ДАЛУХА́НАВА (Зара) (Заруі Агасьеўна; н. 5.3.1918, Масква),
армянская спявачка (мецца-сапрана). Нар.арт. Арменіі (1955). Нар.арт. Расіі (1956). Нар.арт.СССР (1990). Скончыла Муз.-пед.ін-т імя Гнесіных (1957). З 1972 выкладае ў Расійскай акадэміі музыкі імя Гнесіных (праф. з 1983). З 1939 салістка Армянскага т-ра оперы і балета, з 1944 — Усесаюзнага радыё, у 1959—82 — Маскоўскай філармоніі. Яе рэпертуар уключае шматлікія творы кампазітараў 16—20 ст., у т. л. І.С.Баха, Г.Ф.Гендэля, Ф.Шуберта, Р.Шумана, Х.Вольфа, Г.Малера. Упершыню выканала шэраг твораў Дз.Шастаковіча, С.Пракоф’ева, Р.Шчадрына, М.Тарывердыева і інш. Удзельнічала ў канцэртных пастаноўках опер «Італьянка ў Алжыры» Дж.Расіні, «Сястра Анджэліка» Дж.Пучыні. Дзярж. прэмія СССР 1951. Ленінская прэмія 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУШАЛЬНІ́ЦКАЯ (Саламія Амбросьеўна) (23.9.1873, с. Бялявінцы Бучацкага р-на Цярнопальскай вобл., Украіна — 16.11.1952),
украінская спявачка (лірыка-драм.сапрана), педагог. Засл. дз. маст. Украіны (1951). Скончыла Львоўскую кансерваторыю (1893), выкладала ў ёй (з 1946 праф.). Спявала ў буйнейшых оперных т-рах Еўропы, Амерыкі, Афрыкі. Валодала моцным голасам прыгожага тэмбру і вял. дыяпазону. Выконвала драм. і лірычныя партыі: Таццяна, Ліза («Яўген Анегін», «Пікавая дама» П.Чайкоўскага), Галька, Ганна («Галька», «Страшны двор» С.Манюшкі), Чыо-Чыо-сан (аднайм. опера Дж.Пучыні), Аіда, Дэздэмона («Аіда», «Атэла» Дж.Вердзі), Джаконда («Джаконда» А.Панк’елі), Эльза, Лізавета («Лаэнгрын», «Тангейзер» Р.Вагнера), Саламея, Электра (аднайм. оперы Р.Штрауса) і інш. З 1923 выступала толькі ў канцэртах.
Літ.:
С.Крушельницька: (Спогади. Матеріали. Листування). Ч. 1—2. Київ, 1978—79.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́БЕДЗЕВА (Ганна Андрэеўна) (29.1.1930, г. Істра Маскоўскай вобл. — 19.4.1990),
бел. спявачка (драм.сапрана). Засл. арт. Беларусі (1975). Скончыла Ленінградскую кансерваторыю (1962). Працавала ў т-рах оперы і балета Новасібірска і Саратава. У 1968—87 салістка Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. Валодала добра пастаўленым голасам прыгожага тэмбру, драм. выразнасцю. Сярод партый на бел. сцэне: Жонка («Сцежкаю жыцця» Г.Вагнера), Наталля («У буру» Ц.Хрэннікава), Мзія («Міндыя» А.Тактакішвілі), Марыя («Кастрычнік» В.Мурадэлі; спявала ў спектаклі Вял.т-ра ў Маскве), Ліза («Пікавая дама» П.Чайкоўскага), Наташа («Русалка» А.Даргамыжскага), Яраслаўна («Князь Ігар» А.Барадзіна), Артруда («Лаэнгрын» Р.Вагнера), Аіда, Леанора («Аіда», «Трубадур» Дж.Вердзі), Тоска («Тоска» Дж.Пучыні), Сантуца («Сельскі гонар» П.Масканьі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛІБРА́Н ((Malibran) Марыя Фелісіта) (24.3.1808, Парыж — 23.9.1836),
французская спявачка (каларатурнае мецца-сапрана); адна з буйнейшых спявачак 1-й пал. 19 ст. Сястра П.Віярдо-Гарсія. З 1816 вучылася пад кіраўніцтвам бацькі — вак. педагога М.Гарсіі. З 1825 выступала на оперных сцэнах Лондана, Парыжа, гарадоў Італіі. Гастраліравала разам з мужам — Ш.Берыо. Валодала голасам вял. дыяпазону, асабліва выразным і прыгожым у ніжнім рэгістры. Яе выкананне вылучалася імправізацыйнай свабодай, артыстызмам, тэхн. дасканаласцю. Сярод лепшых партый: Норма, Аміна («Норма», «Самнамбула» В.Беліні), Леанора («Фідэліо» Л.Бетховена), Джульета («Рамэо і Джульета» Н.Цынгарэлі), Дэздэмона, Разіна («Атэла», «Севільскі цырульнік» Дж.Расіні). Аўтар накцюрнаў для фп., рамансаў і інш. Ёй прысвечана опера амер. кампазітара Р.Р.Бенета «Марыя Малібран» (1935).
М.Малібран у касцюме Дэздэмоны. Партрэт работы мастака Л.Педрацы. 1834.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́СЛЕНІКАВА (Леакадзія Ігнацьеўна) (8.3.1918, г. Саратаў, Расія — 18.6.1995),
расійская спявачка (лірыка-драм.сапрана), педагог. Нар.арт. РСФСР (1961). Нар.арт. Расіі (1995). Скончыла Мінскае муз. вучылішча імя М.Глінкі (1941), Кіеўскую кансерваторыю (1946). З 1944 салістка Укр.т-ра оперы і балета (Кіеў), у 1946—69 — Вял.т-ра ў Маскве. З 1976 выкладала ў Рас. акадэміі музыкі (з 1983 дацэнт). Валодала моцным голасам прыгожага тэмбру, вял.муз. культурай, мастацтвам фразіроўкі. Сярод партый: Таццяна, Ліза, Іаланта («Яўген Анегін», «Пікавая дама», «Іаланта» П.Чайкоўскага), Даша («Варожая сіла» А.Сярова), Вольга («Пскавіцянка» М.Рымскага-Корсакава), Маргарыта («Фауст» Ш.Гуно), Мікаэла («Кармэн» Ж.Бізэ), Графіня («Вяселле Фігара» ВА.Моцарта), Неда («Паяцы» Р.Леанкавала), Тоска («Тоска» Дж.Пучыні), Мажэнка («Прададзеная нявеста» Б.Сметаны). Дзярж. прэмія СССР 1949.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУРА́НСКАЯ (сапр.Мурынава) Надзея Мацвееўна, спявачка (сапрана) і педагог 2-й пал. 19 ст. Скончыла Пецярбургскую кансерваторыю (клас К.Эверардзі). Выступала ў Казані, Вільні, Пецярбургу, у Мінску з гастрольнымі трупамі на сцэне Мінскага гар.т-ра (1891—93 і 1902—03). Валодала мяккім прыемным голасам, артыстычнасцю, выключным пачуццём ансамбля. Сярод партый: Тамара («Дэман» А.Рубінштэйна), Маргарыта («Фауст» Ш.Гуно), Таццяна («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Антаніда («Жыццё за цара» М.Глінкі), Маргарыта Валуа («Гугеноты» Дж.Меербера), Наташа («Русалка» А.Даргамыжскага), Донна Анна («Дон Жуан» В.А.Моцарта) і інш. У 1894—95 спявала ў Пецярбургу з Ф.Шаляпіным у операх «Трубадур» Дж.Вердзі (Леанора), «Кармэн» Ж.Бізэ (Мікаэла), «Фауст» (Маргарыта). Адзін з першых вак. педагогаў на Беларусі, арганізавала Мінскую вакальную студыю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́РТЫЯў музыцы,
1) адна з састаўных частак фактуры муз. твораў, прызначаная для выканання асобным голасам ці на асобным муз. інструменце. Да паяўлення партытуры сучаснага тыпу шматгалосыя творы запісвалі ў выглядзе асобных П. Найб. значныя сучасныя творы выдаюць і як партытуры, і ў выглядзе П. У опернай музыцы вак. П. салістаў пазначаюцца паводле тыпу голасу (П. сапрана, П. барытона і інш.) і па імю героя оперы (напр., партыя Алесі ў аднайм. оперы Я.Цікоцкага). У аркестры па адной П. іграюць 2 выканаўцы на стр. інструментах.
2) У шматгалосай поліфанічнай музыцы — тое, што голас.
3) Пашыраная ў Германіі 17 ст. назва партыты (атаясамлівалася з сюітай).
4) Раздзел экспазіцыі і рэпрызы санатнай формы (гал., сувязная, пабочная і заключная П.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРХО́МЕНКА (па мужу Казак) Валянціна Васілеўна
(н. 2.1.1956, в. Каменка Чачэрскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. спявачка (лірычнае сапрана). Засл. арт. Беларусі (1985). Скончыла Гомельскае муз. вучылішча (1975). З 1975 артыстка Дзярж.акад.нар. хору Беларусі імя Г.Цітовіча, у 1981—92 салістка Бел. тэлебачання і радыё і ансамбля нар. музыкі «Жывіца». Шмат выступала ў дуэце з мужам А.Казаком. Голас прыгожага тэмбру, шырокага дыяпазону вылучае П. як адну з яркіх, своеасаблівых выканальніц бел.нар. песні. Збіральніца песеннага фальклору, знаўца асаблівасцей нар. выканання многіх рэгіёнаў Беларусі, інтэрпрэтатар лірычных песень бел. кампазітараў. Лаўрэат 7-га Усесаюзнага конкурсу артыстаў эстрады (1983), міжнар. радыёконкурсу запісаў еўрап.муз. фальклору «Прыз Браціславы» (ЧССР, 1983). З 1992 жыве за мяжой.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСТУ́НІНА (Тамара Міхайлаўна) (14.2. 1924, г. Гомель — 10.10.1981),
бел. спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана), педагог. Засл. арт. Беларусі (1955). Вучылася ў Маскоўскім муз.-пед. ін-це імя Гнесіных (1948—52), скончыла Бел. кансерваторыю (1956), з 1972 выкладала ў ёй. У 1945—48 салістка Ашхабадскага тэатра оперы і балета, з 1952 — Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі, у 1962—72 — Бел. філармоніі. Валодала рухомым голасам прыгожага цёплага тэмбру, яскравым артыстычным талентам. Сярод партый: Марфачка («Дзяўчына з Палесся» Я.Цікоцкага), Ганна («Страшны двор» С.Манюшкі), Антаніда («Іван Сусанін» М.Глінкі), Марфа («Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава), Разіна («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Віялета, Джыльда («Травіята», «Рыгалета» Дж.Вердзі), Лейла («Шукальнікі жэмчугу» Ж.Бізэ), Лакмэ («Лакмэ» Л.Дэліба).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САРТБА́ЕВА (Кайыргуль) (н. 20.6.1936, с. Кара-Булак Чуйскай вобл., Кіргізія),
кіргізская спявачка (лірыка-драм.сапрана). Нар.арт.СССР (1980). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1962). З 1962 салістка Кіргізскага т-ра оперы і балета. З 1986 рэктар (з 1987 праф.) Кіргізскага ін-та мастацтваў. Сярод партый: Ай-Чурэк, Каныкей, Тотуя («Месяцавая прыгажуня», «Манас», «Тактагул» У.Уласава, А.Малдыбаева і У.Ферэ), Джаміля («Джаміля» М.Раўхвергера), Гюльсара («За гадзіну да світання» Уласава і Ферэ), Таццяна («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Вольга («Русалка» А.Даргамыжскага), Дэздэмона («Атэла» Дж.Вердзі), Чыо-Чыо-сан («Чыо-Чыо-сан» Дж.Пучыні), Маргарыта («Мефістофель» А.Бойта), Мікаэла («Кармэн» Ж.Бізэ) і інш. У камерным рэпертуары значнае месца займаюць творы рус. і замежных кампазітараў. Дзярж. прэмія Кіргізіі 1989.