубы дыму і коўзалася на месцы. Новікаў. // Утвараць гук, падобны гуку паветра, што выпускаецца з шумам. Вада спрабуе дужацца з марозам, То фыркае, то пеніцца ў вірах. Свірка. За пераборкай.. чмялямі гулі электрычныя машынкі і нездаволена фыркалі пульверызатары. Корбан.

3. перан. Разм. Злавацца, выказваць нездаволенасць чым‑н. Ася, злосна фыркнуўшы, адрэзала: — А я ўсё роўна паеду. [Сакратар:] — Ты вось не фыркай, а бяжы ў банк. Асіпенка. [Зіна:] А калі будзеш фыркаць, то падумаем яшчэ, ці захочацца нам жыць з табой у адным пакоі. Губарэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

халадзе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

1. Станавіцца халодным, халаднейшым. Ночы халадзеюць. □ Замірае лета, Заціхаюць далі, Сірацее рэчка, Халадзеюць хвалі. Колас. / Пра чалавека перад смерцю. Пятнаццацігадовы хлапец чуў, як халадзее рука бацькі, як з кожнай хвілінай астывае яго кроў, як падступае смерць. Самуйлёнак. Твар [старой] халадзеў — Наталля, хоць і не спрактыкаваная, але бачыла, што патухае жыццё. Чорны.

2. Адчуваць холад; мерзнуць. Прыйшлі сёстры, каб раздаць зелле і зрабіць перавязкі. Рукі ў сясцёр мерзлі, халадзелі. Галавач. Ліў дождж, але Марусаў ужо не звяртаў па яго ўвагі: пінжак быў мокры, халадзела спіна, чвякала вада ў чаравіках. М. Стральцоў.

3. Адчуваць холад ад моцнага хвалявання, страху і пад. Назіраючы, з якой страшэннай сілай вырываюцца іскры з вагранкі, [Міхаіл] халадзеў і хваляваўся. Карпаў. Сіліцца Вольга прачнуцца — і не можа, халадзее ад страху: заснула! Місько. / у безас. ужыв. Ад гэтых успамінаў халадзела ў грудзях, сціскала горла, на вачах наварочваліся слёзы. Жычка.

•••

Кроў халадзее (у жылах) — тое, што і кроў ледзянее (стыне) (у жылах) (гл. кроў).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

freeze

[fri:z]

1.

froze, frozen, freezing, – v.i.

1) замярза́ць, прымярза́ць

The water in the pipes froze — Вада́ ў тру́бах заме́рзла

The pipes froze — Тру́бы пазамярза́лі

2) маро́зіць

it is freezing today — Сёньня маро́зіць

3) паме́рзнуць

The flowers froze last night — Кве́ткі паме́рзьлі міну́лай но́ччу

4) застыва́ць (ад стра́ху, зьдзіўле́ньня)

2.

v.t.

1) замаро́жваць (і мя́са); пакрыва́ць лёдам

2) памаро́зіць (фля́нцы, кве́ткі)

3) ахаладжа́ць

4) informal замаро́жваць

to freeze wages (prices) — замаро́жваць заро́бкі э́ны)

5) Med. замаро́жваць (для абязбо́льваньня)

3.

n.

1) замаро́жваньне n.

wage freeze — замаро́жваньне заро́бкаў

2) маро́зны, зімо́вы час

- freeze on to

- freeze out

Ангельска-беларускі слоўнік (В. Пашкевіч, 2006, класічны правапіс) 

Завод1 ’прамысловае прадпрыемства’. Рус., укр. заво́д, чэш., славац. závod, в.-луж. zawod, балг. заво́д (< рус.), макед. завод ’тс’, ’установа’, серб.-харв., славен. závod ’установа’, ’інстытут, выхаваўчая арганізацыя’, чэш. závod ’інстытут’, бел., рус., укр. заво́д ’гаспадарка па развядзенню жывёлы’. У іншых слав. мовах вядомы яшчэ некаторыя значэнні лексемы: польск. zawód ’прафесія’, ’абман’ (і ў славен.), ’спаборніцтва’ (і ў славац.), ’пары’ (н.-луж.), ’уводзіны’ (в.-луж.), ’запіс, увядзенне’ (серб.-харв.), ’частка лесу’ (славен.), ’звычай’ (рус., укр., чэш.) і інш. Параўн. і завод2. Прасл. zavodъ (Копечны, Zákl. zásoba, 424), відаць, азначала ’тое, што заведзена’ і ўтворана як бязафіксны назоўнік ад дзеяслова zaved + ti. Шляхам семантычнай спецыялізацыі замацоўваюцца розныя значэнні. Магчыма, што рус. значэнне ’прамысловае прадпрыемства’ (з пачатку XVII ст.) аказала ўздзеянне на іншыя мовы, але не выключана і паралельнае развіццё. Шанскі, 2, З, 19; БЕР, 1, 567. Пра завод ’звычай’ гл. Бернар, Зб. Раманскаму, 356.

Заво́д2 ’прыстасаванне ў механізме, што прыводзіць яго ў дзеянне’, ’тэрмін яго дзеяння’. Рус., укр. заво́д ’тс’; ці сюды славен. závod ’частка вадзянога млына, у якую паступае вада’? Як і завод1, замацаванне асобных значэнняў лексемы, у тым ліку вядомых ст.-рус., прычым для бел., як і для завод1, не выключаны рус. уплыў на гэта замацаванне. Зыходнае значэнне ў адрозненне ад завод1 ’тое, што прыводзіць у дзеянне’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пло́йма, плы́йма, плу́йма, плэйма ’мноства (аб жывых істотах)’, ’безліч, вялікая колькасць, зборышча чаго-н., кампанія’ (ТСБМ, Гарэц., Др.-Падб., Касп., Шат., Клім., Сл. ПЗБ, Мат. Гом., Растарг., Жд. 1, Жд. 3; Варл.; бялын., Янк. Мат., Янк. 3.: мсцісл., Янк. 2; мсцісл., Юрч. СНЛ; Сцяшк. МГ; барыс., драг., Сл. Брэс.; паўн.-усх., КЭС), ’стада кароў, табун коней, статак авечак’ (карм., ЛА, 1), плоймаю ’кучай’ (калінк., З нар. сл.), плуймо ’многа’ (круп., ЛА, 5), ’дзятва, дзеці’ (Бяльк.), ’сваякі’ (Юрч. СНЛ), плойма ’гультай’ (лях., Сл. ПЗБ), укр. палес. пли́йма ’безліч, мноства’. Варбот (Этимология–1986–1987, 62–63) суадносіць бел. лексему з серб.-харв. plȏjba ’шмат вады на столі, падлозе пры кепскім даху’, якое Скок (2, 687) выводзіць у якасці далматараманскага рэлікта, вульг.-лац. *plǫvia < лац. pluvia ’дождж, дажджавая вада’. Варбот (там жа) уключае лексему *plojьma ў этымалагічнае гняздо і.-е. *pel‑ ’ліць, цячы, напаўняць’, ’нараджаць’, якая разглядаецца як вытворная ад асновы з коранем у нулявой агаласоўцы і пашырэннем яе на ‑i‑; да гэтага гнязда належыць прасл. *pьlnъ(jь), *plodъ, *plemę, *plęgti ’пладзіцца, вырастаць’. Параўн. таксама Люканен, 1, 172 (плойма < *plodma ад *ploditi). Магчыма, да плыць (гл.), як рус. вой ад выть, гл. аплавітна ’багата’. Значэнне ’вялікая колькасць вады’ — адлюстраванне першаснай семантыкі і.-е. *pel‑ ’ліць, цячы’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АСМАТЫ́ЧНЫ ЦІСК, дыфузны ціск,

лішкавы гідрастатычны ціск раствору, які перашкаджае дыфузіі растваральніку праз паўпранікальную перагародку; тэрмадынамічны параметр. Характарызуе імкненне раствору да зніжэння канцэнтрацыі пры сутыкненні з чыстым растваральнікам пры сустрэчнай дыфузіі малекул растворанага рэчыва і растваральніку. Абумоўлены змяншэннем хімічнага патэнцыялу растваральніку ў прысутнасці растворанага рэчыва. Роўны лішкаваму вонкаваму ціску, які неабходна прыкласці з боку раствору, каб спыніць осмас. Вымяраецца ў паскалях.

Вымярэнні асматычнага ціску пачаў у 1877 ням. батанік В.​Пфефер у растворы трысняговага цукру. Па яго даных галандскі хімік Я.​Х.​Вант-Гоф устанавіў у 1887, што залежнасць асматычнага ціску ад канцэнтрацыі цукру па форме супадае з Бойля-Марыёта законам для ідэальных газаў. Асматычны ціск вымяраюць з дапамогай асмометраў. Статычны метад вымярэння асматычнага ціску заснаваны на вызначэнні лішкавага гідрастатычнага ціску па вышыні слупка вадкасці H пасля ўстанаўлення стану раўнавагі пры роўнасці вонкавых ціскаў PА і PБ; дынамічны метад зводзіцца да вымярэння скорасці V усмоктвання і выціскання растваральніку з асматычнай ячэйкі пры розных значэннях лішкавага ціску P = PА – PБ з наступнай інтэрпаляцыяй атрыманых даных да V=0 пры лішкавым ціску Δp, роўным асматычнаму ціску. Па велічыні асматычнага ціску распазнаюць: ізатанічныя, або ізаасматычныя, растворы, якія маюць аднолькавы асматычны ціск (незалежна ад саставу), гіпертанічныя з больш высокім Асматычным ціскам і гіпатанічныя растворы з больш нізкім асматычным ціскам.

Асматычны ціск адыгрывае важную ролю ў жыццядзейнасці жывых клетак і арганізмаў. У клетках і біял. вадкасцях ён залежыць ад канцэнтрацыі раствораных у іх рэчываў. Па велічыні асматычнага ціску вадкасцяў унутр. асяроддзя арганізма (кроў, гемалімфа і інш.) водныя арганізмы падзяляюцца на гіпер-, гіпа- і ізаасматычныя. Сярэдняя велічыня і дыяпазон асматычнага ціску ў розных арганізмаў розныя і залежаць ад віду і ўзросту арганізма, тыпу клетак і асматычнага ціску навакольнага асяроддзя (напр., асматычны ціск клетачнага соку наземных органаў балотных раслін 0,2—1,6 МПа, у стэпавых 0,8—0,4, у дажджавых чарвякоў 0,36—0,48, у прэснаводных рыб 0,6—0,66, у акіянічных касцістых рыб 0,78—0,85, акулавых 2,2—2,3, млекакормячых 0,66—0,8 МПа). У гіперасматычных арганізмаў (прэснаводныя жывёлы, некаторыя марскія храстковыя рыбы — акулы, скаты; усе расліны) унутр. Асматычны ціск перавышае асматычны ціск навакольнага асяроддзя, таму іоны могуць актыўна паглынацца арганізмам і ўтрымлівацца ў ім, а вада паступае праз біял. мембраны пасіўна, у адпаведнасці з асматычным градыентам. У гіпаасматычных жывёл (касцістыя рыбы, некаторыя марскія паўзуны, птушкі) асматычны ціск крыві меншы за асматычны ціск навакольнага асяроддзя. Адноснае пастаянства Асматычнага ціску забяспечваецца водна-салявым абменам праз осмарэгулявальныя органы (гл. ў арт. Осмарэгуляцыя).

Літ.:

Курс физической химии. Т. 1—2. 2 изд. М., 1970—73;

Пасынский А.Г. Коллоидная химия. 3 изд. М., 1968;

Гриффин Д., Новик Эл. Живой организм: Пер. с англ. М., 1973.

Вымярэнне асматычнага ціску асмометрам: А — камера для раствору; Б — камера для растваральніка; М — мембрана. Узроўні вадкасці ў трубках пры асматычнай раўнавазе: а, в — пры роўнасці вонкавых ціскаў PА = PБ; б — пры роўнасці рознасці PАPБ асматычнага ціску.

т. 2, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)