МЕ́ЕР Андрэй Казіміравіч, (1742—1807), эканаміст, батанік. Паходзіў з Саксоніі. Чл. Вольнага эканам. т-ва і Вольнага рас. сходу пры Маскоўскім ун-це. Аўтар «Батанічнага слоўніка» (кн. 1—2, 1781—83), гіст.-гасп. апісання Смелянскага графства (1787, засталося ў рукапісе) і інш. У якасці агранома паходнай канцылярыі Р.А.Пацёмкіна ў 1785—86 склаў апісанне Крычаўскага староства Магілёўскай губ., дзе даў характарыстыку прадукцыйных сіл уладання ў цэлым і становішча сялян з мэтай пабудовы тут суднаверфі і высялення мясц. старавераў на Пд імперыі. У апісанні змясціў некалькі бел. фалькл. твораў, малюнак Крычава, выкананы пейзажыстам-баталістам М.Іванавым, і карту ўладання, складзеную каптэнармусам Рыжскага батальёна Ц.Неразуевым. Твор М. — каштоўная крыніца па гісторыі і культуры Беларусі. Упершыню надрукаваны са скарачэннямі Е.Раманавым у 1901.
Тв.:
Описание Кричевского графства 1786 г. // Могилевская старина. Могилев, 1901. Вып. 2.
Я.К.Анішчанка.
т. 10, с. 255
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІСЛА́ЎСКІЯ, Лугвенавічы,
княжацкі род у ВКЛ, адгалінаванне Альгердавічаў. Паходзяць ад сына Альгерда Лугвена, які атрымаў Мсціслаўскае княства. З яго нашчадкаў: Юрый (1395?—1458?),
сын Лугвена. Князь мсціслаўскі. Уваходзіў у раду вял. князёў Вітаўта і Свідрыгайлы. З 1432 некалькі разоў быў запрошаны служылым князем у Ноўгарад. Удзельнічаў у феад. войнах у ВКЛ, у выніку паражэнняў неаднаразова пазбаўляўся Мсціслаўскага княства. Яраслаў Фёдар (1411—1.9.1435), сын Лугвена. Загінуў у бітве пад Вількамірам, дзе змагаўся на баку Свідрыгайлы супраць Жыгімонта Кейстутавіча. Іван (? — да 1489), сын Юрыя. Валодаў Мсціславам, Цяцерынам, Княжыцамі, Паповай Гарой, Дрокавам і інш., магчыма, Магілёвам. Яго дачка Ульяна выйшла замуж за кн. М.І.Заслаўскага (гл. ў арт. Заслаўскія), якому адышла частка Мсціслаўскага княства і які разам з нашчадкамі пачаў наз. князем М. Яго сын Фёдар у 1526 з’ехаў у Маскву, дзе род М. згас у 1622.
В.Л.Насевіч.
т. 10, с. 542
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВУКО́ВА-ТЭРМІ́НАЛАГІЧНАЯ КАМІ́СІЯ,
навукова-даследчая ўстанова пры Наркамасветы Беларусі ў 1921—22. Створана паводле пастановы ЦВК БССР у лют. 1921 (зацверджана СНК БССР 10.2.1921) у складзе гуманітарнай (літ.-маст.), прыродазнаўчай і матэм. секцый. Старшыня С.М.Некрашэвіч; заг. гуманітарнай секцыі Я.Купала (люты—жн. 1921).
Займалася апрацоўкай і складаннем бел. тэрміналогіі. Адбылося каля 70 пасяджэнняў, распрацавана амаль 3 тыс. тэрмінаў па граматыцы, логіцы, алгебры, арыфметыцы, геаметрыі, заалогіі і інш. Тэрміны ў выглядзе спец. падборак друкаваліся ў час. «Вестник Народного комиссариата просвещения». Пры выпрацоўцы тэрміналогіі камісія арыентавалася на слоўнік жывой бел. мовы і ўтварала неалагізмы паводле правіл бел. мовы, часам выкарыстоўвала запазычанні з рус., польск. і лац. моў. Большасць распрацаваных тэрмінаў захоўваецца ў сучаснай бел. мове. Камісія падрыхтавала і выдала некалькі падручнікаў для пач. і сярэдніх школ. На яе базе 30.1.1922 засн. Інстытут беларускай культуры (Інбелкульт).
А.І.Жураўскі.
т. 11, с. 109
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗНЯ́К (Янка) (Ян Аляксандравіч; 1887, в. Суботнікі Іўеўскага р-на Гродзенскай вобл. — пасля кастр. 1939),
бел. паліт. і культ. дзеяч, публіцыст; адзін з арганізатараў і лідэраў нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі. З 1910-х г. удзельнік бел. гурткоў хрысц.-дэмакр. асветніцкага кірунку. У 1913—15 з А.Бычкоўскім, Б.Пачопкам і інш. выдаваў у Вільні каталіцкую газ. «Беларус». У 1918—20 арганіст у Лаварышкаўскім касцёле каля Вільні. Потым у віленскім касцёле св. Яна. З 1928 сакратар Прэзідыума ЦК Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, са студз. 1936 старшыня Прэзідыума ЦК Бел. нац. аб’яднання. У 1928—36 рэдагаваў газ. «Беларуская крыніца». Зазнаў ганенні польскіх улад, грашовыя штрафы, некалькі разоў зняволены ў турме. З 1938 рэдагаваў час. «Хрысціянская думка», дапамагаў у выданні с.-г. час. «Самапомач». У кастр. 1939 арыштаваны сав. органамі і вывезены з Вільні.
т. 11, с. 520
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ЎЛАВА (дзявочае Яніш) Караліна Карлаўна
(22.7.1807, г. Яраслаўль, Расія — 14.12.1893),
руская паэтэса, перакладчыца. Жонка М.П.Паўлава. Першы зб. «Паўночнае ззянне» (1833, на ням. мове). Раман у вершах і прозе «Двайное жыццё» (1848) пра выхаванне ў свецкіх колах. У паэт. цыкле «Фантасмагорыі», «уцінскім цыкле», зб. «Вершы» (1863) і інш. тэмы кахання, незразумелага грамадствам паэта, пошукі арыгінальных рыфм. Аўтар «апавяданняў у вершах» «Размова ў Трыяноне» (1848, забаронена; апубл. 1861, Лондан), «Размова ў Крамлі» (1854), паэмы «Кадрыль» (1859), апавяданняў, п’ес, успамінаў, перакладаў на ням. мову твораў В.Жукоўскага, А.Пушкіна, А.Талстога і інш. Была знаёмая з А.Міцкевічам, які 10.11.1827 прапанаваў ёй шлюб і атрымаў згоду (заручыны разладзіліся). З імем Міцкевіча звязана некалькі вершаў П. 1840-х г. («10 лістапада 1840 г.», «На 10 лістапада», і інш.). Міцкевіч таксама прысвячаў П. вершы.
Тв.:
Полн. собр. стихотворений. М.; Л., 1964;
Стихотворения. М., 1985.
т. 12, с. 202
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛЯ ТЭО́РЫЯ ў матэматыцы,
раздзел алгебры, што вывучае матэм. палі (гл. Пале ў матэматыцы).
У матэматычнай фізіцы П.т. вывучае адлюстраванні мностваў каардынат прасторы і часу на адпаведныя мноствы функцый. Пры гэтым кожнаму пункту прасторы ў зададзены момант часу ставяцца ў адпаведнасць адна ці некалькі функцый — адна- ці многакампанентныя функцыі поля. Змены ў прасторы і часе функцый поля апісваюцца дыферэнцыяльнымі ўраўненнямі — ураўненнямі поля, рашэнні якіх вызначаюць выразы функцый поля. П.т. павінна задавальняць патрабаванні інварыянтнасці адносна пераўтварэнняў універсальнай сіметрыі прасторы і часу, што забяспечваецца за кошт выкарыстання функцый з пэўнымі трансфармацыйнымі ўласцівасцямі пры пераходзе ад адной інерцыяльнай сістэмы адліку да другой. У адпаведнасці з гэтым вызначаюцца скалярныя (1-кампанентныя), вектарныя (3- і 4-кампанентныя), тэнзарныя і інш. палі. З дапамогай аперацыі дыферэнцавання ўводзяцца матэм. характарыстыкі палёў — градыент (для скалярнага поля), дывергенцыя і ротар (для вектарнага поля).
А.А.Богуш.
т. 12, с. 503
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМЫСЛО́ВЫЯ ПАДЗЕ́МНЫЯ ВО́ДЫ,
падземныя воды, якія маюць у сабе карысныя выкапні (рэдкія і рассеяныя элементы, соль, соду) і выкарыстоўваюцца ў якасці гідрамінеральнай сыравіны. З П.п.в. здабываюць ёд, бром, літый, стронцый, рубідый і інш., таксама кухонную і калійную солі, соду. Асн. паказчык П.п.в. — колькаснае ўтрыманне карыснага рэчыва, мінім. канцэнтрацыя якога павінна забяспечыць рэнтабельнасць здабычы і перапрацоўкі. Мінім. канцэнтрацыі карысных кампанентаў складаюць у сярэднім: стронцый — 300 мг/дм3, бром — 250, калій — 100, ёд — 18, рубідый — 1, цэзій — 0,5 мг/дм3. Звычайна прымеркаваны да глыбінных частак буйных артэзіянскіх басейнаў, якія ўмяшчаюць высокамінералізаваныя воды і расолы хларыднага натрыевага (натрыева-кальцыевага) саставу. Здабыча карысных выкапняў з П.п.в. пашырана на Украіне, у ЗША, Германіі, Японіі, Чылі, Расіі, Туркменістане. На Беларусі (Прыпяцкі прагін) падрыхтавана для распрацоўкі некалькі такіх радовішчаў па здабычы брому і ёду.
М.С.Капора.
т. 13, с. 10
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗМЕРКАВА́ЛЬНАЕ ЎСТРО́ЙСТВА ў электраэнергетыцы,
электраўстаноўка для прыёму электраэнергіі (ад генератараў электрастанцыі, сілавых трансфарматараў, пераўтваральнікаў пераўтваральнай падстанцыі і інш.) і яе размеркавання паміж асобнымі спажыўцамі (па кабельных і паветр. лініях электраперадач). У склад Р.ў. ўваходзяць: выключальнікі, раз’яднальнікі, разраднікі, рэактары электрычныя, зборныя шыны (звычайна секцыянаваныя), трансфарматары току і напружання, вымяральныя прылады. Кіраванне апаратурай Р.у. аўтаматычнае ці паўаўтаматычнае.
Абсталяванне аднаго ланцуга Р.ў. канструкцыйна вылучаецца ў адну ячэйку. Р.ў. напружаннем да 35 кВ звычайна размяшчацца ў памяшканні (закрытае Р.ў.), пры напружаннях 35 кВ і вышэй — на адкрытым паветры (адкрытае). Ва ўмовах моцна забруджанай атмасферы і пры магчымасці асядання на ізалятарах токаправодных рэчываў Р.ў. робяць закрытымі да напружання 220 кВ. Найчасцей усе элементы Р.ў. да 35 кВ манціруюцца ў метал. заводскіх шафах (т.зв. камплектныя Р.ў.), пашыраны кампактныя герметычныя, у якіх ізаляцыяй служыць элегаз (гексафтарыд серы SF6) пад ціскам у некалькі атмасфер.
У.М.Сацута.
т. 13, с. 260
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУДАЯ́ВАРСКІЯ БАІ́ 1942, 1944,
баі партыз. атрадаў Ленінскай брыгады супраць ням.-фаш. захопнікаў у в. Руда Яварская Казлоўшчынскага р-на ў Вял. Айч. вайну. На працягу 1942—44 партызаны некалькі разоў грамілі гарнізон ворага ў вёсцы. У кастр. 1942 сюды прыбыў паліцэйскі батальён для арганізацыі гарнізона з мэтай паралізаваць дзеянні партызан у навакольных лясах. Ноччу 25 кастр. партыз. атрады 3649-ы (камандзір Б.А.Булат) і Арлянскі (М.Р.Вахонін) акружылі вёску і пасля артыл. падрыхтоўкі раніцай выбілі з яе праціўніка. Да сак. 1944 Рудаяварскі ням. гарнізон (130 чал.) быў умацаваны траншэямі з кулямётнымі гнёздамі, меў 5 бункераў. 19.3.1944 партызаны атрада «Ленінскі» (камандзір В.С.Біцько) з дапамогай мясц. жыхароў праніклі ў размяшчэнне праціўніка і без бою захапілі 4 бункеры. Жорсткі бой каля 5-га бункера і ў будынку школы вымусіў партызан адысці.
М.Ф.Шумейка.
т. 13, с. 427
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
заго́н
1. Доўгая паласа ворнай зямлі; гоні (Слаўг.).
2. Вузкая палоска; участак зямлі рознай велічыні; некалькі барознаў ворыва, засеву (БРС).
3. Паласа, якую можна ўзараць за дзень (Лёзн.).
4. Высока ўзараная града на астраўках сярод балота (Палессе Серб. 1912).
5. Абгароджанае месца для жывёлы летам (Дубр., Кобр.).
Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)